горная краіна на ПнУ Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. З’яўляецца водападзелам басейнаў рэк Лена і Алдан, Амалой, Яна. Даўж. каля 1200 км ад дэльты Лены да р. Тампо (правы прыток Алдана). Утварае выпуклую на ПдЗ дугу шыр. ад 100 да 250 км. Складаецца са шматлікіх масіваў і хрыбтоў з высакагорным (Арулган) і згладжаным сярэднягорным (Хараўлахскі, Кулар) рэльефам і ўпадзін, што іх падзяляюць. Вышыні ад 700 да 900 м на Пн і Пд у сярэдняй ч. павялічваюцца да 2389 м. Верхаянскі хрыбет — антыклінорый, складзены з алеўралітаў, пясчанікаў, сланцаў, радзей вапнякоў. Месцамі асадкавыя пароды прарваны дайкамі дыябазаў і гранітнымі інтрузіямі. Да выш. 800—1200 м лістоўнічныя рэдкалессі, вышэй — хмызняковая вольха і кедравы сланік; на вяршынях высакагорных хрыбтоў халодная арктычная пустыня. Усюды пашырана шматгадовая мерзлата. Радовішчы золата, алавяных руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНФІЛА́ДА (франц. enfilade) у архітэктуры, шэраг паслядоўна прылеглых адно да аднаго памяшканняў, дзвярныя праёмы якіх размешчаны на адной восі, што пры адчыненых дзвярах стварае скразную перспектыву ўсіх інтэр’ераў, звязаных у адзіную арх.-пластычную сістэму.
Анфіладная планіроўка ўзнікла ў Стараж. Егіпце. Пашырана ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У яе аснове — прынцып стварэння пышна аздобленых інтэр’ераў з эфектам бясконцасці, глыбокай перспектывы арх. прасторы (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Жыліцкі палац і інш.). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваецца ў буйных грамадзянскіх збудаваннях, пераважна музейных і выставачных (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Палац мастацтваў у Мінску і інш.). Анфіладай называюць таксама шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў (праспект Ф.Скарыны ў Мінску).
А.М.Кулагін.
Анфілада ў Жыліцкім палацы. Кіраўскі раён Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад бія... + люмінесцэнцыя),
свячэнне жывых арганізмаў, абумоўленае біяхім. працэсамі; від хемалюмінесцэнцыі. Уласціва некаторым бактэрыям, ніжэйшым раслінам, грыбам, насякомым (жукі-светлякі і інш.), беспазваночным, рыбам. Вельмі пашырана сярод марскіх жывёл.
У большасці выпадкаў біялюмінісцэнцыя ўзнікае ў выніку ферментатыўнага акіслення асобных рэчываў — люцыферынаў. Частка малекул люцыферынаў за кошт вызваленай пры гэтым хім. энергіі пераходзіць ва ўзбуджаны стан, пры вяртанні ў асн. стан яны выпраменьваюць святло. Біялюмінісцэнцыя выкарыстоўваецца для асвятлення і прынады здабычы (напр., у глыбакаводных рыб), для перасцярогі, адпужвання або адцягвання ўвагі драпежнікаў, у якасці сігналу для сустрэчы самцоў і самак у шлюбны перыяд (розныя віды светлякоў).
Літ.:
Мак-Элрой У.Д., Зелигер Г.Г. Происхождение и развитие биолюминесценции // Горизонты биохимии: Пер. с англ.М., 1964;
Тарусов Б.Н. Сверхслабое свечение живых организмов. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕ́ДНАЯ ПАГА́НКА (Amanita phalloides),
мухамор зялёны, белы мухамор, шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.
Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РТНІЦТВА,
лясное пчалярства, заснаванае на ўтрыманні пчол у штучных дуплах — борцях. Адзін з найбольш старадаўніх промыслаў. На тэр. Беларусі і ў суседніх раёнах было найб.пашырана ў 10—17 ст., месцамі, асабліва на Палессі, захавалася да пач. 20 ст. Найчасцей выкарыстоўвалі натуральныя борці — дуплы дрэў. Штучныя борці выдзёўбвалі ў тоўстых ствалах дрэў на выш. ад 4 да 15 м. Пазней рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва або ставілі на дашчаныя палаткі. Для аховы ад драпежнікаў (куніц, асабліва мядзведзяў) майстравалі вакол дрэва памост з вострымі зубцамі, у дрэва забівалі нажы і інш. З развіццём земляробства і высечкай лясоў бортніцтва саступіла месца пасечнаму пчалярству. Блізкія да бортніцтва метады пчалярства існавалі ў многіх народаў свету, захаваліся ў асобных плямёнаў у малаабжытых раёнах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Паўд. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННЫЯ КІСЛО́ТЫ, дыгідраксібурштынавыя кіслоты,
група стэрэаізамерных дыкарбонавых к-т, HOOC — CH(OH) — CH(OH) — COOH. Існуюць 3 стэрэаізамеры: D-вінная к-та (віннакаменная к-та, вінная к-та), L-вінная к-та (гл.Аптычная ізамерыя) і мезавінная к-та (антывінная к-та), таксама рацэмат D, L-вінная к-та (вінаградная к-та). Найб.пашырана D-вінная к-та, бясколерныя крышталі, tпл 170 °C, шчыльн. 1759,8 кг/м³; раствараецца ў вадзе, спірце, ацэтоне. У свабодным стане ці ў выглядзе солей ёсць у пладах (асабліва ў вінаградзе). Атрымліваюць уздзеяннем мінер.к-т на т.зв.вінны камень. Выкарыстоўваюць к-ту, яе солі і эфіры (тартраты) у харч. прам-сці (вытв-сць напіткаў, фруктовых эсенцый, пры выпечцы хлеба), гальванатэхніцы, каляровай металургіі (для кантролю чысціні металаў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ ШЫРАКАГРУ́ДЫ ІНДЫ́К,
парода індыкоў. Выведзены ў ЗША скрыжаваннем белых галандскіх індыкоў з бронзавымі шыракагрудымі. Пашыраны ў краінах Паўн. і Паўд. Амерыкі, Еўропы. У б.СССР завезены ў 1961, дзе на іх аснове створаны высокапрадукцыйныя лініі для вытв-сці мясных індычанят. На Беларусі пашырана гібрыдная форма — чатырохлінейны галандскі крос Хідон, які гадуюць на Маладзечанскай індыкагадоўчай ф-цы.
Апярэнне птушак белае, на грудзях пучок чорнага пер’я. Гадуюць 3 разнавіднасці: лёгкую, сярэднюю, цяжкую. Жывая маса самцоў лёгкіх формаў 8—9 кг, самак 4,5—5,5 кг, сярэдніх адпаведна 15—17 і 6—7, цяжкіх — 20—25 і 10—11 кг. Яйцаноскасць нясушак лёгкіх формаў 100 і больш яец, сярэдніх 86—93, цяжкіх 40—60 яец. Маса яйца 75—90 г. Птушкі маюць высокую скараспеласць і жыццяздольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЗА́ЙЛЬ (франц. grisaille ад gris шэры),
від дэкаратыўнага жывапісу, які выконваецца ў розных адценнях якога-н. аднаго колеру (пераважна шэрага). Выкарыстоўваецца ў насценных размалёўках і пано. Імітуе скульпт. рэльеф або арх. кампазіцыі, вызначаецца выразнай святлоценявой мадэліроўкай выяў. Грызайлю называюць і размалёўкі аднаколернай эмаллю (шэрай, карычневай, ружовай) з прамалёўкай золатам, у якіх таксама дасягаецца эфект рэльефнасці выявы (гл.Ліможская эмаль). Вядома з 17 ст., найб.пашырана ў размалёўках класіцызму. На Беларусі грызайль шырока ўжывалася ў дэкарыраванні культавых і палацавых будынкаў канца 18 — пач. 19 ст. (палацы ў Гомелі, Свяцку Гродзенскага, Залессі Смаргонскага р-наў; касцёлы езуітаў у Гродне, у вёсках Гальшаны Астравецкага, Будслаў Мядзельскага р-наў; цэрквы Варварынская ў Пінску, у в. Дубай Пінскага р-на і інш.).
Размалёўка ў тэхніцы грызайль інтэр’ера касцёла бернардзінцаў у в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗЮ́КА ЗВЫЧА́ЙНАЯ (Vipera berus),
ядавітая змяя сям. гадзюкавых, атр. лускаватых. Пашырана ў Паўн. Еўразіі і Сярэдняй Еўропе. Насяляе лясную і лесастэпавую зоны, пераважна мяшаныя лясы з палянамі і добрым травастоем, узлескі, высечкі, зарослыя горы, балоты, берагі рэк і азёр. Часта трапляецца ў агародах, радзей на лугах, у сухіх хваёвых барах і ельніках-зеленамошніках. На Беларусі — усюды. Аселая.
Даўж. да 85 см, самкі даўжэйшыя за самцоў. Уздоўж спіны цёмная зігзагападобная паласа. Зверху тулава шэрае, чырвона-бурае, чорнае; бруха шэрае, бурае, чорнае, зрэдку плямістае. На галаве іксападобны малюнак. Кончык хваста жаўтаваты або чырванавата-аранжавы. На верхняй сківіцы 1—2 ядавітыя зубы. Корміцца мышамі, палёўкамі, жабамі, яшчаркамі, птушанятамі, моладзь — беспазваночнымі. Палюе пераважна ўначы. Яйцажывародная. Укус балючы, выклікае працяглае недамаганне. Аб’ект адлову для атрымання змяінага яду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАКТО́ЗА,
прыродны монацукрыд з групы гексозаў. Існуе ў ацыклічнай (піранознай) і цыклічнай (фуранознай) формах, L-галактоза ўваходзіць у састаў поліцукрыдаў чырвоных водарасцей, D-галактоза вельмі пашырана ў прыродзе, уваходзіць у састаў алігацукрыдаў (рафінозы, мелібіёзы, стахіёзы), некат. гліказідаў, раслінных і бактэрыяльных поліцукрыдаў (розных камедзей і слізей, галактанаў, пекцінавых рэчываў, геміцэлюлоз, сапанінаў, гуміарабікаў, глікаліпідаў хларапластаў, глікапратэінаў, антацыянаў і інш.). У арганізме жывёлы і чалавека галактоза — састаўная частка лактозы, групаспецыфічных поліцукрыдаў і інш. злучэнняў. У біял. тканках галактоза ператвараецца ў глюкозу, таксама ў аскарбінавую і галактуронавую к-ты. Зброджваецца т.зв. лактознымі дражджамі. Добра растваральная ў вадзе, дрэнна — у спірце. У жывёльных і раслінных тканках D-галактоза можа ўключацца ў гліколіз. У чалавека спадчынная адсутнасць гэтага ферменту вядзе да немагчымасці утылізаваць D-галактозу з лактозы і выклікае захворванне — галактаземію.