ТАЙГА́ (цюрк.),

занальны тып ландшафту з перавагай у расліннасці хвойных лясоў. Пашырана ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі, а таксама ў горных раёнах Еўропы, Цянь-Шаня, Зах. Кітая, Ціхаакіянскіх узбярэжжаў Паўн. Амерыкі. Адрозніваюць Т. цемнахвойную (елка, піхта), светлахвойную (хвоя, кедр, лістоўніца); паўн., сярэднюю, паўд. і горную. Падлесак разрэджаны (рабіна, вольха). Травяніста-кусцікавы ярус і мохавае покрыва (чарніцы, брусніцы, кісліца, лясныя асокі, вейнікі, зял. імхі, лішайнікі). У фауне пераважаюць грызуны, насякомаедныя, пашыраны драпежнікі, капытныя, зайцападобныя, трапляюцца буры мядзведзь, лось, ізюбр, расамаха, рысь, каланок, собаль, выдра, белка і інш. Т. — крыніца драўніннай сыравіны для цэлюлознай і лесахім. прам-сці, буд. драўніны.

В.​С.​Аношка.

т. 15, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)