ПАПА́НАЎ Анатоль Дзмітрыевіч (31.10.1922, г. Вязьма Смаленскай вобл., Расія —5.8.1987),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1973). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1946). З 1947 працаваў у Клайпедскім т-ры (Літва), з 1949 — у маскоўскім Т-ры сатыры. Пачынаў як вострахарактарны акцёр: Шафер, Англічанін і Вельзевул («Клоп», «Містэрыя-Буф» У.Маякоўскага), Карэйка, Вараб’янінаў («Залатое цялё», «Дванаццаць крэслаў» паводле І.Ільфа і Я.Пятрова), Пачасухін («Помнік сабе» С.Міхалкова). Зваротам да трагічнай псіхал. сатыры сталі ролі Юсава («Даходнае месца» А.Астроўскага), Гараднічага («Рэвізор» М.Гогаля), Фамусава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), выкананыя тэмпераментна, з выкарыстаннем трагікамічнага гратэску. Выкрывальныя партрэты прыстасаванцаў, бюракратаў, абывацеляў стварыў таксама ў кіно: Крахалёў («Чалавек ніадкуль», 1961), Сокал-Кружкін («Сцеражыся аўтамабіля», 1966), Васісуалій Лаханкін («Залатое цялё», 1968), Лёлік («Брыльянтавая рука», 1969), Вараб’янінаў («12 крэслаў», 1976) і інш.Драм. талент П. раскрыўся ў т-ры ў ролях Гаева («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Хлудава («Бег» М.Булгакава), Цёркіна («Цёркін на тым свеце» А.Твардоўскага) і асабліва ў кіно: генерал Сярпілін («Жывыя і мёртвыя», 1964), Дубінскі («Беларускі вакзал», 1971), Уладзімір Дзмітрыевіч («Час жаданняў», 1984), Старабагатаў («Халоднае лета пяцьдзесят трэцяга...», 1988) і інш. Зняўся таксама ў фільмах «Наш дом» (1965), «Іду на навальніцу» (1966), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (тэлефільм, 1972), «Дзень прыёму па асабістых пытаннях» (1974). Агучваў мультфільмы (Воўк у серыяле «Ну, пачакай!», 1969—81, і інш.). Дзярж. прэмія Расіі 1966. Дзярж. прэмія СССР 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЦІ́ЛА Іван Браніслававіч (28.12.1910, в. Талька Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.2.1977),
бел.акцёр. Нар.арт. Беларусі (1953). Скончыў драм. курсы імя Ф.Дзяржынскага ў Мінску (1932). У 1932—61, 1967—71 працаваў у Бел. т-ры імя Я.Купалы, у 1961—67 — у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, вял.сцэн. абаяння. Валодаў яркім тэмпераментам, выконваў ролі эмацыянальна, з драм. насычанасцю і сац. акрэсленасцю. Складаным псіхал. малюнкам і драматызмам вызначаліся вобразы Рыгора («Партызаны» К.Крапівы), Янкі Купалы («Шчасце паэта» В.Віткі), Касагорава («Уцёкі з ночы» бр. Тур), Сыраварава («У мяцеліцу» Л.Лявонава). Пранікнёна, з лірызмам іграў Якіма Сароку («Паўлінка» Я.Купалы), Міколу Вераса («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), з палымяным тэмпераментам — Тыбальта («Рамэо і Джульета» У Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Левановіч («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Іван Зарудны («У ціхім завулку» А.Маўзона), Мікола («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Раман («Каб людзі не журыліся» А.Макаёнка), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Трэплеў («Чайка» А.Чэхава), Крэчат («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Рыбакоў («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), Хельмер («Нора» Г.Ібсена). Здымаўся ў кіно: «Пяюць жаваранкі», «Першыя выпрабаванні», «Вуліца малодшага сына», «Масква—Генуя».
Літ.:
Сабалеўскі А. Творчасць, сугучная думам народным // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Яго ж. Рампай асветленае. Мн., 1962. С. 35—49;
Яго ж. Жыццё тэатра. Мн., 1980. С. 203—206;
Бур’ян Б. Адухоўлены прафесіяналізм: (Да 60-годдзя І.Б.Шацілы) // Тэатр. Мінск. 1970. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ Зігмунт Іосіфавіч (па сцэне Антон Забель; 25.6.1892, Масква — 20.3.1988),
бел.акцёр. У 1909—10 удзельнік Гродзенскага гуртка бел. моладзі. У 1911 адзін з вядучых акцёраў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Выконваў камедыйныя і характарныя ролі: Пранцішак («Модны шляхцюк» К.Каганца), Бондар («У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі), Скакунец («Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага) і інш. З 1919 жыў у Польшчы. Аўтар успамінаў пра Буйніцкага і бел. тэатр «Няходжанымі сцежкамі» (1971).
Літ.:
Няфёд У.І. Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. Мн., 1959. С. 98—101;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМА́ЙЦІС (Adomaitis) Рэгімантас (н. 31.1.1937, г. Шаўляй),
літоўскі акцёр. Нар.арт.СССР (1985). Скончыў акцёрскае аддз. Кансерваторыі Літвы (1962). Працаваў у Капсукскім і Каўнаскім драм. т-рах, з 1967 у Т-ры драмы Літвы. Мастацтва Адамайціса вызначаецца псіхал. глыбінёй, тонкай іроніяй. За ролі Міндаўгаса, Мажвідаса («Міндаўгас», «Мажвідас» Ю.Марцінкявічуса), Йуна («Йун Габрыэль Боркман» Г.Ібсена) у т-ры Дзярж. прэмія Літвы 1982. У кіно выявіліся яго моцны тэмперамент, здольнасць ствараць складаныя і супярэчлівыя характары: «Ніхто не хацеў паміраць», «Кароль Лір», «Гэта салодкае слова — свабода», «Кентаўры», «Аварыя», «Багач, бядняк» (два апошнія фільмы — тэлевізійныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГАРД (Bogarde) Дзірк [сапр.Богардэ
(Bogaerde) Дэрэк Жуль Гаспар Ульрык Нівен ван дэн; н. 28.3.1921, Хампстэд, цяпер у межах Лондана], англійскі акцёр. Вучыўся ў Каралеўскім каледжы мастацтваў у скульптара Г.Мура. Дэбютаваў на тэатр. сцэне ў 1939. Працаваў у Лонданскіх т-рах і на тэлебачанні, з 1947 у кіно. Вядомасць акцёру прынеслі ролі ў фільмах Л.Вісконці «Гібель багоў» (1969) і «Смерць у Венецыі» (1970). Сярод іншых значных работ: «Слуга» (1963),
«За караля і айчыну» (1964), «Няшчасны выпадак» (1967), «Начны парцье» (1974), «Наканаванне» (1977), «Падарожжа ў свет» («Роспач»; 1978), «На адзін мост далей» (1977). Аўтар некалькіх раманаў і аўтабіягр. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РЫК (Garrick) Дэвід (19.2.1717, г. Херэфард, Вялікабрытанія — 20.1.1779),
англійскі акцёр, драматург, тэатр. дзеяч. Заснавальнік рэалізму ў англ. т-ры. З 1742 у т-ры «Друры-Лейн» (у 1747—76 яго ўладальнік). Выканаўца трагедыйных і камедыйных роляў у п’есах У.Шэкспіра: Кароль Лір, Гамлет, Макбет, Рычард III (аднайм. п’есы), Бенядзікт («Многа шуму з нічога»), усяго 25 роляў, а таксама Джон Брут («Раззлаваная жонка» Дж.Ванбру), Абель Дрэгер («Алхімік» Б.Джонсана) і інш. Дасканала валодаў мастацтвам пераўвасаблення, вял.сцэн. тэмпераментам. Залажыў асновы мастацтва рэжысуры. Адрадзіўшы на англ. сцэне Шэкспіра, імкнуўся зрабіць яго творы сродкам прапаганды асветніцкай ідэалогіі. Аўтар каля 40 п’ес.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РМАН Аляксей Георгіевіч (н. 20.7.1938, С.-Пецярбург),
расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Сын Ю.П.Германа. Скончыў Ленінградскі дзярж.ін-тт-ра, музыкі і кінематаграфіі (1960). Паставіў фільмы: «Праверка на дарогах» (1972, вып. 1986, Дзярж. прэмія СССР 1987), «Дваццаць дзён без вайны» (1977, прэмія імя Ж.Садуля, Францыя), «Мой сябра Іван Лапшын» (1982, вып. 1985, Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1986), «Хрусталёў, машыну!» (1991—97), дзе дакументавана дакладная перадача атмасферы мінулага часу стала маст. фундаментам філас. роздуму пра суадносіны асабістага і гістарычнага. Як акцёр здымаўся ў фільмах: «Раферці», «Сяргей Іванавіч ідзе на пенсію» і інш.
нямецкі акцёр. З пач. 1930-х г. у т-ры «Фольксбюнэ». У 1933 эмігрыраваў, жыў у Польшчы, СССР, Чэхаславакіі. У 1939—45 вязень гітлераўскіх канцлагераў. У 1945—49 у т-ры «Камершпіле» (Гамбург), з 1949 — у «Берлінер ансамблі». Сярод роляў: Маці, Палкавы свяшчэннік, Мяснік («Пан Пунціла і яго слуга Маці», «Матухна Кураж і яе дзеці», «Маці» Б.Брэхта). З 1932 здымаўся ў кіно: «Куле Вампе», «Капітан з Кёльна», «Людзі з крыламі», «Голы сярод ваўкоў», «Лорд з Александэрплац», «Чалавек з «Кап-Аркона». Нац. прэміі ГДР 1954, 1960, 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРХА́НАЎ Аслі Бадрыдзінавіч (н. 8.1.1915, г. Бухара, Узбекістан),
таджыкскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1965). Працаваў у т-ры імя Лахуці (Душанбе). У творчасці Бурханава тэмперамент спалучаецца з мяккім лірызмам і камедыйнасцю. Сярод роляў: Хушвакт («Паклёп» С.Саідмурадава і У.Ісмаілава), Сафар («У агні» С.Улуг-задэ), Ядгор («Дахунда» Дж.Ікрамі), Яга, Меркуцыо, Кент («Атэла», «Рамэо і Джульета», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля). Паставіў спектаклі: «Настаўнік кахання» М.Міршакара (1945), «Два веронцы» Шэкспіра (1966) і інш. З 1940 здымаўся ў кіно: «Застава ў гарах», «Авіцэна», «Я сустрэў дзяўчыну», «Чалавек мяняе скуру», «Сказанне пра Сіявуш».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАНЦІ́Р Міхай (Міхаіл) Ермалаевіч (н. 9.3.1934, г. Бельцы, Малдова),
малдаўскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1984). З 1957 у Малд.муз.-драм. т-ры імя В.Аляксандры (Бельцы). Сярод роляў: Іон («Напасць» І.Караджале; і рэж.), Стары («Стары» М.Горкага), Вано Пантыяшвілі («Ханума» А.Цагарэлі), Васіль («Вечар» А.Дударава; і рэж.). З 1968 здымаецца ў кіно: «Патрэбны брамнік», «Чацвёрты», «Гэтае салодкае слова — свабода», «Дзмітрый Кантэмір» (Дзярж. прэмія Малдовы 1976), «У зоне асаблівай увагі» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1980), «Ад Буга да Віслы». Найб. вядомая работа — роля Будулая ў тэлефільмах «Цыган» і «Вяртанне Будулая».