ПНЕЎМАКАНІЁЗ (ад грэч. pneumon лёгкія + konia пыл),
прафесійная хвароба лёгкіх чалавека, абумоўленая ўздзеяннем прамысл. пылу. Пры П. развіваюцца склератычныя змены лёгачнай тканкі, у ёй разрастаецца злучальная тканка (гл.Пнеўмасклероз). Найб. небяспечны пыл з часцінкамі, меншымі за 5 мкм, які пры ўдыху пранікае ў глыбокія аддзелы лёгачнай тканкі. Выклікае П. расл. пыл (напр., мука, тытунь), жывёльны (футравы, валасяны), мінер. (азбеставы), метал. (алюмініевы, жалезны). Працяглае ўдыханне арган. пылу выклікае хранічны насмарк, ларынгіт, трахеіт, бранхіт, пнеўманію. Растварэнне часцінак пылу ў лёгачнай тканцы прыводзіць да ўтварэння таксічных хім. злучэнняў. Асабліва небяспечна ўдыханне пылу, які мае ў сабе свабодны двухвокіс крэмнію (гл.Сілікоз). Найб. частае ўскладненне П. — хранічная лёгачна-сардэчная недастатковасць. Лячэнне комплекснае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭМБРЫЯНІ́Я (ад полі... + эмбрыён),
у раслін — утварэнне некалькіх зародкаў у адным семені; у жывёл — развіццё некалькіх зародкаў (блізнят) з адной зіготы. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаго полу. Адрозніваюць П. спецыфічную (уласцівую пэўнаму віду) і спарадычную (выпадковую). Спецыфічная П. ўласціва некат. імшанкам, паразітычным перапончатакрылым насякомым, з млекакормячых — браняносцам. Напр., у некат. наезнікаў з адной зіготы ўтвараецца да 3 тыс. лічынак; у браняносца з адной яйцаклеткі развіваецца да 9 зародкаў, кожны ў асобным амніёне, якія размешчаны ў агульным харыёне. Спарадычная П. трапляецца ва ўсіх жывёл, асабліва ў гідроідных паліпаў, дажджавых чарвей. У эксперыменце П. атрымана ў многіх відаў жывёл. У чалавека ў выніку спарадычнай П. нараджаецца некалькі генетычна аднародных блізнят аднаго полу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ВА АБАРО́НА 1581—82,
абарона гарнізона (4 тыс. дваран, стральцоў і казакоў) і ўзбр. гараджан (12 тыс.чал.) г.Пскоў на чале з кн. І.П.Шуйскім ад 50-тысячнай арміі караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя ў канцы Лівонскай вайны 1558—83. 24—26.8.1581 армія Рэчы Паспалітай аблажыла Пскоў. Абаронцы горада адбілі больш за 30 штурмаў праціўніка (асабліва моцныя 8 вер. і 2 ліст.). Недахоп пораху прымусіў Стафана Баторыя з ліст. 1581 весці пасіўную аблогу. Рас. цар Іван IV прыслаў пад Пскоў паслоў з прапановай аб міры. 15.1.1582 падпісаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582, які спыніў вайну паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. 4.2.1582 войскі Стафана Баторыя адышлі ад Пскова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКАЯ СУ́ДНАЯ ГРА́МАТА,
звод законаў Пскоўскай феадальнай рэспублікі, складзена на аснове асобных пастаноў пскоўскага веча, гасподы (баярскай рады), княжацкіх грамат, норм Рускай праўды і звычаёвага права. Адлюстроўвае найважнейшыя рысы сац.-эканам. і паліт. жыцця Пскоўскай зямлі ў 14—15 ст. П.с.г. строга ахоўвала права прыватнай уласнасці, асаблівафеад. уласнасці на зямлю; рэгламентавала парадак афармлення правоў уласнасці на зямлю, ход разбору спрэчак аб зямлі; вызначала становішча сялян-ізорнікаў. Шмат артыкулаў прысвечана гандл.-рамесным адносінам (купля-продаж, заклад, дарэнне, пазыка, маёмасны і асабісты наём і г.д.). За паліт. і крымін. злачынствы належала пакаранне смерцю. У П.с.г. ёсць матэрыял пра характэрнае для Пскоўскай феад. рэспублікі зрошчванне свецкага і царк. кіраўніцтва апарата. П.с.г. — адна з найважнейшых крыніц Судзебніка 1497.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗНАЧЫ́НЦЫ,
міжсаслоўная катэгорыя насельніцтва ў Рас. імперыі 18—19 ст., «людзі рознага чыну і звання», выхадцы з духавенства, купецтва, мяшчан, сялян, дробных чыноўнікаў і збяднелых дваран, якія атрымалі адукацыю і адарваліся ад свайго былога сац. асяроддзя. Рост іх колькасці, асабліва ў 19 ст., абумоўлены развіццём капіталіст. эканомікі, якое выклікала попыт на адукаваных спецыялістаў. З 1840-х г. Р. аказвалі значны ўплыў на развіццё грамадскага жыцця і культуры, з ліквідацыяй прыгоннага права (1861) сталі асн.сац. пластом, з якога фарміравалася бурж.інтэлігенцыя. У 1840—90-я г. Р. складалі пераважную большасць удзельнікаў рэв. і ліберальнага руху ў Расіі. Да рэв. Р. належалі петрашэўцы, В.Р.Бялінскі, М.Г.Чарнышэўскі, М.А.Дабралюбаў, Т.Р.Шаўчэнка, К.С.Каліноўскі, народнікі (гл.Народніцтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ТЛЕР ((Hitler) Адольф) (20.4.1889, г. Браўнаў-ам-Ін, Аўстрыя — 30.4.1945),
фюрэр (правадыр) ням. нацыянал-сацыялістаў, фаш. дыктатар Германіі ў 1933—45, гал. нацысцкі ваен. злачынец. Бацька Гітлера да 1876 меў прозвішча маці Шыкльгрубер. Гітлер меў незакончаную сярэднюю адукацыю. У 1907—13 жыў у Вене, самадз. мастак. З вясны 1913 у Германіі (Мюнхен; герм. грамадзянства атрымаў у 1932). Удзельнік 1-й сусв. вайны (узнаг.Жал. крыжам 1-га класа); яфрэйтар. З кастр. 1919 чл.Герм. рабочай партыі (з 1920 Нацыянал-сацыялісцкая герм. рабочая партыя — НСДАП), з ліп. 1921 старшыня НСДАП. 8 — 9.11.1923 на чале ўзбр. нацыстаў і праварадыкадаў намагаўся захапіць уладу ў Баварыі (т.зв. «піўны путч»); асуджаны і зняволены ў крэпасці г. Ландсберг (1923—24). У зняволенні пачаў пісаць кн. «Mein Kampf» («Мая барацьба»; т. 1 надрук. ў 1925, т. 2 — 1926) — ідэалаг. і паліт. праграму нацыстаў. Быў добрым прамоўцам (асабліва спекуляваў незадаволенасцю многіх немцаў Версальскім мірным дагаворам 1919). Дамогся падтрымкі кансерватыўных колаў прамыслоўцаў і рэйхсвера. З 30.1.1933 рэйхсканцлер, адначасова са жн. 1934 прэзідэнт Германіі, з 1938 і галоўнакаманд. вермахтам. Устанавіў у краіне таталітарны рэжым. Знешнепаліт. курс Гітлера (адзін з этапаў — аншлюс Аўстрыі) прывёў да развязвання Германіяй у саюзе з блокам агрэсіўных дзяржаў 2-й сусв. вайны (у час яе 3—4.8.1941 быў у Барысаве, 26.8.1941 — на тэр. Брэсцкай крэпасці). Адзін з гал. арганізатараў масавага знішчэння мірнага насельніцтва, ваеннапалонных, зверстваў, здзейсненых фашыстамі ў акупіраваных краінах і асабліва на захопленай тэр.СССР, у т. л. на Беларусі. Ва ўмовах ваен. паражэння Германіі Гітлер скончыў самагубствам у бункеры берлінскай імперскай канцылярыі.
Літ.:
Пруссаков В. Оккультный мессия и его рейх. М., 1992;
Больдт Г. Последние дни Гитлера: Пер. с нем. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕВЫ,
рускія акцёры, браты.
Сяргей Васілевіч (19.9.1827, Масква — 17.6.1862). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1844), працаваў у трупе Малога т-ра. Да 1853 выступаў пераважна ў вадэвілях. Новы этап у творчасці пачаўся са з’яўленнем п’ес А.Астроўскага: Бародкін («Не ў свае сані не садзіся»), Разлюляеў («Беднасць не загана»), Ціхан («Навальніца») і інш.Павел Васілевіч (1832, Масква — 10.4.1879). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1850). Працаваў у Маскоўскай балетнай трупе імператарскіх тэатраў, у правінцыі. З 1860 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). Асабліва ўдаваліся яму ролі ў п’есах Астроўскага: Любім Тарцоў («Беднасць не загана»), Падхалюзін («Свае людзі — паладзім») і інш., выступаў таксама ў камедыях А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Сухаво-Кабыліна, вадэвілях.
Васільевы — яркія прадстаўнікі рус. акцёрскай школы, вызначаліся прастатой і натуральнасцю выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧКІ́ (Bidens),
род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 230 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў Амерыцы. На Беларусі па берагах вадаёмаў, на тарфяніках, у сырых лясах і хмызняках звычайна трапляюцца мясцовыя ваўчкі паніклыя (Bidens cernua) і трохраздзельныя (Bidens tripartita), рэдка — прамяністыя (Bidens radiata), а таксама занесеныя з Паўн. Амерыкі ваўчкі аблісцелыя (Bidens frondosa).
Аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае (верхняе рэдка чаргаванае), простае, цэласнае, 3—5-раздзельнае або рассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, двухполыя, сабраныя ў гама- або гетэрагамныя кошыкі. Кошыкі адзіночныя або сабраныя ў гронка- ці шчытападобныя агульныя суквецці. Плод — сямянка з 2—4 учэпістымі шчацінкамі. Лек. (мачагонны, патагонны, вітамінны і інш. сродак) і тэхн. (фарбавальныя) расліны; некаторыя віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ЙКАЎ (Аляксандр Іванавіч) (20.5.1842, Масква — 9.2.1916),
расійскі кліматолаг і географ; заснавальнік кліматалогіі ў Расіі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1910). Чл.Рус.геагр.т-ва (1866). Падарожнічаў па еўрап.ч. Расіі, Бел. Палессі (1891), Каўказе, Крыме, Сярэдняй Азіі, Зах. Еўропе, многіх краінах Азіі, Амерыкі. У навук. працы «Кліматы зямнога шара, асабліва Расіі» (1884) раскрыў фіз. сутнасць і разгледзеў структуру кліматычных працэсаў, ролю асобных кліматаўтваральных фактараў, узаемасувязь клімату з інш. кампанентамі прыроды. Распрацаваў класіфікацыю рэк паводле гідралагічнага рэжыму. Даследаваў пытанні геаграфіі насельніцтва, агракліматалогіі. Заклаў асновы палеакліматалогіі, с.-г. метэаралогіі і феналогіі. Імем Ваейкава названы праліў паміж астравамі ў Курыльскай градзе, ледавік на Паўн. Урале, Гал.геафіз. абсерваторыя ў С.-Пецярбургу.