мастацкая галерэя ў г. Фларэнцыя (Італія); адзін з найбуйнейшых у свеце збораў жывапісу. Размешчана ў Палацца Піці. Аснову збору складае калекцыя роду Медычы, заснаваная ў 1620 (у 1820 адкрыта для публікі, з 1911 дзярж.). У зборы пераважаюць творы італьян. школ 15—17 ст. і фламандскай школы 17 ст., у т. л. шэдэўры Тыцыяна («Партрэт двараніна з шэрымі вачыма», «Марыя Магдаліна», «Партрэт П’етра Арэціна» і інш.), Рафаэля («Жанчына ў пакрывале», «Мадонна ў крэсле», «Мадонна дэль Грандука», партрэты Тамаза Інгірамі, Аньёла і Мадалены Доні і інш.; адна з лепшых у свеце калекцый яго работ), А. дэль Сарта («Звеставанне», «Узнясенне Дзевы Марыі» і інш.), Д.Веласкеса («Конны партрэт Філіпа II» і інш.), А. ван Дэйка («Партрэт кардынала Г.Бентывольё» і інш.), П.П.Рубенса («Чатыры філосафы» і інш.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭТРЫ́НЫ,
прыродныя кантактныя інсектыцыды, што знаходзяцца ў кветках рамонкаў родупірэтрум.
Аптычна актыўныя высокакіпячыя вадкасці. Раствараюцца ў большасці арган. растваральнікаў, не раствараюцца ў вадзе. Лёгка акісляюцца ў паветры, асабліва на святле. Паводле хім. прыроды П. — складаныя эфіры (+)-транс-хрызантэмавай і (+)-транс-пірэтрынавай кіслот з цыклічнымі кетаспіртамі: пірэтралонам (назва эфіраў пірэтрын I і II адпаведна), цынералонам (цынерын I і II), жасмалонам (жасмалін I і II). Найб. моцнае ўздзеянне аказвае пірэтрын I; у прыроднай сумесі П. найб. колькасць (каля 70%) пірэтрыну I і II. Выкарыстоўваюць для барацьбы з насякомымі ў закрытых памяшканнях у выглядзе пірэтруму — сухога парашку з кветак (мае 0,3—2,5% П.) ці прэпаратаў на аснове вадкага экстракту (20—60% П.) з дабаўкамі антыаксідантаў і сінергістаў.
Агульная формула пірэтрынаў (R i R′ — арганічныя радыкалы). Для пірэтрыну I і пірэтрыну II R—CH3 і CH3OC(O) адпаведна, R′=CH=CH2; для цынерыну I R=R′=CH3.
сямейства хвастатых земнаводных. Каля 15 родаў, больш за 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Жывуць у вільготных лясах, па берагах вадаёмаў, трапляюцца да выш. 3 тыс.м. Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Найб. вядомыя роды — трытоны, уласна С. (Salamandra), С. даўгахвостыя (Mertensiella). З роду ўласна С. найб. пашырана (Цэнтр і Паўд. Еўропа, Паўн.-Зах. Афрыка, Паўд.-Зах. Азія) С. плямістая, або вогненная (S. salamandra).
Даўж. да 70 см. Пазванкі выгнутыя назад. Зубы на абодвух сківіцах. У дарослых С. жабраў няма, дыхаюць лёгкімі Сакрэт скурных залоз некат. С. (у т. л. С. плямістай) ядавіты. Апладненне ўнутранае. Адкладваюць ікру, ёсць яйцажывародныя і жывародныя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. С. выкарыстоўваюць як лабараторных жывёл. С. наз. таксама некат. хвастатых земнаводных з інш.сям. (С. іспалінскія, С. бязлёгачныя, С. акулярныя).
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Саламандравыя. Саламандры: 1 — плямістая; 2 — каўказская.
расійскі ваенны і дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1913). Ген.-ад’ютант (1904). З роду князёў Святаполк-Мірскіх (гл.Мірскія). Скончыў Пажскі корпус (1875), Акадэмію Генштаба (1881). Удзельнік рус.-турэцкай вайны 1877—78. З 1895 пензенскі, з 1897 екацярынаслаўскі губернатар. У 1900—02 таварыш (намеснік) міністра ўнутр. спраў і камандуючы асобым корпусам жандараў. У 1902—04 віленскі, гродзенскі і ковенскі ген.-губернатар. Надаваў значэнне развіццю сярод беларусаў нац. самасвядомасці, увядзенню ў бел. каталіцкія парафіі набажэнства на роднай мове. Прызначаў беларусаў-католікаў на некат. чыноўніцкія пасады. Падтрымліваў выдавецкую дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі. У жн. 1904 прызначаны міністрам унутр. спраў. З мэтай аслаблення рэв. руху імкнуўся прыцягнуць на бок урада бурж.-ліберальную апазіцыю (дазволіў з’езды земскіх дзеячаў, правёў частковую амністыю паліт. зняволеным, аслабіў цэнзуру і інш.). У 1905 пасля студзеньскага расстрэлу рабочай дэманстрацыі (гл.«Крывавая нядзеля») С.-М. звольнены ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЫЧА́,
зборная назва відаў раслін з родусліва. Найб. вядомы алыча культурная (Prunus cerasifera) і сліва разгалістая, або ткемалі (Prunus divaricata). Вырошчваюць у краінах Азіі, Еўропы, на Балканах, Каўказе, у Закаўказзі. Выкарыстоўваюць як пладовую культуру, як прышчэпу для слівы, персіка, абрыкоса; для ахоўнага лесаразвядзення. На Беларусі інтрадукавана ў сярэдзіне 19 ст. з Паўн. Каўказа, пашырылася па ўсёй тэр. рэспублікі.
Дрэва або вялікі куст выш. 4—10 м. Лісце яйцападобнае або прадаўгавата-эліпсападобнае. Кветкі белыя, распускаюцца раней за лісце. Плод — касцянка, ад светла-жоўтай да цёмна-чырвонай, выспявае ў жніўні. Ураджайнасць 8—10 кг (да 40 кг) з дрэва. Сарты: Ветразь, Камета кубанская, Хуткаплодная, Падарожніца (Рубінавая), Мара і інш. Меданос. Размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі і сцябловымі чаранкамі, акуліроўкай. Святлолюбівая, засухаўстойлівая, непатрабавальная да глебы і вільгаці расліна. Плады багатыя цукрамі, яблычнай і лімоннай к-тамі, вітамінамі С, B1, B2 і інш., з іх гатуюць кампоты, варэнне, павідла, сок, віно, на Каўказе — алычовы лаваш (высушаныя на сонцы тонкія лісты з мякаці пладоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНЦЭ́ВІЧЫ, Адынцэвічы,
старажытны княжацкі род герба «Адынец» у ВКЛ. Верагодна, з нашчадкаў Рурыкавічаў, хоць іх уласны радавод у Супрасльскім рукапісе прыпісвае родапачынальніку Івану Адынцу паходжанне «ад немцаў». У 15—16 ст. Адзінцэвічы валодалі часткай Друцкага княства з маёнткамі Багрынава, Гольцава, Рэпухава, Шыйкі, а таксама Нястанавічамі ў Менскім пав. Вызнавалі праваслаўе. Значнай ролі ў паліт. жыцці не адыгрывалі.
У 1432 упамінаецца Фёдар Андрэевіч як прыхільнік Свідрыгайлы. Ад трох яго сыноў пайшлі асобныя лініі Адзінцэвічаў: гольцаўская (згасла ў пач. 16 ст.), багрынаўская (верагодна, згасла ў пач. 17 ст.) і дзярэчынская (найб. значная). Прадстаўнік апошняй Сямён Багданавіч (? — 1542), староста любашанскі (1536), праз шлюб з княжной Н.М.Сангушкаўнай набыў частку Дзярэчына ў Слонімскім пав. Яго сын Андрэй (? — 1566), ротмістр каралеўскі (1555), маршалак і староста аршанскі (1559), памёр без нашчадкаў.
На працягу 17—19 ст. вядомы шляхецкія роды з прозвішчамі Адзінцэвіч і Адынец. Яны, найб. верагодна, не маюць дачынення да княжацкага роду Адзінцэвічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБРЭХТ БРАНДЭНБУ́РГСКІ (Albrecht von Brandenburg; 17.5.1490—20.3.1568),
апошні гросмайстар (з 1510) Тэўтонскага ордэна, першы герцаг Прусіі (з 1525). З родуГогенцолернаў, сын маркграфа Фрыдрыха Брандэнбург-Ансбахскага і Соф’і — дачкі польск. караля і вял.кн.ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасці ад польск. караля і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта I Старога (свайго дзядзькі). У 1519—21 вёў вайну з Польшчай, але пацярпеў паражэнне. Прыхільна ставіўся да ідэй лідэраў Рэфармацыі М.Лютэра і Ф.Меланхтана. Каб правесці Рэфармацыю на землях ордэна, заручыўся падтрымкай польск. караля, 8.4.1525 заключыў у Кракаве дагавор, паводле якога Прусія ператваралася ў васальнае герцагства. Абвясціў секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўвядзенне ў Прусіі лютэранства. Клапаціўся аб адкрыцці ў гарадах лац. школ, гімназіі і універсітэта (1544, у Кёнігсбергу), дзе набывалі адукацыю многія бел. і літ. пратэстанты. У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Кёнігсберг «выдатнага і многавучонага мужа» Ф.Скарыну. Час праўлення Альбрэхта характарызаваўся няўстойлівай паліт. сітуацыяй у Прусіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬХО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, алешнікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з родувольха. Пашыраны ва ўмеранай паласе паўн. паўшар’я, асн. масівы ў Паўн. Амерыцы, пераважна вольха чырвоная (A. rubra), Усх. Азіі — вольха пушыстая (A. hirsuta) і інш., гарах Цэнтр. Еўропы. На Беларусі пашыраны чорнаалешнікі, лясы з вольхі чорнай, або клейкай (A. glutinosa), і шэраалешнікі — вольхі шэрай (A. incana); агульная пл. 623,4 тыс.га; з іх чорнаалешнікаў 551,7, шэраалешнікаў 71,7 тыс.га (1994).
Чорнаалешнікі належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраны асакова-травяныя чорнаалешнікі — тыповыя фітацэнозы лясных нізінных балот (займаюць пераўвільготненыя экатопы з багатай глебай). Шэраалешнікі належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных шыракаліста-яловых або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраны кіслічны і сніткавы тыпы шэраалешнікаў (займаюць пераважна ўрадлівыя свежыя і ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя глебы). Паўд. мяжа шэраалешнікаў праходзіць уздоўж паўд. адгор’яў Бел. грады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛІНЭ́Р ((Apollinaire) Гіём) (сапр. Вільгельм Апалінарый Кастравіцкі; 26.8.1880, Рым — 9.11.1918),
французскі паэт. Кастравіцкія паходзілі з Беларусі (з гэтага роду К.Каганец). Іх маёнтак Дарашковічы (каля Навагрудка) канфіскаваны пасля паўстання 1863—64. Дзед Апалінэра эмігрыраваў у Італію, там прайшло дзяцінства і юнацтва паэта. З 1899 Апалінэр у Парыжы. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Літ. дзейнасць пачаў у 1901. У многіх творах адчуваецца духоўная сувязь з Расіяй, Польшчай, інш.слав. краінамі (верш «Адказ запарожскіх казакоў канстанцінопальскаму султану», раман «Жанчына ў крэсле», апавяданне «Сустрэча ў Празе»). Большасць твораў апублікавана пасмяротна. Пры жыцці выйшлі цыкл афарыстычных чатырохрадкоўяў «Бестыярый, ці Картэж Арфея» (1911), зб-кі «Алкаголь. Вершы 1898—1913» (1913), «Каліграмы. Вершы Вайны і Міру» (1918). Творчасць Апалінэра не пазбаўлена фармаліст. эксперыментаў (паасобныя вершы; буфонная п’еса «Грудзі Тырэзія», 1918; раман «Жанчына», 1920), падхопленых дадаістамі і сюррэалістамі. На бел. мову творы Апалінэра перакладала Э.Агняцвет (зб. «Зямны акіян», 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧ (Астафій) (Яўстафій) Багданавіч (каля 1520, Гродзеншчына — 1587),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, гуманіст, мецэнат-асветнік. З бел. шляхецкага родуВаловічаў. Скончыў Падуанскі ун-т. Падстароста берасцейскі (з 1550), пісар ВКЛ (1552—66), маршалак дворны, дзяржаўца медніцкі, староста магілёўскі, азярышчанскі, берасцейскі, кобрынскі, рэчыцкі. Падскарбі земскі (1561—66), падканцлер (1566—79), канцлер (з 1579) ВКЛ і кашталян трокскі (1569—79), віленскі (з 1579). Неаднаразова быў паслом у Маскве. Праціўнік аб’яднання ВКЛ з Каронай, адзін з лідэраў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1569. Актыўны ўдзельнік аграрнай, судова-адм. і інш. рэформаў 1550—60-х г., адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1566. Шмат зрабіў для пашырэння на Беларусі адукацыі, ведаў, кнігадрукавання. Быў апекуном бел.-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі заснавана Нясвіжская друкарня. Гуманістычна-хрысціянскі запавет «любові да бліжняга» ён пашыраў і на сваіх падданых — чэлядзь і сялян.
Літ.:
Саверчанка І. Астафей Валовіч: (Гіст.-біягр. нарыс). Мн., 1992.