БАКСТ

(сапр. Розенберг) Леў Самойлавіч (9.5.1866, г. Гродна — 27.12.1924),

тэатральны мастак, графік, жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1883—87), у Парыжы (1893—96). У 1906—09 выкладаў жывапіс у прыватнай маст. школе ў Пецярбургу, сярод яго вучняў — М.Шагал. Член аб’яднання «Свет мастацтва». З 1910 жыў пераважна ў Парыжы. Быў адным з вядучых дэкаратараў «Рускіх сезонаў» С.П.Дзягілева. Моцны ўплыў стылю мадэрн зазнала яго кніжная графіка (час. «Мир искусства», «Золотое руно», «Аполлон»), станковы жывапіс («Старажытны жах», 1908) і асабліва тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (балеты «Клеапатра», 1909, «Шэхеразада», 1910, «Дафніс і Хлоя», 1912), дзе, стылізуючы ант. і ўсх. матывы, Бакст стварыў вытанчана — дэкар. эскізы касцюмаў і дэкарацый. Выканаў шмат партрэтаў (І.І.Левітан, І.А.Бунін, К.Дэбюсі, І.Рубінштэйн і інш.) і станковых твораў («На схіле гадоў», «Вячэра», «С.П.Дзягілеў з нянькай» і інш.).

Літ.:

Голынец С.В. Л.С.Бакст, 1866—1924. Л., 1981.

М.М.Паграноўскі.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)