ФА́ЛАТ (Fałat) Юльян (30.7.1853—9.7.1929),
польскі жывапісец. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1870—71), у Мюнхенскай акадэміі (1878—80). Наведаў многія краіны Зах. Еўропы. Працаваў пры двары Вільгельма II у Берліне, дзе з В.Косакам (гл. ў арт. Косакі) выканаў панараму «Пераход цераз Бярэзіну» (1895—96). У 1895—1910 дырэктар Школы прыгожых мастацтваў у Кракаве. Шмат разоў бываў у Беларусі, у т. л. ў Нясвіжы і на Палессі, адкуль чэрпаў тэмы для вял. колькасці сваіх работ. Працаваў пераважна ў тэхніцы акварэлі. Творам уласцівы рысы імпрэсіянізму: «Паляванне ў Нясвіжы» (1881), «Вяртанне з мядзведзем» (1892) і інш.
А.К.Лявонава.
т. 16, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)