УТРЫМА́НЦЫ,

асобы, якія знаходзяцца на поўным утрыманні ў інш. асобы або атрымліваюць ад яе дапамогу, якая з’яўляецца пастаяннай і асн. крыніцай сродкаў для існавання. Юрыд. значэнне гэты факт набывае пры пенсіённым забеспячэнні, кампенсацыі шкоды, нанесенай смерцю карміцеля, наданню пераваг пры пакіданні на рабоце пры скарачэнні штатаў, пры падаткаабкладанні і ў інш. выпадках. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні» пры назначэнні пенсіі з выпадку страты карміцеля члены сям’і памерлага лічацца яго У. пры наяўнасці вышэйназваных умоў. Непаўналетнія дзеці памерлых бацькоў, як правіла, лічацца У., і гэты факт не патрабуе якіх-н. доказаў.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)