ФРУКТО́ЗА, левулёза, фруктовы цукар,

C6H12O6, монацукрыд з групы гексоз, ізамер глюкозы. Вылучана ў 1847. Пашырана ў прыродзе, прысутнічае ў ягадах, садавіне, агародніне, мёдзе і інш. Уваходзіць у састаў алігацукрыдаў і поліцукрыдаў. Ў арганізме чалавека і жывёл Ф. адыгрывае важную ролю ў энергет. абмене. Удзельнічае таксама ў падтрыманні тургару расл. клетак.

Лёгказасваяльны цукар, добра раствараецца ў вадзе, ацэтоне, сумесі спірту і эфіру, tпл каля 100 °C, пад уздзеяннем шчолачаў часткова ператвараецца ў D-глюкозу. Фосфарныя эфіры Ф. знойдзены ў жывых арганізмах, з’яўляюцца прамежкавымі прадуктамі вугляводнага абмену. Фасфаты Ф. ў чалавека ідуць гал. чынам на сінтэз глікагену. Выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, медыцыне.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)