адно з асн. палажэнняў тэрмадынамікі, якое вызначае характар змены энтрапіі тэрмадынамічнай сістэмы пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Паводле Н.т. прырашчэнне энтрапіі ΔS пры любых абарачальных ізатэрмічных працэсах, што адбываюцца паміж раўнаважнымі станамі пры т-ры, якая набліжаецца да абсалютнага нуля, імкнецца да нуля:
. Устаноўлена В.Нернстам (1906). Вядзе да шэрагу важных тэрмадынамічных вынікаў (напр., недасягальнасць абсалютнага нуля, імкненне цеплаёмістасці і каэфіцыентаў цеплавога расшырэння цвёрдага цела да нуля пры T → 0), таму ў больш агульным сэнсе яе наз.трэцім законам тэрмадынамікі. Мае важнае значэнне ў крыягеннай тэхніцы для дасягнення звышнізкіх т-р і ў фіз. хіміі для разліку хім. раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСІСТРА́Т (Peisistratos; каля 600—527 да н.э.),
афінскі тыран у 560—527 да н.э. (з перапынкамі). Вызначыўся перамогамі ў 565 да н.э. ў вайне з Мегарай. Праводзіў палітыку ў інтарэсах сялян і гандл.-рамесніцкага насельніцтва; раздаваў сял. беднаце канфіскаваную ў эўпатрыдаў зямлю, арганізаваў дзярж. крэдыт на льготных умовах, увёў дзярж. дапамогу інвалідам вайны. Пры П. ўмацаваліся гандл. сувязі Афін з Фракіяй і Прычарнамор’ем, агульнадзярж. значэнне набылі культы Дэметры і Дыяніса; у Афінах пабудаваны храмы Афіны Палады і Апалона Піфейскага на Акропалі, новы рынак, водаправод, якім карысталіся да 18 ст., працягвалася будаўніцтва гавані Пірэй; былі запісаны і адрэдагаваны паэмы Гамера. З імем П. звязана ўзнікненне першага ў Грэцыі тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́НА (санскр. дыханне),
у індыйскай метафізіцы і ідэалістычных сістэмах абазначае тонкую энергію Сусвету, крыніцу ўсіх сіл, руху і нават мыслення. У шэрагу выпадкаў атаясамліваецца з паняццямі «пракрыці» (пачатковая сіла) і «атман» — (душа). Адначасова П. мае і касм.значэнне, блізкае да паняцця «сусветная душа», злучыцца з якой імкнецца П. індывіда. На практыцы П. звычайна абазначае энергію дыхання. Ёгі сцвярджаюць, што акрамя П. дыхання ў чалавечым арганізме (і ў Сусвеце) існуюць яшчэ 4 тонкія энергіі: апана — токі, якія вядуць уніз, да выхаду з кішэчніка; в’яна — токі, што размеркаваліся па целе паміж пранай і апанай, удана — токі, накіраваныя ўверх, канцэнтруюцца ў горле, самана — токі, што збіраюцца каля пупка і садзейнічаюць страваванню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСНЯКО́Ў (Аляксандр Яўгенавіч) (3.5.1870, г. Адэса, Украіна —30.9.1929),
расійскі гісторык. Праф. (1918), чл.-кар.Рас.АН (1920). Скончыў Пецярбургскі ун-т. Даследаваў пытанні паліт. гісторыі Расіі, рус. летапісанне 16 ст. («Княжацкае права ў Старажытнай Русі», 1909; «Утварэнне Велікарускай дзяржавы», «Маскоўскае царства», абодва 1918), рух дзекабрыстаў і народнікаў («14 снежня 1825 г.», 1926). У «Лекцыях па рускай гісторыі» (т. 1—2; выд. 1938—39) даследаваў гісторыю ВКЛ. Лічыў, што пасля распаду Кіеўскай Русі найб.значэнне адыгралі Полацкае княства, Суздальская, Наўгародска-Пскоўская і Галіцкая землі, падкрэсліваў, што Навагрудак быў першым цэнтрам ВКЛ.
Літ.:
Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 636—647.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІ́ДАВЫЯ, зданевыя,
палачнікі (Phasmoptera, або Phasmida, або Phasmodea),
атрад насякомых. Каля 2,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на раслінах.
Даўж. да 35 см (самыя вял. з насякомых). Самкі буйнейшыя за самцоў. Форма цела палачкападобная (адсюль адна з назваў) або лістападобная (у лістацелаў). Крылаў у большасці відаў няма. Вочы добра развітыя. Ногі хадзільныя. Ротавы апарат грызучы. Расліннаедныя. У развіцці — партэнагенез, ператварэнне няпоўнае. Паводзіны і афарбоўка П. маюць прыстасавальнае значэнне: у нерухомым стане яны падобныя на галінкі, сцёблы, кавалкі кары, лісце. Здольныя доўга знаходзіцца ў стане «васковай гнуткасці» (каталепсія). Уласціва аўтатамія, страчаныя ч. цела лёгка ўзнаўляюцца.
С.Л.Максімава.
Да арт.Прывідавыя. Палачнікі: 1 — гіганцкі інданезійскі; 2 — індыйскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НЕЖСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
біясферны запаведнік у Расіі, на мяжы Варонежскай і Ліпецкай абл., у цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны на водападзеле р. Варонеж і Усмань. За 40 км на Пн ад Варонежа. Засн. ў 1927 для аховы і аднаўлення колькасці рачнога бабра. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 31 053 га, у т. л. 28 481 га пад лесам, 535 га займаюць лугі і 121 га — вадаёмы. У запаведніку, размешчаным у паўн.ч. Усманскага бору, зберагаюцца астраўныя бары і дубровы лесастэпавай зоны, якія маюць водаахоўнае значэнне. У фауне звычайныя бабёр, высакародны алень, дзік, казуля, з рэдкіх відаў — хахуля, сярод птушак — шэры журавель, няясыць і інш. Доследны гадавальнік па вывучэнні і развядзенні бабра.
Літ.:
Заповедники СССР: Заповедники Европейской части РСФСР. Ч. 2. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫ ЖАЛЯЗНЯ́К,
жалезная руда; мінер. ўтварэнні з тонкадысперснай сумесі гідраксідаў жалеза, аксідаў і гідраксідаў крэмнію і алюмінію. Гал. мінералы: гётыт, гідрагётыт, гематыт, гідрагематыт і інш. Трапляецца ў выглядзе зямлістых скрытакрышт. масаў, нацёкаў, канкрэцый, жэодаў, аалітаў, сталактытаў, псеўдамарфозаў на інш. мінералах і выкапнёвых арган. рэштках. Колер ад цёмна-карычневага да светла-жоўтага. Утварэнне звязана з працэсамі акіслення ў паверхневай зоне зямной кары. Асн. радовішчы асадкавыя (марскія, рачныя, азёрныя, балотныя) і кары выветрывання ультраасноўных парод. Адна з самых пашыраных жал. руд, якія маюць прамысл.значэнне пры колькасці жалеза больш за 30% і малой колькасці шкодных прымесяў (серы, фосфару, мыш’яку). Найб. радовішчы ў Расіі, Казахстане, ЗША, Францыі, на Кубе, у Новай Каледоніі. У Беларусі трапляецца ў складзе балотнай руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧКІ́ (Jobiidae),
сямейства рыб атр. акунепадобных. Больш за 200 родаў, каля 600 відаў пераважна ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў. Донныя, прыбярэжна-марскія, саленаватаводныя і прэснаводныя рыбы. Найб. вядомыя бычкі: каліфарнійскі сінепалосы, кругляк, бланкет, каспійская пугалаўка, мартавік, японскі дзявочы, травянік і інш. На Беларусі 1 від — бычок-пясочнік.
Даўж. 7,5 мм — 90 см. Брушныя плаўнікі зрослыя, утвараюць круглы прысосак, што дазваляе рыбам утрымлівацца пры моцных рухах вады. Нерастуюць вясной, ікру адкладваюць у гнёзды, якія падрыхтоўваюць самцы. Большасць бычкоў кормяцца доннымі беспазваночнымі, ёсць драпежныя і планктонаедныя віды. Некат. бычкі (кругляк, пясочнік, шырман і інш.) маюць прамысл.значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В,
трэцяя літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай («ведзі»). Рознае вымаўленне лац. B і слав. В абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на аснове грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да н.э., калі β перадавала гук «б», а ў перыяд стварэння слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Мела лікавае значэнне 2. У сучаснай бел. мове абазначае звонкія губна-зубныя фанемы («в») і («в’»), якія ў адрозненне ад рус. мовы функцыянальна не суадносяцца з губна-зубнымі («ф») і («ф’») і пасля галосных перад зычнымі, а таксама на канцы слоў пераходзяць у «ў» («траўка», «раўнапраўе», «высноў», «любоў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг.значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).