ГО́ЕН ((Goyen) Ян ван) (13.1.1596, г. Лейдэн, Нідэрланды — 27.4.1656),
галандскі жывапісец і афартыст, адзін са стваральнікаў галандскага рэалістычнага пейзажа. Вучыўся ў Харлеме ў Э. ван дэ Велдэ (1616—17), зазнаў яго ўплыў. Працаваў у Лейдэне і Гаазе. Пісаў лірычныя пейзажы з відамі галандскіх рэчак, маленькіх гарадкоў і вёсак на іх берагах. Імкнучыся да стварэння паэтычна абагульненага вобраза галандскай зямлі, часта выкарыстоўваў нізкую лінію гарызонта, тонка перадаваў празрыстасць ці вільготнасць паветра («Дзюна», 1629, «Калодзеж каля хаціны», 1633; «Рака Ваал каля Неймегена», 1640-я г., «Вусце ракі», 1655, і інш.). Яго жывапіснай манеры ўласціва мяккая танальнасць каларыту, заснаванага на тонкіх пераходах зеленавата-шэрых і светла-карычневых адценняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ (Сяргей Васілевіч) (26.9.1885, г. Мажайск, Расія — 20.4.1964),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1958), правадз.чл.АМСССР (1947), д-р мастацтвазнаўства (1956), праф. (1931). Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы (1901—07) і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1907—12) у С.В.Іванава і К.А.Каровіна. Пісаў простыя па кампазіцыі, стрыманыя па каларыце партрэты («Сялянка з пеўнем», 1924, «Калгасны вартаўнік», 1933), гіст. палотны («Клятва сібірскіх партызан», 1933, «Маці партызана», 1943—50), жанравыя карціны («Калгаснае свята», 1937), пейзажы; ілюстрацыі да твораў М.А.Някрасава, М.Горкага і інш. Ленінская прэмія 1966. У Нац.маст. музеі Беларусі 6 работ Герасімава, сярод якіх «Сялянка-дэлегатка», 1935, «Ранняя вясна», 1956, «Мажайск. Масква-рака», 1960, і інш.
літоўскі жывапісец. Нар. мастак Літвы (1954), нар.маст.СССР (1957). Чл.-кар.АМСССР (1958). Вучыўся ў маст. акадэміях у Варшаве (1899—1901) і Парыжы (1905—06). Адзін з заснавальнікаў (1907) Суполкі літ. выяўленчага мастацтва, яго старшыня да 1934. З 1926 выкладаў у Каўнаскай маст. школе, у 1944—53 у розных вышэйшых школах; праф. (1947). Сярод твораў пераважаюць пейзажы, якім уласцівы рэаліст. вобразы, ідэалізацыя прыроды: «Нярыс каля Антакальніса» (1906), «Нёман перад навальніцай» (1917), «Дзве сасны» (1931), цыкл «Тут будзе Каўнаскае мора» (1953—59) і інш. Пісаў сюжэтныя карціны («Адпачынак», 1920, «Прачкі», 1926), партрэты (Т.Даўгірдаса, 1910, В.Міцкевіча-Капсукаса, 1945, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАЎ (Сяргей Васілевіч) (16.6.1864, г. Руза Маскоўскай вобл. — 16.8.1910),
рускі жывапісец. Прадстаўнік «крытычнага рэалізму». Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878—82, 1884—85), Пецярб.АМ (1882—84). Выкладаў у Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства і Строганаўскім вуч. З 1899 чл.Т-ва перасоўных маст. выставак, адзін з заснавальнікаў маскоўскага аб’яднання «Саюз рускіх мастакоў» (1903). Раннія творы вылучаюцца натуралізмам і рэв.-дэмакр. накіраванасцю («Каля астрога», 1885, «У дарозе. Смерць перасяленца», 1889). З канца 1890-х г. пісаў карціны на тэмы рус. жыцця 16—17 ст. у больш свабодным і маляўнічым стылі («Прыезд іншаземцаў у Маскву 17 стагоддзя», 1901; «Цар. 16 стагоддзе», 1902).
Літ.:
Грановский И.Н. С.В.Ивамов: Жизнь и творчество. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЕ́ВІЧ (Галіна Анатолеўна) (н. 30.1.1922, г. Віцебск),
бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУЛА́ДЗЕ (Сяргей Саламонавіч) (7.2.1909, г. Ахалцыхе, Грузія — 22.7.1978),
грузінскі графік, тэатр. мастак і жывапісец. Нар. мастак Грузіі (1958), чл.-кар.АМСССР (1958). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1925—30), выкладаў там з 1938. Графічным творам К. ўласціва героіка-рамант. трактоўка вобразаў, скульптурнасць форм (іл. да «Віцязя ў тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, 1935—37; «Слова пра паход Ігаравы», 1939, і інш.). Тэатр. работы: афармленне балетаў «Раймонда» А.Глазунова (1945) у Вял. т-ры, «Сінатле» Кіладзе (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) і оперы «Казанне пра Тарыэля» Ш.Мшвелідзе (1946, Дзярж. прэмія СССР, 1947) у Тбіліскім т-ры оперы і балета. Працаваў таксама як партрэтыст і пейзажыст.
С.Кабуладзе. Ілюстрацыя да паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 1935—37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛФ ((Kalf) Вілем) (хрышчаны 3.11.1619, г. Ротэрдам, Нідэрланды — 31.7.1693),
галандскі жывапісец. Прадстаўнік амстэрдамскай школы нацюрморта. Як каларыст зазнаў уплыў Рэмбранта. У 1642—46 у Парыжы, дзе стварыў большасць сваіх работ, у якіх адлюстроўваў вясковыя сцэны з выявамі посуду і рэчаў хатняга ўжытку («Інтэр’ер хаціны», «Двор сялянскай хаты» і інш.). З 1643 пісаў нацюрморты з залатымі і сярэбранымі рэчамі, даспехамі, рэдкаснымі прадметамі (ракавіны, каралы; «Дэсерт», каля 1659, і інш.). Творы вылучаюцца дакладнасцю распрацоўкі фактуры матэрыялаў, спалучэннем вытанчаных тонаў і моцнымі святлоценявымі кантрастамі («Сняданак» і інш.). З 1646 у Галандыі (з 1653 у Амстэрдаме). Разам з інш. мастакамі паклаў пачатак новаму кірунку ў галандскім жывапісе, які стаў проціпастаўленнем суроваму манахромнаму стылю ў нацюрморце і прадвеснікам пышнасці мастацтва барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ (Антон Іосіфавіч) (21.7.1860 ці 1861, Вільня або маёнтак Ярылаўка Гродзенскай губ. — 12.9.1933),
графік і жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1882—85) і ў Парыжы ў Акадэміі Жульена. Працаваў у Варшаве, Кракаве, Парыжы. Рабіў малюнкі часопісаў, ілюстрацыі да літ. твораў. Адлюстроўваў жыццё бел. народа (серыя літаграфій «Белавежская пушча»), складанасць і трагізм лёсу мастакоў («Няскончаная справа», 1894), рэв. рух 1905—07. Сярод жывапісных твораў цыкл алегарычных кампазіцый «Песня аб жыцці» (каля 1896—97), «Двор Ягелонскай бібліятэкі ў Кракаве» (1921) і інш. Аўтар партрэтаў дзеячаў культуры (Э.Ажэшкі, В.Базнанскай, С.Віткевіча, С.Выспянскага, М.Канапніцкай, Г.Сянкевіча і інш.).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
А.Каменскі. Беларусачка. З серыі «Белавежская пушча». 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧЭ́ЎСКІ (Юльян Юзафавіч) (снеж. 1806, в. Казяны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — студз. 1833),
бел.жывапісец. Скончыў ф-т маральных і паліт. навук Віленскага ун-та (1824), дзе адначасова займаўся жывапісам у Я.Рустэма. У 1824—26 вывучаў права ў Пецярбургскім ун-це. У 1826—29 удасканальваў майстэрства жывапісу ў Францыі, потым у Англіі і Італіі. Створаныя ім жанравыя кампазіцыі вызначаюцца тэхн. дасканаласцю, вастрынёю характарыстык, дакладнай перадачай нац. тыпажу: «Руская хуткая пошта», «Яўрэйскае пахаванне», «Яўрэйскі фурман у літоўскай карчме» і інш. З 1829 у Рыме, дзе напісаў шэраг пейзажаў і жанравых сцэн. Карціны К. «Ян III пад Венай», «Турак на кані» і інш. ў 2-й пал. 19 ст. зберагаліся ў галерэі А.Храптовіча ў Шчорсах (Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.).