штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Іваноўскім, А.Уласавым, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, Х.Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.Палуян (С.Ясяновіч), А.Бульба (В.Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Да выхаду ў свет. газ.«Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац. адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з інш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.Купалы за арт. А.Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.Коласа пад псеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.
Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар.эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.Багдановіча, Цёткі, А.Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.Бядулі, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, К.Каганца, У.Галубка, К.Буйло, А.Гурло, Я.Журбы, Г.Леўчыка, К.Лейкі, А.Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.Петрашкевіча, Ф.Чарнушэвіча, Э.Будзькі, Старога Уласа, Л.Лобіка, І.Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел.літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Л.Гмырака, А.Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.Самойлы, Р.Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел.літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц. друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, С.Жаромскага, Т.Шаўчэнкі, В.Стафаніка, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.Шапэна, Ч.Дарвіна.
«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл.зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).
Літ.:
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПАЛЕО́НАЎСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны Францыі ў перыяд праўлення Напалеона I [1799—1814, 1815]. На момант усталявання ў ліст. 1799 ваен. дыктатуры Напалеона I Францыя ваявала з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя, Неапалітанскае каралеўства). Няўдалая Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801, Італьянскі паход Суворава 1799 пазбавілі Францыю б.ч. заваяванняў часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. У чэрв. 1800 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстр. войскі ў Італіі пры Марэнга. Другая франц. армія на чале з ген. Ж.Маро разбіла 3.12.1800 аўстрыйцаў у Германіі пад Гогенліндэнам. У 1801 падпісаны мірныя дагаворы з Аўстрыяй, Турцыяй і Расіяй; Ам’енскі мірны дагавор 1802 з Вялікабрытаніяй. Але ў маі 1803 вайна аднавілася. Паражэнне аб’яднанага франка-ісп. флота ў Трафальгарскай бітве 1805 сарвала планы Напалеона I уварвацца ў Англію. У жн.—вер. 1805 створана 3-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя і Швецыя). У кастр. 1805 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстрыйцаў пры Ульме, а 2.12.1805 — руска-аўстр. войскі ў Аўстэрліцкай бітве. 26.12.1805 Аўстрыя падпісала Прэсбургскі мірны дагавор, паводле якога прызнавала ўсе франц. захопы ў Італіі, у зах. і паўд. Германіі. У вер. 1806 склалася 4-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Прусія, Швецыя). У Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806франц. армія разграміла прускае войска. 14.6.1807 рус. войскі пацярпелі паражэнне пры Фрыдландзе, што прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць Тыльзіцкі мір 1807, паводле якога Расія далучалася да кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі і пагаджалася на стварэнне Варшаўскага герцагства. У 1807—11 была акупіравана Партугалія. Вясной 1808 Напалеон I акупіраваў Іспанію, арыштаваў ісп. караля Карла IV і яго сына Фердынанда і пасадзіў на ісп. прастол свайго брата Жазефа, што прывяло да нар. паўстання ў Іспаніі. Напалеон I ажыццявіў паход у Іспанію, але не здолеў задушыць паўстанне. У крас. 1809 Аўстрыя і Вялікабрытанія стварылі 5-ю антыфранц. кааліцыю. 5—6.7.1809 у бітве пры Ваграме аўстрыйцы былі разбіты і падпісалі ў кастр. 1809 Шонбрунскі мірны дагавор, які замацоўваў залежнасць Аўстрыі ад Францыі і пазбаўляў яе многіх уладанняў. У выніку Н.в. склалася вялізная імперыя Напалеона I; шэраг краін знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад Францыі. Але яму прыйшлося сутыкнуцца з моцным супраціўленнем у падуладных краінах, у т. л. з партыз. вайной (герылья) у Іспаніі, якую падтрымлівалі брыт. войскі. У выніку абвастрэння рус.-франц. супярэчнасцей 24.6.1812 Напалеон I з «Вялікай арміяй» уварваўся ў Расію. У ходзе вайны 1812 Напалеон I стварыў на акупіраванай тэр.Літвы і Беларусі Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага і сфарміраваў шэраг ваен. часцей (гл.Літоўскія войскі 1812). Паражэнне «Вялікай арміі» ў Расіі, у т. л. ў шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812), прывяло да ўздыму антыфранц. руху ў Еўропе. Да створанай у ліп. 1812 6-й антыфранц. кааліцыі (Расія, Вялікабрытанія, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) у 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Пасля перамогі саюзнікаў у Лейпцыгскай бітве 1813франц. войскі адступілі на тэр. Францыі. 31.3.1814 саюзнікі занялі Парыж. Пасля адрачэння 6.4.1814 Напалеона I саюзнікі і Францыя падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1814, паводле якога Францыя пазбаўлялася ўсіх заваяванняў пасля 1792, а на франц. троне адноўлена дынастыя Бурбонаў. У вер. 1814 пачаў працу Венскі кангрэс 1814—15, каб вырашыць усе пытанні мірнага ўрэгулявання ў Еўропе. Але ў сак. 1815 Напалеон I аднавіў сваю ўладу ў Францыі (гл.«Сто дзён»), Удзельнікі Венскага кангрэса стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю. Франц. войскі былі разбіты 18.6.1815 пры Ватэрлоо. 22.6.1815 Напалеон I зноў адрокся ад трона. У ліп. 1815 войскі саюзнікаў уступілі ў Парыж і аднавілі на франц. троне Людовіка XVIII, з якім падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1815, чым і завершаны Н.в.
Літ.:
Зак Л.А. Англия и германская проблема: (Из дипломат. истории наполеоновских войн). М., 1963;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965;
Вандаль А. [Сочинения]: Пер. с фр.Т. 1—4. Ростов н/Д, 1995;
Исдейл Ч.Дж. Наполеоновские войны: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАН, Нямунас (у Літве),
рака ў Мінскай і Гродзенскай абл. Беларусі, у Літве і на мяжы Літвы і Калінінградскай вобл. Расіі. Даўж. 937 км. Пл. вадазбору 98,2 тыс.км² ( у межах Беларусі адпаведна 459 км і 35 тыс.км² — без вадазбору р. Вілія). Пачынаецца пад назвай Нёманец на Стаўбцоўскай раўніне каля в. Верх-Нёман Уздзенскага р-на Мінскай вобл., упадае ў Куршскі заліў Балтыйскага м., утварае дэльту. Н. падзяляюць на 3 часткі: верхняе цячэнне (ад вытоку да вусця Котры), сярэдняе (ад вусця Котры да вусця Віліі), ніжняе (ад вусця Віліі да ўпадзення ў Балтыйскае м.). У вярхоўі цячэ па Нёманскай нізіне, у сярэднім цячэнні перасякае Гродзенскае ўзв. і Балтыйскую граду, у нізоўях цячэ па прыморскай нізіне. Асн. прытокі: Уса, Сула, Бярэзіна, Гаўя (Беларусь), Дзітва, Вілія (Беларусь і Літва) — справа, Уша, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось (Беларусь, Свіслач (Беларусь і Польшча), Шашупе (Літва і Расія) — злева. За 46 км ад вусця Н. падзяляецца на 2 асн. рукавы: левы Гілія (Матросаўка), правы Русне, які таксама падзяляецца на шырокі і мелкаводны рукаў Атмата і паўнаводны Скірвітэ (Паўночны, падзяляецца на Ворусне і Руснайтэ). З шэрагам інш. рукавоў і меліярац. каналаў утварае вялізную дэльту. Даліна Н. (шыр. 1—4 км) да вусця Сулы невыразная, ніжэй, да мяжы з Літвой, пераважна скрынкападобная, паміж вусцямі Шчары і Чорнай Ганчы, дзе Н. цячэ па ўсх. ускраіне Гродзенскага ўзв., глыбокая і вузкая. Схілы даліны (выш. 6—25 м, месцамі 30—50 м) да ўпадзення Бярэзіны спадзістыя, на астатнім працягу стромкія, парэзаныя ярамі. Пойма пераважна двухбаковая (шыр. 1—2 км, месцамі да 4 км), парэзаная старыцамі, ніжэй г. Масты адсутнічае. Рэчышча ў вярхоўі (шыр. пераважна 35—40 м, месцамі да 150 м) ад вытоку на працягу 26,4 км каналізаванае, далей звілістае, шмат меляў, перакатаў, кос, пясчаных астравоў; У сярэднім цячэнні — пясчанае, шмат градаў і парогаў, у т. л. каля г. Гродна (найб. буйныя — Бічы і Гога ў Літве), у нізоўях расшыраецца да 180—380 м, замест камяністых парогаў з’яўляюцца пясчаныя мелі. Глыб. ў вярхоўі 3—4 м, у нізоўі да 1—2 м (за кошт моцнага адкладання наносаў). Тут праводзяцца днопаглыбляльныя работы з мэтай забеспячэння суднаходства. Цячэнне Н. спакойнае, з сярэдняй скорасцю 0,6—0,8 м/с і ваганнямі ад 0,2 м/с да 2 м/с (у разводдзе). Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое ў вярхоўі і дажджавое у нізоўі. Ледастаў з 2-й пал.снеж. да канца сак. (45—100 дзён). Таўшчыня лёду 20—65 см. У цёплыя зімы магчымы часовыя крыгаломы і крыгаходы. Веснавое разводдзе пачынаецца з сярэдзіны сак. (пры ранняй вясне — з пач.лют., пры позняй — з пач.крас.), доўжыцца 30—60 дзён. Сярэдняя выш. над межанным узроўні ад 2,5—4 м у вярхоўі да 5,2 м у нізоўі. Веснавы крыгаход 7—16 дзён. Характэрны працяглыя, амаль штогадовыя зажоры. Летне-асенняя межань (5—6 месяцаў) няўстойлівая, нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (80—90 дзён) больш устойлівая. У вусці ў межань істотную ролю адыгрываюць спады і нагоны вады ветрам. Сярэднегадавы расход вады каля г. Стоўбцы 18,4 м³/с, каля г. Гродна 197 м³/с, за мяжой Беларусі 214 м³/с, у вусці 685 м³/с. Выкарыстоўваецца як крыніца водазабеспячэння. Рэгулярнае суднаходства ад г. Бірштанас (Літва) да вусця, у межах Беларусі нерэгулярнае — ад в. Купіск Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. да в. Шандубры (Гродзенскі р-н.). Лесасплаў. На Н. Каўнаская ГЭС і вадасховішча. Н. злучаны з бас.р. Дняпро Агінскім каналам, з бас.р. Вісла — Аўгустоўскім каналам. З пабудовай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы частка сцёку з бас. Н. перакідваецца ў бас.р. Дняпро. На рацэ гарады Стоўбцы, Масты, Гродна (Беларусь), Друскінінкай, Алітус, Каўнас, (Літва), Нёман, Савецк (Расія). На беразе Н. ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.Коласаўскі заказнік, зоны адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,
грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел.нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел.нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баброўскага, І.Даніловіча, І.Анацэвіча, І.Лабойкі, І.Грыгаровіча, К. і Я.Тышкевічаў, Т.Нарбута, А.Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, П.Багрыма, А.Вярыгі-Дарэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.Савіч, А.Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел.нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел.вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, А.Абуховіча, К.Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук.беларусазнаўства (публікацыі П.Бяссонава, І.Насовіча, М.Доўнар-Запольскага, Е.Раманава, Я.Карскага, А.Сапунова, А.Ельскага, Я.Карловіча, Г.Татура, М.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, А.Сержпутоўскага, М.Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт.газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел.рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел.нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.Бычкоўскага, В.Гадлеўскага, А.Пачопкі, А.Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., А.Гарун, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, З.Бядуля, браты А. і І.Луцкевічы, А.Уласаў, В.Ластоўскі, І.Буйніцкі, У.Галубок, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, Я.Лёсік, Ф.Шантыр, Л.Сівіцкая (З.Верас), Я.Хлябцэвіч, Л.Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял.кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л.бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел.нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел.газ.«Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.—ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНКЗах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел.этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.
Кр.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977; Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991; Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979; Усебеларускі з’езд 1917 года: Сведчанне сучасніка / Публ. В.Скалабана // Бел.гіст.Часоп. 1993. № 1—4; Доўнар-Запольскі М.В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Мн., 1994; [Публіцыстыка Кастуся Каліноўскага] / Падрыхтавалі да друку А.Гаўрон, Я.Янушкевіч // Маладосць. 1988. № 1; Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.
Літ.:
Багдановіч М. Публіцыстыка // Зб.тв.Мн., 1968. Т. 2;
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 (факс. выд.Мн., 1992);
Купала Я. Публіцыстыка // Зб.тв.Мн., 1976. Т. 7;
Яго ж. Жыве Беларусь: Вершы, арт.Мн., 1993;
Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928;
Тое ж.Мн., 1991;
Цвікевіч А. «Западноруссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. Мн., 1929;
2 выд.Мн., 1993;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. 4 выд.М.; Л., 1926;
Тое ж.Мн., 1992;
Абдзіраловіч І. [Канчэўскі І.] Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светагляду). Вільня, 1921;
4 выд.Мн., 1993;
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Лёсік Я. Творы. Мн., 1994;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
Недасек Н. [Адамовіч Ант.]. Камунізм і «беларускі нацыяналізм»: (Гіст. агляд...) // Запісы. Мюнхен, 1962. Кн. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СІ (КПБ),
да 1952 Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б], палітычная арганізацыя, састаўная частка Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС). Існавала ў 1918—91. Арганізацыйна аформілася на VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) (30—31.12.1918, Смаленск). Пры яе стварэнні падкрэслівалася, што работу ўсіх парт. арг-цый узначальвае Цэнтр. бюро КП(б)Б (ЦБ), якое з’яўляецца «вярхоўным органам у рэспубліцы і верным вокам Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі ўсіх расійскіх савецкіх сацыялістычных рэспублік». Уся дзейнасць КП(б)Б рэгламентавалася праграмнымі і статутнымі палажэннямі РКП(б), указаннямі яе цэнтр. органаў і кіраўнікоў. Напачатку вядучую ролю ў цэнтр. органах КП(б)Б адыгрывалі кіраўнікі Паўн.-Зах.абл.к-та РКП(б). З 15 членаў ЦБ толькі З.Х.Жылуновіч і І.В.Лагун прадстаўлялі Беларускія секцыі РКП(б), старшынёй ЦБКП(б)Б быў выбраны А.Ф.Мяснікоў. сакратаром В.Г.Жнорын. Цэнтр. друкаваным органам партыі стала газ.«Звязда». На VI Паўн.-Зах.абл.парт. канферэнцыі быў абвешчаны падрыхтаваны ў ЦК РКП(б) Маніфест аб стварэнні «самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (гл.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, БССР). 1.1.1919 абвешчаны і Маніфест Часовага рабоча-сял.сав. ўрада Беларусі аб утварэнні самастойнай Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У адм.-гасп. адносінах тэр. Беларусі падзялялася на 7 раёнаў і 53 падраёны (паветы). Стваралася адпаведная структура парт. органаў: райкомы (губпарткомы), падрайкомы, валасныя і сельскія ячэйкі. У студз. Часовы ўрад і ЦБКП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне, паводле якога ў складзе РСФСР засталіся Віцебская і Магілёўская губ. Спробы членаў ЦБКП(б)Б апеляваць да ЦК РКП(б) і зварот да старшыні СНК У.І.Леніна аб захаванні Беларусі ў яе этнічных межах станоўчых вынікаў не далі. У гэты ж перыяд узнік і Камуністычны саюз моладзі Беларусі. Галоўнымі ў дзейнасці КП(б)Б былі пытанні дзярж. будаўніцтва, умацавання і абароны сав. улады. I Усебел. з’езд Саветаў (2—3.2.1919) прыняў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР. Па прапанове старшыні ВЦВК і сакратара ЦК РКП(б) Я.М.Свярдлова з’езд прыняў рашэнне пра аб’яднанне Літвы і Беларусі ў адзіную Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). 4—6.3.1919 у Вільні адбыўся Аб’яднаўчы з’езд Кампартый Літвы і Беларусі, на якім старшынёй прэзідыума ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] быў выбраны В.С.Міцкявічус-Капсукас, сакратаром — Кнорын. Сярод 15 членаў ЦК КП(б)ЛіБ не было ніводнага беларуса. Бел. камуністаў прадстаўлялі б. дзеячы Паўн.-Зах.абл.к-та РКП(б). Кіраўніцтва парт. арг-цыямі на Беларусі фактычна ажыццяўляў Мінскі губ.к-т КП(б)ЛіБ. Неаднаразова праводзіліся парт. мабілізацыі на франты грамадз. вайны, камуністы разам з прадстаўнікамі інш. партый удзельнічалі ў барацьбе супраць польскай акупацыі. У жн. 1920 у склад КП(б)ЛіБ увайшла Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх акупантаў і абвяшчэння незалежнасці Літвы (май 1920) ЦК КП(б)ЛіБ 5.9.1920 прыняў пастанову пра стварэнне самаст. кампартый Беларусі і Літвы і асобных органаў іх кіраўніцтва. Пачалося аднаўленне структуры мясц.парт. органаў. III з’езд КП(б)Б (22—26.11.1920) адзначыў, што «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б)... і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». IV (25.2—2.3.1921), V (15—20.10.1921) і VI (15—19.3.1922) з’езды КП(б)Басн. ўвагу звярталі на пытанні пераходу да сацыяліст. будаўніцтва, замену палітыкі «ваеннага камунізму» на новую эканамічную палітыку (нэп). Была падтрымана палітыка беларусізацыі, якая актыўна разгарнулася з 1924, значная ўвага аддавалася стварэнню сістэмы вышэйшай, сярэдняй спец. і агульнай адукацыі. У выніку чысткі ў партыі і абмену парт. дакументаў (15.8—20.10.1921) з КП(б)Б было выключана 1589 чал. (24,7%). У барацьбе супраць інш.паліт. партый (Бунд, эсэры і інш.) бальшавікі побач з ідэалаг. сродкамі выкарыстоўвалі дзярж. карны апарат Надзвычайнай камісіі (ЧК), потым Аб’яднанага дзярж.паліт. ўпраўлення (АДПУ). 16.9.1922 большасць членаў ЦБКП(б)Б выказаліся за сталінскі праект «аўтанамізацыі» і ўключэнне ў склад БССР Віцебскай і Гомельскай губ. Пасля кастрычніцкага (1922) пленума ЦК РКП(б) кіраўніцтва КП(б)Б адобрыла план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі) па стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). VII з’езд КП(б)Б (20—26.3.1923) указаў на неабходнасць актыўнага ўдзелу бел. камуністаў у агульнасаюзным будаўніцтве, пашырэння тэр. Беларусі (гл.Узбуйненне БССР) і новага адм.-тэр. падзелу рэспублікі. У выніку аб’яўленага пасля смерці Леніна (21.1.1924) ленінскага прызыву ў КП(б)Б прынята 2007 чал., з іх больш за 98% рабочых. Пасля VIII з’езда КП(б)Б (12—14.5.1924) у сувязі з уключэннем у склад БССРтэр. Віцебскай і часткі Гомельскай губ. і зменамі ў адм.тэр. падзеле ў 1924 створана новая структура КП(б)Б: цэнтр. органы (ЦК, ЦКК, Рэвіз. камісія), 10 акруговых, 100 сельскіх і 9 гар. раённых к-таў партыі. Аператыўнае кіраўніцтва парт. і паліт. работай паміж з’ездамі КП(б)Б і пленумамі ЦК ажыццяўляла Бюро ЦККП(б)Б. Парт. ячэйкі будаваліся паводле тэр.-вытв. прынцыпу. З’езды і пленумы 1920-х г.вял. ўвагу аддавалі пытанням эканам. і сац. развіцця, дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва. З канца 1925 пасяджэнні і пратаколы ЦК і акр. к-таў КП(б)Б вяліся на бел. мове. У выніку самаліквідацыі Бунда (сак. 1921) і ліквідацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) (чэрв. 1924) у Беларусі трывала ўсталявалася аднапарт. паліт. сістэма. Кампартыя кантралявала дзейнасць усіх грамадска-паліт. арг-цый, прафсаюзы, камсамол і інш. 2-я пал. 1920-х г. характарызавалася зменамі ў палітыцы Камуніст. партыі: імкненнем да супрацоўніцтва з капіталіст. краінамі (у прыватнасці з Германіяй), паступовым адыходам ад прынцыпаў нэпа, пераходам да індустрыялізацыі і кааперацыі. Пад лозунгамі барацьбы з т. зв. ворагамі народа адбывалася згортванне ўнутрыпарт. дэмакратыі. У выніку чысткі (23—29.4.1929) з КП(б)Б выключана 3717 чал. Пачаліся рэпрэсіі палітычныя супраць парт., дзярж. і сав. работнікаў, бел. інтэлігенцыі. У 1930-я г. члены партыі актыўна ўдзельнічалі ў гасп. і культ. будаўніцтве, умацаванні абароны. Самаадданай працай народа былі дасягнуты значныя поспехі ў эканам. і сац. развіцці рэспублікі. З аграрнай яна ператварылася ў аграрна-індустрыяльную, ліквідавана беспрацоўе, разгортвалася жыллёвае і сац.-быт. будаўніцтва, у 1935—36 адменена картачная сістэма. Значнымі былі дасягненні ў развіцці адукацыі, навукі, культуры. Аднак побач з поспехамі ў сацыяліст. будаўніцтве складвалася паліт. сістэма, у якой мелі месца грубыя парушэнні дэмакр. прынцыпаў развіцця савецкага грамадства, якія абвяшчаліся ў праграмных дакументах ВКП(б), Канстытуцыях СССР і БССР. У працэсе калектывізацыі былі ліквідаваны альтэрнатыўныя шляхі развіцця сельскай гаспадаркі, рэпрэсіраваны многія сяляне. Невыкананне планаў у прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. галінах нярэдка тлумачылася дзейнасцю «нацдэмаў», «контррэвалюцыянераў» і «ворагаў народа».
Традыцыйнымі заставаліся рашэнні з’ездаў і пленумаў ЦККП(б)Б пра неабходнасць павышэння класавай пільнасці і барацьбы з бел.бурж. нацыяналізмам. У 1931 у КП(б)Б прынята 15 981 чл. і 8273 канд. у чл. (самы высокі гадавы паказчык за перыяд 1919—58). У 1934 уведзена новая структура парт. органаў. У апараце ЦККП(б)Б ствараліся аддзелы па асн. кірунках работы, у гаркомах і райкомах уводзіліся пасады інструктараў. У 1936 упершыню з часу існавання К.П(б)Б 1-м сакратаром быў абраны беларус В.Ф.Шаранговіч. У 1930-я г.НКУСБССР сфабрыкаваў шэраг спраў аб існаванні ў Беларусі «антысавецкіх, дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле»). У 1933—36 у сувязі з чысткай у партыі, праверкай і абменам парт. дакументаў з КП(б)Б выключана 8246 чал. (21% усяго складу). Прыём у партыю ў гэты перыяд не праводзіўся (адноўлены ў ліст. 1936). З 1938 у паліт., навук. жыцці, ідэалаг. і культ. рабоце асн. сталі пастулаты «Кароткага курса гісторыі ВКП(б)». Ствараўся культ асобы Сталіна і яго паплечнікаў. Пленумы і сходы парт. арг-цый склікаліся нерэгулярна, выбары парт. органаў замяняліся кааптацыяй. У ходзе чыстак і паліт. рэпрэсій колькасць чл. і канд. у чл.КП(б)Б скарацілася з 75 238 у 1932 да 31 526 у 1938. У чэрв. 1938 Выканком Камінтэрна па ініцыятыве ЦКВКП(б) распусціў Камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі (КПЗБ) і Зах. Украіны (гл. адпаведныя арт.). У 1939 адбылося ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. У зах. абласцях пачалося стварэнне парт. органаў і арг-цый КП(б)Б. На 1.6.1941 у 5337 пярвічных парт. арг-цыях і групах налічвалася 50 754 чл. і 24 297 канд. у чл.КП(б)Б; працавалі 10 абл., 14 гар., 12 раённых у гарадах і 187 сельскіх раённых к-таў партыі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны 1941—45асн. дзейнасць парт. органаў была скіравана на барацьбу з фашызмам. З вер. 1941 да снеж. 1943 ЦККП(б)Б прыняў рашэнні больш чым па 130 пытаннях падп. і партыз. руху. У вер. 1942 створаны Беларускі штаб партызанскага руху. На акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 10 абл., 193 міжраённыя, гар. і раённыя падп. к-ты КП(б)Б, больш за 1200 парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях, 184 тэрытарыяльныя парт. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за 35 тыс. камуністаў [гл.Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Партызанскі рух, Патрыятычнае падполле]. Гераічная і самаадданая барацьба камуністаў з ворагам значна ўмацавала аўтарытэт Кампартыі сярод насельніцтва. У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў ёй працавалі 12 абкомаў, 14 гаркомаў, 181 райком партыі; у пярвічных арг-цыях было 30 тыс. камуністаў. Пытанні аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі, сац. сферы, навукі, адукацыі і культуры разглядаліся на XIX (15—18.2.1949) і XX (20—23.9.1952) з’ездах КП(б)Б. XIX з’езд ВКП(б) (5—14.10.1952) прыняў новы Статут партыі і назву КПСС. КП(б)Б стала называцца КПБ. 1950-я г. характарызаваліся стварэннем прынцыпова новых галін прам-сці: хімічнай, машына- і станкабудавання, металаапрацоўкі, вытв-сці трактароў, аўтамабіляў і інш. Аднаўлялася калгасна-саўгасная сістэма, але адсутнасць пашпартоў у сялян і сістэма прапіскі ў гарадах надзейна прымацоўвалі іх да калгасаў і саўгасаў. У сярэдзіне 1950-х г. пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. Важнае значэнне мела пастанова ЦККПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». Пленум ЦККПБ (28.7.1956) 2-і раз з часу існавання КПБ выбраў 1-м сакратаром ЦК беларуса К.Л.Мазурава. Аддавалася ўвага развіццю бел.нац. школы, мовы, л-ры і культуры. Аднак арыентацыя кіруючых парт.-дзярж. органаў на двухмоўе вяла да ўзмацнення ўплыву рус. мовы, асабліва сярод гар. насельніцтва. У 1956—60 штогод у чл.
КПБ прымалася 9—15 тыс.чал., канд.
у чл. — 11—18 тыс. XXV з’езд КПБ (26—28.9.1961) адобрыў праекты 3-й Праграмы і Статута КПСС. У 1963 па ўказанні ЦККПСС праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў КПБ: створаны Прэзідыум ЦК, Бюро ЦК па кіраўніцтве прам-сцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай і адзіны кантрольны орган — К-тпарт.-дзярж. кантролю ЦККПБ і СМБССР. У выніку падзелу мясц.парт. органаў арганізаваны 12 абкомаў, 25 гаркомаў і гар. райкомаў, 23 к-ты па прамысл. зонах і 77 па вытв. калгасна-саўгасных упраўленнях. Аднак пасля змяшчэння з парт. і дзярж. пасад М.С.Хрушчова і абрання 1-м сакратаром ЦККПСС Л.І.Брэжнева ў ліст. 1964 адноўлены тэр.-вытв. прынцып пабудовы парт. органаў. У 1964 у КПБ прынята 22 348 чл. і 23 730 канд. у чл. (самы высокі гадавы прыём за ўвесь час існавання). XXVI (3—5.3.1966), XXVII (22—24.2.1971), XXVIII (4—6.2.1976), XXIX (27—29.1.1981) і XXX (30—31.1.1986) з’езды КПБ праходзілі па звычайнай схеме: абмяркоўваліся асн. кірункі эканам. і сац. развіцця, адабраліся дырэктывы па 5-гадовых планах, адзначаліся поспехі ў развіцці прам-сці, сельскай гаспадаркі, сац. сферы, навукі і культуры. Значная ўвага аддавалася новым галінам індустрыі: хім. і нафтахімічнай, радыёэлектроніцы і інш. На кожным з’ездзе адзначаліся традыц. недахопы: маруднае ўкараненне дасягненняў навукі, тэхнікі, перадавых тэхналогій, нізкая прадукцыйнасць працы і якасць прадукцыі, нерацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прыродных рэсурсаў і інш. У 1973—74 праведзены абмен парт. дакументаў, які разглядаўся як сродак умацавання парт. радоў і павышэння дзейнасці ўсіх парт. арг-цый. У 1961—66 канд. у чл.КПБ штогод прымалася ў сярэднім 21 тыс.чал. (прырост складаў 8,5%), у 1966—71—17 тыс. (4,1%), у 1971—76—16,6 тыс. (2,8%). З 1977 да 1990 прыём захоўваўся на ўзроўні амаль 21 тыс.чал. у год. Асн. ўвага скіроўвалася на рост КПБ за кошт рабочых, колькасць служачых абмяжоўвалася 27—28% ад усіх прымаемых. Паніжаўся працэнт калгаснікаў, якія жадалі ўступіць у партыю. У 1977 новая Канстытуцыя СССР (арт. 6) замацавала палажэнне аб кіруючай ролі КПСС у грамадстве, прадубліраванае ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. З 1970-х г. усё больш выразна пачаў праяўляцца эканам. і паліт. крызіс сав. грамадства. Нежаданне парт. кіраўніцтва пачаць карэнную перабудову ў краіне, сказаць народу пра сапраўдныя прычыны крызісу курсу на пабудову камунізму сталі прычынай зніжэння аўтарытэту партыі. Асабліва яскрава гэта выявілася пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986. Хоць на Беларусі эканам. паказчыкі былі лепшыя, чым у інш. рэгіёнах СССР, мела месца паліт. стабільнасць, аднак змены адбываліся марудна, не закраналі асноў парт.-дзярж.адм. сістэмы. Паліт. гучанне набывалі пытанні нац. адраджэння, развіцця бел. мовы і культуры. Паводле пастановы Бюро ЦККПБ ад 11.1.1988 створана Камісія Бюро ЦК па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 1930—40-х і пач. 1950-х г. 4.3.1990 пачаліся першыя за многія дзесяцігоддзі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў на альтэрнатыўнай аснове. Яны расцягнуліся да снеж. 1991 і праходзілі ў вострай паліт. барацьбе. Камуністы захавалі большасць у Вярх. Савеце Рэспублікі. Працягваўся рост парт. арг-цый. Да канца 1990 колькасць чл. і канд. у чл.КПБ дасягнула 697 608 чал. Але кіраўніцтва партыі пачало страчваць аўтарытэт. На XXXI з’ездзе КПБ (28.11—1.12.1990) упершыню вострая крытыка прагучала ў адрас ЦККПСС і Ген. сакратара М.С.Гарбачова, узнята пытанне пра неабходнасць правядзення палітыкі, якая б адпавядала нац. інтарэсам. Аднак прычыны крызісу партыі глыбока не аналізаваліся. Упершыню выбары 1-га сакратара ЦККПБ праведзены на альтэрнатыўнай аснове непасрэдна на з’ездзе. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 31.1.1991 набыў сілу Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», што ўзмацніла працэс пераходу да шматпартыйнасці на Беларусі. 4-я сесія Вярх. Савета БССР (чэрв. 1990) прыняла рашэнне аб дэпартызацыі дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый. За 1990 з КПБ добраахвотна выйшлі 53 346 чал., у т. л. 31 168 рабочых, было выключана 22 218 чал., з іх 87,5% за парушэнне парт., дзярж. і працоўнай дысцыпліны. 25.8.1991 Вярх. СаветБССР прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС—КПБ на тэрыторыі Беларусі». Гэта азначала заканадаўчую забарону дзейнасці КПБ. 19.9.1991 БССР перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. 10.12.1991 паводле пастановы Вярх. Савета «Аб уласнасці КПСС—КПБ» уласнасць Кампартыі перададзена дзяржаве. Пасля дэнансацыі дагавора 1922 аб утварэнні СССР (гл.Белавежскія пагадненні 1991) існаванне КПБ як неад’емнай часткі КПСС страціла сэнс. Пераемніцай КПБ абвясціла сябе Партыя камуністаў беларуская (ПКБ, зарэгістравана 26.5.1992). У лют. 1993 Вярх. Савет адмяніў сваю пастанову ад 25.8.1991. Да гэтага часу парт. структура распалася. XXXII з’езд КПБ (нечарговы, май 1993) і II з’езд ПКБ прынялі рашэнне аб аб’яднанні. Але стварыць адзіную Кампартыю не ўдалося. 2.11.1996 адбыўся XXXIII (I аднаўленчы) з’езд КПБ. Старшынёй Савета партыі абраны Я.Я.Сакалоў, 1-м сакратаром ЦК — В.В.Чыкін. У пач. 1998 партыя налічвала больш за 7 тыс. членаў (гл. таксама арт. пра кожны з’езд КПБ). Кіруючыя органы КПБ узначальвалі А.Ф.Мяснікоў (1917—19), В.С.Міцкявічус-Капсукас (1919—20), В.Г.Кнорын (1920—22, 1927—28), В.А.Багуцкі (1922—24), А.М.Асаткін-Уладзімірскі (1924), А.І.Крыніцкі (1924—27), Я.Б.І’амарнік (1928—29), К.В.Іей (1930—32), М.Ф.Гікала (1932—37), В.Ф.Шаранговіч (1937), А.А.Волкаў (1937—38), П.К.Панамарэнка (1938—47), М.І.Гусараў (1947—50), М.С.Патолічаў (1950—56), К.Т.Мазураў (1956—65), П.М.Машэраў (1965—80), Ц.Я.Кісялёў (1980—83), М.М.Слюнькоў (1983—87), Я.Я.Сакалоў (1987—90), А.А.Малафееў (1990—93), Сакалоў і В.В.Чыкін (з 2.11.1996).
Літ.:
КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1. Мн., 1934;
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 1. 2 изд Мн., 1968;
Ч. 2. Мн., 1967;
Хроника важнейших событий истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2—3. Мн., 1970—80;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;
Машеров П.М. Избранные речи и статьи. Мн., 1982;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1—6. Мн., 1983—87;
По воле народа: Из истории образования БССР и создания Коммунистіческой партии Белоруссии: Док. и материалы. Мн., 1988;
Коммунистическая партия Белоруссии в цифрах, 1918—1988. 2 изд. Мн., 1988;
Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;
Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945. Ч. 1. Мн., 1990;
Страницы истории Компартии Белоруссии;
суждения, аргументы, факты. Мн., 1990;
Чарвякоў АР. ...Я ніколі не быў ворагам: Выбр.арт. і прамовы;
Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
В.Ф.Кушнер.
Даты і месца з’ездаў, колькасць прадстаўленых на з’ездзе камуністаў, колькасны склад Кампартыі Беларусі
З’езд, месца правядзення
Дата правядзення
Прадстаўлена на з’ездзе
Колькасны склад партыі на 1 студз. адпаведнага года
чл. партыі
канд. у чл. партыі
чл. партыі
канд. у чл. партыі
1
2
3
4
5
6
I з’езд КП(б)Б, Смаленск
30—31.12.1918
17 771
не было
на снеж. 1918
17 771
не было
II з’езд КП(б)Б, Вільня
4—6.3.1919
17 636
не было
на сак. 1919
7652
не было
III з’езд КП(б)Б, Мінск
22—26.11.1920
1700
не ўлічана
на ліст. 1920
1700
не ўлічана
IV з’езд КП(б)Б, Мінск
25.2—1.3.1921
3000
не ўлічана
звесткі не выяўлены
звесткі не выяўлены
V з’езд КП(б), Мінск
15—20.10.1921
3325
не ўлічана
на вер. 1921
2889
1360
VI з’езд КП(б)Б, Мінск
15—19.3.1922
5150
4445
1439
VII з’езд КП(б)Б, Мінск
20—26.3.1923
3850
з камуністамі вайсковых часцей
2890
600
VIII з’езд КП(б)Б1, Мінск
12—14.5.1924
10 438 (разам з камуністамі вайсковых часцей 13 975)
2946
1052
IX з’езд КП(б)Б, Мінск
8—12.12.1925
8912
6163
на 1.1.1926
9458
7265
X з’езд КП(б)Б, Мінск
3—10.1.1927
16 170 (разам з камуністамі вайсковых часцей
30 955)
9455
16 170
9455
XI з’езд КП(б)Б, Мінск
22—29.11.1927
23 735 (разам з камуністамі вайсковых часцей)
11 392
на 1.1.19282
19 333
10 137
XII з’езд КП(б)Б, Мінск
5—16.2.1929
29 330 (разам з камуністамі вайсковых часцей 41 207)
11 877
23 950
9431
XII з’езд КП(б)Б, Мінск
30.5—12.6.1930
27 692 (разам з камуністамі вайсковых часцей 46 806)
11 564
27 011
9297
XIV з’езд КП(б)Б, Мінск
23—29.1.1932
46 958 (разам з камуністамі вайсковых часцей)
28 280
37 944
21 231
XV з’езд КП(б)Б3, Мінск
16—22.1.1934
26 861 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 65 119)
11 048
26 861
11 048
XVI з’езд КП(б)Б, Мінск
10—19.6.1937
24 549
9029 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 47 000)
24 7354
9093
XVII з’езд КП(б)Б, Мінск
10—18.6.1938
22 784
8742
22 990
8613
XVIII з’езд КП(б)Б, Мінск
15—20.5.1940
36 388
23 465
33 869
24 084
XIX з’езд КП(б)Б, Мінск
15—18.2.1949
91 554
18 652
90 976
19 134
XX з’езд КП(б)Б, Мінск
20—23.9.1952
107 252
20 184
на 1.1.1953
108 017
19 199
XXI з’езд КПБ, Мінск
10—13.2.1954
119 865
10 161
118 895
10 690
XXII з’езд КПБ, Мінск
24—27.1.1956
132 414
12 655
132 414
12 655
XXIII з’езд КПБ, Мінск
14—15.1.1959
168 716
19 193
168 716
19 193
XXIV з’езд КПБ, Мінск
17—19.2.1960
183 855
19 592
183 855
19 592
XXV з’езд КПБ, Мінск
26—28.9.1961
214 399
25 954
на 1.1.1962
223 699
25 969
XXVI з’езд КПБ, Мінск
3—5.3.1966
320 622
22 421
320 622
22 421
XXVII з’езд КПБ, Мінск
22—24.2.1971
412 873
21 654
412 873
21 654
XXVIII з’езд КПБ, Мінск
4—6.2.1976
485 671
20 558
485 671
20 558
XXIX з’езд КПБ, Мінск
27—29.1.1981
572 313
22 998
572 313
22 998
XXX з’езд КПБ, Мінск
30—31.1.1986
645 754
22 226
645 754
22 226
XXXI з’езд КПБ, Мінск
28.11—1.12.1990
больш за 600 000
685 270
12 338
XXXII з’езд КПБ (аб’яднаўчы з ПКБ)
29—30.5.1993
дакладных звестак няма
дакладных звестак няма
XXXIII з’езд КПБ (I аднаўленчы)
2.11.1996
1160
каля 7000
1 На 1.1.1924 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 2946 чл. і 1052 канд. ў чл. партыі (усяго 3998 чал.). На момант VIII з’езда КП(б)Б налічвала 10 438 чл. і канд. у чл. партыі.
2 На 1.1.1928 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 29 470 камуністаў.
3 Звесткі пра колькасць прадстаўленых на з’ездзе дадзены без уліку камуністаў парт. арг-цый чыгуначнага транспарту і вайсковых часцей. На 1.1.1934 на ўлік у парт. арг-цыі чыгуначнага транспарту было перададзена 4589 чл. і канд. у чл. партыі.
4 Без уліку камуністаў чыгуначнага транспарту. На 1.6.1936 там працавалі 3294 камуністы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЕРАЛІ́ЗМ 1) ідэйная і сац.-паліт. плынь, заснаваная на прызнанні асобы, яе свабоды і самарэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і ўмовай развіцця грамадства.
2) Спосаб мыслення і паводзін, які характарызуецца незалежнасцю і цярпімасцю ў адносінах да розных поглядаў, традыцый і тыпаў паводзін. Тэрмін «Л.» увайшоў у навук. ўжытак у 1830—40-я г., калі ў Зах. Еўропе ўзніклі паліт. партыі лібералаў. Ідэйна-тэарэт. вытокі і першыя спробы яго практычнага ўвасаблення ўзыходзяць да перыяду бурж. рэвалюцый 17—18 ст. Заснавальнікамі класічнага Л. з’яўляюцца Дж.Лок, А.Сміт, І.Бентам (Вялікабрытанія), Ш.Мантэск’ё, Б.Канстан, Ф.Гізо (Францыя), І.Кант, В.Гумбальт (Германія), Т.Джэферсан, Дж.Медысан, Б.Франклін (ЗША), С.Я.Дзясніцкі, А.П.Куніцын, А.М.Радзішчаў (Расія) і інш. У светапоглядным сэнсе Л. адпавядаюць свабода і самакаштоўнасць асобы, першапачатковая роўнасць усіх людзей, гуманізм, індывідуалізм, цярпімасць і дэмакратызм. ПалітычныЛ. прадугледжвае: прызнанне і забеспячэнне правоў чалавека; канстытуцыйнае праўленне; раздзяленне ўлад і свабодныя выбары ўсіх яе асн. ін-таў; плюралізм, пабудову прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці. ЭканамічныЛ. грунтуецца на прапанаванай Смітам «сістэме натуральнай свабоды» і ўключае: свабоду прыватнага прадпрымальніцтва і гандлю, свабоду канкурэнцыі; вызваленне эканам. дзейнасці з-пад апекі дзяржавы; стварэнне спрыяльных умоў і роўных магчымасцей для развіцця прыватнай ініцыятывы. У духоўнай сферы характэрнымі прыкметамі Л. з’яўляюцца: свабодны выбар сац. ідэалаў, маральная свабода і адказнасць асобы, свабода сумлення, вырашальная роля ведаў і творчай ініцыятывы ў грамадскім прагрэсе.
У апошняй трэці 19 ст. склаўся новы тып Л. — неалібералізм, або сацыяльныЛ., у распрацоўку якога зрабілі значны ўклад Дж.Міль, Г.Спенсер, Дж.Кейнс, К.Попер, Дж.Хобсан (Вялікабрытанія), А Таквіль (Францыя), Г.Альберт, Г.Зімель (Германія), Дж.Голбрэйг, Р.Даль (ЗША), аўстра-амер. эканаміст і філосаф Ф. фон Хаек, М.М.Спяранскі, У.С.Салаўёў, П.Б.Струвэ, Б.М.Чычэрын (Расія) і інш.Асн. прынцыпы сац.Л.: разнастайнасць форм уласнасці, неабходнасць удзелу дзяржавы ў вырашэнні эканам. праблем, ажыццяўленне антыманапольнай палітыкі, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, сац. абарона грамадзян, прагрэс. падаткаабкладанне, улік інтарэсаў усіх сац. груп грамадства ў сферы паліт. улады і інш. Ідэйна-паліт. ўстаноўкі сучаснага Л. пакладзены ў аснову дзейнасці партый ліберальна-дэмакр. арыентацыі. Ліберальныя партыі ў ФРГ, Італіі, Фінляндыі, Даніі, Бразіліі, Ісландыі, Швейцарыі і інш. краінах прадстаўлены ва ўрадах, а ў шэрагу краін з’яўляюцца вядучай апазіцыйнай сілай; у Еўрапарламенце яны маюць пятую па колькасці фракцыю. У 1947 у Лондане ўтвораны Ліберальны Інтэрнацыянал, у які ўвайшлі каля 60 паліт. партый больш чым з 30 краін Еўропы, Амерыкі, Азіі, Афрыкі. Асобныя бакі практыкі Л. ў сац. пытаннях, асабліва ў рабочым пытанні, успрынялі правыя сацыялісты; адбываецца збліжэнне ідэй Л., кансерватызму і сацыял-дэмакратыі. Сфера распаўсюджвання ліберальных ідэй значна пашырылася ў 1990-я г. за кошт краін Усх. Еўропы і былых рэспублік СССР, што знайшло сваё выражэнне ў практычных спробах рэфармавання розных сфер жыццядзейнасці грамадства, стварэнні партый і грамадскіх рухаў ліберальна-дэмакр. кірунку.
На Беларусі ліберальныя ідэі духоўнай свабоды і самакаштоўнасці чалавека, неабходнасці сцвярджэння ў дзяржаве законнасці і справядлівасці, забеспячэння законных інтарэсаў і правоў грамадзян (у т. л. права валодання ўласнасцю) развівалі Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, С.Будны, А.Волан, К.Нарбут, Ф.Савіч, М.К.Судзілоўскі, І.Страйноўскі, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч і інш. Прыхільнікамі Л. былі многія выкладчыкі Віленскага ун-та, члены студэнцкіх арг-цый і т-ваў філаматаў і філарэтаў, нелегальнага «Дэмакратычнага таварыства», удзельнікі народніцкіх гурткоў, а таксама такія перыяд. выданні, як «Дзеннік віленьскі», «Тыгоднік віленьскі», «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны») і інш. У канцы 1880-х г. пачалося афармленне Л. як паліт. плыні і стварэнне паліт. ліберальнай апазіцыі, лідэры якой (І.Віткевіч, І.Мятлін, А.Александроўскі і інш.) увайшлі ў склад партыі «Народная свабода». Іх саюзнікамі былі канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі. Арганізатары дэмакр. руху і ідэолагі нац.-культ. адраджэння А.Луцкевіч, I. Луцкевіч, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, А.Смоліч, М.В.Доўнар-Запольскі, В.Іваноўскі, І.Канчэўскі, А.Цвікевіч і інш. абгрунтоўвалі неабходнасць пераўтварэння жыцця на «еўрапейскі манер», «свабоды нац. развіцця», «нац. культуры», шырокіх дэмакр. рэформ у грамадстве. У наш час ліберальна-дэмакр. ідэі і каштоўнасці становяцца неад’емнай састаўной часткай палітыка-філас. асэнсавання шляхоў далейшага развіцця бел. нацыі.
Літ.:
Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов: Пер. с англ.М., 1962;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Сорман Ги. Либеральное решение: Пер. с фр.М., 1992;
Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998;
Manning D. Liberalism. London, 1976;
Hayek F. von Law, Jegislation, liberty. London, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1944 у Мінску, адкрыты 20.9.1945. Размяшчаўся ў будынку б. Дома прафсаюзаў (пл. Свабоды, 23), з 1950 — у б. доме Саюза пісьменнікаў Беларусі (вул. Энгельса, 21), з 1959 у спец. будынку, пабудаваным на месцы дома, дзе ў 1927—41 жыла сям’я Я.Купалы (вул. Я.Купалы, 4). Стваральнік і першы дырэктар музея — жонка Я.Купалы У.Ф.Луцэвіч. Пл. экспазіцыі 492 м². Захоўвае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры (каля 35,2 тыс. адзінак, у т. л. 27,3 тыс. асноўнага фонду), звязаныя з жыццём і грамадскай дзейнасцю Я.Купалы. Кніжны фонд налічвае 6500 экз., у т. л. ўсе прыжыццёвыя выданні кніг Я.Купалы, 1111 кніг з Віленскай бібліятэкі-чытальні Даніловіча «Веды», дзе Я.Купала працаваў бібліятэкарам; перыяд. выданні 1905—42: газеты «Наша ніва» (1906—15), «Северо-Западный край» з першай публікацыяй верша «Мужык», «Наша доля», «Звон», «Рунь», «Беларусь», «Беларускае жыццё», «Голас Беларуса», «Наша думка», «Беларуская думка», асобныя нумары час. «Лучынка», «Саха», «Вольны шлях», «Маладняк», «Зоркі», «Малады араты», «Чырвоны сейбіт», «Беларускі каляндар» (1909—17) і інш., газеты і лістоўкі перыяду Вял.Айч. вайны і перыёдыка пасляваен. часу з творамі Я.Купалы; публікацыі пра яго на бел., рус., укр., груз., арм., літ., лат., славенскай, эст., балг., польск., чэш., англ., ням., франц., ісп., кіт. і інш. мовах свету, у т. л. кніга аднаго верша «А хто там ідзе?» на 83 мовах. Фонд рукапісаў Я.Купалы (больш за 1240 адзінак) захоўвае рукапісы твораў, аўтарызаваныя машынапісныя лісты, кнігі паэта з дарчымі надпісамі. У фотаархіве музея (3594 адзінкі) фотаздымкі Я.Купалы 1888—1942, яго родных, групавыя здымкі з пісьменнікамі, дзярж. і грамадскімі дзеячамі, сябрамі, знаёмымі і інш., а таксама фотаздымкі святаў паэзіі ў Мінску, Вязынцы, Ляўках, Акопах, вечароў у гонар паэта, купалаўскага фотапленэру, рэсп. і міжнар. Купалаўскіх чытанняў і інш.У кінафонавідэаархіве музея (каля 230 адзінак) фоназапісы выступленняў Я.Купалы, успамінаў пра паэта яго родных і блізкіх, бел., рас. і інш. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш. Асобны раздзел фанатэкі складае муз.-літ. Купаліяна: песні і рамансы на словы паэта, драм. творы Я.Купалы ў выкананні артыстаў тэатраў, радыё і тэлебачання. Зберагаюцца дакумент. кадры кінахронікі пра жыццё і творчасць, пахаванне Я.Купалы ў 1942 у Маскве, перапахаванне ў 1962 у Мінску, кадры кіначасопісаў «Савецкая Беларусь», прысвечаных юбілеям Я.Купалы, кінафільмы «Янка Купала. Жыццё і творчасць», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і інш., дыяфільмы «Янка Купала» (1955, 1982). З 1991 фарміруецца калекцыя відэастужак: фільм «Ніколі я не паміраў», запісы вечароў і тэлеперадач, прысвечаных Я.Купалу, спектакляў «Тутэйшыя», «Паўлінка» і інш. У фондзе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (больш за 2000 адзінак, у т. л. больш за 1000 адзінак маст. Купаліяны) прыжыццёвыя партрэты паэта работы Дз.Полазава (1921), Я.Кругера (1923), працы, прысвечаныя Я.Купалу або сюжэтам з яго твораў, жывапісцаў С.Андруховіча, Г.Бржазоўскага, М.Гусева, А.Кроля, Х.Ліўшыца, З.Паўлоўскага, М.Савіцкага, П.Сергіевіча, У.Стальмашонка, І.Стасевіча, В.Цвіркі, Я.Ціхановіча, А.Шаўчэнкі і інш.; графікаў Э.Агуновіча, М. і У. Басалыгаў, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча; скульптараў З.Азгура, А.Анікейчыка, А.Бембеля, А.Глебава, У.Летуна, М.Палякова і інш., работы самадз. майстроў. Зберагаюцца асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды Я.Купалы, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва (вазы, дэкар. талеркі, шкатулкі) з партрэтамі паэта і выявай помнікаў яму. У экспазіцыі макеты хаты ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Я.Купала, дачы ў Ляўках, эскізы і макеты да драмы «Раскіданае гняздо», трагікамедыі «Тутэйшыя», камедыі «Паўлінка», оперы Р.Пукста «Машэка», п’есы У.Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» (пра юнацтва паэта), значкі і медалі, паштоўкі з выявамі Я.Купалы, купалаўскіх мясцін. Асобны фонд музея складае архіў У. Ф.Луцэвіч (3078 адзінак): дакументы, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, яе асабістыя рэчы. Фонд ушанавання памяці Я.Купалы (1100 адзінак) захоўвае ўспаміны, артыкулы і вершы, прысвечаныя Я.Купалу. Супрацоўнікі музея праводзяць святы паэзіі, выстаўкі, дні музея ў вёсках, навук.рэсп. (з 1995 міжнар.) канферэнцыі «Купалаўскія чытанні». Па ініцыятыве музея створаны Міжнар. фонд Я.Купалы, які аб’ядноўвае даследчыкаў спадчыны паэта з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Англіі, ЗША. Музей падрыхтаваў і выдаў зб-кі матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць паэта, матэрыялы міжнар. Купалаўскіх чытанняў, бібліяграфіі твораў Я.Купалы, успаміны, буклеты пра яго. Музей мае 4 філіялы: Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». На матэрыялах фондаў музея створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», музей-кватэра Я.Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літ. музей «Над ракой Арэсай» у калгасе «Чырвоная змена» Любанскага р-на (1980), музеі ў школах імя Я.Купалы ў в. Сеніца Мінскага р-на (1982) і в. Бяларучы Лагойскага р-на (1998).
Літ.:
Літаратурны музей Янкі Купалы. Мн., 1981;
Святло Купалава Дому. Мн., 1998.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурны музей.Купалы Янкі літаратурны музей. Рабочы кабінет паэта.Купалы Янкі літаратурны музей. Фрагмент экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,
частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс.км², нас. 4,6 млн.чал. (1931). Гал.культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс.чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне» («усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл.Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ.«Чырвоны сцяг». час.«Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр.час.«Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр.бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел.нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, С.Крыўца, А.Стаповіча, М.Машары, У.Самойлы, публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, А.Станкевіча, В.Харужай, навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка, М.Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел.нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Р.Шырма, Г.Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ваБел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ваБел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв.нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.Луцкевіч, А.Станкевіч, А.Уласаў, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Альшэўскі, М.Арэхва, Я.Бабровіч, І.Дабрыян, А.Данялюк, М.Дворнікаў, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Грэцкі, П.Крынчык, Г.Муха-Мухноўскі, А.Лябецкая, Ф.Стацкевіч, М.Пяткевіч, Паўловіч, М.Кепель, П.Кізевіч, А.Канчэўскі, І.Лагіновіч (П.Корчык), І.Малец, С.Панкова, С.Прытыцкі, Родзевіч, І.Сяменікаў, А.Федасюк, Харужая, У.Царук і інш.
Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл.Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).
Літ.:
Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;
Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;
Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;
Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;
Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.
І.П.Хаўратовіч.
Да арт.Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.Да арт.Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ КАМІСАРЫЯ́ТЫ БССР, наркаматы,
цэнтральныя галіновыя органы дзярж. кіравання СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік у 1917—46. Падпарадкоўваліся Савету Нар. Камісараў (СНК) РСФСР, потым СССР, адпаведным саюзным і рэсп. органам. Паводле пастановы 2-га Усерас. з’езда Саветаў ад 8.11.1917 «Аб заснаванні Савета Народных Камісараў» створаны К-т па ваен. і марскіх справах і 12 камісій: гандлю і прам-сці, юстыцыі, пошт і тэлеграфаў, працы, па замежных справах, па справах харчавання, па чыг. справах, па ўнутр. справах, земляробства, па справах нацыянальнасцей, нар. адукацыі, фінансаў, якія і з’яўляліся першымі наркаматамі. Узначальваў СНК РСФСР У.І.Ульянаў (Ленін). Са снеж. 1917 па сак. 1918 некалькімі Н.к. кіравалі левыя эсэры. У далейшым наркомамі прызначаліся толькі члены РКП(б), потым ВКП(б) са згоды ЦК партыі. Канстытуцыя РСФСР 1918 замацавала існаванне 18 наркаматаў, у т. л.ВСНГ на правах наркамата. Колькасць і назвы Н.к. вызначаліся ВЦВК (потым Вярх. Саветам СССР), адпаведнымі органамі саюзных рэспублік, зацвярджаліся на сесіях, потым уносіліся змены ў саюзную і рэсп. канстытуцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 Н.к. падзяляліся на агульнасаюзныя, аб’яднаныя (з 1936 саюзна-рэсп.) і рэспубліканскія. У канцы 1920-х—1930-я г. колькасць Н.к. значна павялічылася. Пэўныя змены ў структуры Н.к. адбыліся ў час Вял.Айч. вайны і пасля яе. Законам Вярх. Савета СССР ад 15.3.1946 Н.к. пераўтвораны ў міністэрствы.
Першым у Беларусі вышэйшым заканадаўчым (паміж з’ездамі Саветаў) органам сав. улады быў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), які складаўся з 15 аддзелаў. Іх узначальвалі нар. камісары, якія ўваходзілі ў СНКЗах. вобласці і фронту. Аддзелы ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (абавязкі Н.к. выконвалі чл. ўрада), на іх аснове ў студз. 1919 створаны камісарыяты Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (ССРБ), з лют. 1919 іх функцыі перададзены аб’яднаным камісарыятам Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). У сувязі з польск. акупацыяй яны фактычна спынілі работу. Пасля вызвалення дзейнасць сав. органаў адноўлена. У адпаведнасці з дапаўненнямі да Канстытуцыі ССРБ 1919, прынятымі 2-м з’ездам Саветаў Беларусі, у снеж. 1920 створаны СНК і 13 рэсп. Н.к.: замежных спраў, па ваен. справах, унутр. спраў, юстыцыі, працы, асветы, сац. забеспячэння, фінансаў, земляробства, нар. сувязі, аховы здароўя, харчавання, рабоча-сял. інспекцыі (РСІ). Правы Н.к. мелі Савет нар. гаспадаркі [з 1924 Вышэйшы Савет Народнай ГаспадаркіБССР (ВСНГБССР)] і Надзвычайная камісія (ЧК), якая ў 1922 пераўтворана ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР (ДПУ) пры СНКБССР. У сувязі са стварэннем СССР змянялася структура органаў кіравання. Узмацнялася роля цэнтр.дзярж. і парт. органаў. Вырасла колькасць агульнасаюзных і аб’яднаных Н.к. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю БССР (1927). З пач. 1930-х г. павялічылася колькасць Н.к., пастаянна рэарганізоўвалася іх структура. Большасць наркомаў, іх намеснікаў, кіруючых работнікаў Н.к. БССР былі рэпрэсіраваны. У час Вял.Айч. вайны Н.к. БССР працавалі як структурныя падраздзяленні агульнасаюзных, колькасць якіх павялічылася. З пач. вызвалення Беларусі Н.к. БССР аднавілі сваю дзейнасць на тэр. рэспублікі. З 1920 да 1946 у БССР у розны час дзейнічала 38 Н.к. (гл.табл.). Да сак. 1946 кіраўніцтва ў Беларусі ажыццяўлялі 25 агульнасаюзных, 13 саюзна-рэсп. і 6 рэсп. Н.к., створана сістэма поўнага падпарадкавання агульнасаюзным Н.к. такіх галін, як машына-, аўтамабіле-, трактарабудаванне, хімічная, нафтавая прамысловасць. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 Н.к. ў БССР рэарганізаваны ў мін-вы БССР.
Літ.:
История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;
История Советской Конституции (в документах), 1917—1956. М., 1957;
Сборник законов БССР и Указов Президиума Верховного Совета БССР, 1938—1955 гг.Мн., 1956;
Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг). Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВА́ (Lietuva),
Літоўская Рэспубліка (Lietuvos Respublika), дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы. Мяжуе на Пн з Латвіяй, на У і ПдУ з Беларуссю, на ПдЗ з Польшчай і Расіяй, на З абмываецца водамі Балтыйскага м.Пл. 65,2 тыс.км². Нас. 3,6 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — літоўская. Сталіца — г.Вільнюс. Падзяляецца на 10 паветаў і 11 гарадоў цэнтр. падпарадкавання. Нац. свята — Дзень незалежнасці Літоўскай дзяржавы (16 лютага).
Дзяржаўны лад. Л. — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме 25.10.1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Сейм (141 дэпутат). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт сумесна з урадам на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Л. займае паўн.-зах. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны. На нізінным узбярэжжы Балтыйскага м. грады дзюн і пясчаныя пляжы. Куршская каса аддзяляе мелкаводны Куршскі зал. ад мора. Большая ч. тэрыторыі — нізіны (53%); на З і У — узгорыстыя ўзвышшы: Жэмайцкае ўзвышша і Балтыйская града, у межах якой вылучаюць Аўкштайцкае, Дзукскае і Судуўскае ўзвышшы. Паміж Балтыйскай градой і Жэмайцкім узв. размешчана Сярэднелітоўская нізіна. На крайнім У і ПдУ рэспублікі зах.ч. Свянцянскіх і Ашмянскай марэнных град — Мядзінінскае ўзв. (выш. да 292 м, г. Юазапіне, найвыш. пункт Л.), на ПнУ — Швенчонскае ўзв. Тэрыторыя Л. належыць да Рускай пліты Усх.-Еўрапейскай платформы. Крышт. фундамент залягае на глыб. 300—2000 м, укрыты пермскімі, мезазойскімі (на З і Пд), дэвонскімі (на ПнУ) і антрапагенавымі адкладамі. Карысныя выкапні: торф, вапнякі, даламіты, гліны, мел, нафта, бурштын. Ёсць крыніцы мінер. вод і лек. тарфяныя гразі. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. -4,9 °C, ліп. 17,2 °C. Ападкаў ад 540 мм на Сярэднелітоўскай нізіне да 930 мм на паўд.-ўсх. схілах Жэмайцкага ўзв.Гал. рака — Нямунас (Нёман) з прытокамі Нярыс (Вілія), Мяркіс, Нявежыс, Дубіса, Шашупе. Каля 3 тыс. азёр (1,5% тэрыторыі) пераважна ледавіковага паходжання; найбуйнейшыя — Друкшай (пл. 45 км²) і Дзіснай (24,9 км²). Каля 40 тыс. тарфяных балот (6%). Глебы дзярнова-падзолістыя (45%), балотна-падзолістыя (17%), дзярнова-карбанатныя (10%), карбанатныя глеева-падзолістыя (8%) і інш. Лясы займаюць каля 30% тэрыторыі. Пераважаюць хвойныя (хвоя, елка); у цэнтр. частцы — шыракалістыя лясы. Найб. лясістасць на ПдУ. У Л. пашырана фауна тайгі і шыракалістых лясоў, яна ўключае 61 від млекакормячых, 290 відаў птушак, 7 відаў паўзуноў, 11 відаў земнаводных, 57 відаў рыб. У лясах водзяцца плямісты алень, лось, казуля, дзік, рысь і інш.Прамысл. птушкі: цецярук, качка, глушэц, рабчык. З марскіх рыб пашыраны салака, балт. селядзец, траска, камбала, з прэснаводных — лешч, плотка, карась, вугор, акунь і інш. Запаведнікі: Жувінтас, Чапкяляй, Каманос. Нац. парк Л.
Насельніцтва. Літоўцы складаюць каля 81% насельніцтва. Жывуць таксама рускія (8,5%), палякі (7%), беларусы (1,5%), украінцы (0,9%), яўрэі (0,4%) і інш. Літоўцы жывуць па-за межамі краіны, у т. л. ў ЗША, Канадзе, Бразіліі, Аргенціне, Германіі, Расіі і краінах Усх. Еўропы. Большасць вернікаў — католікі, ёсць праваслаўныя і пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 56,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены прыгарады Вільнюса і Каўнаса (да 100 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва складае 68%. Найб. гарады (1996, тыс.чал.): Вільнюс — 590, Каўнас — 429, Клайпеда — 206, Шаўляй — 148, Паневяжыс — 132.
Гісторыя. Чалавек на тэр. сучаснай Л. пасяліўся ў эпоху мезаліту (10—4-е тыс. да н.э.), калі яго гал. заняткамі былі паляванне і лоўля рыбы. З пач. 2-га тыс. да н.э. тут з’явіліся індаеўрапейцы — продкі балтаў, якія займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. вядомы балцкія гарадзішчы. Балты згадваюцца Тацытам y 1 ст.н.э. ў сувязі з промыслам бурштыну. З пач. 1 ст.н.э. яны пачалі вырабляць прылады працы з жалеза, з 9—12 ст. выкарыстоўвалі саху з жал. наканечнікам. Тэрмін «Літва» ўпершыню ўжываецца ў пісьмовых крыніцах у пач. 11 ст. Фарміраванне літ. этнасу адбывалася на тэр. сучаснай Л. і паўн.-зах. Беларусі з пач. 2-га тыс.н.э. Гэты час адзначаны частымі ваен. сутыкненнямі продкаў літоўцаў з суседнімі народамі і плямёнамі, у т. л. з усх. славянамі (1040, 1132, 1191, 1201 і інш.).
У 10—12 ст. на тэр. сучаснай Л. ўтварыліся аб’яднанні плямён: судувы, куршы, селы, скалвы, літва і інш., частку якіх у 1236—40 князь Міндоўг (з 1250 кароль) аб’яднаў у адзіную дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ). Ва ўтварэнні гэтай дзяржавы прымалі ўдзел княствы бел. зямель, а яе першы вял.кн. Міндоўг каранаваўся ў Навагрудку, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічаць гэты горад першай сталіцай ВКЛ. З пач. 13 ст. землі літоўцаў і інш. балтаў сталі гал. напрамкам ням. экспансіі на Усход (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У бітвах каля Саўле (1236), воз. Дурбе (1260), на р. Стрэва (1348), пад Коўна (1362) і інш.ням. рыцары былі разбіты. Аднак нягледзячы на падтрымку балцкіх плямён з боку войск ВКЛ, Тэўтонскі ордэн паступова прасоўваўся на Усход; розныя часткі тэр.Л. (пераважна Жамойць) і яе суседзі (найперш прусы) траплялі пад уладу крыжаносцаў (гл.Мантаса паўстанне). Палітыку Міндоўга і Віценя па процідзеянні крыжацкаму ордэну і далучэнні да ВКЛ новых зямель паспяхова прадаўжалі вял. князі ВКЛГедзімін і яго сын Альгерд. У час іх праўлення ВКЛ стала вял. і магутнай дзяржавай Еўропы, а яе новая сталіца Вільня (гл.Вільнюс) — важным паліт. цэнтрам, асяродкам культуры, цэнтрам рамяства і гандлю. Эканам. і ваен. моц ВКЛ яскрава праявілася ў бітве каля Сініх Вод 1362. Паспяховыя дыпламат. намаганні князёў ВКЛ, у т. л. заключэнне Ягайлам Крэўскай уніі 1385, Востраўскія пагадненні 1392, а таксама прыняцце каталіцтва насельніцтвам Аўкштайціі (1387) і Жамойці (1413) спрыялі росту міжнар. прэстыжу ВКЛ. У гэтых умовах паскорыліся працэсы зліцця этн. груп продкаў літоўцаў у агульную народнасць і асіміляцыі імі некаторых зах.-балцкіх і латв. плямён (паўн. прусаў, яцвягаў, земгалаў і інш.) Аднак паражэнне войска ВКЛ на чале з Вітаўтам у бітве на Ворскле 1399 змяніла суадносіны сіл паміж дзяржавамі Усх. Еўропы, прымусіла ВКЛ заключыць Віленска-Радамскую унію 1401 з Польшчай. Гэты саюз не аблегчыў барацьбу ВКЛ з усх. суседзямі (паводле Угрскага дагавора 1408 граніца ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы прайшла па р. Угра), але садзейнічаў паспяховым сумесным паходам аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы супраць Тэўтонскага ордэна і перамозе ў Грунвальдскай бітве 1410. Паводле вынікаў вайны (гл.Тарунскі мір 1411) Жамойць увайшла ў склад ВКЛ. Перамога над крыжакамі палепшыла міжнар. становішча ВКЛ, садзейнічала эканам. росту, развіццю гандлю з суседзямі і інш.Дзярж. і культ. жыццё ў ВКЛ, у т. л. на тэр. этнічнай Л., у гэты час у значнай ступені праходзіла пры дамінуючай ролі бел. фактару (бел. мова была дзяржаўнай). Гэтая культ. спадчына ўзбагацілася ў віленскі перыяд дзейнасці Ф.Скарыны, традыцыі якога прадоўжыў літ. асветнік М.Мажвідас. Значнымі дасягненнямі ў дзярж. і культ. жыцці ВКЛ былі адкрыццё ў Вільні акадэміі (1579, гл.Віленскі універсітэт), прыняцце Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Аднак становішча ВКЛ паступова пагаршалася: адбываліся паўстанні сялян (1418, 1535—37, 1545 і інш.), выступленні груповак знаці супраць вярх. улады (гл.Глінскіх мяцеж 1508), вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 і інш. войны паміж гэтымі дзяржавамі. Асабліва цяжкай была Лівонская вайна 1558—83. Пасля Люблінскай уніі 1569 і стварэння федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітайдзярж. ўстановы ў ВКЛ паступова пачалі дзейнічаць на польскі ўзор, пашыраўся польскі культ. і моўны ўплыў. З сярэдзіны 17 ст.бел. мова практычна выйшла з ужытку ў цэнтр.дзярж. органах, звужалася і сфера ўжывання літ. мовы. Але ВКЛ захавала гал. інстытуты сваёй дзяржаўнасці: заканадаўства, суды, войска, казну, асобную тэрыторыю, якая аднак значна зменшылася пасля далучэння непасрэдна да Польшчы ўкр. зямель, а таксама ў выніку ўзбр. канфліктаў з суседнімі дзяржавамі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай вайны 1655—60 са Швецыяй рас. і шведскія войскі занялі частку тэр.ВКЛ, у т. л. Вільню. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай літ. і бел. землі засталіся ў складае ВКЛ. З сярэдзіны 17 ст. адбывалася гасп. і культ. адраджэнне, якое з-за Паўночнай вайны 1700—21 змянілася заняпадам ВКЛ. Цэнтр. ўлада ВКЛ слабела, з 2-й пал. 17 ст. асобныя сеймы на тэр.ВКЛ не склікаліся. Партыі знаці, аб’яднаныя ва ўзбр. канфедэрацыі, вялі міжусобныя войны (1700, 1767, 1792 і інш.). Складанымі заставаліся адносіны паміж рэліг. канфесіямі, асабліва паміж каталіцкім і правасл. насельніцтвам ВКЛ.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 большая частка тэр.Л. ўвайшла ў склад Рас. імперыі (у 1797 тут створана Літоўская губ.), астатняя — у склад Прусіі. У 1801 утворана Віленская губерня, у 1843 — Ковенская губерня. Вял. страты прынесла вайна 1812. Пасля паўстання 1830—31 былі закрыты Віленскі ун-т, медыка-хірург. і духоўная акадэміі. Пасля задушэння паўстання 1863—64рас. ўлады забаранілі навучанне літ. мове ў школах і літ. выданні лац. шрыфтам. Указам ад 4.1.1866 абмежавана права набыцця зямлі літоўцамі-католікамі. Разам з тым рэформы, праведзеныя пасля паўстання, паскорылі развіццё сельскай гаспадаркі; буд-ва чыгунак (у 1861—62 Пецярбургска-Варшаўскай, у 1871—73 Лібава-Роменскай) садзейнічала развіццю гандлю, росту гарадоў, у якіх паступова павялічвалася колькасць рабочых і іх арг-цый (у 1895 засн. Цэнтр літ. сацыял-дэмакратыі, у 1900 — партыя Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы). Насельніцтва Л. ўдзельнічала ў агульнарас. рэвалюцыях 1905—07, Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917. У 1-ю сусв. вайну большая частка Л. акупіравана герм. войскамі.
У вер. 1917 створана Літоўская Тарыба (Савет), якая 11.12.1917 прыняла Дэкларацыю аб незалежнасці літ. дзяржавы ў саюзе з Германіяй, а 16.2.1918 — Акт аб незалежнасці Л. і стварыла ўрад на чале з А.Вальдэмарасам. Супраць Тарыбы і ўрада выступілі бальшавікі Л., быў створаны часовы рабоча-сялянскі ўрад, а пасля ўступлення ў Л.Чырв. Арміі — Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (Літбел) са сталіцай у Вільні. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж Літвой і РСФСР 12.7.1920 і абвяшчэння незалежнасці БССР 31.7.1920 Літбел спыніла існаванне. З увядзеннем пасады прэзідэнта Л. (крас. 1919) і пасля склікання Устаноўчага з’езда Л. (15.5.1920) Літ. Тарыба страціла свае функцыі. У складаных міжнар. абставінах польскія войскі неаднаразова захоплівалі Віленскі край і Вільню (1.1.1919, 21.4.1919, 9.10.1920), што прывяло да Віленскага канфлікту 1920—39, стварэння Сярэдняй Літвы (у 1922 уключана ў склад Польшчы). Літ.-польск. адносіны ўскладніліся. Часовай сталіцай Л. стаў г. Каўнас (да 1940), дзе 1.8.1922 прынята Канстытуцыя, якая абвясціла Л. парламенцкай рэспублікай. Пасля выбараў у 3-і сейм (май 1926) узмацнілася ўнутрыпаліт. барацьба. 17.12.1926 у Л. адбыўся дзярж. пераварот, здзейснены афіцэрамі Каўнаскага гарнізона на чале з палк. І.Пятруйцісам пры садзеянні кансерватыўнай партыі таўцінінкаў. Улада перайшла да А.Сметаны, які быў выбраны прэзідэнтам краіны. Канстытуцыі Л. 1928 і 1938 юрыдычна замацавалі ўсталяванне ў Л. правай дыктатуры; у 2-й пал. 1930-х г. забаронены ўсе партыі, акрамя правячай таўцінінкаў. Польшча (сак. 1938) і Германія (сак. 1939) прад’явілі Л. ультыматумы, з прыняццем якіх Л. юрыдычна адмовілася ад Вільні на карысць Польшчы і Клайпеды на карысць Германіі. Ва ўмовах росту нестабільнасці ў літ. грамадстве 28.3.1939 створаны ўрад «сумеснай працы» на чале з ген. І.Чэрнюсам, які ў пач. 2-й сусв. вайны пасля размежавання сфер уплыву паміж Германіяй і СССР паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939 падпісаў 10.10.1939 у Маскве Дагавор «Аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы г. Вільнюса і Віленскай вобл. і аб узаемнай дапамозе паміж СССР і Літвой»; у адпаведнасці з дагаворам 14.6.1940 у Л. ўведзены сілы Чырв. Арміі. Прэзідэнт Сметана 15.6.1940 эмігрыраваў у Германію. 17.6.1940 створаны ўрад на чале з Ю.Палецкісам, які правёў выбары ў сейм. 21.7.1940 сейм абвясціў стварэнне Літ. ССР, уключанай 3.8.1940 у склад СССР (літ. армія як 29-ы стралк. корпус увайшла ў склад Чырв. Арміі). У жн. 1940 Л. перададзена частка тэр.БССР (каля 2,6 тыс.км² з насельніцтвам 82 тыс.чал.). Летам 1940 паводле рашэння ўрада Літ. ССР пачаўся перавод з Каўнаса ў Вільнюс цэнтр.дзярж. устаноў. Пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі і нацыяналізацыя прам-сці; адбылася першая хваля дэпартацыі часткі насельніцтва ў глыб СССР. У чэрв. 1941 Л. акупіравалі ням.-фаш. войскі. На тэр. рэспублікі дзейнічалі каля 10 тыс.сав. партызан і падпольшчыкаў, значная частка якіх прыходзіла з Беларусі (пераважна з Бягомльскай партыз. зоны). Частка насельніцтва Л. супрацоўнічала з акупац. ўладамі (на баку немцаў дзейнічалі літ.ваен. і паліцэйскія фарміраванні). У выніку Вільнюскай аперацыі 1944, Прыбалтыйскай аперацыі 1944 і інш. бітваў тэр.Л. да лют. 1945 вызвалена ад ням.-фаш. войск. На франтах Вял.Айч. вайны ў складзе Чырв. Арміі ваявала каля 100 тыс. літоўцаў, у т. л. больш за 12 тыс. у 16-й Літ.стралк. дывізіі. Пасля вайны частка насельніцтва не прыняла сав. ўладу, удзельнічала ва ўзброеным супраціўленні, у выніку чаго многія з іх былі дэпартаваны ў Сібір і інш. рэгіёны СССР. У 1948 прам-сцьЛ. дасягнула даваен. ўзроўню, да 1950 у асноўным калектывізавана яе сельская гаспадарка Сярод інш.сав. рэспублік Л. вызначалася больш высокімі тэмпамі эканам. росту, у т. л. ў сельскай гаспадарцы (жывёлагадоўля і інш.). У час палітыкі «перабудовы» ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Л. актывізаваўся незалежніцкі рух. У чэрв. 1988 створаны літ. рух «Саюдзіс» (старшыня В.Ландсбергіс), які перамог у лют. 1990 на выбарах у Вярх. СаветЛіт. ССР. 11.3.1990 новы літ. парламент прыняў Акт аб аднаўленні дзяржаўнасці. У вер. 1991 СССР прызнаў незалежнасць Літ. Рэспублікі. Першым яе прэзідэнтам стаў А.Бразаўскас (1992—97), са снеж. 1997 прэзідэнт краіны В.Адамкус. Кіраўніцтва Л. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў у рэфармаванні гаспадаркі краіны. Л. — член ААН (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 10.9.1991). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 30.12.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дэмакр. партыя працы Л. (пераемніца Камуніст. партыі Л.), Дэмакр. партыя Л. (пераемніца аднайм. партыі, што існавала ў 1902—20), Літ.с.-д. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя Л., «Саюдзіс» («Рух»), «Тэвінес саюнга» («Саюз Айчыны»), «Саюз Цэнтра», Сял. партыя, Партыя жанчын Л. Дзейнічаюць 6 прафс. цэнтраў, 56 галіновых прафсаюзаў (1997).
Гаспадарка. Л. — краіна з індустр.-агр. эканомікай. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 7762 млн.дол. ЗША, 2120 дол. на душу насельніцтва.
Доля прам-сці і буд-ва ў ВУП 35,6%, сельскай гаспадаркі (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) — 9,4%, сферы паслуг — 55%. У галіновай структуры прамысловасці вядучае месца належыць машынабудаванню, электраэнергетыцы, хім., лёгкай і харч. прам-сці, вытв-сці буд. матэрыялаў. Паліўна-энергет. комплекс выкарыстоўвае пераважна імпартнае паліва (нафта, газ) і ўласныя рэсурсы (торф, гідрарэсурсы). Магутнасць электрастанцый 6,2 млн.кВт. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996—17,1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя электрастанцыі: Літоўская ДРЭС, Каўнаская ГЭС, Мажэйкская і Вільнюская ЦЭЦ, Кайшадорская ГАЭС і Ігналінская АЭС. Здабыча нафты (70 тыс.т, 1994) і торфу. У г. Мажэйкяй працуе адзіны ў Прыбалтыцы нафтаперапрацоўчы з-д. У машынабудаванні вылучаюцца радыёэлектроніка, станкабудаванне, с.-г. машынабудаванне. Асн. цэнтры: Вільнюс (станкі, электрарухавікі, радыёвымяральныя прылады, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны), Каўнас (станкі, электраматоры, радыётэхніка), Паневяжыс (вырабы дакладнай механікі, электракампрэсары, кабель), Шаўляй (тэлевізары), Клайпеда (судны, суднарамонт), Алітус (халадзільнікі) і інш. Металаапрацоўка ў Вільнюсе, Каўнасе, Вілкавішкісе, Гаргждаі. Хім.прам-сць працуе на прывазной сыравіне з Расіі (газ, апатыты) і спецыялізуецца на вытв-сці мінер. угнаенняў (0,3 млн.т, Кедайняй, Іонава). Фармацэўтычная прам-сць у Вільнюсе і Швенчонісе. Дрэваапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю паперы, кардону, цэлюлозы, піламатэрыялаў, мэблі, фанеры (Вільнюс, Каўнас, Шаўляй, Іонава, Клайпеда і інш.). Вытв-сць паперы і кардону — 30,7 тыс.т, піламатэрыялаў — 1,3 млн.м³ (1996). Сярод галін лёгкай прам-сці вылучаецца тэкст.прам-сць. На мясц. і імпартнай сыравіне працуюць прадпрыемствы па вытв-сці баваўняных (Алітус, Клайпеда), ільняных (Паневяжыс, Біржай, Плунге), шарсцяных (Каўнас, Крэцінга) тканін, трыкат. (Каўнас, Вільнюс, Клайпеда, Уцена, Цельшай), гарбарнаабутковых (Вільнюс, Мажэйкяй) і дывановых (Лентварыс) вырабаў. У 1996 выпушчана тканін 60,3 млн.м², абутку 1,7 млн. пар. У многіх гарадах прадпрыемствы швейнай прам-сці. Традыцыйна важнае месца сярод галін прам-сці займае харчовая. Развіты малочная, масласыраробная, мясная, мукамольная, цукр., агароднінакансервавая, рыбная і рыбакансервавая галіны. Вытв-сць (тыс.т, 1996) масла —34,8, мукі — 131,5, цукру — 136,3. Ёсць шэраг прадпрыемстваў камбікормавай прам-сці. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, шыфер, цэмент, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, шкло). Развіты маст. промыслы: апрацоўка бурштыну (Клайпеда, Паланга), вытв-сць керамікі, разьба па дрэве, цісненне скуры. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, беконнай свінагадоўлі і птушкагадоўлі. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1065, свіней — 1270, авечак — 32, коней — 78. Земляробства абслугоўвае патрэбы жывёлагадоўлі. С.г. ўгоддзі займаюць 3,5 млн.га, у т. л. пасяўныя плошчы — 2,3 млн.га (1996). Пад збожжавымі 48%, кармавымі 45%, бульбай 4,5%, тэхн. культурамі 1,6%. Сярод збожжавых (збор 2,5 млн.т) пераважаюць жыта, пшаніца, авёс, ячмень, з тэхн. культур — лён-даўгунец, цукр. буракі. Садоўніцтва. Кветкаводства. Улоў рыбы ў 1996—49,5 тыс. т. Асн. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 2021 км (у т. л. 122 км электрыфікавана), аўтадарог 56,7 тыс.км. Развіты марскі і рачны транспарт. Марскі флот налічвае 45 суднаў агульнай грузападымальнасцю 275,9 тыс. брута-рэг. т. Марскі порт — Клайпеда, рачны — Каўнас. Паромная пераправа звязвае Клайпеду з г. Мукран (Германія). Аэрапорты ў Вільнюсе, Каўнасе, Паланзе. Экспарт (3,4 млрд.дол. ЗША, 1996): тэкстыль, харч. прадукты, мінер. ўгнаенні, прадукцыя машынабудавання і інш. Імпарт (4,4 млрд.дол. ЗША, 1996): нафта, газ, машыны, тэкстыль, мінер. ўгнаенні. Асн.гандл. партнёры: Рас. Федэрацыя (24% экспарту, 25% імпарту), Германія (12,8%, 15,8%), Беларусь (10,2%, 2,4%), Латвія, Украіна, Польшча. Беларусь экспартуе ў Л. прадукты нафтаперапрацоўкі, калійныя ўгнаенні, хім. валокны і інш., імпартуе электраэнергію, фосфарныя ўгнаенні, рыбу, лек. сродкі і інш. Курорты: Друскінінкай, Паланга, Нерынга, Бірштанас, Пабіржэ. Грашовая адзінка — літ.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (пагран. войскі), а таксама сіл хуткага разгортвання. Агульная колькасць каля 19 тыс.чал. (1998), у т. л. 5,2 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які кіруе ўзбр. сіламі праз міністра аховы краю і нач. аб’яднанага штаба. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы 12 мес. У сухап. войсках больш за 4 тыс.чал., 24 бронетранспарцёры, 10 баявых разведвальна-дазорных машын, 18 мінамётаў і безадкатных гармат. У ВПС 550 чал., 10 самалётаў, 8 верталётаў. У ВМС 500 чал., 4 караблі, у т. л. 2 баявыя (фрэгаты), 3 патрульныя катэры. Сілы хуткага разгортвання ў складзе 3 батальёнаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 62,6, жанчын 74,4 года. Смяротнасць — 13 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86, урачамі — 1 на 225 чал. Узровень нараджальнасці — 14 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 16 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Л. ўключае дзярж. і прыватныя дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У сістэме дашкольных устаноў існуюць дзіцячыя сады-школы, у якіх дзеці знаходзяцца да 4-га класа.
Агульнаадук. школа падзяляецца на асноўную (1—9-ы кл., у т. л.пач. школа — 1—4-ы кл. для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту) і сярэднюю (3 гады навучання пасля асн. школы, 10—12—ы кл.). Пасля 8-га класа ўводзіцца дыферэнцыяцыя навучання з шырокімі магчымасцямі выбару альтэрнатыўных прадметаў, у 11—12-м кл. навучанне набывае гуманіт., прыродазнаўча-навук., камерцыйны або тэхнал. профіль. Найб. здольныя вучні могуць атрымаць сярэднюю адукацыю ў гімназіі, дзе падтрымліваецца больш высокі ўзровень выкладання. Навучанне вядзецца на літ. мове. Існуюць школы нац. меншасцей, у т. л. беларускія. Прафес. падрыхтоўку даюць прафес. школы на базе асн. школы (3—4 гады навучання) і сярэдняй (1—2 гады), сярэднюю спец. адукацыю — навуч. ўстановы верхняга ўзроўню (каледжы і вышэйшыя школы) на базе сярэдняй школы. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, ін-ты. У 1998/99 навуч.г. ў Л. 150 дзіцячых садоў-школ, у т. л. 2 прыватныя; 2,4 тыс.агульнаадук. школ, у т. л. 23 прыватныя; 59 гімназій, 29 школ маюць класы-гімназіі; Вільнюскі ліцэй дакладных, тэхн. навук і прыродазнаўства; 105 прафес. школ, у т. л. 40 с.-г., 70 вышэйшых школ, у т. л. 18 прыватных; 15 ВНУ. Буйнейшыя універсітэты: Вільнюскі (гл. таксама Віленскі універсітэт), вільнюскія пед. і тэхн., Каўнаскі тэхнал. (у яго складзе ін-тфіз. электронікі), Вітаўта Вялікага ў Каўнасе, Клайпедскі; Літоўскія акадэміі: ваен., муз., паліцэйская, вет., сельскай гаспадаркі, мастацтва (усе ў Вільнюсе), мед. (у Каўнасе). Найбольшыя б-кі: Літ.нац. імя М.Мажвідаса, Вільнюская цэнтр. (мае 34 філіялы), Літоўская мед., тэхн., с.-г.; музыкі і мастацтва, Літ.т-ва сляпых (усе у Вільнюсе). Буйнейшыя музеі: мастацтва Л., прыкладнога мастацтва, Нац. галерэя, Вільнюская карцінная галерэя, Палац Радзівілаў, Літ. музей ахвяр генацыду, Літ.дзярж. музей, Дзярж.яўр. музей, Цэнтр сучаснага мастацтва (усе ў Вільнюсе); Музей творчасці М.К.Чурлёшса, Музей А.Жмуйдзінавічуса (Музей чарцей), Карцінная галерэя М.Жылінскаса, Ваенны музей імя Вітаўта Вялікага, Літ. музей Майроніса (усе ў Каўнасе); Карцінная галерэя і Музей гадзіннікаў у Клайпедзе, Музей бурштыну ў Паланзе, гістарычны ў г. Тракай, Музей літ.сял. побыту ў Румшышкасе, Гісторыка-археал. музей-запаведнік у Кярнаве, Дом Томаса Мана ў Нідзе. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. ін-тах і ўстановах (усяго больш за 40), у 4 ін-тах Каўнаскай мед. акадэміі, на кафедрах ун-таў і акадэмій.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. выдаецца больш за 600 штодзённых газет, з іх больш за 500 на літ. мове. Найб. тыраж і папулярнасць маюць: штодзённыя грамадска-паліт. газеты на літ. мове «Valstiečiu Laikraštis» («Сялянская газета», з 1940), на літ. і рус. мовах — «Lietuvos aidas» («Рэха Літвы», з 1917), «Lietuvos rytas» («Раніца Літвы», з 1989), «Respublika» («Рэспубліка», з 1988), на рус. і літ. мовах — «Вечерние новости» (з 1958) і інш.Інфарм. агенцтва: Літ. тэлеграфнае агенцтва (ЭЛЬТА, з 1920). Радыё з 1926 (2 праграмы, на літ., рус., польск. мовах, за мяжу — на літ. і англ. мовах). Рэтрансліруюцца таксама перадачы з Масквы і інш. гарадоў СНД. Тэлебачанне з 1957 (на літ., рус. і польск. мовах).
Літаратура. Вытокі л-ры Л. ў фальклоры (песні-дайны, казкі, паданні, прыказкі і інш.) і ў пісьмовых разнамоўных крыніцах. Найб.стараж. помнікі пісьменнасці Л. — летапісы 14—16 ст. на старабел. мове — афіц. мове ВКЛ. У іх ёсць элементы міфалогіі, нар. паданні, легенды, якія пазней жывілі маст. л-ру Л. Пісьменнасць 16—17 ст. развівалася на лац. (на ёй з 1579 вялося навучанне ў Віленскім ун-це) і польск. мовах. Захаваўся адзіны стараж. помнік на літ. мове — тэкст малітвы пач. 16 ст. У 16—17 ст.найб. значныя творы пра мінулае Л., яе прыроду на лац. мове стваралі М.Гусоўскі, А.Каяловіч, М.Літвін, Я.Радван, П.Раізій, М.Сарбеўскі, А.Шротэр, на лац. і польск. — А.Волан, А.Ратундус, на польск. — М.Стрыйкоўскі. Да 19 ст.л-раЛ. стваралася і ў т.зв. Малой Л. — Усх. Прусіі. Помнікі старажытнасці мелі пераважна рэліг. характар. Першыя пераклады рэліг. песнапенняў на літ. мову зрабілі дзеячы Рэфармацыі праф. Кёнігсбергскага ун-та С.Рапалёніс і А.Кульвеціс. Першая кніга на літ. мове — «Катэхізіс» М.Мажвідаса (1547), якая ўключала літ. буквар і песнапенні. Значны ўклад у развіццё пісьменнасці Л. зрабілі першы перакладчык Бібліі на літ. мову, аўтар кнігі казанняў І.Брэткунас, аўтар першай літ. граматыкі (1653), кнігі духоўных песнапенняў (кантаў) і малітоўніка Д.Клейнас. Пачынальнік літ. пісьмовай л-ры М.Даўкша — перакладчык на літ. мову катэхізіса Я.Лядэсмы (1595) і зб. пропаведзяў Я.Вуека «Посціла каталіцкая» (1599). Важную ролю ў станаўленні стараліт. пісьменнасці адыгралі К.Шырвідас, укладальнікі і перакладчыкі духоўных твораў М.Петкявічус, С.Славачынскіс, С.Хілінскіс, І.Якнавічус, С.Яўгеліс-Целега. Спробы ўнармавання літ. пісьмовай мовы былі ў 18 ст.: граматыкі, слоўнікі, калектыўны пераклад Бібліі (1735), пачаты збор і выданне фалькл. твораў (І.Брадоўскіс, М.Мерлінас, К.Мілкус, Г.Остэрмеер, П.Руйгіс). Першую кнігу свецкага зместу «Байкі Эзопа» выдаў І.Шульцас (1706). Пачынальнік літ.маст. л-ры — К.Данелайціс, аўтар паэмы «Поры года» (каля 1760—70, выд. ў 1818). Развіццю л-ры ў 18 ст. спрыяла дзейнасць Л.Рэзы і Ф.Куршайціса. У пач. 19 ст. цэнтрам культуры Л. стаў Віленскі ун-т. Вядучае месца ў л-ры займала паэзія: байкі, эпіграмы, паэмы (С.Валюнас, А.Клементас, Д.Пошка, С.Станявічус, А.Страздас). Найб. значны твор гэтага перыяду — паэма «Анікшчайскі бор» (1860—61) А.Баранаўскаса. У 1-й пал. 19 ст. зарадзілася маст. проза. Важную ролю ў яе станаўленні адыгралі гіст. працы з элементамі маст. прозы С.Даўкантаса, адметныя рамантычна-прыўзнятым асэнсаваннем мінулага краіны, узвышанасцю стылю. Каларытнасцю і выразнасцю нар. мовы вызначалася аповесць М.Валанчуса «Юзэ з Палангі» (1869), заснаваная на этнагр. і фалькл. матэрыяле. Развіццё л-ры Л. стрымлівала забарона царскімі ўладамі друку на літ. мове (1864—1904). Цэнтры друку пачалі стварацца па-за межамі Л. — ва Усх. Прусіі, ЗША. У перыяд абуджэння нац. руху ў Л. ўзнік рамантызм. Найб. яркі яго прадстаўнік Майроніс (кн. «Галасы вясны», 1895), паэзія якога садзейнічала развіццю асноў сілаба-танічнага вершаскладання, фарміраванню літ. мовы. Элегічнымі матывамі вызначалася лірыка П.Вайчайціса, патрыят. гучаннем, сатыр. паказам сац. з’яў — паэзія і проза В.Кудзіркі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў л-ры замацоўваюцца прынцыпы рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці (апавяданні вясковай тэматыкі Жэмайтэ). Традыцыі самабытнай рэаліст. прозы развівалі Ю.Тумас-Вайжгантас, Лаздзіну Пеледа (сёстры М. і С.Ластаўскене), Г.Пяткявічайгэ-Бітэ, Шатрыёс Рагана. У жанры рамана выступіў В.Петарыс, аўтар першага гіст. рамана «Альгімантас» (выд. 1904—05). Актывізацыі літ. і культ. жыцця ў пач. 20 ст. садзейнічала адмена забароны друку на нац. мове. Узніклі разнастайныя літ. плыні. Рэаліст. і фалькл. традыцыі спалучаны ў драме «Шарунас» (1911), «Паданнях Дайнаўскай даўніны» (1912), аповесцях і навелах В.Крэве; лірыцы Л.Гіры. Развіваліся неарамантызм, мадэрнізм (Ю.Гербачаўскас), рэалізм (І.Білюнас, А.Венуоліс). Рысы імпрэсіянізму і экспрэсіянізму выявіліся ў прозе К.Пуйды, Ю.Савіцкіса, І.Шэйнюса, сімвалізму і містыцызму — у драматургіі Відунаса (драмы «Цені прашчураў», 1908, і «Вечны агонь», 1912). Характар літ. працэсу ў 1918—40 вызначалі Майроніс (гіст. драмы ў вершах, балады), Тумас-Вайжгантас (апавяданні, аповесці, раман), Відунас (драмы), Пуйда (гіст. раман «Magnus Dux», 1936) і інш. У паэзіі і драме пераважаў сімвалізм (Ю.Балтрушайціс, В.Вайчунас, Ф.Кірша, В.Мікалайціс-Пуцінас, С.Сантварас, Б.Сруога), у творчасці футурыстычнай групоўкі «Чатыры вятры» (К.Бінкіс, Ю.Ціслява, С.Шэмерыс і інш.) — рысы экспрэсіянізму і рэалізму. Ідэйна-эстэт. прынцыпы неарамантызму развівалі маладыя паэты І.Айсціс, Б.Бразджоніс, А.Мішкініс, С.Нерыс і інш. Імпрэсіянісцка-неарамантычнай арыентацыі ў празаічных творах прытрымліваліся А.Вайчулайціс, Шэйнюс, К.Янкаўскас. Пашырыўся жанрава-стылявы, ідэйна-тэматычны дыяпазон твораў рэаліст. кірунку, вырас іх маст. ўзровень: псіхал. раман «У цені алтароў» Мікалайціса-Пуцінаса (1933), гіст. раман «Лёс Шымонісаў» Е.Сіманайцітэ (1935), празаічныя творы А.Венцлавы, Ю.Грушаса, Л.Давідзенаса, І.Марцінкявічуса, В.Рамонаса, П.Цвіркі і інш. Матывы вызв. барацьбы гучалі ў творах пісьменнікаў Віленскага краю, што ўваходзіў у склад Польшчы: у паэзіі — О.Міцютэ, А.Жукаўскас, Ю.Кекштас, у прозе — Р.Мацконіс. Гіст. абставіны пач. 1940-х г. паўплывалі на асабістыя лёсы пісьменнікаў Л., на характар маст. асэнсавання рэчаіснасці ў іх творах. У гады 2-й сусв. вайны многія пісьменнікі трапілі за межы краіны (Ю.Балтушыс, Гіра, Нерыс, Цвірка і інш.), асобныя апынуліся на фронце (В.Мазурунас, Э.Межэлайціс, П.Шырвіс), іх творчасць была прасякнута матывамі тугі па часова страчанай радзіме. У гады ням.-фаш. акупацыі ствараліся высокамаст. творы: лірычныя вершы і паэмы Нерыс, апавяданні Цвіркі, зборнікі філас. лірыкі Бразджоніса, Балтрушайціса, Мікалайціса-Пуцінаса. У л-ры з’явіліся новыя імёны (К.Брадунас, В.Мачэрніс). У 1944 многія пісьменнікі Л. эмігрыравалі на Захад (Брадунас, Бразджоніс, Кірша, Крэве, І.Мякас, Г.Нагіс, А.Ніка-Нілюнас, Г.Радаўскас, А.Шкема і інш.). Замежнае т-валіт. пісьменнікаў выдавала літ. газеты і часопісы, кнігі, падручнікі. Вярнуліся на радзіму асобныя пісьменнікі з СССР, з ням.-фаш. канцлагера (Сруога), на радзіме плённа працавалі К.Борута, Вайчунас, Венуоліс, Мікалайціс-Пуцінас, Мішкініс, Сіманайцітэ і інш. Пачаўся складаны працэс развіцця л-ры першых пасляваен. гадоў. У асобных паэт. творах пераважаў псеўдапатрыят. пафас, публіцыстычныя штампы, паліт. лозунгі (Венцлава, А.Іанінас, Мазурунас, Ю.Мацявічус, Т.Цільвіціс). Думку пра гіст. неабходнасць сав. улады ў Л., выкрыццё і асуджэнне кулацтва выказвалі ў сваіх творах А.Гудайціс-Гузявічус, І.Давідайціс, Цільвіціс і інш. Навізной вызначаліся аповесць Боруты «Млын Балтарагіса» (1945), драмы Сруогі «Доля перадсвітальная» (1945) і «Казімір Сапега» (1947), яго мемуары «Лес багоў» (1957) і інш. Творчае абнаўленне адчувалася ў паэзіі С.Англіцкіса, Вайчунаса, І.Грайчунаса, Жукаўскаса, К.Інчуры, Э.Матузявічуса, Мішкініса, Мазурунаса. У песенна-рамант. кірунку працаваў П.Шырвіс, наватарства і эксперымент характэрны паэту-лірыку Межэлайцісу (зб-кі «Чалавек», 1961; «Тут Літва», 1968). Значны ўклад у л-ру зрабілі пісьменнікі-эмігранты (паэт Радаўскас, празаік і драматург Шкема). Анталогія «Зямля» (1951) выявіла новыя таленты: Брадунас, Мачэрніс (філас.-канцэптуальны цыкл вершаў «Прывіды»), Нагіс, Ніка-Нілюнас. Традыцыі вясковай прозы развіваў М.Кацілішкіс. 1960—70-я г. — перыяд кардынальных перамен у прозе і драматургіі. Зварот да гіст. тэматыкі, пераасэнсаванне праблем нацыі і дзяржавы, здабыткі этн. культуры, шматгранны духоўны свет сучасніка вызначалі сутнасць і змест літ. л-ры гэтага перыяду (Й.Авіжус, Балтушыс, І.Мікелінскас, Сіманайцітэ, М.Слуцкіс). Гал. арыенцірамі л-ры сталі інтэлектуалізм, псіхалагізм, актуальнасць тэматыкі, пошукі новых маст. форм. Супярэчлівасць чалавечай прыроды, права чалавека на выбар паказаны ў драмах «Каханне, джаз і чорт» (паст. 1967) і «Барбара Радзівіл» (паст. 1972) Грушаса, праблемы сучаснай вёскі, сял. лёсу — у прозе В.Бубніса, Слуцкіса, А.Поцюса, псіхал. праблемы выхавання моладзі — у творах Р.Кашаўскаса, пратэст супраць псеўдарэаліст. адлюстравання рэчаіснасці — у Р.Ланкаўскаса, уплыў навейшай зах. драмы ў творчасці К.Саі і Ю.Глінскіса. У 1970—80-я г. раскрыўся творчы талент пісьменнікаў А.Балтакіса, Я.Дзегуцітэ, А.Малдоніса, Ю.Марцінкявічуса, Л.Яцынявічуса, асн. змест твораў якіх — філас. роздум пра лёс нацыі, праблемы урбанізацыі і інш. Новыя якасці (парадокс, іронія) і тэндэнцыі, сувязь з фалькл. традыцыямі, духоўнасць выявіліся ў паэзіі О.Балюканітэ, В.Бложа, Ю.Вайчунайтэ, Т.Венцлавы, С.Гяды, М.Марцінайціса, І.Стрэлкунаса, Г.А.Чыгрэюса, І.Юшкайціса, у прозе Ю.Апуціса, Р.Гранаўскаса, П.Дзіргелы, Б.Радзявічуса. Новы этап развіцця л-ры звязаны з нац. адраджэннем у 1980—90-я г. Сучасныя тэндэнцыі прадстаўлены шматлікімі постмадэрнісцкімі творамі, насычанымі ўмоўнымі вобразамі, паэтыкай міфаў (проза Р.Гавяліса, С.Т.Кандротаса), розныя спосабы адлюстравання вызначаюць прозу Ю.Кунчынаса, А.Рамонаса, В.Юкнайтэ і інш. У паэзіі дамінуе пакаленне 1980-х г., творы якіх вылучаюцца арыгінальнасцю формы, паэт. майстэрствам, вытанчанасцю мовы (В.Бразюнас, А.Грыбаўскас, Д.Каёкас, Э.Келміцкас, В Кукулас, А.Марчэнас, Н.Міляўскайтэ, С.Парульскіс, Г.Цэшкайтэ і інш.).
Літоўска-бел. літ. ўзаемасувязі маюць даўнія традыцыі. Яны зарадзіліся ў часы ВКЛ, калі ў Вільні на старабел. мове пісаліся летапісы і статуты, а Ф.Скарына выдаваў беларускамоўныя кнігі (1522—25). Узмацніліся яны ў 19 ст. У літ. гуртку А.Г.Кіркора (канец 1850-х г.) разам з В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім і інш. ўдзельнічаў літ. пісьменнік М.Акялайціс (пераклаў на літ. мову ананімны бел. твор 19 ст. «Гутарка старога дзеда»). У пач. 20 ст. Вільня была асяродкам літ. і бел. культуры. Тут выходзілі газ.«Наша доля», «Наша ніва», жылі, бралі ўдзел у грамадска-літ. жыцці Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Купала, Я.Колас, Цётка, З.Бядуля, прыязджаў М.Багдановіч, адбываліся сустрэчы літ. і бел. пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў Важным фактарам творчых узаемакантактаў была дружба Я.Купалы з Гірам, М.Ластаўскене, мастаком і кампазітарам М.Чурлёнісам. У 1910 у перыяд. друку Л. з’явіліся першыя літ.-крытычныя артыкулы Гіры пра творчасць Я.Купалы, змяшчаліся яго вершы на літ. мове ў перакладзе А.Якштаса (А.Дамбраўскаса). У 1909 на бел. мове апублікавана апавяданне Білюнаса. У 1920—30-я г. ў Вільні і Каўнасе ставіліся п’есы Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, Л.Родзевіча, выдаваліся бел. кнігі, газеты і часопісы, у т. л.час.«Крывіч», «Беларускі асяродак», «Крывічанін» і інш. У 1930-я г. ў Мінску жылі і працавалі Ф.Вайшнорас (Садайніс), Л.Мяркітэ (Лавенас Люда), А.Дабулявічус, В.Скарджус і інш., выходзілі газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), альманах «Пад чырвоным сцягам», працавалі літ. секцыі ў Саюзе пісьменнікаў і Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1920—30-я г. ў Мінску выдадзена 78 ліг. кніг, у т. л. пераклады на літ. мову паэмы «Над ракою Арэсай» Я.Купалы (1935), твораў Я.Маўра, А.Якімовіча. Асабістыя кантакты звязвалі М.Танка з Жукаўскасам, Міцютэ, І.Каросасам. Збліжэнню л-р спрыялі асабістыя сустрэчы Цвіркі, Венцлавы на 35-гадовым юбілеі творчай дзейнасці Я.Купалы ў Мінску ў снеж. 1940, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лынькова і П.Броўкі ў маі—чэрв. 1941 у Вільні і Каўнасе. У 2-ю сусв. вайну бел. і літ. пісьменнікі ўдзельнічалі ў супольных вечарах, выступалі ў перыяд. друку. Адзінства матываў і вобразаў ядналі паэзію Гіры, Венцлавы, Цвіркі, Марцінкявічуса, В.Рэймерыса, Нерыс, Межэлайціса з творамі Я.Коласа, Броўкі, П.Панчанкі, М.Танка і інш. У пасляваен. перыяд склаліся новыя формы супрацоўніцтва — тыдні, дні л-ры і культуры суседніх народаў. Актывізацыі бел.-літ. сувязей спрыялі тыдні літ. л-ры ў Беларусі (1956), бел. л-ры ў Літве (1958), бел. кнігі ў Літве (1962), літ. кнігі ў Беларусі (1963), дні бел.-літ. дружбы ў Літве (1963), сяброўскія сустрэчы дзеячаў л-ры, культуры Літвы ў Беларусі (1974), л-ры і мастацтва Беларусі ў Літве (1975) і інш. Сустрэчы пісьменнікаў, узаемакантакты, знаёмства з гісторыяй, культурай рэспублік выклікала ўзаемапранікненне тэм і вобразаў. Літоўская тэматыка заняла значнае месца ў творах Броўкі, М.Танка, Панчанкі, Р.Барадуліна, М.Калачынскага, У.Караткевіча, Л.Арабей, А.Лойкі і інш., беларуская — у творах Межэлайціса, Жукаўскаса, Ю.Палецкіса, Б.Мацкявічуса, А.Шульцайтэ, Балтакіса, Мікалайціса-Пуцінаса і інш. У 1945—84 у перакладзе на літ. мову выдадзена 45 кніг бел. пісьменнікаў, у перакладзе на бел. мову — каля 30 кніг літ. аўтараў. На літ. мове выйшлі: «Анталогія беларускай прозы» (1949), анталогіі бел. паэзіі «З беларускай паэзіі» (1952), «Па Нёмане песня плыве» (1958), зб.бел.нар. казак «Ліса ваўка пакарала» (1965), кн. вершаў, паэм і п’ес Я.Купалы «Не жалейка стогне» (1957), паэт.зб-кі Калачынскага «Прыгоды Патапкі» (1960), М.Танка «След бліскавіцы» (1961), Я.Коласа «Ой вы, думы, думы...» (1962), кн. апавяданняў і аповесцей Я.Брыля «У Забалоцці днее» (1955) і «Зялёная школа» (1963), З.Бядулі «Сярэбраная табакерка» (1956), кн. прозы М.Танка «Лісткі календара» (1969), кн. апавяданняў бел. пісьменнікаў «Акно ў зялёны сад» (1988), аповесці В.Быкава «Трэцяя ракета» (1964), У.Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1994), раманы І.Шамякіна «Крыніцы» (1958) і «Сэрца на далоні» (1966), М.Гарэцкага «Віленскія камунары» (1965), В.Хомчанкі «Вяртанне ў агонь» (1983), В.Коўтун «Крыж міласэрнасці» (1997) і інш. На літ. мову бел. творы перакладалі А.Антанавічус, Балтакіс, Жукаўскас, А.Лапінскене, Э.Легутэ, Матузявічус, Межэлайціс і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі: анталогіі прозы «Літоўскія апавяданні» (1957), паэзіі «Паэты Савецкай Літвы» (1954), «Галасы сяброў» (1958), «Літоўская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1977), зб-кіліт.нар. казак «Цудоўная крыніца» (1955), «Літоўскія народныя казкі» (1961), «Літоўскі гумар» (1966), казка «Чаму ў моры вада салёная?» (1970), раманы Венцлавы «Дзень нараджэння», Балтушыса «Прададзеныя гады» (абодва 1961), В.Бубніса «Пад летнім небам» (1982), В.Місявічуса «Мядзведжая акадэмія» (1988), Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), паэма Данелайціса «Чатыры пары года» (1983), «Паэма братэрства» (1958) і зб. вершаў «Чалавек» (1984) Межэлайціса, зб-кі паэзіі Матузявічуса «Просіцца ў песню мора» (1965), Нерыс «Калі зямля прачынаецца» (1971), Марцінкявічуса «Трава і камень» (1981), Малдоніса «Вадзяныя знакі» (1985), шэраг твораў для дзяцей, у т. л.кн. вершаў Э.Балёнене «Уцёс і ружа» (1976), зб-кі вершаў «Рамоначак-Рамунеле» (1979), А.Матуціса «Мамін пірог» (1986), кн. аповесцей Бубніса «Белы вецер» (1978), аповесць-казка Саі «Гэй, хавайцеся!» (1982), казка Цвіркі «Срэбная куля» (1991) і інш. На бел. мову творы літ. пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць А.Асташонак, Барадулін, Броўка, Я.Войніч, А.Вярцінскі, М.Гіль, С.Грахоўскі, М.Грынблат, А.Зарыцкі, А.Звонак, В.Іпатава, Калачынскі, І.Калеснік, Г.Каржанеўская, У.Карызна, Лойка, Е.Лось, В.Лукша, П.Марціновіч, С.Панізнік, А.Разанаў, Ю.Свірка, Р.Семашкевіч, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, А.Ставер, М.Танк і інш.Літ.-бел. сувязі даследуюць Лапінскене, А.Мальдзіс і інш.
Архітэктура. Пры археал. раскопках стаянак мезаліту і асабліва неаліту (4—2-е тыс. да н.э.) выяўлены рэшткі круглых і авальных у плане жытлаў з адкрытым ачагом, сценамі з верт. жэрдак з глінянай абмазкай. У пач.н.э. з’явіліся зрубныя, прамавугольныя ў плане пабудовы, умацаваныя паселішчы родавых абшчын — гарадзішчы-пілякальнісы (5—8 ст.) з равамі, валамі і частаколам з бярвён. У 9—12 ст. на тэр. пілякальнісаў будавалі драўляныя замкі феадалаў. Жылыя пабудовы 12—14 ст. — драўляныя зрубныя, з адкрытымі ачагамі ці глінянымі печамі. У перыяд барацьбы з крыжакамі будавалі шматлікія драўляныя (Кярнава) і каменныя (Каўнас) замкі. У 14 ст. ўзводзіліся буйныя абарончыя замкавыя комплексы (Тракайскі замак). Для ранняй замкавай архітэктуры характэрны манументальнасць, стрыманы дэкор, арган. ўпісанне ў прыроднае асяроддзе (Верхні замак, замак Гедзіміна ў Вільнюсе). Гар. забудова была пераважна драўляная, з 14 ст. ставілі і цагляныя будынкі. Некаторыя гарады абкружалі каменнымі сценамі (рэшткі гар. сцен з Вострай брамай у Вільнюсе, 16 ст.). Для пабудоў 14—1-й пал. 15 ст. (ранняя готыка) характэрны храмы з высокімі 2-схільнымі дахамі і трохвугольнымі франтонамі, рэдкімі аконнымі праёмамі ў масіўных сценах, умацаваных контрфорсамі, перакрытыя нервюрнымі крыжовымі скляпеннямі (касцёл Вітаўта ў Каўнасе). Культавыя збудаванні позняй готыкі (канец 15—16 ст.) сталі больш дэкаратыўныя, са святочным дэкорам з фасоннай цэглы разнастайнай канфігурацыі ў аздабленні фасадаў (т.зв. Дом Пяркуна ў Каўнасе, касцёл св. Ганны ў Вільнюсе). Блізкімі да нар. дойлідства былі драўляныя касцёлы і званіцы. У 1-й пал. 16 ст. пачала пашырацца архітэктура Адраджэння, фарміраваліся гарады і мястэчкі з рэгулярнай планіроўкай (Біржай, Вірбаліс і інш.). У грамадз. архітэктуры гатычныя канструкцыі і планы часта спалучаліся з дэкорам у духу Адраджэння. Большасць феад. замкаў захоўвала сярэдневяковы абарончы характар (замак у Віценай, пач. 17 ст.). Будавалі таксама крэпасці-бастыёны (Клайпеда, Біржай), комплексы замкаў-рэзідэнцый феадалаў з палацам у цэнтры (замкі Ніжні ў Вільнюсе, каля 1530, і Раўдоне, канец 16 ст.). У 17—18 ст. узводзіліся пышныя касцёлы і палацы ў стылі барока (касцёлы св. Казіміра, св. Тэрэзы, палацы Слушкаў, Сапегаў у Вільнюсе, Пажайсліскі арх. ансамбль у Каўнасе). Інтэр’еры найб. значных цэркваў перыяду сталага барока аздаблялі багатым ляпным дэкорам (касцёл св. Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільнюсе), размалёўкамі. У перыяд позняга барока (1700—90) сфарміраваўся стыль т.зв.Віленскага барока (касцёлы св. Кацярыны, місіянераў, брама Базыльянскіх муроў у Вільнюсе). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пашырыліся прынцыпы класіцызму (Кафедральны сабор св. Станіслава; ратуша, цяпер Маст. музей; у Вільнюсе), распрацаваны і часткова здзейснены праекты рэгулярнай планіроўкі Вільнюса (1817), Каўнаса (1847, 1871), Швенчоніса (1874) і інш. гарадоў. Пасля 1820 пашыраюцца стылі ампір (б. губернатарскі палац, рэканструяваны ў 1832) і ампір мясцовы (панская сядзіба ў Траку-Воке Вільнюскага павета). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. дамінавалі эклектычныя формы, стылістычныя тэндэнцыі рамантызму, гістарызму (неаготыка, неарэнесанс, неабарока, неакласіцызм і інш.): будынкі філармоніі ў Вільнюсе, банка ў Каўнасе, касцёлы ў Рокішкісе і Паланзе; палац Тышкевічаў у Паланзе (цяпер Музей бурштыну). У 1930-я г. будавалі ў духу мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму (будынак паштамта, Маст. музей імя М.Чурлёніса ў Каўнасе, мікрараён на Антокалі ў Вільнюсе). Пасля 2-й сусв. вайны складзены генпланы буйных гарадоў: Вільнюса (1951, 1967, 1981), Шаўляя (1951, 1963, 1980), Паневяжыса (1951, 1962, 1973), Клайпеды (1952, 1964, 1977), Каўнаса (1953, 1983). Фарміруюцца новыя прамысл. гарады Наўйойі-Акмяне (з 1948), Электрэнай (з 1960), Вісагінас (з 1978) і інш. Сучаснай архітэктуры ўласцівы планамернае развіццё гарадоў, рацыянальнае размяшчэнне прамысл. зон і жылых раёнаў, укараненне тыпавога праектавання і індустр. метадаў буд-ва. Вясковае буд-ва адметнае спалучэннем сучасных арх. форм і традыцыйнай забудовы, азеляненнем. Для жылых гар. раёнаў характэрны рацыянальная планіроўка, кампактныя цэнтры, сувязь з ландшафтам, прастата форм: у Вільнюсе — Жырмунай (з 1962), Лаздзінай (з 1967), Каралінішкес (з 1971), у Каўнасе — Кальнечу (1976—85), Эйгулю (з 1985), у Клайпедзе — Чацвёрты (1968—74), у Шаўляі — Лепарай (1966—82), у Алітусе — Відгірыс (1984). Архітэктура грамадз. збудаванняў вызначаецца строгасцю форм, функцыян. мэтазгоднасцю, у афармленні інтэр’ераў пашыраны дрэва, кераміка, вітражы, вырабы з металу, манум.-дэкар. жывапіс і скульптура: кавярня (1959) і гасцініца (1960) «Нярынга», Выставачны палац (1967), будынкі Літ.нац.т-ра оперы і балета (1974), Літ.драм.т-ра (1981), комплекс бальніц Сантарышкес (1972—83) — усе ў Вільнюсе; аўтавакзал у Шаўляі (1966); санаторыі і дамы адпачынку ў Друскінінкаі («Жыльвінас», 1969, «Лінас», 1979). У Друскінінкаі помнік Чурлёнісу (1975, скульпт. В.Вільджунас). У 1944 засн. Саюз архітэктараў Л.Іл.гл. таксама да арт.Вільнюс.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З эпохі неаліту на тэр.Л. вядомы вырабы з каменю, косці і дрэва са скульпт. дэкорам, арнаментаваны гліняны посуд, бурштынавыя фігуркі жывёл і людзей. У бронз. веку пашырыўся выраб упрыгожванняў з каляровых металаў і бурштыну (скроневыя падвескі, шыйныя грыўні, фібулы, бранзалеты, пярсцёнкі), дэкарыраваных зброі, даспехаў і конскай вупражы. У аздабленні выкарыстоўваліся ліставое серабро, сіняе шкло, геам. і стылізаваны анімалістычны і расл. арнамент, часам рэльефныя выявы. У сярэдневякоўі мастацтва Л. развівалася пад уплывам краін Зах. і Усх. Еўропы ў агульным рэчышчы развіцця культур інш. народаў ВКЛ. У 13—16 ст. высокага маст. ўзроўню дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва — ювелірная справа, глазураваная кераміка, рэльефная кафля, разьба па дрэве і косці; пашырыліся драўляная гатычная пластыка («Мадонна», 15 ст., царква ў Крэцінзе), манум. жывапіс, у т. л. свецкі (размалёўкі пач. 15 ст. ў Тракайскім замку, не захаваліся). З пач. 16 ст. паралельна з готыкай развівалася рэнесансавае мастацтва, у якім дамінавалі партрэтны жанр і рэліг. кампазіцыі. Пашырыліся каменныя скульпт. надмагіллі з партрэтнымі выявамі. З пачаткам кнігадрукавання развіваўся дрэварыт, пазней медзярыт. У тэхніцы гравюры выконваліся тытульныя лісты, ініцыялы, застаўкі, канцоўкі кніг («Катэхізіс» М.Мажвідаса, 1547; «Посціла каталіцкая» Я.Вуека ў перакладзе М.Даўкшы, 1599). У 17—18 ст. у аздабленні барочных палацаў і цэркваў выкарыстоўваліся скульптура і манум.-дэкар. жывапіс (размалёўкі манастыра кальмадалійцаў у Пажайслісе каля Каўнаса, 1677—84). Багаццем дэкар. матываў, пластычнай экспрэсіяй вызначаліся разныя драўляныя алтары, скульптура. Працавалі жывапісцы С. дэ Мірыс, М.А.Палоні, І.Прэхтэль, С.Чэховічус, Ю.Шульцас, скульптары Дж.М.Галі, І.Мерлі, П.Перці, графікі П.Бальцявічус, Л.Вілацас, К.Гётке, К.Карэнга, І.Пятраўскас, Т. і М.Шнопсы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст.літ. мастакі працавалі пераважна ў стылях класіцызму і рамантызму. Вял. ўклад у станаўленне літ.маст. школы зрабілі мастакі І.Аляшкевіч, В.Дмахоўскі, К.Русецкі, Я.Рустэм, Ф.Смуглевіч, скульпт. К.Ельскі і інш., дзейнасць маст. факультэтаў Віленскага ун-та. У дэкар.-прыкладным мастацтве сталі пашыранымі мануфактурныя вырабы маст. тэкстылю (шпалеры, дываны, паясы; майстры І.Літвінкявічус, А.Маркявічэне, М.Вербіцкіс), керамікі (М.Траповічус, П.Шуманаўскас, Л.Юравічус), шкла і інш. У жывапісе сярэдзіны 19 ст. дамінавалі партрэт (А.Валінавічус, І.Іацейка, К.Рыпінскі) і пейзаж (М.Кулеша, К.Рачынскі, М.Янушавічус). У жанравых і гіст. кампазіцыях сцвярджаліся ідэі нац. самасвядомасці (Ю.Карчэўскіс, К.Кукявічус і інш.). У графіцы былі пашыраны кніжная ілюстрацыя (В.Неверавічус, В.Смакоўскі), эстампы (партрэты і гіст. кампазіцыі Б.Кіслінга, М.Пшыцкіса, Ю.Саўндэрса, Ю.Хшчановіча). Ствараліся скульпт. партрэты (Р.Слізень, І.Цэйзік). У 2-й пал. 19 ст.рэаліст. кірунак развіваўся ў творчасці Р.Алекна-Швайніцкіса, Ю.Балзукявічуса, І.Зенкявічуса, А.Рэмерыса і інш. На пач. 20 ст. важную ролю ў фарміраванні нац.маст. школы адыграла дзейнасць Літ.маст.т-ва (засн. ў 1907). Найб. пашыраны былі жанравы рэаліст. жывапіс (А.Жмуйдзінавічус, П.Калпокас, М.Чурлёніс) і скульптура (Ю.Зікарас, П.Рымша). У 1919—40-я г. мастацтва Л. вызначалася разнастайнасцю кірункаў і плыняў. Разам з рэаліст. мастацтвам развіваліся імпрэсіянізм (Жмуйдзінавічус, Калпокас, К.Склерус), сімвалізм (А.Варнас, К.Шымоніс), акадэмізм і натуралізм (І.Мацкявічус, З.Пятравічус, І.Януліс). У скульптуры пераважаў рэаліст. кірунак, часам у спалучэнні з рысамі акадэмізму, імпрэсіянізму (Р.Анцініс, Б.Бучас, В.Грыбас, Ю.Мікенас, Б.Пундзюс). У 1930-я г. ў творчасці мастакоў з аб’яднанняў «АРС», «Т-ва незалежных мастакоў» і інш. авангардысцкія тэндэнцыі спалучаліся са зваротам да традыцый нар. мастацтва (В.Візгірда, А.Галвдзікас, А.Гудайціс, А.Самуоліс і інш.). Развіваліся тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (І.Грэгараўскас, У.Дубянецкі, У.Дзіджокас), графіка (С.Жукас, Б.Жэконіс, І.Кузмінскіс, В.Юркунас), манум.-дэкар. і прыкладное мастацтва (вітражы С.Ушынскаса, мазаікі Мікенаса, кераміка В.Мікнявічуса, керамічная дробная пластыка В.Манамайціса). У канцы 1940-х — 1960-я г. ў мастацтве пераважалі тэматычная карціна (С.Грачоў, В.Дзілка, Жмуйдзінавічус, В.Мацкявічус, Б.Яцявічутэ), пейзаж (І.Бурачас, Гудайціс, Л.Кацінас, А.Мацеюнас, А.Пятруліс, А.Савіцкас, І.Шылейка), партрэт (Ю.Венажынскіс, І.Трэчакайтэ-Жэбянкене, М.Цвіркене, Януліс), развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, вітражы (А.Стомкус). У скульптуры дамінаваў партрэт (П.Александравічус, П.Вайвада, Л.Жукліс, Пундзюс, Н.Пятруліс), ствараліся сюжэтныя кампазіцыі (К.Багданас, Ю.Кедайніс, К.Кіселіс). У жывапісе 1970—90-х г. пераважаў каларыстычны кірунак (Р.Бічунас, С.Вейверытэ, Гудайціс, С.Джаўкштас, В.Каратаюс, В.Кісараўскас, Мацеюнас, В.Павілайціс, Савіцкас, Л.Сургайліс, Л.Тулейкіс, В.Цыпліяўскас, І.Чэпоніс, І.Шважас, С.Юсёніс). Скульптура вызначалася выразнасцю форм, выкарыстаннем нар. традыцый (Александравічус, А.Амбразюнас, Анцініс, Г.Якубоніс, Э.Фрэгос і інш.). Самабытны характар набыла літ. школа графікі і кніжнай ілюстрацыі (В.Валюс, Р.Гібавічус, Б.Жылітэ, С.Красаўскас, А.Скіруцітэ, А.Сцяпанавічус, Юркунас). Высокага маст. ўзроўню дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва кераміка (Ю.Адамоніса, А.Лічкутэ, М.Врубляўскаса, Г.Яцэнайтэ), маст. тэкстыль (Ю.Бальчыконіса, В.Даўётаса, М.Шважэне) і маст. апрацоўка бурштыну (Ф.Даўкантаса, К.Сіманоніса). У нар. мастацтве вызначаецца самабытная драўляная скульптура (невял. выявы святых, Хрыста і інш.) і дрэварыт У 1940 засн. Саюз мастакоў Л.
Музыка. Літ.муз. фальклор уключае працоўныя, каляндарныя і сямейныя абрадавыя, лірычныя, ваен.-гіст. і інш. песні, інстр. найгрышы, танцы. На ПдЛ. пашырана аднагалоссе, антыфоннае спяванне, у паўн.-зах. і паўн.-ўсх. (Аўкштайція) раёнах — песні гамафоннага складу. У Аўкштайціі захавалася найб. спецыфічная частка літ.муз. фальклору — архаічныя поліфанічныя песні сугарцінес (у суправаджэнні ансамбля духавых інструментаў скудучай, трымітас ці струнна-смычковых канклес). Сярод інш.літ.нар. інструментаў: духавыя — бірбіне, даўдзітэ, ожрагіс, лумздзяліс, лабанора дуда; варган бандурэліс; ударны шумавы — джынгуліс. З прыняццем хрысціянства пашырыліся грыгарыянскі спеў, зах.-еўрап. музыка; у касцёлах спявалі хары, устанаўліваліся арганы. З канца 14 ст. ў касцельных і кляштарных школах навучалі спевам, пазней ігры на аргане. У 1547 у кн. «Катэхізіс» М.Мажвідаса ўпершыню апублікаваны літ. духоўныя песнапенні. Свецкае музіцыраванне развіваецца з 14 ст., напачатку пры дварах вял. князёў, дзе існавалі вак.-інстр. капэлы. У 16 ст. ў Вільні працавалі Б.Бакфарк, Вацлаў з Шамотул і інш. замежныя музыканты. У 1636 італьян. оперная трупа паставіла ў Вільні першы оперны спектакль «Выкраданне Алены» (мяркуюць, на музыку М.Скакі). Сярод кампазітараў-аматараў 17—18 ст. К.Рудаміна-Дусецкі, А.Гобята. У Віленскім ун-це ставіліся муз. спектаклі, працавалі аркестры, хары, пазней семінарыя для настаўнікаў і арганістаў (канец 18 ст.), выкладаліся ігра на муз. інструментах і музыказнаўства (Я.Д.Голанд, І.Рэнер). У 19 ст. выйшлі першыя зборнікі нар. песень (Кёнігсберг, 1825; Вільня, 1829). У Віленскім гар. т-ры ставіліся оперы В.А.Моцарта, К.М.Вебера і інш. У розны час у Вільні працавалі М.Дылецкі, С.Манюшка. У 1873—1915 у Л. дзейнічала аддзяленне Рас.муз.т-ва. Традыцыі новай нац. музыкі закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў творчасці М.Чурлёніса, М.Пятраўскаса (першая літ. опера «Бірутэ», 1906; аперэты, хар. творы), Ч.Саснаўскаса, Ю.Наўяліса (кіраўнік хору «Дайна» і т-ва арганістаў, заснавальнік курсаў арганістаў, 1892, і муз. школы, 1919, з 1933 кансерваторыя), С.Шымкуса, Ю.Груадзіса. У канцы 1918 — пач. 1919 працавала Муз. калегія Наркамасветы Л. (Ю.Талат-Кялпша, К.Галкоўскі і інш.). У 1919—40 цэнтрам літ. культуры быў Каўнас. У 1920 у ім заснаваны Дітоўскі нацыянальны тэатр оперы і балета (у 1948 пераведзены ў Вільнюс), дзе ў 1930-я г. пастаўлены нац. оперы Ю.Карнавічуса, А.Рачунаса, Пятраўскаса, І.Дамбраўскаса, балеты В.Бацявічуса, Груадзіса, Б.Дварыёнаса. Буйныя сімф. і камерна-інстр. творы пісалі Груадзіс, Бацявічус, Ю.Жылявічус (аўтар першай літ. сімфоніі, 1922), Карнавічус, К.-В.Банайціс, В.Якубенас, Рачунас, І.Набажас, Ю.Гайдзяліс, Ю.Пакальніс; у галіне хар. музыкі працавалі Шымкус, Талат-Кялпша, А.Качанаўскас, Ю.Каросас і інш. Значную ролю ў культ. жыцці краіны адыграў Саюз музыкантаў Л. (1924—40). У пач. 1940-х г. у Каўнасе адкрыты т-рмуз. камедыі (цяпер Каўнаскі муз.т-р), у Вільнюсе — філармонія, у складзе якой працавалі сімф. аркестр, хор, ансамбль песні і танца. У гады 2-й сусв. вайны некаторыя літ. музыканты працавалі ў Расіі (у г. Пераслаўль-Залескі створаны Дзярж.маст. ансамбль Літ. ССР). У 1945 у Вільнюсе адкрыта Літ. кансерваторыя (у 1949 аб’яднана з Каўнаскай, з 1971 дзейнічае яе філіял у г. Клайпеда). З 1946 рэгулярна праводзяцца пеўчыя святы. У 1940—50-я г. ў вак.-сімф. і муз.-сцэн. жанрах працавалі кампазітары Рачунас, Ю.Юзелюнас, А.Белазарас, В.Клова, Дварыёнас. З 1960-х г. творчасць кампазітараў Л. стала больш разнастайнай у стылявых і жанравых адносінах, абнавілася муз. мова, паглыбілася цікавасць да нар. творчасці. Паявіліся оперы Юзелюнаса, Рачунаса, В.Лаўрушаса, П.-В.Палтанавічуса, В.Баркаўскаса, Э.Бальсіса, балеты Бальсіса, А.Рэкашуса; аперэты, мюзіклы, араторыі Бальсіса, В.Юргуціса, Б.Кутавічуса; кантаты Юзелюнаса, творы інш. жанраў А.Бражынскаса, А.Марцінайціса. У галіне сімф. і камерна-інстр. музыкі працуюць Дварыёнас, С.Вайнюнас, Юзелюнас, Бальсіс, Ф.Р.Баёрас, О.Балакаўскас, Баркаўскас, Кутавічус, Рэкашус, В і Ю.Юазапайцісы, Марцінайціс, В.Монтвіла, О.Нарбутайтэ, М.Урбайціс і інш., у песенным жанры — К.Кавяцкас, Дамбраўскас, Баёрас, у эстр. музыцы — Б.Гарбульскіс, Т.Макачынас і інш. У Вільнюсе праводзяцца Міжрэсп. конкурс юных піяністаў імя Чурлёніса (з 1965), рэсп. конкурс юных піяністаў імя Дварыёнаса (з 1974), фестывалі камерных аркестраў, стр. квартэтаў, арганнай музыкі, у г. Шаўляй — фестываль старадаўняй музыкі, у Клайпедзе — «Музычная вясна». Сярод выканаўцаў: дырыжоры І.Алекса, В.Віржоніс, Р.Генюшас, Дварыёнас, Ю.Домаркас, А.Кленіцкіс, Х.Паташынскас, С.Сандзецкіс; хар. дырыжоры В.Баргусявічус, А.Будрунас, А.Іазенас, Кавяцкас, Каросас, А.Крогертас, І.Швядас; піяніст Вайнюнас, скрыпачы Р.Кацілюс, А.Лівантас, Э.Паўлаўскас, арганіст Л.Дзігрыс; спевакі В.Адамкявічус, Н.Амбразайцітэ, Г.Апанавічутэ, Б.Грынцявічутэ, К.Гутаўскас, В.Даўнарас, Э.Канява, Г.Каўкайтэ, Р.Марыёшус, І.Мількявічутэ, В.Нарэйка, В.Пруднікавас, К.Пятраўскас, А.Садзейка, Э.Саўлявічутэ, Р.Сіларыс, І.Стасюнас, А.Сташкявічутэ, А.Чудакова, К.Шылгаліс. Сярод музыказнаўцаў Ю.Гаўдрымас, Я.Чурлёнітэ, А.Амбразас, В.Ландсбергіс, О.Нарбуцене. У Л. працуюць: Літ.т-р оперы і балета, опера, Каўнаскі і Клайпедскі муз. т-ры; філармонія (з 1940; у яе складзе сімф. і камерны аркестры, 3 струнныя квартэты, ансамбль старадаўняй музыкі «Musica humana», эстр. ансамблі); Каўнаскі дзярж. хор (з 1969), камерны хор «Поліфанія» (з 1986), хор і аркестр лёгкай музыкі тэлерадыёкампаніі Л. (з 1963); ансамбль песні і танца «Летува» (з 1940); кансерваторыя, муз. вучылішчы і інш. У Каўнасе дзейнічае (з 1986) Музей старадаўніх літ.муз. інструментаў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва вядомы са старажытнасці ў нар. абрадах, святах, танцах. Да сярэдзіны 20 ст. ў вёсках ставіліся імправізаваныя быт. сцэнкі з выкарыстаннем масак, спец. вопраткі, бутафорыі. У 16—18 ст. развіваўся школьны т-р. У Віленскім ун-це і езуіцкіх калегіумах ставіліся рэліг. прадстаўленні на лац., пазней на польскай мове, інтэрмедыі на літ. мове. Гастраліравалі прафес. трупы з Італіі, Англіі і інш. У 1639 у Вільні на тэр. Ніжняга замка ўзведзены спец.тэатр. будынак. Тэатр. трупы існавалі пры дварах вял. князя і буйных магнатаў. У 1785 В.Багуслаўскі стварыў першы публічны Віленскі гар.т-р (дзейнічаў да 1864), у якім працавалі трупы пад кіраўніцтвам М.Кажынскага, М.Корвел-Мараўскай, К.Скібінскага, К.Шлёгерыса і інш. Спектаклі ставіліся пераважна на польскай, з сярэдзіны 19 ст. і на рус. мовах. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. аматарскія т-вы і драм. гурткі на літ. мове дзейнічалі ў Вільні, Каўнасе, Паневяжысе, Шаўляі і інш. Першы публічны спектакль на літ. мове (камедыя Кетуракіса «Амерыка ў лазні») адбыўся ў Паланзе ў 1899. У 1916 Ю.Вайчкус арганізаваў драм. студыю ў Пецярбургу (з 1918 у Вільні), з якой узнік першы літ.прафес. т-р. У 1919 у Вільні існаваў Дзярж.літ.т-р (кіраўнік К.Глінскіс). У 1919—40 цэнтрам тэатр. жыцця быў Каўнас, дзе працавалі Нац.т-р (1916 і 1923—25), сатыр.т-р «Вілколакіс» (1919—25), Дзярж.т-р (з 1920, пазней Каўнаскі драм.т-р). У 1931 адкрыўся Шаўляйскі т-р драмы (у 1935—39 працаваў у Клайпедзе). Ставіліся літ. драматургія (Б.Варгшас-Ляўцявічус, Л.Гіра, Жэмайтэ, Кетуракіс, Г.Ландсбергіс-Жамкальніс, А.Фромас-Гужуціс) і перапрацаваная для літ. гледача сусв. класіка. Працавалі рэжысёры А.Олека-Жылінскас, Глінскіс, Вайчкус, Б.Даўгувеціс, А.Руцявічус, А.Суткус, І.Місюс, акцёры З.Арлаўскайтэ, Т.Вайчунене, А.Вайнюнайтэ, Ю.Талмантас, М.Грыкшайтэ-Вайчкувене, П.Кубертавічус, Ю.Лаўцюс, Ю.Пятраўскас, П.Пінкаўскайтэ, Э.Руцявічэне, Ю.Стануліс, І.Страздас, М.Хадаравічус і інш. У 1940 створаны Вільнюскі дзярж.т-р (з 1955 Акад.т-рЛітвы), Панявежскі драм.т-р, Каўнаскі т-р юнага гледача (дзейнічаў да 1959), Марыямпальскі драм.т-р (дзейнічаў да 1949), у 1946 — Рус.драм.т-р (Вільнюс), у 1958 — Каўнаскі т-р лялек і Вільнюскі т-р «Леле» («Лялька»), у 1965 — Маладзёжны т-р (Вільнюс). У пасляваенны час ставіліся творы літ. аўтараў Ю.Балтушыса, Ю.Грушаса, А.Грыцюса, А.Гудайціса- Гузявічуса, Даўгувеціса, Ю.Марцінкявічуса, К.Саі, сусв. класіка. З 2-й пал. 1950-х г.тэатр. мастацтва вызначалася разнастайнасцю сцэн. форм і стыляў. Ставіліся героіка-манум., рамант., ярка тэатр. і філас. спектаклі. З 1970-х г. пашырыліся пастаноўкі гіст. тэматыкі. У 1970—90-я г. плённа працавалі рэж. Г.Ванцявічус, І.Вайткус, А.Рагаўскайтэ, Э.Некрошус, Г.Падзегімас, акцёры Р.Адамайціс, Г.Баландзітэ, Д.Баніёніс, Ю.Будрайціс, Р.Варнайтэ, К.Віткус, К.Геніс, Н.Гельжынітэ, А.Лаценас, А.Масюліс, Пінкаўскайтэ, А.Росенас, Ю.Рудзінскас, Р.Сталілюнайтэ, К.Тумкявічус, М.Чэрняўскайтэ, А.Шурна, С.Юкна, К.Юрашунас, Ф.Якшыс і інш. У Л. працавалі бел.тэатр. калектывы. У 1910—15 і ў 1916 дзейнічаў Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, наладжваліся бел. вечарынкі. Выступала Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага (1910). У т-рах Л. ставіліся п’есы «Пяюць жаваранкі» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «У ціхім завулку» А.Маўзона, «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» і «Трыбунал» А.Макаёнка.
Кіно. Першыя фільмы пра Л. стварыў у 1909 аператар і рэж. В.Старавічус («Каля Нямунаса» і інш.). У 1909—13 А.Раджунас (Рачунас) здымаў хранікальныя кароткаметражныя фільмы для амер. літоўцаў. Кінахроніка з’явілася ў Л. ў 1921, рэгулярна здымалася з 1932 аператарамі-аматарамі (С.Уздонас, С.Вайналавічус, А.Жыбас і інш.). Здымаліся і камедыі: «Урач паняволі» (1927), «Літоўскі салдат» (1928), «Анітэ і Іаняліс» (1931, рэж. усіх Ю.Лінартас). Першы лялечны фільм «Сон таўстуна» зняты ў 1938 (аператар Жыбас, мастак С.Ушынскас). У 1940 у Каўнасе створана Студыя хранікальных і дакумент. фільмаў (з 1944 кінастудыя, з 1946 Літ. кінастудыя; з 1949 у Вільнюсе). У 1945 пачаўся выпуск тэматычных кіначасопісаў («Савецкая Літва» і інш.), з 1950-х г. — дакумент. («Яны — з Каўнаса», «Мае сябры», рэж. абодвух В.Старошас) і маст. («Над Нямунасам світанак», 1953, рэж. А.Файнцымер; «Мост», 1956, рэж. Б.Шрэйбер; «Юлюс Яноніс», 1959, рэж. Б.Браткаўскас, В.Дабашынскас) фільмаў. Для дакумент. фільмаў 1960—80-х г. характэрны паказ працы і творчасці («Там, за дзвярыма», 1966, рэж. А.Даўса; «Вядзьмарка», 1975; «Пастскрыптум да старога фільма», 1980, рэж. Р.Шылініс, Старошас), псіхал. аналіз («Стары і зямля», 1965, «Думы стогадовых», 1969, «Свет як вялікая сімфонія», 1975, усе рэж. Р.Верба), гіст. тэматыка («Вільнюскі універсітэт», 1978, рэж. А.Дзігімас; «Любоў і здрада», 1984, рэж. Л.Лазенас). Для маст. фільмаў гэтых часоў уласцівы актуальная праблематыка, яркая маст. форма: «Хроніка аднаго дня» (1963), «Ніхто не хацеў паміраць» (1965), «Гэта салодкае слова — свабода» (1972) В.Жалакявічуса; «Крокі ў начы» (1962), «Лесвіца ў неба» (1966), «Чэрвень, пачатак лета» (1969), «Абмен» (1977), «Палёт праз Атлантыку» (1983) Р.Вабаласа; «Апошні дзень канікул» (1964; прэміі міжнар. кінафестываляў у Лакарне 1965, у Канах 1966), «Прыгажуня» (1969), «Арэхавы хлеб» (1977) А.Жэбрунаса; «Пачуцці» (1968; прэмія міжнар. кінафестывалю ў Сан-Рэма 1975) А.Грыкявічуса і Даўсы; «Мужчынскае лета» (1970), «Расколатае неба» (1974), «Квітненне непасеянага жыта» (1978) М.Гедрыса; «Маленькая споведзь» (1972), «Злітуйся над намі» (1978) А.Арамінаса; «Жанчына і чатыры яе мужы» (1983) А.Пуйпы. З 1961 здымаюцца тэлефільмы: «Няскончанае апавяданне» (1966), «Тадас Блінда» (1972), «Кар’ера Дзічуса» (1980, усе рэж. Браткаўскас), «Уся праўда пра Калумба» (1970, рэж. Жалакявічус), «Смок і Малыш» (1975), «Багач бядняк» (1983, абодва рэж. Вабалас), «Прыгоды Калесышчыка» (1976, рэж. Жэбрунас), «Восень майго дзяцінства» (1977, рэж. Г.Лукшас), «Амерыканская трагедыя» (1981, рэж. Гедрыс) і інш. Сярод акцёраў: Р.Адамайціс, Д.Баніёніс, Ю.Будрайціс, Г.Кураўскас, А.Масюліс, Л.Нарэйка, Э.Плешкітэ, В.Томкус, Э.Шулгайтэ, А.Шурна і інш. У 1958 засн. Саюз кінематаграфістаў Л.
Беларусы ў Літве. З часоў ВКЛ да 1-й сусв. вайны сац.-эканам., нац. і культ. развіццё беларусаў і літоўцаў праходзіла ў адзінай дзярж. прасторы. Гал.бел. асяродкам тут здаўна была Вільня (гл.Вільнюс), дзе існавалі агульныя дзярж. і культ. ўстановы, у т. л. Віленскі ун-т, Віленская брацкая друкарня. Пасля далучэння. ў канцы 18 ст.бел. і літ. зямель да Рас. імперыі беларусы і літоўцы разам удзельнічалі ў нац.-вызв. руху (паўстанне 1794, т-вы філаматаў, філарэтаў і прамяністых, дзейнасць Ш.Канарскага і Ф.Савіча, паўстанне 1830—31, паўстанне 1863—64). Паводле перапісу 1897 на тэр. цяперашняй Л. жыло 70,3 тыс. беларусаў, яны складалі большасць насельніцтва Віленскай губ. (56%). У пач. 20 ст. ў Вільні дзейнічалі Віленскае мастацка-прамысловае таварыства, Віленскае мастацкае таварыства, выдавецтва «Нашай нівы», Беларускае выдавецкае таварыства (працягвала дзейнасць у 1919—30), Беларускі музычна-драматычны гурток, Беларускі настаўніцкі саюз, выдаваліся газеты «Наша доля» і «Наша ніва». У 1-ю сусв. вайну пасля акупацыі Л.герм. войскамі ў Вільні ў 1915 быў арганізаваны Беларускі клуб, у Коўне — Беларуская грамада. З абвяшчэннем незалежнасці Л. (люты 1918) дзейнасць бел. арг-цый на акупіраванай герм. войскамі тэр. Беларусі і Л. каардынавала Віленская беларуская рада (ВБР). Пасля дэнансацыі Брэсцкага міру 1918 прадстаўнікі ВБР увайшлі ў Літоўскую Тарыбу, створана Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У снеж. 1918 у Вільні, у канцы 1920 — кастр. 1923 у Каўнасе знаходзіўся ўрад БНР, у 1919—23 тут размяшчалася і дыпламат.Беларускае прадстаўніцтва. У чэрв. 1919 у Каўнасе сфарміраваны 1-я і 2-я асобныя бел. роты, якія разам з літ. часцямі ўдзельнічалі ў баях супраць сав. і польск. войск. У ліст. 1919 абедзве роты аб’яднаны ў Бел. батальён. У крас. 1920 ён пераўтвораны ў Бел. асобную роту, у снеж. 1920 зноў у Бел. асобны батальён, які да 1923 вёў антыпольск. партыз. вайну на тэр.Зах. Беларусі. У кастр. 1920 войскі польск. ген. Л.Жалігоўскага захапілі Вільню і Віленскі край (гл.Сярэдняя Літва) і ў пач. 1922 сейм зацвердзіў іх уключэнне ў склад Польшчы як Віленскае ваяводства. З гэтага часу і да канца 1939 Вільня была грамадскім, асветным і культ. цэнтрам Заходняй Беларусі. У 1923—24 у барацьбе супраць Польшчы з літ. бокам супрацоўнічаў «Бел. стралецкі саюз». У пач. 1920-х г. у Каўнасе дзейнічалі замежная група партыі бел. эсэраў, Беларускае сабранне, Беларускае брацтва і інш.; у Л. выходзіла значная колькасць беларускамоўных перыяд. выданняў. Пасля скасавання Мін-вабел. спраў Літвы (1923), пераемнікам якога намагаўся стаць Беларускі цэнтр (Каўнас), з-за непрыхільнага стаўлення ўлад Л. да бел.нац. праблем грамадская актыўнасць беларусаў у Л. паменшылася; да канца 1920-х г. тут былі закрыты амаль усе бел. школы. У 1930-я г. нац.-культ жыццё беларусаў у Л. зноў актывізавалася (гл.Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Каўнасе), адноўлены каўнаскі Бел.цэнтр. У пач. 2-й сусв. вайны, калі Вільня і Віленскі край былі перададзены ў склад Л. (кастр. 1939), спынілі дзейнасць віленскія Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз. У час акупацыі Л.ням.-фаш. войскамі (1941—44) яшчэ дзейнічалі Віленская беларуская гімназія, бел. настаўніцкая семінарыя, Беларускі музей у Вільні (закрыты ў 1945), выдавалася газ.«Беларускі голас» (рэд. Ф.Аляхновіч). Пасля вызвалення Л. частка беларусаў Віленшчыны на падставе літ.-польск. пагаднення аб узаемнай эвакуацыі насельніцтва ад 22.9.1944 перасялілася ў Польшчу. З 1945 у Л. па вярбоўцы, на новабудоўлі і інш. прыбывалі беларусы з БССР. Іх колькасць павялічылася тут з 30 тыс.чал. у 1959 да 63 тыс. у 1989, аднак арганізаванага нац. жыцця яны практычна не мелі. У Вільні працягвалі сваю дзейнасць П.Сергіевіч, З.Верас, Л.Луцкевіч, Я.Шутовіч і інш. Актывізацыя грамадскага жыцця бел.нац. меншасці ў Л. пачалася ў часы лібералізацыі грамадска-паліт. жыцця ў СССР (2-я пал. 1980-х г.), калі ўзнік шэраг бел.культ.-асв. арг-цый, у т. л.«Сябрына». З 1989 у Л. трансліруюцца бел. перадачы на радыё і тэлебачанні. Пасля абвяшчэння незалежнасці Л., Беларусі і развалу СССР у 1991—96 з Л. ў Рэспубліку Беларусь вярнулася больш за 7,6 тыс. беларусаў, у Л. з Беларусі пераехала 3,8 тыс. яе жыхароў. Паводле літ. стат. звестак, у сярэдзіне 1990-х г. у Л. (пераважна ў Віленскім краі) жыло больш за 50 тыс. беларусаў (1,5% насельніцтва краіны). У пач. 1998 культ.-асв. працу ў Л. (у Вільнюсе, Друскінінкаі, Вісагінасе, Шальчынінкаі, Швенчонісе і інш.) вялі 15 бел. арг-цый, у т. л.Т-вабел. культуры, Т-вабел. мовы. З 1993 у Вільнюсе дзейнічае бел. сярэдняя школа імя Ф.Скарыны, у Вісагінасе і інш. гарадах Л. праходзяць выстаўкі твораў мастакоў-беларусаў, фестывалі бел. песні, выдаецца беларускамоўная перыёдыка і інш. Забеспячэнне суродзічам умоў для свабоднага развіцця роднай мовы, захавання традыцый, выканання рэліг. абрадаў, абарону законных правоў грамадзян Беларусі ў Л. прадугледжвае Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Л. (1995), бел.-літ. міжурадавае пагадненне аб абароне сваіх грамадзян на тэр. абедзвюх краін (1996), аб гарантыі іх правоў у галіне пенсіённага забеспячэння (1994) і інш.
Літ.:
Кудаба Ч.П. Па Віліі: Падарожныя запісы: Пер. з літ.Мн., 1992;
Римантене Р. Палеолит и мезолит Литвы. Вильнюс, 1971;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.М., 1965;
Мулявичус Л., Ючас М. Некоторые вопросы генезиса капитализма в Литве. Вильнюс, 1968;
История Литовской ССР (С древнейших времен до наших дней). Вильнюс, 1978;
Навицкас К.В. Литва и Антанта (1918—1920 гг.). Вильнюс, 1970;
Революционное движение в Вильнюсском крае, 1920—1940: Док. и материалы. Вильнюс, 1978;
Очерки истории Коммунистической партии Литвы: Пер. с лит. Т. 1—2. Вильнюс, 1973—80;
Гедвилас М.А. Годы великого перелома (1940—1945): Пер. с лит. Вильнюс, 1979;
История литовской литературы. Вильнюс, 1977;
Кубилюс В. Современная литовская поэзия. М., 1969;
Ланкутис Й. Панорама литовской советской литературы. Вильнюс, 1975;
Писатели Советской Литвы: [Биоблиогр. словарь). Вильнюс, 1978;
Мальдзіс А. Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;
Лапінскене А., Мальдзіс А. Перазовы сяброўскіх галасоў. Мн., 1988;
Червонная С., Богданас К. Искусство Литвы. Л., 1972;
Ясюлис Л. Изобразительное искусство Литовской ССР: Живопись. Театрально-декорационное искусство. Скульптура. Графика. Монументально-декоративное искусство: [Альбом]. М., 1978;
Литовская графика: [Альбом]. Вильнюс, 1982;
Гаудримас Ю. Из истории литовской музыки. Т. 1—3. М.; Л., 1964—78;
Ландсбергис В. Основные этапы развития литовской музыкальной культуры (возможности периодизации) // Прибалтийский музыковедческий сборник. Вильнюс, 1982. [Вып.] 1;
Мальцене М.М. Кино Советской Литвы. Л., 1980;
Горлов С.А. СССР и территориальные проблемы Литвы // Военно-ист. журн. 1990 № 7. Ружанцаў А. Беларускія войскі ў Літве 1918—1920 // Спадчына. 1993. №4;
Езавітаў К Беларусы ў Літве. Рыга, 1932. Łatyszonek O. Bialoruskie formacje wojskowe, 1917—1923. Bialystok, 1995.
В.М.Корзун (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.Л.Дзікаселіс, Р.Ч.Лянькевіч (гісторыя, узброеныя сілы), А.П.Лапінскене (літаратура), Т.Р.Мартыненка (архітэктура), С.У.Пешын (выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка), Г.Г.Сяргеева, В.А.Астрога (беларусы ў Літве).
Герб і сцяг Літвы.Да арт.Літва. У наваколлі Вільнюса.Да арт.Літва. Каўнаскі замак.Да арт.Літва. Палац Радзівілаў у Вільнюсе.Да арт.Літва. Панарама Клайпеды.Да арт.Літва. Інтэр’ер касцёла святых Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільнюсе. 1668—76.Да арт.Літва. Замак у Раўдоне. Канец 16 ст.Да арт.Літва. Кафедральны сабор св. Станіслава ў Вільнюсе. 1777-1801. Арх. Л.Стуака-Гуцявічус.Да арт.Літва. Былы палац Тышкевічаў (цяпер Музей бурштыну) у г. Паланга. 1897. Арх. Ф.Швехтэн.Да арт.Літва. Помнік М.Чурлёнісу ў г. Друскінінкай 1975. Скульптар В.Вільджунас.Да арт.Літва. Вятрак у вёсцы Абеляй каля г. Рокішкіс. Пач. 20 ст.Да арт.Літва. Святы Юргіс. Народная скульптура. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Літва. М.Чурлёніс. Саната мора. Фінал. 1908.Да арт.Літва. П.Калпокас. Лесвіца ў Цівалі. 1927.Да арт.Літва. П.Александравічус. Пісьменніца Юлія Жэмайтэ. 1950.Да арт.Літва. А.Стошкус. Вітраж «Літва». 1956—57.Да арт.Літва. В.Юркунас. Буду даяркай. 1960.Да арт.Літва. Ю.Мікенас. Першыя ластаўкі. 1964.Да арт.Літва. Э.Фрэюс. Анёл. 1998.Да арт.Літва. Сцэна з балета «Дон Кіхот» Л.Мінкуса.Да арт.Літва. Каўнаскі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Дрозд — птах зялёны» Б.Кутавічуса і С.Гяды.