вайна паміж Расіяй і Японіяй за перадзел сфер уплыву на Д.Усходзе, за панаванне ў Паўн.-Усх. Кітаі і Карэі. Узнікла ва ўмовах абвастрэння рас.-яп. супярэчнасцей у канцы 19 — пач. 20 ст. З абодвух бакоў насіла захопніцкі характар. У выніку япона-кітайскай вайны 1894—95 Японія захапіла ч.тэр. Кітая. Расія ў 1896 заключыла дагавор з Кітаем на буд-ваКітайскай Чанчуньскай чыгункі, у 1898 узяла ў арэнду Квантунскі п-аў з Порт-Артурам (Люйшунем), у час задушэння Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901) акупіравала Маньчжурыю. Інш. дзяржавы, занепакоеныя ўзмацненнем пазіцый Расіі і Японіі ў Кітаі, імкнуліся падштурхнуць абедзве краіны да ваен. канфлікту. Англа-яп. пагадненне 1902 спрыяла падрыхтоўцы Японіі да вайны. Пра свой нейтралітэт у гэтым канфлікце заявілі Германія і Францыя. Расія лічыла Японію слабым праціўнікам і спадзеючыся на лёгкую перамогу, не рыхтавалася належным чынам да вайны. Сілы Японіі ў пач. вайны на Д.Усходзе значна пераўзыходзілі расійскія: яп. армія налічвала больш за 375 тыс.чал., 1140 гармат, 147 кулямётаў, флот — 80 баявых караблёў, што ў 3 разы перавышала рас. войскі ў жывой сіле, у 8 разоў у артылерыі, у 18 разоў у кулямётах, у 1,3 раза ў караблях. Рас. план прадугледжваў часткай войск стрымліваць яп. армію, абараняць Порт-Артур, потым перайсці ў наступленне, разграміць праціўніка і высадзіцца на Японскіх астравах. Японцы меркавалі нечаканым ударам знішчыць рас. флот, перакінуць войскі на мацярык, захапіць рас.ваен.-марскую базу Порт-Артур і разграміць рас. армію ў Маньчжурыі. Вайна пачалася нечаканым нападам у ноч на 9.2.1904 яп. флоту на рас. эскадру ў Порт-Артуры (гл.Порт-Артура абарона 1904—05): У карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон) яп. флот напаў на крэйсер «Вараг» і кананерскую лодку «Карэец». Пасля цяжкага бою пашкоджаны «Вараг», затоплены камандай, а «Карэец» узарваны. Праз суткі Японія афіц. абвясціла вайну Расіі. Яп. флот заблакіраваў рас. эскадру ў Порт-Артуры, перакінутыя на мацярык сухап. войскі ў крас. 1904 пачалі актыўныя дзеянні. Пасля баёў на р. Ялу, каля Цзіньчжоў і Вафангоў (крас.—чэрв. 1904) рас. армія пакінула Карэю і Ляадунскі п-аў. Баі на сушы і моры сведчылі пра няўзгодненасць дзеянняў рас. вышэйшага камандавання (ген. А.М.Курапаткін, адм. Я.І.Аляксееў і інш.). Рас. армія пацярпела паражэнне і пад Ляаянам (гл.Ляаянская бітва 1904). З абложанага Порт-Артура рас. эскадра спрабавала прарвацца ва Уладзівасток, але беспаспяхова. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага р-на А.М.Стэсель здаў крэпасць Порт-Артур. Паражэнне рас. арміі ў Мукдэнскай бітве 1905, разгром 2-й рас. Ціхаакіянскай эскадры ў Цусімскім баі 1905 выклікалі незадавальненне насельніцтва, што паскорыла пачатак рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У выніку абодва бакі апынуліся ў цяжкім эканам. становішчы. Паводле Портсмуцкага мірнага дагавора 1905 Японія набыла перавагу ў Карэі, ёй перададзена паўд.ч. Сахаліна, арэндныя правы Расіі на Квантунскую вобл. (з Порт-Артурам) і ветку Кітайскай Чанчуньскай чыг.Рас.-яп. пагадненне дало Японіі права рыбалоўства ўздоўж усяго далёкаўсходняга ўзбярэжжа Расіі. У гэтай вайне ўдзельнічалі і таленавітыя рас. военачальнікі (С.В.Макараў, Р.І.Кандраценка), масавы гераізм паказалі салдаты і матросы, многія афіцэры і генералы, сярод якіх вызначыліся і ўраджэнцы Беларусі. У вайне ўпершыню ўжыта скарастрэльная зброя — гарматы і кулямёты, з’явіліся мінамёты і ручныя гранаты, набыты вопыт выкарыстання ў ваен. мэтах радыё, аэрастатаў, пражэктараў і інш.
Літ.:
История русско-японской войны, 1904—1905 гг.М., 1977;
Тайны русско-японской войны. М., 1993;
О.Митрофан Сребрянский. Дневник полкового священника, служащего на Дальнем Востоке. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРГЕ́НЕЎ Іван Сяргеевіч (9.11.1818, г. Арол, Расія — 3.9.1883),
рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1860). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1833—34), скончыў Пецярбургскі ун-т (1837). Літ. дзейнасць пачаў як паэт — рамант. вершы і паэма «Сцяно» (нап. 1834, апубл. 1913). На фарміраванне яго літ.-эстэт. поглядаў паўплываў В.Бялінскі. Пад уплывам натуральнай школы напісаў паэму «Памешчык» (1846), аповесць «Петушкоў» (1848), пачаў развенчваць рамантычнага, «дэманічнага» героя (аповесці «Андрэй Коласаў», 1844; «Тры партрэты», 1846; «Брэтэр», 1847). У цыкле апавяданняў «Запіскі паляўнічага» паказ духоўных якасцей і адоранасці рус. сялянства, паэтызацыя прыроды. У гогалеўскіх традыцыях напісаны п’есы «Безграшоўе» (1846), «Нахлебнік» (1848, апубл. 1857), «Месяц у вёсцы» (1855), «Снеданне ў прадвадзіцеля» (паст. 1849) і інш. Сацыяльныя, маральныя і духоўныя праблемы ў аповесцях «Муму» (1854), «Заезны дом» (1855). У лірыка-філас. аповесцях «Дзённік лішняга чалавека» (1850), «Паездка ў Палессе» (нап. 1853—57), «Зацішша» (1854), «Якаў Пасынкаў» (1855), «Перапіска», «Фауст» (абедзве 1856), «Ася» (1858), «Першае каханне» (1860) тып «лішняга чалавека», псіхалагічна глыбокія жаночыя характары, гісторыі трагічнага, нераздзеленага кахання. У рамане «Рудзін» (1856) тэма «лішняга чалавека» раскрыта глыбей і шырэй. Адно з найвялікшых яго маст. дасягненняў — раман «Дваранскае гняздо» (1859). У аснове рамана «Напярэдадні» (1860) думка пра неабходнасць свядома-гераічнай асобы. Раман «Бацькі і дзеці» (1862) пра ідэйныя, сац., філас., эстэт. спрэчкі 1860-х г. Пазней у творах Т. з’явіліся песімістычныя настроі (аповесці «Здані», 1864; «Даволі», 1865; раман «Дым», 1867). У перыяд народніцкага руху вярнуўся да вобраза «лішняга чалавека» (аповесць «Веснавыя воды», 1872) і гераічнай тэмы (раман «Новае», 1877). У кн. «Вершы ў прозе» (ч. 1, 1882) роздум над жыццём, сутнасцю паэзіі. Т. — мастак-рэаліст, тонкі псіхолаг, пранікнёны лірык. Яго творчасць паўплывала на развіццё сусв. л-ры. У 19 — пач. 20 ст. ўрыўкі з яго твораў перадрукоўваліся ў газетах, што выходзілі на Беларусі. Шырока адзначыла бел.дэмакр. грамадскасць яго юбілейныя даты. Першыя пераклады твораў Т. на бел. мову апублікаваны ў газ. «Наша ніва». З 1860-х г. п’есы Т. вядомы бел. гледачу. Іх паказвалі мясц. і прыезджыя тэатр. калектывы; п’есы «Нахлебнік», «Безграшоўе» і «Месяц у вёсцы» былі і ў рэпертуары бел. аматарскіх калектываў. Інсцэніроўкі рамана «Напярэдадні» былі ўвасоблены на сцэнах Бел.т-ра імя Я.Коласа (1950), Гродзенскага абл.драм.т-ра (1952), рамана «Дваранскае гняздо» — абл.драм. т-раў Брэсцкага (1950) і Пінскага (1953), п’еса «Месяц у вёсцы» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1996). На Бел. тэлебачанні паводле твораў Т. паст. фільмы «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975), «Зацішша» (1982), «Бацькі і дзеці» (1984). Творчасць пісьменніка даследавалі бел.літ.-знаўцы А.Вазнясенскі, І.Замоцін. На бел. мову асобныя творы Т. пераклалі Я.Сіпакоў, Я.Шарахоўскі, У.Шахавец, В.Шашалевіч, А.Якімовіч і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч. и писем. Т. [1—28]. М., 1960—68;
Полн. собр. соч.: В 30 т. Т. [1—24], 2 изд. М., 1978—2001;
Бел.пер. — Выбр. апавяданні. Мн., 1947;
Апавяданні. Мн., 1937;
Апавяданні. Мн., 1939;
Запіскі паляўнічага. Мн., 1951;
Рудзін;
Напярэдадні. Мн., 1952;
Вершы ў прозе. Мн., 1994.
Літ.:
Замоцін І. І.С.Тургенеў // Зап. Ін-та літаратуры і мастацтва БелАН. 1934. Кн. 2;
Пустовойт П.Г. И.С.Тургенев — художник слова. М., 1980;
И.С.Тургенев в воспоминаниях современников. Т. 1—2. 2 изд. М., 1983;
Муратов А.Б. Тургенев-новеллист (1870—1880-е г.). Л., 1985;
Роман И.С. Тургенева «Отцы и дети» в русской критике. Л., 1986;
Вишневская И.Л. Театр Тургенева: (Некоторые пробл. интерпретации классики на сов. сцене). М., 1989;
Набоков В.В. Лекции по русской литературе: Чехов, Достоевский, Гоголь, Горький, Толстой, Тургенев: Пер. с англ.М., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«УЗВЫ́ШША», Беларускае літаратурна-мастацкае згуртаванне «Узвышша», аб’яднанне бел. пісьменнікаў у 1926—31. Створана 26.5.1926 (статут прыняты 20.8.1926, зацверджаны 2.12.1926) па ініцыятыве А.Бабарэкі, З.Бядулі, У.Дубоўкі, К.Крапівы, Я.Пушчы, К.Чорнага. У згуртаванне ўваходзілі: К.Чорны, К.Крапіва (нам. старшыні і скарбнік), Бабарэка (сакратар), А.Адамовіч, З.Бядуля, П.Глебка, С.Дарожны, Дубоўка, У.Жылка, Л.Калюга, Т.Кляшторны, Ф.Купцэвіч, М.Лужанін, А.Мрый (А.Шашалевіч), Я.Пушча, В.Шашалевіч і інш. Выдавала час.«Узвышша», літ.зб-кі. На ідэйна-маст. платформу «У.» станоўча паўплывала літ. група «Перавал» (існавала ў Маскве, выступала за высокую эстэт. культуру творчасці). На 1-м этапе (май 1926 — снеж. 1929) аформілася ідэйна-эстэт. аблічча «У.». Ідэя-праект абгрунтавана Бабарэкам на пасяджэнні Цэнтр. бюро «Маладняка» (26.5.1926), дзе разглядалася заява пра выхад са складу гэтага аб’яднання. Заснавальнікі «У.» не пагаджаліся з пралеткультаўскімі тэндэнцыямі (гл.Пралеткульт), якія выявіліся ў недаацэнцы маст. спадчыны, тэорыі «калектыўнай творчасці», што вяла да збяднення літ. майстэрства і прафесійнай падрыхтоўкі. Ідэйна-эстэт. платформа «У.» абвешчана ў праграмнай заяве (тэзісах) «Ад беларускага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша» (1927), якая ўключала крытычны аналіз становішча тагачаснай бел. л-ры (спадчына яе заснавальнікаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш., творчасць маладых пісьменнікаў, якія недаацэньвалі або зусім не прызнавалі літ. традыцыю і не ўзнялі л-ру на новую маст. ступень), крытыку «маладнякізму» як літ.-асв. кірунку. На думку членаў «У.», дасягнуць вышыні нац. л-ры магчыма было шляхам вучобы і выхавання талентаў, пераадолення эпігонскіх тэндэнцый і стварэння арыгінальнай школы літ. мастацтва праз развіццё высокай культуры мовы, апору на аўтэнтычны фальклор і класічную л-ру, арганічнае спалучэнне рэаліст. тэндэнцый са смелым наватарствам, шырокае выкарыстанне маст. сімволікі, канцэнтраваную вобразнасць, нац.-спецыфічную тэматыку, цэласнасць і канцэптуальнасць творча-маст.мыслення, разнастайнасць форм і стыляў. Заснавальнікі «У.» абгрунтавалі маст. кірунак нац. л-ры аквітызм (ад лац. aqua vita жывая вада) — развіццё традыцый нац. адраджэння і творчае выкарыстанне навацый сусв.маст. культуры. На 2-м этапе (студз.—кастр. 1930) у выніку рэпрэсій супраць ідэйных лідэраў «У.», нападак вульгарна-сацыялагічнай крытыкі прынята «Пастанова беларускага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша» пра палітычныя памылкі ў літаратурна-публіцыстычнай творчасці» (1930). У ёй адзначаюцца недакладныя фармулёўкі ў асобных артыкулах Дубоўкі, Купцэвіча, К.Чорнага і інш., перабольшанне нац. моманту. У арт. «Пралетарскім шляхам» кіраўнікі «У.» вымушаны былі адмовіцца ад «нашаніўскіх традыцый старэйшага пакалення пісьменнікаў», абяцалі разгарнуць самакрытыку, глыбей засвоіць асн. палажэнні марксізму-ленінізму, пераадолець у сваёй свядомасці «дробнабуржуазную сялянскую хісткую псіхалогію», уключыцца ў барацьбу за калектывізацыю вёскі і ўзгадняць літ. дзейнасць з працай грамадскіх арг-цый. Адначасова адзначалася, што «У.» дало «шэраг выдатных мастацкіх твораў, блізкіх пралетарыяту». На 3-м этапе (1931) пасля арышту і ссылкі Бабарэкі, Дубоўкі, Пушчы, Жылкі і інш. агульны сход аб’яднання прыняў рашэнне аб ліквідацыі «У.». Вульгарна-сацыялагічная крытыка 1930 — пач. 1950-х г. поўнасцю адмаўляла значэнне «У.» ў станаўленні бел.сав. л-ры, адносіла аб’яднанне да варожых сацыялізму арг-цый. Толькі ў 2-й пал. 1960-х—1990-я г.навук.літ.-знаўства аб’ектыўна ацаніла ўклад «У.» ў развіццё л-ры, маст. культуры і эстэт. думкі Беларусі.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975;
Скарыніч: Літ.-навук. гадавік. Мн., 1999. Вып. 4. С. 5—190;
Илькевич Н.Н. Адам Бабарека: Арест—лагерь—смерть. Смоленск, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІЯ ГЛЕБ
Першыя абагульненыя звесткі пра геаграфію глеб Беларусі вядомы з пач. 19 ст. (працы М.М.Ачапоўскага). Геаграфія глеб у асноўным вызначаецца характарам рэльефу і клімату. Яе пытанні з 1840 вывучалі супрацоўнікі (А.В.Саветаў, І.А.Сцебут і інш.) Горы-Горацкай земляробчай школы (у 1848 пераўтворана ў земляробчы ін-т). Вывучэнне геаграфіі глеб Бел. Палесся актывізавалася ў час работы Зах. экспедыцыі І.І.Жылінскага (1873—98).
У пач. 20 ст. цэнтрам вывучэння геаграфіі глеб Беларусі стаў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, у якім у 1921 адкрыта кафедра глебазнаўства. У 1922—23 супрацоўнікі гэтай кафедры Я.М.Афанасьеў, П.А.Кучынскі, А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, Г.У.Пратасеня вывучалі глебы асобных раёнаў Магілёўшчыны і Віцебшчыны. У 1923—24 даследаванні глеб Беларусі праводзілі супрацоўнікі Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі (Мінск): Г.М.Высоцкі, В.Г.Касаткін, П.П.Рагавой, С.І.Сакалоў і студэнты І.С.Лупіновіч, У.М.Пілько, І.К.Ярашэвіч. Па выніках іх працы В.Г.Касаткін склаў першую глебавую карту Мінскай губ. (6 паветаў) і напісаў нарыс «Пра глебы Беларусі». У 1927—28 вывучаліся глебы Віцебскай і Бабруйскай акруг (М.П.Булгакаў, А.Р.Мядзведзеў), Магілёўскай (П.А.Кучынскі), Мазырскай і Слуцкай (П.П.Рагавой) і інш.
У 1930-я г. геаграфію глеб Беларусі даследавалі М.П.Булгакаў, А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, В.Н.Чацверыкоў і інш. Абагульняльнай з’явілася навук. праца А.Р.Мядзведзева «Характарыстыка прыродна-гістарычных умоў Палескай глебавай правінцыі і Віцебска-Пскоўскай акругі Заходняй глебавай правінцыі» (1940). Цэнтрамі геагр. глебавых даследаванняў былі Ін-т аграглебазнаўства АН Беларусі (адкрыты ў 1931) і кафедра глебазнаўства БДУ (заснавана ў 1933). Вынікам глебава-геагр. даследаванняў 1930—40-х г. стала глебавая карта маштабу 1:1 200 000 (1949, пад рэд. І.С.Лупіновіча) і манаграфія «Глебы БССР» (1952, пад рэд. І.С.Лупіновіча і П.П.Рагавога).
У 1957 пачаліся буйнамаштабныя глебавыя даследаванні тэр. Беларусі. Кіравалі гэтымі работамі: М.П.Булгакаў, С.К.Вайцяховіч, В.Ф.Клебановіч, Г.Ф.Кулеш, Т.А.Раманава, І.М.Салавей, М.І.Смяян. Да 1964 завершаны першы тур буйнамаштабнага картаграфавання глеб, усе калгасы і саўгасы атрымалі глебавыя карты (1:10 000), пачалі складаць глебавыя карты раёнаў (1:50 000) і абласцей (1:200 000). Акрамя супрацоўнікаў Ін-та глебазнаўства і аграхіміі вывучэннем геаграфіі глеб Беларусі займаліся работнікі «Белдзіпралеса» (В.І.Блінцова, В.І.Герлах, А.С.Пухоўскі, Ф.В.Тарасевіч, А.Р.Штэйнбок і інш.).
Вынікам шматгадовых даследаванняў геаграфіі глеб сталі буйнамаштабныя глебавыя карты ўсіх гаспадарак і абагульняльная глебавая карта тэр. Беларусі (1:600 000, пад рэд. Т.Н.Кулакоўскай і П.П.Рагавога, 1974). Праведзена глебава-геагр. раянаванне тэр. Беларусі (Н.І.Салавей, М.І.Смяян), напісаны манаграфіі і падручнікі. У цяперашні час Беларусь мае найбольш поўную сярод краін СНД вывучанасць геаграфіі глеб як с.-г., так і лясных тэрыторый.
Каардынатарам работ па вывучэнні геаграфіі глеб Беларусі з’яўляецца НДІ глебазнаўства і аграхіміі АН Беларусі (Т.А.Раманава, М.І.Смяян і інш.). Вывучэннем глебавага покрыва займаюцца «Белдзіпразем» і яго абласныя філіялы, БСГА, кафедра глебазнаўства і н.-д. лабараторыя экалогіі ландшафтаў БДУ, «Белдзіпралес», «Белдзіправадгас».
Літ.:
Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;
Аношка В.С. Гісторыя развіцця глебазнаўства на Беларусі. Мн., 2000;
Геаграфія глеб з асновамі глебазнаўства. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ
Першыя звесткі па эканам. геаграфіі асобных гарадоў Беларусі (Віцебск, Полацк) паявіліся ў летапісах 11 ст. і ў пісцовых кнігах Пінскага і Клецкага княстваў, Гродзенскай эканоміі (16 ст.), у польскай літаратуры 17—18 ст., у працах К.І.Арсеньева па эканам. раянаванні Характарыстыка бел. губерняў маецца ў ваенна-статыстычным аглядзе Рас. імперыі за 1848—52. У 1861—64 і 1883—86 выдадзены працы па асобных губернях і гарадах (П.В.Баброўскі, А.С.Дэмбавецкі, І.Зяленскі, М.В.Каяловіч, А.Г.Кіркор, А.П.Сапуноў, А.М.Семянтоўскі). Эканоміка-геагр. звесткі збіраў Паўн.-Зах. аддзел рускага геагр. таварыства. Грунтоўныя звесткі па эканам. геаграфіі і статыстыцы пазямельнай маёмасці асобных частак Беларусі даў у сваіх працах П.П.Сямёнаў-Цян-Шанскі.
Развіццё эканам. геаграфіі як навукі пачалося ў 20 ст. Першыя эканоміка-геагр. даследаванні тэр. Беларусі праводзіліся ў сувязі з планам ГОЭЛРО, работамі Дзяржплана і Камісіі ВЦВК (1921—22) па раянаванні краіны, з будаўніцтвам Бел.ДРЭС, развіццём і размеркаваннем асобных галін прамысловасці. У 1920-я г. выкананы работы з аналізам нац. даходу, складу насельніцтва (Г.І.Гарэцкі), класіфікацыяй гар. паселішчаў (М.В.Азбукін). У 1919 выдадзена праца А.А.Смоліча «Геаграфія Беларусі» (перавыдавалася ў 1922, 1923, 1993). Уклад у эканоміка-геагр. навуку зрабілі вучоныя АН Беларусі і ВНУ пры складанні планаў развіцця нар. гаспадаркі ў даваенныя часы. У 1930-я г. пачалося комплекснае вывучэнне Палесся. Уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР патрабавала комплекснага геагр. вывучэння зах. раёнаў. У 1934 пры БДУ створана кафедра эканам. геаграфіі. У 1940 выдадзена кніга Я.Г.Ракава і В.А.Дзяменцьева «Эканамічная геаграфія БССР», дзе ўпершыню комплексна апісаны прырода, насельніцтва і гаспадарка рэспублікі. Даследаваліся асобныя галіны прамысловасці: тарфяная (М.Т.Раманоўскі), ільняная (І.І.Трухан), піўная (С.П.Маргелаў).
У пасляваенныя гады праблемы эканам. геаграфіі вывучаліся і распрацоўваліся ў НДІ эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання, у Ін-це эканомікі АН Беларусі, на кафедрах эканам. геаграфіі БДУ, Ін-та нар. гаспадаркі, Брэсцкага, Магілёўскага і Мінскага пед. ін-таў. У 1958—73 надрукаваны гісторыка-эканам. нарыс пра гарады Беларусі (Слуцк, Асіповічы, Магілёў, Гомель, Віцебск, Брэст, Гродна, Бабруйск, Орша, Маладзечна, Рэчыца, Пінск, Мазыр і інш.). У 1962 вучоныя БДУ апублікавалі эканоміка-геагр. даследаванні пра вобласці Беларусі (А.С.Акінчыц, В.П.Барадзіна, С.М.Мельнічук). У 1969 выходзіць манаграфія М.Т.Раманоўскага «Развіццё мануфактурнай прамысловасці Беларусі (другая палавіна 18 — першая палавіна 19 ст.)». У 1970—90-я г. даследуюцца народная гаспадарка (Я.М.Александровіч, Г.П.Астапенка, Я.Г.Гуцаў, П.І.Рогач, У.С.Шаплыка), прамысл. вузлы і вялікія прадпрыемствы (А.Я.Малышаў, Л.А.Паўловіч), харч. прамысловасць (У.І.Гладкі, Ф.С.Фешчанка), фарміраванне і тэр. арганізацыя абл.АПК (У.У.Некрыш), сельская гаспадарка (Р.А.Жмойдзяк, Н.І.Жураўская, Ф.С.Марцінкевіч, У.Я.Навуменка, Г.С.Смалякоў), размяшчэнне насельніцтва і населеных пунктаў (А.У.Багдановіч, С.А.Польскі, Л.І.Спіжанкоў), выдаюцца падручнікі для ВНУ і сярэдняй школы (К.Р.Кірыенка, С.І.Сідор, І.І.Трухан).
У наш час вядуцца работы па праблемах сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі (Л.В.Казлоўская), па вывучэнні сусв. эканомікі, геапалітыкі (І.І.Пірожнік), эканомікі выкарыстання прыродных рэсурсаў (А.У.Тамашэвіч), рэкрэацыйнай геаграфіі (У.М.Зайцаў, Г.Р. Патаева, І.І.Пірожнік, Т.А.Федарцова), дэмаграфіі і геаграфіі насельніцтва (К.А.Анціпава, Б.А.Манак).
Літ.:
Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі: Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення. Мн., 1992;
Пирожник И.И. Международный туризм в мировом хозяйстве. Мн., 1996;
Социально-экономическая география Республики Беларусь. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯНДАРНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ
— адзін з самых развітых, рэпрэзентатыўных відаў вусна-паэт. творчасці народа. Яна суправаджала духоўнае жыццё і працу земляроба на працягу ўсяго года. Сімвалічныя паводле сэнсу каляндарныя абрады, песні, прыкметы і павер’і з’яўляліся своеасаблівымі каардынатамі жыцця традыцыйнага грамадства, яго працоўнай дзейнасці. У каляндарна-абрадавым фальклоры арганічна ўвасоблены светапогляд народа, яго маральна-этычныя ідэалы, менталітэт. Генетычныя вытокі каляндарна-абрадавай творчасці ў перыядзе індаеўрапейскай супольнасці і часткова неаліце. Назіранні стараж. чалавека за гадавым кругаваротам у прыродзе склаліся ў сістэму міфапаэтычных поглядаў, якія ўвасобіліся ў абрады, рытуалы і песні. Фарміраваўся бел. абрадавы фальклор ужо на ўзроўні этнаплемянной культуры. За час станаўлення бел. народнасці ён дасягнуў вяршыні свайго развіцця. Каляндарна-абрадавая паэзія ў залежнасці ад сезонных перыядаў падзяляецца на веснавы, летні, восеньскі і зімовы цыклы.
Веснавы цыкл пачынаўся абрадамі, песнямі і ігрышчамі т.зв. сырнага тыдня з яго магічнай мэтавай устаноўкай праводзін зімы і набліжэння вясны. Рытуалы і вербальнае суправаджэнне Масленіцы характарызавалася дынамічнасцю, песенныя мелодыі сведчылі пра прыналежнасць фалькл.-этнагр. комплексу масленічнага тыдня да веснавога цыкла. Асобную разнавіднасць веснавой абраднасці і песеннай культуры складалі магічныя абрады і песні заклікання вясны, песні-заклічкі (вяснянкі). Вяршыня паэт. культуры беларусаў у веснавым цыкле — песні валачобнікаў. Асаблівасць веснавога каляндарнага перыяду — песні і абрады веснавой талакі. Да гэтага цыкла належаць юраўскія абрады і песні, функцыянальна скіраваныя на захаванне статка ад памору і драпежных звяроў, а таксама на забеспячэнне ўрадлівасці нівы; куставыя і русальныя абрады з іх песнямі. Культ расліннасці і культ продкаў, каханне і шлюб, узаемаадносіны нявесткі і свекрыві — асноўныя матывы траецкіх (сёмушных) песень, якія завяршалі веснавы цыкл.
Летні цыкл каляндарнага фальклору адлюстраваў клопат пра захаванне ўраджаю. Сярод нар. паэзіі гэтага перыяду вылучаецца этапны ў гадавым кругавароце абрад Купалля і яго песні, што функцыяльнальна былі скіраваны на магічную ахову палеткаў і гаспадаркі ад ірацыянальных сіл, перадавалі радасць моладзі з выпадку свята ў гонар летняга сонцастаяння, росквіту жыватворных сіл зямлі. Многія песні Купалля мелі гумарыстычную афарбоўку. У пятроўскіх песнях паэтычна ўвасоблены вобразы закаханых, прыгажосць прыроды. Тэматычна разнастайныя жніўныя песні, якія ўслаўлялі жней, поле, багаты ўраджай; перадавалі атмасферу цяжкай працы, сац. ўзаемаадносіны. Да летняга перыяду адносяцца таксама працоўна-магічныя паводле функцыянальнасці абрады пакрывання поля, зажынак, дажынак. Паэтычна-вобразным багаццем вылучыліся песні жніўнай талакі, дажынкавыя песні.
Восеньскі цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі ўключае ярынныя песні, або «яравое жніво», якія спявалі пры ўборцы яравых, ільняныя і канапляныя песні. Невялікая група паэт.-музычных твораў выконвалася пры збіранні ягад, грыбоў, арэхаў. У часавых рамках восеньскай каляндарнай лірыкі развілася нізка песень праводзін навабранцаў у войска.
Зімовы цыкл пачынаўся піліпаўскімі песнямі, што суправаджалі калектыўнае прадзіва. Ядро цыкла склалі аграрныя абрады Каляд і іх песні, якія былі закліканы прэвентыўна садзейнічаць ураджаю і дабрабыту ў гаспадарцы. Асноўнае месца сярод песень каляднай абраднасці займалі калядкі і шчадроўкі. Вечарам першага дня Каляд абрадавыя гурты хлопцаў і мужчын выконвалі вітальна-віншавальныя песні-калядкі. У навагоднюю ноч (на шчадрэц) гурты пераважна дзяўчат і жанчын рабілі абрадавыя абыходы двароў са спяваннем рытуальных песень-шчадровак.
Фалькл.-этнагр. комплексы ўсіх каляндарна-абрадавых цыклаў уключалі таксама рытуалы памінання продкаў. Жанравая сістэма бел. каляндарна-абрадавага фальклору налічвае больш за 25 песенных разнавіднасцей; яна выдатна распрацавана, добра захавалася. Асобныя жанравыя падвіды абрадавай паэзіі існуюць і ў наш час. Іншыя набылі рэкрэацыйную форму ўжытку. Выйшлі тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Жніўныя песні» (1974, укладальнікі А.Ліс, В.Ялатаў), «Зімовыя песні. Калядкі і шчадроўкі» (1975, укладальнікі А.Гурскі, З.Мажэйка), «Веснавыя песні» (1979 і «Валачобныя песні» (1980, укладальнікі абодвух Г.Барташэвіч, Л.Салавей, В.Ялатаў), «Восеньскія і талочныя песні» (1981, укладальнікі А.Ліс, С.Асташэвіч, В.Ялатаў), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985, укладальнікі А.Ліс, С.Асташэвіч, Г.Таўлай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕЙНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ
звязана з нараджэннем, шлюбам і пахаваннем чалавека, Ахоплівала сферу сямейных адносін, працоўную дзейнасць чалавека, яго побыт і жыццё, сац. і маральна-этычныя ідэалы, абрады і звычаі. Складвалася пад уплывам язычніцтва, пазней — хрысціянства. У беларусаў найлепш захавалася радзінная паэзія са спецыфічна нац. ў ёй хрэсьбіннымі песнямі. Гал. дзеючыя персанажы радзіннай абраднасці: парадзіха, бабка-павітуха, бацька нованароджанага, кум, кума. Засцерагальныя абрады і песні павінны былі ахоўваць здароўе парадзіхі і дзіцяці, а таксама забяспечыць шчаслівую долю нованароджанага, якая паводле нар. перакананняў залежала ад бабкі-павітухі, кумоў. У хрэсьбіннай паэзіі вылучаліся заклінальныя, велічальныя, жартоўныя і бяседныя песні, прыгаворкі, зычэнні, тосты. Хрэсьбінныя жартоўныя песні развейвалі ідэальныя вобразы ўдзельнікаў урачыстага застолля. Найб. старажытныя — заклінальныя і велічальныя песні, якія вызначаліся ўстойлівай традыцыйнасцю вобразаў-персанажаў, паэтыкі, мелодыкі. Велічальныя песні багатыя на эпітэты, параўнанні. Асабліва каларытна абмалёўваўся вобраз бабкі, шанаванне якой падкрэслівалася трапнымі параўнаннямі. Песні пра кума і куму часта мелі жартоўна-эратычны характар. Большасць заклінальных песень звернута да бабкі, раскрываюць яе дзеянні, што скіраваны забяспечыць шчаслівую долю немаўляці; у многіх песнях яна заклінае пра гэта Бога. У застольна-бяседных творах адлюстроўваліся гасціннасць гаспадароў, урачыстасць падзеі, нацыянальна-адметныя традыцыі.
Вясельныя песні, прыпеўкі, прыгаворкі, тосты беларусаў суправаджалі сватанне, заручыны, выпяканне каравая, пасад і інш. этапы вяселля. У многіх выпадках падказвалі наступныя рытуальныя дзеянні. Песні, зычэнні, тосты, што выконвалі асноўныя ўдзельнікі шлюбнай урачыстасці, павінны былі магічна спрыяць шчасцю маладых, іх дабрабыту. У час суборнай суботы (дзявочы вечар) спявалі песні з матывамі адшукання руты, каліны для вяночка, завівання вянка, развітання з сяброўкамі, непазбежнасці расставання з бацькамі. Традыцыйна склаўся каравайны рытуал з песнямі, у якіх гіпербалізуецца колькасць выкарыстаных прадуктаў, персаніфікуюцца каравай (сімвалізаваў жаніха і нявесту), печ, дзяжа, лапата і інш.; каларытна малююцца вобразы каравайніц. Спявалі песні, у якіх гучала скарга нявесты, павянчанай з нялюбым. Сумам прасякнуты песні нявесты-сіраты, якая просіць нябожчыкаў бацькоў блаславіць яе шлюб. Перад ад’ездам маладога да нявесты гучалі песні, у якіх адлюстроўваўся пераход хлопца ў стан жанатага мужчыны. Застольныя песні маглі быць лірычныя, жартоўныя, велічальныя і інш. Багатымі сродкамі маст. выразнасці жартоўныя песні добразычліва высмейвалі сватоў, дружкаў, баяр, маршалкаў і інш. удзельнікаў вяселля. Часам жартоўна супрацьпастаўляліся жаніх і нявеста.
Пахавальны і памінальны рытуал складваўся на Беларусі на працягу многіх стагоддзяў. Асноўныя жанры гэтых абрадаў — галашэнні, псалмы, духоўныя вершы. Уся абраднасць прасякнута верай у замагільнае жыццё, у наяўнасць неўміручай душы ў чалавека. Хаўтурныя галашэнні — імправізаваныя творы, у якіх традыцыйна выкарыстоўваліся стэрэатыпныя нар. формулы, маст. прыёмы і сродкі для аплаквання памерлых. Некат. будуюцца на рытарычных пытаннях, памяншальна-ласкальных формах прыметнікаў і назоўнікаў. З эмацыянальнай узрушанасцю ў галашэннях аплаквалася заўчасная смерць немаўляці, выказваліся любоў і пашана да блізкага чалавека, горыч перажыванняў, раскрывалася нялёгкае жыццё памерлага, бязмерная роспач асірацелых дзяцей, удавы, бацькоў. Песні-псалмы — творы духоўна-маралізатарскага характару. Яны бытавалі як разнавіднасць канта і выконваліся на хаўтурах, трацінах, дзевяцінах, Радаўніцу. Крыніцамі духоўных вершаў была хрысціянская апакрыфічная літаратура. Вершы перадавалі старазапаветныя і новазапаветныя сюжэты, славілі святых, праведнікаў, асуджалі грэшнікаў. Сямейна-абрадавая паэзія, цесна звязаная з жыццём, побытам, узаемаадносінамі ў грамадстве, вызначалася ўстойлівай традыцыйнасцю, жывучасцю, поліфункцыянальнасцю ў найважнейшыя вехі жыцця чалавека. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Радзінная паэзія» (1971, укладальнікі М.Грынблат, В.Ялатаў), «Вяселле. Абрад» (1978, укладальнік К.Цвірка), «Вяселле. Песні» (т. 1—6, 1980—88, укладальнікі Л.Малаш, З.Мажэйка), «Пахаванне. Памінкі. Галашэнні» (1986, укладальнікі У.Васілевіч, Т.Варфаламеева), «Вяселле. Мелодыі» (1990, укладальнікі З.Мажэйка, Т.Варфаламеева), «Радзіны. Абрад. Песні» (1998, укладальнікі Г.Пятроўская, Т.Кухаронак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЛЬ,
непрыемнае, цяжкае, іншы раз пакутлівае адчуванне пры моцных або разбуральных мех., хім., тэрмічных, паталагічных і інш. уздзеяннях на арганізм чалавека і жывёл. У працэсе эвалюцыі арган. свету боль ператварыўся ў сігнал небяспекі, стаў важным біял. фактарам, які забяспечвае захаванне жыцця. Прыносіць цяжкія пакуты, пазбаўленне спакою і працаздольнасці, можа стаць прычынай болевага шоку.
Успрыманне пашкоджвальных уздзеянняў спец. болевымі (у некаторых выпадках і інш.) рэцэптарамі перадаецца па нервах да задніх рагоў спіннога мозга, адтуль па спінна-таламічным шляху да зрокавых бугроў галаўнога мозга, дзе фарміруецца першае пачуццё болю — таламічны боль. Спецыфічныя адзнакі, лакалізацыя болю звязаны з дзейнасцю кары паўшар’я вял. мозга. Эмацыянальная выразнасць, перажыванні пачуцця болю абумоўлены дзейнасцю лобных аддзелаў мозга. Лакальны коркавы цэнтр болю не выяўлены. Анат. ўтварэнні, што ўспрымаюць, праводзяць і фарміруюць пачуццё болю, наз. нацыцэптыўнай сістэмай. Анат. структуры і фізіял. механізмы, што садзейнічаюць зніжэнню або знікненню пачуцця болю, наз. антынацыцэптыўнай сістэмай. Да іх належаць жэлацінозная субстанцыя, якая знаходзіцца каля асновы задняга рога спіннога мозга, куды паступаюць болевыя імпульсы. Для аблягчэння і зняцця болю існуе вял. выбар фармакалагічных сродкаў; выкарыстоўваюцца фізіятэрапеўт. і хірург. метады лячэння (гл.Болепатольныя сродкі, Абязбольванне, Наркоз). На адчувальнасць болю ўплывае псіхічны стан чалавека, тып вышэйшай нерв. дзейнасці, асаблівасці выхавання, культура і інш.
Паняцце болю ўжываецца і ў пераносным сэнсе, калі гавораць пра «душэўны» боль», як асобны псіхічны стан, выкліканы знешнімі і ўнутр. прычынамі і звязаны з цяжкімі адчуваннямі.
Літ.:
Кассиль Г.Н. Наука о боли. 2 изд. М., 1975;
Мелзак Р. Загадка боли: Пер. с англ.М., 1981;
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Поясничные боли. 2 изд. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЖЭ́ЦКІ Тамаш (паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),
грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц.адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.Б.Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз.к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.
Літ.:
Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;
Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁЛЬДЭРЛІН (Hölderlin) Іаган Крысціян Фрыдрых (20.3.1770, г. Лаўфен-ам-Некар, Германія — 7.6.1843),
нямецкі паэт. Папярэднік рамантызму. Вучыўся ва ун-це Цюбінгена (1788—93), вывучаў тэалогію, філасофію, ант. мастацтва, сябраваў з Г.Гегелем і Ф.Шэлінгам. Працаваў хатнім настаўнікам. Усведамленне сваёй несумяшчальнасці з рэчаіснасцю, беднасць, трагічнае каханне паўплывалі на яго душэўны стан (з 1802 псіхічна хворы). У ранніх «Цюбінгенскіх гімнах» («Гімны да ідэалаў Чалавецтва», 1790—97) апяваў свабоду, гармонію, хараство, сяброўства, даў канцэпцыю бясконцага руху чалавецтва да дасканаласці. Пераход да сталай паэзіі (2-я пал. 1790-х г.) адзначаны зваротам да ант. верша. Стараж. Эладу Гёльдэрлін успрымаў як эталон гарманічнага існавання (філас. оды і элегіі «Майн», «Некар», «Гайдэльберг», «Мая ўласнасць», паэма «Архіпелаг» і інш.). Філас.-лірычны раман «Гіперыён, ці Пустэльнік у Грэцыі» (т. 1—2, 1797—99) прасякнуты любоўю да мінулага Грэцыі і трывожным роздумам пра шляхі цывілізацыі. У цэнтры філас. трагедыі «Смерць Эмпедокла» (1798—99) праблемы пошукаў найлепшага грамадскага ладу і духоўныя супярэчнасці генія. Пераклады трагедый Сафокла, эпінікіяў Піндара стымулявалі яго пераход да т.зв. «жорсткага стылю», які стаў адметнай рысай позніх філас. гімнаў Гёдэрліна, аб’яднаных умоўнай назвай «Айчынныя песняпевы». Яны ствараюць шырокую панараму гіст. руху еўрап. цывілізацыі («Вяртанне на радзіму», «Ля вытокаў Дуная», «Рэйн», «Тытаны», «Свята міру» і інш.). Паэзія Гёдэрліна паўплывала на творчасць многіх еўрап. паэтаў. На бел. мову вершы Гёдэрліна перакладаў В.Сёмуха.