расійскі дызайнер, жывапісец, графік, мастак тэатра і кіно, фотамастак. Вучыўся ў Казанскай маст. школе (1911—14), Строганаўскім маст.-прамысл. вучылішчы ў Маскве (1914—16). У 1918 у аддзеле выяўл. мастацтва Наркамасветы Расіі, заг. Музейнага бюро, дырэктар Музея жывапіснай культуры. Адзін з заснавальнікаў Ін-та маст. культуры (1920). У 1920—30 выкладаў у Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (праф.). Чл.маст. аб’яднанняў «Жывскульптарх» (1919—20), ЛЕФ (1922—29). «Кастрычнік» (1928—32). У 1910-я г. распрацоўваў ідэі канструктывізму ў жывапісе і графіцы, эксперыментаваў з плоскасцю, лініяй, колерам, фактурай: графічныя цыклы «Кампазіцыі рухаў праецыраваных і пафарбаваных плоскасцей», Канцэнтрацыя колеру і форм», «Лініі», «Лініізм», «Кампазіцыя і канструкцыя»; жывапісныя творы: «Жаночая фігура» (1915), «Беспрадметная кампазіцыя на жоўтым фоне», «Канструкцыя», «Чорнае на чорным», «Белы круг» (усе 1918), «Лініі на зялёным» (1919), «Кампазіцыя» (1920) і інш. Пазней адышоў ад жывапісу і прапагандаваў ідэі «вытворчага мастацтва». Працаваў у кніжнай (аформіў 13 кніг У.Маякоўскага) і часопіснай (час. «ЛЕФ», «Новый ЛЕФ», «Журналист», «СССР на стройке») графіцы, рэкламе (плакаты з тэкстамі Маякоўскага, плакаты да фільмаў «Кінавока» Дз.Вертава, 1924; «Браняносец «Пацёмкін» С.Эйзенштэйна, 1929), тэатр. мастацтве (аформіў спектакль «Клоп» паводле Маякоўскага ў т-ры імя У.Меерхольда ў Маскве, 1929), фотамастацтве (адзін з першых выкарыстаў фотамантаж). Аўтар шэрагу праектаў афармлення інтэр’ераў, у якіх пад уплывам У.Татліна ствараў трохмерныя канструкцыі з дрэва, металу і кардону [кафэ «Пітарэск» у Маскве (з Татліным і Г.Якулавым), рабочы клуб на Сусв. выстаўцы дэкар. мастацтва ў Парыжы, 1925]. У 1930-я г. працаваў пераважна ў кніжнай графіцы і фотамастацтве. Фотаработы спалучаюць строгую дакументальнасць, прадметнасць выявы з экспрэсіяй кампазіцыі і святлоценявога вырашэння, дынамічнасцю ракурсаў. Шэраг работ стварыў са сваёй жонкай В.Сцяпанавай. У 1940—50-я г. фотарэпарцёр, мастак Музея рэвалюцыі СССР і Дома тэхнікі ў Маскве; вярнуўся да абстрактнага жывапісу.
Тв.:
Статьи. Воспоминания. Автобиографические записки. Письма. М., 1982.
Літ.:
Волков-Ланнит Л. Александр Родченко рисует, фотографирует, спорит. М., 1968;
Маца И.Л. Александр Родченко: Творческий путь художника // Искусство. 1972. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТЭ ((Rothe) Ганс) (н. 5.5.1928, Берлін),
нямецкі даследчык славянскіх культур. Праф. (1965). Правадз.чл. Рэйнска-Вестфальскай АН у Дзюсельдорфе (1979), Украінскай акадэміі навук і мастацтва ў ЗША (1989), замежны чл. Польскай АН у Кракаве (1991). Ганаровы д-р Вроцлаўскага ун-та (1991). Вывучаў філалогію, індагерманістыку і гісторыю рэлігій ва ун-тах Кіля, Марбурга і Лондана (1947—53). У 1954—63 працаваў у Марбургу, з 1964 у Вольным Берлінскім ун-це, у 1966—93 дырэктар Славістычнага семінара Рэйнскага унта імя Фрыдрыха Вільгельма у Боне. Асн. працы ў галіне параўнальнай славістыкі («Гуманізм у славян. Праблемы і задачы», 1993), параўнальнай усх.слав. філалогіі («Роздум над сістэматызацыяй гісторыі культуры Усходняй Еўропы ў храналагічнай паслядоўнасці», 1979), русістыкі («Сляды Гётэ ў станаўленні рускага рэалізму», 1981), паланістыкі («Месца Польска-Літоўскай дзяржавы ў гісторыі культуры Еўропы паміж Усходам і Захадам», 1991), багемістыкі і паўд.-слав. філалогіі («Гуманізм на чэшскіх землях», 1985) і інш.Аўтар прац па беларусістыцы: «Сілабічная метрыка згодна старажытным усходнеславянскім крыніцам» (1978), «Даследаванні па літаратуры і культуры ва Усходняй Еўропе» (1983), «Узнікненне славянскіх культур і іх значэнне ў сучасным свеце» (1984), «Гукі і словы» (1988, пра Ф.Скарыну), «Біблія ў славян» і «Біблія славіка» (1990) і інш. Выдаў зб-кістараж. славян. паэзіі, у т. л.бел.: «Самая старажытная ўсходнеславянская паэзія (1575—1647)» (т. 1—2, 1976—77), «Вершы і песні ва ўсходніх славян (1650—1720)» (1984) і зб. матэрыялаў міжнар. сімпозіума «Беларусь і Захад» (1990) і інш. Адзін з заснавальнікаў серыйных выданняў: «Фундаментальныя даследаванні па славянскай філалогіі і гісторыі культуры» (з 1968), «Біблія славіка» і «Нямецкая бібліятэка Усходу» (з 1988), «Працы па культуры славян» (з 1998). Пад яго кіраўніцтвам пры Бонскім ун-це выконваецца 3-томны праект «Беларусь і Германія. Інтэлектуальныя і культурныя сувязі, 1914—1941» (т. 1. Бібліяграфія, 2000). Віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі па вывучэнні і распаўсюджванні слав. культур (ЮНЕСКА, 1979), чл.Міжнар.к-та славістаў (1983), прэзідэнт Сучаснай гуманіт. даследчай асацыяцыі ў Лондане (1987) і інш.
аўстрыйскі пісьменнік. У 1886—92 вучыўся ў ваен. школах, у Гандлёвай акадэміі ў Лінцы. У 1895—97 вывучаў л-ру, гісторыю, мастацтва, філасофію ў Пражскім, Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. Аўтар зб-каў вершаў «Жыццё і песні» (1894), «Ахвяры ларам» (1896), «Вянчаны снамі» (1897), «Перад калядамі» (1898), «Мне на свята» (1900), «Кніга вобразаў» (1902), «Часаслоў» (ч. 1—3, 1899—1903, поўнае выд. 1905), «Новыя вершы» (ч. 1—2, 1907—08), паэт. цыклаў «Дуінскія элегіі» і «Санеты Арфею» (абодва 1923), драм. і празаічных твораў, у т. л. рамана «Запіскі Мальтэ Лаўрыдса Брыге» (1910), мастацтвазнаўчых прац і інш. Пісаў таксама на франц. і рус. (захавалася 8 вершаў) мовах. У яго паэзіі рус., укр., італьян. і інш. матывы, яна адметная маст. універсалізмам, спалучэннем неарамант. і імпрэсіянісцкіх тэндэнцый з сімвалісцкімі і экспрэсіянісцкімі. У творах Р. праблемы чалавека і Бога, жыцця і смерці, мастака і мастацтва, вечнага і мінучага. Перакладаў з рус., франц., англ. моў. Яго канцэпцыя «новай рэчавасці» знайшла працяг у бел. паэзіі (А.Разанаў). На бел. мову яго вершы перакладалі А.Зарыцкі, В.Сёмуха, М.Сяднёў.
Тв.:
Бел пер. — Санеты Арфею. Мн, 1982;
Рус.пер. — Избр. лирика. М., 1974;
Лирика. М., 1981;
Записки Мальте Лауридса Бригге: Роман. Новеллы. Стихотворения в прозе. Письма. М., 1988;
Ворпсведе. Огюст Роден. Письма. Стихи. М., 1994;
Часослов: Стихотворения. М., 2000.
Літ.:
Березина А.Г. Поэзия и проза молодого Рильке. Л., 1985;
Карельский А.В. Жалоба и хвала: (Лирика Р.М.Рильке) // Карельский А.В. От героя к человеку: Два века западно-европейской лит. М., 1990;
Хольтхузен Г.Э. Р.М.Рильке...: Пер. с нем. Челябинск, 1998;
Лявонава Е.А. Паблізу воблакаў і ветру: Штрыхі да філас.эстэт. партрэта Р.М.Рыльке // Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;
Яе ж. А.Разанаў і еўрапейская філасофска-літаратурная традыцыя «рэчаўнасці» // Там жа;
Тычына М. З даверам да зямнога // Крыніца. 1997. № 12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНУА́Р ((Renoir) П’ер Агюст) (25.2.1841, г. Лімож, Францыя — 17.12.1919),
французскі жывапісец, графік, скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. З 1845 жыў у Парыжы. У 1854—58 працаваў у майстэрні па размалёўцы фарфору і адначасова займаўся ў Школе малюнка і дэкар. мастацтваў. У 1862—64 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у майстэрні Ш.Глейра, дзе зблізіўся з К.Манэ, А.Сіслеем. У ранніх творах зазнаў уплыў Г.Курбэ («Карчма матухны Антоні», 1866; «Дыяна», 1877). На мяжы 1860—70-х г. перайшоў да жывапісу на пленэры, апрабоўваў метад перадачы вібрыруемай святло-паветранай прасторы ў пейзажы; выпрацаваныя прынцыпы перанёс і на выявы людзей («Купанне на Сене», 1869). Паступова яго пісьмо станавілася празрыстым, палітра больш светлай, каларыт насычаўся тонкімі рэфлексамі, мяккімі кантрастамі цёплых па тоне ценяў і багатых серабрыста-жамчужнымі адценнямі асветленых зон («Ложа», 1874). Пры выяўленні бытавых, нібыта выпадковых эпізодаў і жыццёвых сітуацый, Р. аддаваў перавагу святочным сцэнам гар. жыцця — балям, танцам, прагулкам («Мулен дэ ла Галет», 1876; «Танец у Бужэвалі», 1883). Асаблівае месца ў яго творчасці займаюць паэт. і абаяльныя вобразы жанчын («Пасля абеду», «Парасонікі», 1879; «Мадэмуазель Грымпель з блакітнай стужкай», 1880; партрэт актрысы Жанны Самары, 1877). У выяўленні аголенай натуры ён дасягнуў рэдкай вытанчанасці карнацый, пабудаваных на спалучэнні цёплых цялесных тонаў з лёгкімі зеленаватымі і шэра-блакітнымі рэфлексамі, што надаюць гладкасць і матавасць паверхні палатна («Аголеная жанчына сядзіць на кушэтцы», 1876). Як выдатны каларыст часта дасягаў. уяўлення манахромнасці жывапісу з дапамогай найтанчэйшых спалучэнняў блізкіх па колеры тонаў («Дзяўчаты ў чорным», 1883). З 1880-х г. усё больш імкнуўся да класічнай яскравасці і абагульненасці форм, жывапісу ўласцівы рысы дэкаратыўнасці і ідылічнасці («Вялікія купальшчыцы», 1884—87). Лаканізм, лёгкасць і паветранасць штрыха ўласцівы шматлікім малюнкам і афортам. Аўтар скульптур «Венера-пераможца», «Суд Парыса» і інш.Іл.гл. таксама да арт.Імпрэсіянізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФО́РМА ДЗЯРЖА́ЎНАЙ ВЁСКІ 1830—50-х ГАДО́Ў,
сістэма мер у Рас. імперыі, накіраваных на ўздым прыбытковасці дзярж. маёнткаў, прыпыненне працэсу абеззямельвання і збяднення дзяржаўных сялян, змяншэння сац. напружання ў вёсцы. Аўтар і распрацоўшчык рэформы граф П.Дз.Кісялёў. Рэформа праводзілася па 3 асн. кірунках: перабудова кіравання, арганізацыя «апякунства» і люстрацыя 1840—50-х г. У выніку перабудовы кіравання дзяржаўнай вёскай агульнакіраўнічыя функцыі, раней сканцэнтраваныя ў дэпартаменце дзярж. маёмасцей мін-ва фінансаў, з 1.1.1838 перадаваліся новаму мін-ву дзярж. маёмасцей (міністр Кісялёў). Ніжэйшыя ступені кіравання фарміраваліся паводле «Устанаўлення аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» і «Палажэння аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці» ад 28.12.1839, якое ўлічвала мясц. асаблівасці. На Беларусі ўстанаўліваліся 3 адм. ярусы кіравання дзярж. вёскай: губерня — акруга — сельскае ўпраўленне. Функцыі валасной адміністрацыі ў бел. губернях былі размеркаваны паміж часовымі ўладальнікамі і сял. выбарнымі. Новы адм. апарат пачаў дзейнічаць з крас. 1840. У кампетэнцыю губ. органаў — палат дзярж. маёмасцей уваходзілі выбар форм кіравання дзярж. маёнткамі, правядзенне рэвізій, люстрацый, ахова грамадскага парадку, пытанні харч. і мед. дапамогі і інш. Акруговая адміністрацыя займалася непасрэднай арганізацыяй сельскіх грамад. Органы сельскіх упраўленняў (сельскія сход, управа, стараста) займаліся землеўладкаваннем, раскладкай падаткаў і збораў паміж сялянамі і інш.Абшчына, адроджаная ў дзярж. маёнтках Беларусі пасля далучэння да Расіі, у выніку рэформы была максімальна набліжана да агульнарас. ўзору. На Беларусі ўзнікла арэнда сялянамі зямельных угоддзяў. Палітыка «апякунства» над дзяржаўнымі сялянамі заключалася ў арганізацыі харч. дапамогі сялянам праз спец. хлебазапасныя магазіны. Для арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзярж. сялян у сельскіх грамадах адчыняліся прыходскія школы. Дзярж. маёнткі забяспечваліся фельчарамі, павітухамі, сялянам пачалі рабіць прышчэпкі. Люстрацыя 1840—50-х г. — асн. частка рэформы — мела на мэце правядзенне дакладнага ўліку сял. даходаў, раўнамернае надзяленне дзярж. сялян зямлёй, рэгламентацыю павіннасцей (перавод з паншчыны на грашовы аброк і інш.). Гал. вынік рэформы — адмова ад прыгоннай сістэмы і пераход на аброк. Адбыліся перамены і ў прававым становішчы дзярж. сялян (прызнаваліся грамадз. свабоды, што адрознівала іх ад памешчыцкіх падданых).
Літ.:
Конюхова Т.А. Государственная деревня Литвы и реформа ПД.Киселева, 1840—1857 гг.М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКО́РСКІ ((Sikorski) Уладзіслаў) (20.5.1881, Тушаў-Нарадовы, каля г. Мелец, Польшча — 4.7.1943),
польскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. броні (1940). Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Жэшаў (1902), Львоўскі політэхн.ін-т (1908). З 1902 удзельнічаў у польскім нац.-вызв. руху. У 1-ю сусв. вайну адзін са стваральнікаў легіёнаў польскіх у Галіцыі (Аўстра-Венгрыя), з 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1919—20 на тэр. Беларусі (камандаваў Палескай брыгадай, 5-й і 3-й арміямі). У 1921—22 нач. Генштаба. У снеж. 1922 — маі 1923 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў Польшчы. З 1923 ген. інспектар пяхоты, у лют. 1924 — ліст. 1925 міністр вайск. спраў. Выступаў за знешнепаліт. арыентацыю Польшчы на Францыю. Памяркоўна ставіўся да нац. меншасцей, у т. л. беларусаў. У 1925—28 камандаваў войскамі ваен. акругі (Львоў). Пасля ваен. перавароту Ю.Пілсудскага 1926 адхілены ад гэтай пасады (1928). Быў апанентам «санацыйнага рэжыму». У 2-ю сусв. вайну прэм’ер-міністр і міністр вайск. спраў (з 30.9.1939) польскага ўрада ў эміграцыі (у Францыі, з чэрв. 1940 у Вялікабрытаніі), адначасова вярх. галоўнакамандуючы і генеральны інспектар узбр. сіл (з 7.11.1939). Імкнуўся да перамогі над нацысцкай Германіяй у саюзе з зах. краінамі (пасля 22.6.1941 і з СССР) і аднаўлення незалежнай польск. дзяржавы з даваен. усх. мяжой. Адзін з першых палітыкаў на Захадзе, які прапанаваў адкрыццё другога фронту. У ліп. 1941 заключыў савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога з польскіх ваеннапалонных і б. жыхароў Зах. Беларусі і Зах. Украіны створана Андэрса армія, а ў час свайго афіц. візіту ў СССР (снеж. 1941) падпісаў Дэкларацыю аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе з СССР (Дэкларацыя С. — Сталіна). Загінуў у авіякатастрофе каля Гібралтара пры нявысветленых абставінах. Аўтар шэрагу прац па пытаннях ваен. і дзярж. палітыкі міжваен. Польшчы.
Літ.:
Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991;
Парсаданова В.С. Владислав Сикорский // Вопр. истории. 1994. № 9: Terlecki O. Władysław Sikorski. Wrocław etc., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКІ ((Słowacki) Юльюш) (4.9.1809, г. Крэменец Цярнопальскай вобл., Украіна — 3.4.1849),
польскі паэт, драматург. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829 пераехаў у Варшаву. З 1831 у эміграцыі (Францыя, Швейцарыя, Грэцыя, Італія). Раннія вершы («Ода да вольнасці», «Куліг», «Песня літоўскага легіёна» і інш.) прысвечаны нац.-вызв. барацьбе. У паэмах «Гуго» (нап. 1829), «Манах», «Араб», «Ян Бялецкі» (усе нап. 1830), «Змяя» (нап. 1831) уплыў сусв.рамант. паэзіі. Праблемы тагачаснага паліт. жыцця ў цэнтры драм «Міндоўг, кароль літоўскі» (нап. 1829), «Марыя Сцюарт» (паст. 1862). Аўтараўтабіягр. («Гадзіна роздуму»), гераічнай («Ламбро, грэчаскі паўстанец», абедзве 1833), філас.-патрыят. («Ангелі», 1838), псіхал. («Бацька зачумленых»), лірычнай («У Швейцарыі», абедзве 1839), рэаліст. («Бянёўскі», не закончана, выд. 1841) паэм. У «Паэме Пяста Дантышака... аб пекле» (1839) дантаўскія матывы. Вядомасць набылі яго рамант. драмы «Мазепа» (паст. 1847), «Баладына» (паст. 1862), «Ліля Венеда» (паст. 1863), «Фантазій» (паст. 1867), «Гарштынскі» (паст. 1879), «Кардыян» (паст. 1899), у якіх асэнсаванне канцэпцыі прыроды, гісторыі і чалавека, праблемы нац.-патрыят. руху ў Польшчы, трагедыя рамант. індывідуалізму, палеміка з А Міцкевічам, выкарыстанне свабоднай маст. формы. Зазнаў уплыў ідэй польскага месіянізму, спрабаваў стварыць сваю філасофію духу (гісторыка-філас. паэма «Кароль-Дух», не закончана; празаічная паэма «Генезіс духу», выд. 1866; драма «Сярэбраны сон Саламеі», паст. 1900). У позняй лірыцы асабістыя пачуцці пераплятаюцца з грамадз. матывамі («Гімн», «Мой тастамент», «Адказ на «Псалмы будучыні» і інш.). На бел. мову асобныя яго творы перакладалі А.Вольскі, С.Дзяргай, У.Дубоўка, А.Звонак, М.Лужанін, П.Пестрак, Я.Семяжон, М.Танк. Паводле аднайм. драмы Дзярж.т-р оперы і балета Беларусі паставіў оперу «Мазепа» (1952), Бел.т-р імя Я.Купалы — спектакль «Смерць ваяводы» (1959).
Тв.:
Dzieła wszystkie. Т. 1—17. Warszawa, 1952—76;
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1959;
Рус.пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М., 1960;
Избранное. М., 1984.
Літ.:
Дерналович М. Юлиуш Словацкий. Варшава, 1986;
Ю.Словацкий: Биобиблиогр. указ. М., 1959;
Piwińska M. Juliuz Słowacki od duchów. Warszawa, 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯДУ́ЛЯ (Змітрок) (сапр.Плаўнік Самуіл Яфімавіч; 23.4.1886, в. Пасадзец Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 3.11.1941),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў яўр. пачатковай школе і духоўнай семінарыі. У 1912—15 у Вільні; працаваў у выдавецкім т-ве і газ. «Наша ніва». З 1915 — у Мінску, з 1920 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», час. «Зоркі», «Наш край». Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Першая публікацыя — абразок «Пяюць начлежнікі» («Наша ніва», 23.9.1910). Друкаваўся таксама ў час. «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). Першая кніга — зборнік лір. імпрэсій-мініяцюр «Абразкі» (1913), жанрава блізкіх да вершаў у прозе. У іх рамантычна-эмацыянальнае ўспрыманне жыцця, паэтызацыя бел. вёскі, яе побыту, асуджэнне сац. несправядлівасці. У рэаліст. апавяданнях Бядулі — праблемы бел. сялянства, яго сац. становішча («Пяць лыжак заціркі», «Умарыўся», «Злодзей», «Чараўнік» і інш.), нац. інтэлігенцыі, мастацтва, лёсу маладых талентаў у цяжкіх сац. і быт. умовах («На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі» і інш.). Вастрынёй сац. тэматыкі вызначаліся таксама і вершы гэтага перыяду. Матывы смутку, тугі і роспачы ў вершах антываен. накіраванасці («Ад крыві чырвонай», «Вайна», «Не мы...», «І сотнямі тысяч» і інш.). 1920—30-я г. — перыяд ідэйна-творчага росту пісьменніка. Пашырэнне тэматычнага дыяпазону, імкненне да эпічнасці ў адлюстраванні складаных з’яў рэчаіснасці, каларытныя малюнкі жыцця і побыту бел. вёскі канца 19 — пач. 20 ст. выявіліся ў зб-ках паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зб-ках апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), фалькл.-рамант. аповесці «Салавей» (1927), сац.-псіхал. рамане «Язэп Крушынскі» (кн. 1—2, 1929—32; 2-я напісана пад уплывам вульгарнага сацыялагізму), аўтабіягр. аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). У яго творах — сучаснае і гіст. мінулае Беларусі, спалучаны рамант.-пафаснае адлюстраванне рэв. эпохі, эпохі прыгоннага права і сац. працэсаў грамадскага жыцця перыяду індустрыялізацыі і калектывізацыі вёскі. Выступаў як публіцыст, аўтар твораў для дзяцей, перакладчык. Даследаваў пытанні этнаграфіі і фальклору («Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях», 1924), пісаў літ.-крытычныя артыкулы, нарысы (кн. «Дзесяць», 1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС (Зоська) (сапр.Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),
бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел.нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел.сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел.каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыя час.«Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г.час.«Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.Багдановіча, У.Галубка, Ядвігіна Ш., Г.Леўчыка і інш.
Тв.:
Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;
[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;
Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;
Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;
Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;
Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;
Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;
Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;
Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.
Літ.:
Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2;
Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛЮ́ГІН (Анатоль Сцяпанавіч) (27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),
бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.
Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1948). Удзельнік Вял.Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964). Аўтарпаэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.Межэлайціса (1958, з М.Калачынскім), паэмы М.Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.Варанько і Дз.Білавуса, паасобныя вершы У.Маякоўскага, Л.Украінкі, М.Рыльскага, А.Малышкі, А.Міцкевіча, Ю.Тувіма і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;
Адрас любві. Мн., 1964;
Вершы і балады. Мн., 1969;
Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.
Літ.:
Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;
Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;
Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.