МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Віталь Фядосавіч) (н. 26.9.1928, в. Вугольшчына Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1984). Д-рэканам.н. (1981), праф. (1982). Скончыў БДУ (1952). З 1955 у Ін-це эканомікі АН Беларусі, з 1961 у Дзяржплане Беларусі. З 1967 дырэктар НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання. З 1973 дырэктар БелНДІ навук.-тэхн. інфармацыі і тэхніка-эканам. дасягненняў. З 1994 старшы саветнік ін-та «Белінфармпрагноз» пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Навук. працы па праблемах метадалогіі развіцця рэгіянальных эканам, сістэм, пабудове сістэмы інфарм. забеспячэння навукі, тэхнікі і вытв-сці. Распрацоўваў сукупнасць навук, абгрунтаванняў фарміравання і развіцця нар.-гасп. комплексу Рэспублікі Беларусь.
Тв.:
Моделирование в системе планирования и управления. Мн., 1976 (разам з Л.М.Крюкавым);
Системы моделей в планировании Мн., 1977 (з ім жа);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАНТАЛО́ГІЯ ЛІНГВІСТЫ́ЧНАЯ,
1) гісторыка-філалагічная дысцыпліна, якая, абапіраючыся на моўныя факты, вывучае гісторыю носьбітаў мовы ў дапісьмовы перыяд іх існавання, а таксама гісторыю матэрыяльнай і духоўнай культуры пэўнага этнасу. Напр., дзеясловы (яго) «круціць», «ломіць» — (ён) «паправіўся» ўказваюць на значнасць у свядомасці далёкіх продкаў проціпастаўлення архетыпічных катэгорый «крывы» — «прамы».
2) Сукупнасць прыёмаў і методык, што служаць выяўленню і вытлумачэнню найб.стараж. элементаў мовы, па якіх можна аднавіць пэўныя фрагменты страчаных архаічных яе падсістэм. Узнікла як адгалінаванне параўнальна-гістарычнага мовазнаўства і распрацаванага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду, садзейнічала ўзнікненню глотахраналогіі. Карыстаецца спецыфічным паняццем «моўны час», які вымяраецца тымі зменамі, што адбываюцца ў мове, пачынаючы з дапісьмовага стану. Вырашае некалькі тыпаў лінгвістычных задач: аналіз архаізмаў, рэканструкцыя моўных падсістэм, удакладненне генеалагічнай класіфікацыі моў, збор інфармацыі для вызначэння заканамернасці глотагенезу і інш.
Літ.:
Krahe H. Sprache und Vorzeit. Heidelberg, 1954;
Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Т.] 1—2. Тбилиси, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,
спосаб функцыянавання палітычнай сістэмы грамадства і паліт. працэсаў; тып дзярж. кіравання са спецыфічнымі прынцыпамі і структурамі, якія рэгулююць грамадскія адносіны. Асн. пытаннем П.р. з’яўляецца праблема ўлады, якая ўздзейнічае на ўсе сферы грамадства, на эканам., сац., культ. і інш. структуры, паліт. паводзіны і дзейнасць людзей. Існуе мноства крытэрыяў, паводле якіх класіфікуюцца П.р. Можа быць ліберальны, аўтарытарны, дэмакр., аўтакратычны, монакратычны (дыктатарскі), дырэкторыя (калект. кіраванне), камбінаваны; гл. Аўтарытарызм, Дыктатура, Дэмакратыя, Лібералізм, Таталітарызм. Класіфікуюцца таксама па сац. складзе кіруючых эліт, ступені адкрытасці і закрытасці, характары абароны і падтрымкі рэжыму, формах і метадах паліт. ўзаемадзеяння паміж кіруючай элітай і грамадствам. Вызначае тып арганізацыі ўлады, паліт. адносіны, сукупнасць элементаў ідэалаг., інстытуцыянальнага і сац. парадку, якія садзейнічаюць фарміраванню паліт. культуры. Тып П.р. вызначаецца ўзроўнем развіцця і інтэнсіўнасцю паліт. працэсаў, структурай кіруючай эліты, механізмам яго фарміравання, станам правоў і свабод чалавека ў грамадстве, пануючым тыпам легітымнасці, развітасцю грамадска-паліт. традыцый, дамінуючай паліт. свядомасцю і паводзінамі. Паводле марксісцкай тэорыі існуюць П.р. сацыяліст. і капіталістычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ФОНД,
сукупнасцьпаляўнічых жывёл, што жывуць у стане прыроднай свабоды, таксама выпушчаных у паляўнічыя ўгоддзі з мэтай узбагачэння іх фауны ці развядзення. Выкарыстанне і ахова П.дз.ф. рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», палажэннямі аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і інш. нарматыўнымі актамі. Здабыча ласёў, аленяў высакародных, дзікоў, казуль, баброў, выдры, глушцоў вядзецца па разавых дазволах з паляўнічымі пуцёўкамі, астатнія віды паляўнічых жывёл — па паляўнічых пуцёўках. Здабычу дзікіх жывёл плануюць на кожны каляндарны год і паляўнічы сезон з улікам рацыянальнага выкарыстання запасаў і захавання матачнага пагалоўя, здольнага забяспечыць макс. аднаўленне статка. Выдаецца таксама дазвол на адлоў ці адстрэл дзікіх жывёл у навук. мэтах. Штогод праводзіцца ўлік колькасці паляўнічых жывёл. Для павелічэння колькасці і відавога складу праводзяцца мерапрыемствы па выпуску ў паляўнічыя ўгоддзі фазанаў, качак і інш. У П.дз.ф. не ўваходзяць дзікія жывёлы, якіх гадуюць на фермах, у гадавальніках, заапарках, вальерах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЦЭ́ЛА (франц. parcelle ад лац. particula часцінка),
1) дробны зямельны ўчастак (або ч. зямельнага надзелу), на якім вядзецца парцэлярная гаспадарка. 2)У біялогіі — структурная ч.біяцэнозу, дробная біяхаралагічная адзінка. У батаніцы, біягеацэналогіі структурная ч.гарыз. расчлянення фітацэнозу (або біягеацэнозу), якая ахоплівае ўсю яго тоўшчу і адрозніваецца ад інш.ч. саставам, якасцямі кампанентаў, спецыфікай іх сувязяў і матэрыяльна-энергет. абмену. Вылучаецца па шчыльнасці і прадукцыйнасці асобных відаў раслін (пераважна дамінантаў) і асаблівасцях мікраасяроддзя пражывання. Паводле паходжання П. бываюць карэнныя, вытворныя і антрапагенныя. У заалогіі, эталогіі — сукупнасць адзіночных асобін жывёл або сем’яў (вял. сям’я), якія жывуць у непасрэднай блізкасці адна ад адной і часта кантактуюць паміж сабой; тэрмін блізкі да паняцця д э м — невял. (ад некалькіх асобін да дзесяткаў экз.), адносна ізаляваная ад інш. унутрывідавая групоўка пазваночных жывёл, якая існуе на працягу жыцця аднаго-двух пакаленняў, а потым аб’ядноўваецца з інш. падобнымі групоўкамі. Гл. таксама Біяхор(а).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́Д,
1) сукупнасць дзеянняў арміі (флоту), якія ўключаюць перамяшчэнне войск (караблёў) на вял. адлегласці, уварванне на тэр. праціўніка, вядзенне баёў і бітваў. У мінулым П. складаў пэўны этап вайны (кампаніі) або вайну ў цэлым. У гісторыі войнаў П. вядомы са старажытнасці. іх учынялі Аляксандр Македонскі, Юлій Цэзар, кіеўскія князі, Алег, Ігар, Святаслаў Ігаравіч, князі ВКЛАльгерд і Вітаўт (гл.Паходы Альгерда на Маскву 1368—72, Паходы Вітаўта на Смаленск 1395—1404), рас. палкаводзец А.В.Сувораў (гл.Швейцарскі паход Суворава 1799). З шэрагу П. складаліся Напалеонаўскія войны і інш., а таксама паходы Тэўтонскага ордэна на Беларусь. Вядомы марскія П., у т. л. славян у Візантыю, нарманаў у 8—11 ст. і інш. У наш час тэрмін «П.» захаваўся толькі ў ВМФ, дзе яны бываюць вучэбныя (штурманскія, збор-паходы і інш.) і баявыя.
2) У старой рас. арміі II. — асобы барабанны бой (марш), як ушанаванне выдатных ваен. дзеянняў. У кожным гв. палку, які вызначыўся ў баях, быў свой «гвардзейскі П.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВО́ДНАСЦЬу фізіялогіі,
здольнасць жывой тканкі праводзіць узбуджэнне. У жывёл і чалавека адрозніваюць 2 тыпы праводзячых элементаў. Праводзячыя шляхі ц. н. с. — група нерв. валокнаў, што звязвае розныя аддзелы ц. н. с. і характарызуецца агульнасцю марфал. будовы і функцыі. Вылучаюць асацыятыўныя (кароткія і доўгія), якія злучаюць розныя аддзелы кары аднаго паўшар’я, камісуральныя, што звязваюць абодва паўшар’і, забяспечваюць іх сумесную дзейнасць, і праекцыйныя, якія злучаюць кару галаўнога мозга з яго ніжнімі аддзеламі, а праз іх — з перыферыяй. Праводзячая сістэма сэрца — сукупнасць утварэнняў атыпічнай мускулатуры (пучкоў, вузлоў і валокнаў), што маюць здольнасць генерыраваць імпульс узбуджэння і праводзіць яго да ўсіх аддзелаў міякарда перадсэрдзяў і жалудачкаў для забеспячэння іх каардынаваных скарачэнняў. Клеткі гэтай сістэмы — атыпічныя кардыяміяцыты — з’яўляюцца маладыферэнцыраванымі мышачнымі клеткамі. Маюць важную фізіял. асаблівасць — здольнасць да аўтаматыі. Менавіта ў структурах праводзячай сістэмы сэрца генерыруецца рытм сэрца. У норме вадзіцелем рытму з’яўляецца сінаатрыяльны вузел. Здольнасць да аўтаматыі памяншаецца ў напрамку ад асновы да верхавінкі сэрца, што забяспечвае яго аптымальную работу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДЗЕ́ННЕ,
сукупнасцьтэхнал. працэсаў, з дапамогай якіх валакністы матэрыял перапрацоўваюць у пражу.
Асн. працэсы П.: разрыхленне, змешванне, трапанне, корда- і грэбенечасанне, выцягванне, скручванне і намотванне. Валакністы матэрыял расскубаюць на шматкі, каб зменшыць яго шчыльнасць, зрабіць масу аднароднай, ачысціць ад дамешкаў. Змешванне ідзе амаль на ўсіх стадыях П. Найб. важныя працэсы П. — корда- і грэбенечасанне (гл.Часанне). У выніку грэбенечасання на грэбенечасальных машынах і дадатковай апрацоўкі стужка ператвараецца ў роўніцу. Складанне (злучэнне прадуктаў П. аднаго віду для сумеснай апрацоўкі) суправаджаецца выцягваннем — падаўжэннем валокнаў на выцяжных прыладах. Кручэнне і намотванне пражы выконваюцца на верацёнах прадзільных машын. Існуе таксама ручное П.: рукамі (вядома з неаліту ў большасці народаў), на верацяне, калаўротам. Да 19 ст.найб. пашырана П. на верацяне. На Беларусі з 19 ст. верацяно выцеснена калаўротам, у якім нітка намотваецца на шпулю, што прыводзіцца ў рух колам. Ручная пража выкарыстоўваецца пры вырабе тканін мастацкіх. Адрозніваюць бавоўна-, ільно- і воўнапрадзенне (гл.Баваўняная прамысловасць, Ільняная прамысловасць, Шарсцяная прамысловасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМЕ́ТЫ СПАЖЫВА́ННЯ,
сукупнасць матэрыяльных даброт і паслуг, якія выкарыстоўваюцца ў сферы невытворчага, звычайна асабістага, спажывання. Групуюцца па відах: прадукты харчавання, адзенне і абутак, мэбля і гасп. рэчы, прадметы культуры і спорту, друкаваныя выданні і інш. Адрозніваюць прадметы працяглага карыстання (тэлевізары, дамашнія халадзільнікі, аўтамашыны, кнігі і інш.) і прадметы кароткатэрміновага карыстання (прадукты харчавання, некаторыя віды адзення, абутку і інш.). Састаўная частка П.с. — паслугі (камунальныя, бытавыя і інш.), якія прадастаўляюцца членам грамадства і задавальняюць іх патрэбы. Па меры развіцця грамадскай вытв-сці і змены спажывецкага попыту змяняецца склад П.с., а таксама іх якасць. Аб’ём П.с. ацэньваецца ў натуральным і вартасным выражэнні, што мае важнае значэнне пры аналізе змены агульнага аб’ёму спажывання матэрыяльных даброт насельніцтвам, яго грамадскімі групамі, сем’ямі ў залежнасці ад іх памеру, узроўню даходаў і інш. Матэрыяльныя даброты і паслугі, якія спажываюцца насельніцтвам, утвараюць фонд асабістага спажывання, аб’ём і структура якога вызначаюцца існуючым аб’ёмам П.с. і наяўнасцю ў насельніцтва сродкаў для ІХ набыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. projectio літар. кіданне наперад),
відарыс прасторавай фігуры на плоскасці ці інш. паверхні.
Адрозніваюць цэнтральную, паралельную, прамавугольную П. Цэнтральная (канічная) П.: выбіраюць адвольны пункт S прасторы (цэнтр праектавання) і плоскасць α′ (плоскасць П.), якая не праходзіць праз пункт S; праз дадзены пункт A (правобраз) прасторы і цэнтр П. S праводзяць прамую SA да яе перасячэння ў пункце A′ з плоскасцю α′. Пункт A′ (вобраз) наз. цэнтральнай П. пункта A. П. фігуры наз.сукупнасць П. усіх яе пунктаў. Паралельнай (цыліндрычнай) П. пункта A на плоскасць α′ наз. пункт A′ перасячэння гэтай плоскасці і прамой p, якая праходзіць праз A паралельна зададзенай прамой a. У выпадку перпендыкулярнасці прамой n і плоскасці α′ П. наз.прамавугольнай (артаганальнай). Цэнтр. П. — аснова перспектывы. Цэнтр. і паралельная (у прыватнасці, артаганальная) П. знаходзяць дастасаванні ў нарысоўнай геаметрыі. Спец. віды праектавання на плоскасць, сферу, эліпсоід і інш. паверхні выкарыстоўваюцца ў астраноміі, геаграфіі, крышталяграфіі, тапаграфіі і інш.