ШАЦІ́ЛА Іван Браніслававіч (28.12.1910, в. Талька Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.2.1977),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1953). Скончыў драм. курсы імя Ф.Дзяржынскага ў Мінску (1932). У 1932—61, 1967—71 працаваў у Бел. т-ры імя Я.Купалы, у 1961—67 — у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, вял.сцэн. абаяння. Валодаў яркім тэмпераментам, выконваў ролі эмацыянальна, з драм. насычанасцю і сац. акрэсленасцю. Складаным псіхал. малюнкам і драматызмам вызначаліся вобразы Рыгора («Партызаны» К.Крапівы), Янкі Купалы («Шчасце паэта» В.Віткі), Касагорава («Уцёкі з ночы» бр. Тур), Сыраварава («У мяцеліцу» Л.Лявонава). Пранікнёна, з лірызмам іграў Якіма Сароку («Паўлінка» Я.Купалы), Міколу Вераса («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), з палымяным тэмпераментам — Тыбальта («Рамэо і Джульета» У Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Левановіч («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Іван Зарудны («У ціхім завулку» А.Маўзона), Мікола («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Раман («Каб людзі не журыліся» А.Макаёнка), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Трэплеў («Чайка» А.Чэхава), Крэчат («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Рыбакоў («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), Хельмер («Нора» Г.Ібсена). Здымаўся ў кіно: «Пяюць жаваранкі», «Першыя выпрабаванні», «Вуліца малодшага сына», «Масква—Генуя».
Літ.:
Сабалеўскі А. Творчасць, сугучная думам народным // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Яго ж. Рампай асветленае. Мн., 1962. С. 35—49;
Яго ж. Жыццё тэатра. Мн., 1980. С. 203—206;
Бур’ян Б. Адухоўлены прафесіяналізм: (Да 60-годдзя І.Б.Шацілы) // Тэатр. Мінск. 1970. № 6.