Х,

дваццаць чацвёртая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай х («хер»), якая адпавядала грэка-візант. устаўнай Χ («хі»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гукі «х», «х’» («мохъ», «тихий»). Мела лічбавае значэнне «шэсцьсот». У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія фрыкатыўныя заднеязычныя зычныя гукі «х», «х’» («хата», «хітры» — «х’ітры»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.

А.​М.​Булыка.

т. 16, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)