КАЛЕ́СНІКАЎ (Пімен Рыгоравіч) (25.7.1906, г. Мікалаеў, Украіна — 26.11.1996),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваенна-тэарэтычную (1933) і Арэнбургскую ваен. авіяц. школы лётчыкаў (1934). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Волхаўскім, Паўд., Зах., 1-м і 2-м Бел. франтах. Старшы штурман штурмавой авіяцыі маёр К. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Рагачова, Бабруйска, Мінска, Слоніма, ліквідацыі груповак праціўніка ў бабруйскім «катле». Да 1957 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́РНАЕ ПЛАНАВА́ННЕ,

упарадкаванне ў часе работ пэўнага аб’екта (напр., прадпрыемства), якія выконваюцца пры абмежаванасці рэсурсаў. Грунтуецца на раскладаў тэорыі; для рашэння задач К.п. выкарыстоўваюць таксама метады лінейнага, цэлалікавага і дынамічнага праграмавання. Мэта К.п. — стварэнне плана-графіка, які устанаўлівае найлепшую паслядоўнасць выканання работ у адпаведнасці з зададзенымі крытэрыямі аптымальнасці (гл.

Аперацый даследаванне, Аптымізацыі задачы і метады). На Беларусі даследаванні па праблемах К.п. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. эканам. ун-це.

В.​С.​Гардон.

т. 7, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ БАГУШЭ́ВІЧА,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 500 м на З ад в. Кушляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., дзе жыў Ф.​К.​Багушэвіч. Гранітны валун. Даўж. 2,6 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,5 м, у абводзе 6,5 м, аб’ём 2,7 м³, маса каля 7 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. На бакавой роўнай пляцоўцы высечана «Pamięci Macieja Buraczka 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ ФІЛАРЭ́ТАЎ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 500 м на ПнЗ ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі амфіболу. Даўж. 4,1 м, шыр. 3 м, выш. 1,9 м, у абводзе 13,9 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. Месца сустрэч членаў канспіратыўнага т-ва патрыятычнай студэнцкай моладзі («філарэтаў»), адным з арганізатараў якога быў А.​Міцкевіч.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ-ВО́ЛАТ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Васявічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі. Даўж. 3,4 м, шыр. 2,5 м, выш. над паверхняй 1,5 м, глыб. залягання пад зямлёй каля 2 м, у абводзе 9,3 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком 200—120 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

Камень-волат каля в. Васявічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯ́К (Анатоль Іванавіч) (н. 20.11. 1932, в. Першамайск Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1974), праф. (1976). Засл. дз. нав. Беларусі (1996). Скончыў БДУ (1956). З 1962 у БДУ. Навук. працы ў галіне малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Правёў даследаванні па інтэрпрэтацыі спектраў комплексных злучэнняў шасцівалентнага урану і вызначэнні прыроды асцылятараў выпрамянення і паглынання ў названым класе злучэнняў.

Тв.:

Ураниловые соединения. Мн., 1981 (разам з Л.​В.​Валадзько, Дз.​С.​Умрэйкам).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 7, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПЛЯ́НКА (Acanthis cannabina),

птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, паўн.-зах. Афрыцы. На Беларусі звычайны пералётны від, на Пд і ў цэнтр. ч. часам зімуе. Жыве ў садах, на ўзлесках, лугах. У перыяд гнездавання трымаюцца парамі, у інш. час. чародамі.

Даўж. да 140 мм, маса да 22 г. У самцоў лоб і грудка чырв., спіна карычневая, брушка белае; самкі і маладыя К. шаравата-бурыя. Нясуць 3—7 яец. Кормяцца насеннем травяністых раслін.

Канаплянка: 1 — самец; 2 — самка.

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФЕРЭ́НЦЫЯ,

сорт грушы, выведзены ў Вялікабрытаніі. На Беларусі рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве ў паўд.-зах. абласцях.

Дрэва моцнарослае, з высокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт ураджайны, пладаносіць штогод, слабазімаўстойлівы, устойлівы да паршы. Плады сярэдняй велічыні (120—150 г), бутэлькападобнай формы, зеленавата- ці саламяна-жоўтыя, з румянцам на сонечным баку. Мякаць ружовая ці цёмна-жоўтая, вельмі мяккая і сакавітая, салодкая з лёгкай кіслінкай. Спажывецкая спеласць у канцы верасня — пач. кастрычніка. Захоўваецца да снежня.

М.​Р.​Мялік.

Канферэнцыя.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБЛЁЎ (Міхаіл Васілевіч) (24.1.1923, в. Баркіна Пашахонскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 10.6.1987),

бел. вучоны ў галіне фармакалогіі. Д-р мед. н. (1966), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1983). Скончыў Яраслаўскі мед. ін-т (1952). У 1960—87 заг. кафедры Гродзенскага мед. ін-та. Навук. працы па ўплыве вытворных дытыякарбамінавай к-ты на арганізм жывёл, пошуку і вывучэнні сродкаў па барацьбе з гіпаксіяй.

Тв.:

Производные дитиокарбаминовой кислоты. Мн., 1971;

Противогипоксические средства. Мн., 1976 (разам з П.​І.​Лукіенкам).

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЕ́ДЫ (Scolytidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. З падсям.: лубаеды, забалоннікі (Scolytinae) і ўласна К. (Ipinae). Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Антарктыды). На Беларусі каля 70 відаў. Жывуць пад карой, радзей у драўніне, каранях, сцёблах травяністых раслін. Большасць К. жыве на дрэвах пэўнага віду і роду, некат. мнагаедныя. Для кожнага віду характэрны свой малюнак прагрызеных хадоў.

Даўж. ад 0,8 да 12 мм, цела цыліндрычнае, бурае або чорнае, бліскучае. Вусікі булавападобныя. За год даюць 1—2 пакаленні.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)