сукупнасць філасофскіх вучэнняў старажытнагрэчаскага і старажытнарымскага грамадстваў у 7 ст. да н.э. — 6 ст.н.э. У сваім развіцці прайшла 4 перыяды: узнікненне і фарміраванне (канец 7—6 ст. да н.э.), росквіт (5—4 ст. да н.э.), пачатак заняпаду (3—1 ст. да н.э.), заняпад (1—5 ст.н.э.). Узнікла ў іанійскіх калоніях Стараж. Грэцыі ў выглядзе натурфіласофіі і адлюстроўвала светапогляд прамыслова-гандлёвага класа. Адной з першых філас. школ была мілецкая (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен), для якой характэрны стыхійны матэрыялізм, наіўная дыялектыка, наяўнасць элементаў міфалогіі, антрапамарфізму і пантэізму. Са стараж.-грэч. філосафам Гераклітам звязваюць першыя спробы выявіць адзіную аб’ектыўна-лагічную заканамернасць (дыялектыку) у любым працэсе. У перыяд яе росквіту сфарміраваліся Акадэмія Платона, Лікей Арыстоцеля. Філасофія стала навукова арыентаванай дысцыплінай са строга акрэсленымі прадметамі, логіка-гнасеалагічнымі прынцыпамі, катэгарыяльным апаратам, мэтамі і задачамі. Усебакова распрацаваны найважнейшыя часткі філасофіі — анталогія, гнасеалогія, вучэнне пра грамадства і дзяржаву, логіка, этыка, эстэтыка, псіхалогія, а таксама касмалогія, матэматыка і інш. прыродазнаўчыя дысцыпліны. У філасофіі аформіліся 2 асн. кірункі — матэрыялістычная лінія Дэмакрыта і ідэалістычная лінія Платона, дыялектычны (Геракліт) і метафізічны (элеяты) падыходы ў трактоўцы быцця. Страта грэч. гарадамі самастойнасці негатыўна паўплывала на культуру і філасофію. У 3—1 ст. да н.э. ў філасофіі прасочваюцца 3 гал. плыні — скептыцызм, эпікурэізм і стаіцызм. З агульнатэарэт. пытанняў (праблем быцця, гнасеалогіі, дзярж. ладу) акцэнт у іх перамясціўся ў бок пошукаў канкрэтных прынцыпаў асабістых паводзін, якія дазволілі б дасягнуць шчасця асобнаму чалавеку. Сац.-эканам. і паліт. супярэчнасці Рымскай імперыі на пач.н.э. садзейнічалі пашырэнню рэліг. вучэнняў, пад уплыў якіх трапіла і філасофія. Рэліг. скіраванасцю характарызаваліся школы неапіфагарэізму і неаплатанізму, хоць у цэлым яны не прытрымліваліся афіц. ідэалогіі хрысціянства. У пач. 6 ст.н.э. дэкрэтам імператара Юсцініяна філас. школа платанізму ў Афінах закрыта. Антычная філасофія — адзін з важнейшых этапаў развіцця філасофіі і філас. культуры. Яе заслуга ва ўсеабдымным і сістэматычным абгрунтаванні філасофіі як навук. тэорыі, развіцці сістэмы паняццяў, у распрацоўцы ці пастаноўцы ўсіх асн.філас. праблем.
Літ.:
Антология мировой философии. Т. 1, ч. 1. М., 1969;
Асмус В.Ф. Античная философия. 2 изд. М., 1976;
Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЗА́ЙН (ад англ. design задума, праект, чарцёж, малюнак),
від творчай дзейнасці па праектаванні і фарміраванні эстэт. і функцыян. якасцей прадметнага асяроддзя; вынік праектнай дзейнасці. Асн. аб’екты Д. — прадметна-прасторавае асяроддзе: яго кампаненты, рэчы і сувязі паміж імі, якія ўзяты ў адносінах да людзей і разглядаюцца ў разнастайных сістэмных сувязях з сацыякультурным асяроддзем. Мэта Д. — задавальненне матэрыяльных і духоўных патрабаванняў чалавека шляхам праектавання розных аб’ектаў: прамысл. вырабаў, элементаў візуальнай камунікацыі, адзення і інш.; фарміраванне гарманічнага прадметнага асяроддзя. Мае розныя галіны: Д. прамысловы, графічны, інтэр’ера і інш. З ім звязаны паняцці «тэхнічная эстэтыка» (тэорыя Д.) і «мастацкае канструяванне» (праектная практыка Д.).
Д. пачаў фарміравацца з развіццём масавай вытворчасці ў высокаразвітых прамысл. краінах (з 1754 Каралеўскае т-ва мастацтва ў Вялікабрытаніі пачало прысуджаць прэміі за лепшыя праекты прамысл. вырабаў). Развіццё Д. ў сучасным разуменні пачалося з 1-й пал. 20 ст. (нямецкі Веркбунд, 1907; Баўгауз, 1919—33; Вышэйшыя дзярж.маст.-тэхн. майстэрні ў Расіі, 1918—30). Важную ролю ў станаўленні Д. адыгралі Дж.Рэскін, У.Морыс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ і інш., якія прапагандавалі прынцыпы функцыяналізму, стварэнне тыповых, але старанна распрацаваных формаў. У 1959 на 1-й ген. асамблеі Міжнар. савета арг-цый прамысл. Д. прыняты тэрмін industrial design (індустрыяльны дызайн; прафес. скарачэнне — дызайн).
У Беларусі Д. развіваецца з канца 1910. Гэтаму спрыяла дзейнасць аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», створанага ў рамках Віцебскага маст.-практычнага ін-та па ініцыятыве К.Малевіча (існаваў да 1923). Новы ўздым Д. пачынаецца ў 1960-я г., асабліва ў вытв-сці трансп. сродкаў, быт. тэхнікі, мэблі, адзення і інш. У 1987 створаны Саюз дызайнераў Беларусі. Дызайнерская дзейнасць ажыццяўляецца ў Нацыянальным дызайн-цэнтры, дызайн-студыях Бел. саюза дызайнераў, на вытв. прадпрыемствах. З 1995 на Беларусі існуе Аддзяленне Міжнар. асацыяцыі «Саюз дызайнераў». Дызайнераў рыхтуюць Бел.АМ і Еўрапейскі гуманітарны ун-т.
Літ.:
Безмоздин Л.Н. Художественно-конструктивная деятельность человека. Ташкент, 1975;
Глазычев В.Л. О дизайне. М., 1970;
Лазарев Е.Н. Дизайн машин. Л., 1988;
Нестеренко О.И. Краткая энциклопедия дизайна. М., 1994;
Селезнев И.Ф. Дизайн. Мн., 1978.
Ф.Р.Вількін, Я.Ю.Ленсу.
Да арт.Дызайн. 1. Ю.Жуцяеў, С.Паланевіч, В.Сонца, С.Хлебародава. МАЗ-2000. 1994. 2. В.Сямёнаў. Цяжкавоз БелАЗ-7924. 1997. 3. Трактар «Беларусь». 4. Т.Кузюкова, А.Пастухоў, А.Цэхановіч. Мікраскоп. 1993. 5. Двухкамерны халадзільнік «Атлант». Мадэль 152-01. 6. А.Дольнікаў. Бінокль. 1997. 7. Г.Шакавец. Пыласос. 1995. 8. Т.Лісавенка. Калекцыя адзення «Мадыльяні». 1994.Да арт.Дызайн. 1,2. С.Саркісаў. Рэкламна-інфармацыйная графіка да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны. 1989. 3. Т.Гардашнікава, Дз.Сурскі. З серыі плакатаў «Эканомія ў быце». 1991. 4. Э.Жакевіч. Знакі-інфарматары да выдання У.А.Чантурыя «Гісторыя архітэктуры Беларусі». 1977.Да арт.Дызайн. 1. У.Цэслер, С.Войчанка. Лагатып фірмы. 1992. 2. Л.Мялоў, С.Саркісаў. Лагатып Целяханскай лыжнай фабрыкі 1985. 3. Я.Круглоў. Лагатып транспартнай фірмы. 1988.Да арт.Дызайн. В.Мінько, А.Хількевіч. Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Разварот кнігі. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАДЭ́НЦТВА, дэкаданс (франц. décadence ад позналац. decadentia заняпад),
агульная назва нерэалістычных кірункаў у мастацтве і літаратуры 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. (імпрэсіянізму, сімвалізму, эстэтызму і інш). Склалася пад уплывам адчування крызісу рэчаіснасці і свядомасці, няздольнасці чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць, што прывяло да татальнага крызісу рацыяналізму і ўзмацнення ірацыянальных, містычных, інтуітывісцкіх элементаў у адлюстраванні свету і чалавека. Для яго характэрны настрой песімізму, адчуванне душэўнай і інтэлектуальнай стомленасці, заняпад духу, непрыняцце жыцця і адначасова абвостраная прага да жыццёвых радасцей — геданізм. Найб. моцна на фарміраванне Д. паўплывала метафізічная філасофія А.Шапенгаўэра і «філасофія жыцця» Ф.Ніцшэ. Прадстаўнікі Д. культывавалі падыход да мастацтва як да адзінага спосабу пазнання ісціны, пранікнення ў трансцэндэнтнае, адстойвалі самадастатковасць мастацтва, яго незалежнасць ад жыцця, культ генія і прыгажосці, непадуладных законам «цвярозага розуму» і абывацельскай маралі. Упершыню матывы Д. выявіліся ў творчасці франц. паэтаў Ш.Бадлера, Т.Гацье і інш., паэтаў парнаскай школы. Д. адлюстравала крызіс еўрап. грамадства, але яго нельга вызначыць як «заняпад мастацтва». Імкнучыся пераадолець духоўны крызіс, знайсці выйсце з лабірынта лёсу, абараніць чалавечае ў чалавеку, Д. выклікала да жыцця жывапіс франц. імпрэсіяністаў і англ.прэрафаэлітаў, паэзію П.Верлена, А.Рэмбо, С.Малармэ, С.Георге, Г. фон Гофмансталя, маладога Р.М.Рыльке, «тэатр маўчання» М.Метэрлінка, прозу О.Уайльда і інш. У Расіі Д. знайшло адлюстраванне ў творчасці сімвалістаў М.Мінскага, Д.Меражкоўскага, З.Гіпіус, К.Бальмонта, Ф.Салагуба і інш. сімвалістаў. Д. зрабіла істотны ўплыў на многіх майстроў рэалізму (А.Франс, Т.Ман, Л.Андрэеў), узбагаціла сродкі маст. выразнасці, многія з якіх сталі набыткам мадэрнісцкіх кірункаў у мастацтве (гл.Мадэрнізм).
Праблема Д. актыўна абмяркоўвалася ў бел. прэсе ў канцы 19 — пач. 20 ст. (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва»), Дыскусіі адбываліся на фоне росту папулярнасці выяўленчых, тэатральных, літаратурных твораў майстроў зах.-еўрап. і рус. Д., якія ўваходзілі ў кантэкст культ. жыцця Беларусі таго часу. Эстэтыка Д., у т. л. сімвалізму і імпрэсіянізму, паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.Малевіч, М.Шагал, Л.Лісіцкі, Р.Фальк, В.Ермалаева і інш.). Элементы сімвалізму ёсць у шэрагу прац мастака Я.Драздовіча (напр., карціны «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні», «Пагоня Ярылы»), Прыкметы Д. ў бел. л-ры парадаксальным чынам суадносяцца з адраджэнцкай тэматыкай твораў пісьменнікаў, што групаваліся вакол газеты «Наша ніва». У шэрагу твораў М.Багдановіча гучыць характэрны для Д. матыў трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, збліжаюцца моманты нараджэння і смерці чалавека (цыкл вершаў «Каханне і смерць»). Багдановіч стаў першым перакладчыкам паэзіі Верлена на бел. мову (пераклаў 22 вершы). На творчасць Я.Купалы істотны ўплыў зрабілі дэкадэнты — Л.Андрэеў, А.Белы, Ф.Салагуб, С.Пшыбышэўскі, С Выспянскі і інш. Драматычная паэма Я.Купалы «Адвечная песня» мае відавочныя рэмінісцэнцыі з п’есай Андрэева «Жыццё чалавека». Суб’ектывізм, паэтычны «шыфр», цьмяная сімволіка назіраюцца ў драм. паэме «Сон на кургане» і некаторых лір. вершах Я.Купалы. Містычны, ірацыянальны пачатак пры трактоўцы універсальных праблем жыцця, уласцівы эстэтыцы Д., можна назіраць у празаічных творах М.Гарэцкага («Патаёмнае», «Што яно?», «Страхаццё»), «імпрэсіях» З.Бядулі, алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш., у філас. лірыцы А.Гаруна. Разам з тым Д. ў бел. л-ры пач. 20 ст. выступае не як адасобленая з’ява, а ў цесным узаемадзеянні з праявамі новага рамантызму, рэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ ФІЛАСО́ФІІ,
навука пра станаўленне, развіццё і барацьбу філас. ідэй, канцэпцый і сістэм, светапогляд мысліцеляў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх і паліт. дзеячаў.
Элементы гісторыка-філас. ведаў узніклі ў Стараж. Грэцыі ў 4—3 ст. да н.э. — 2—3 ст.н.э. (творы Арыстоцеля, Дыягена Лаэрцкага, Секста Эмпірыка). У эпоху позняга элінізму яны развіваліся айцамі хрысц. царквы (Яўсевій Кесарыйскі, Аўгусцін Блажэнны). Араб. філосаф Шахрастані (12 ст.) упершыню паспрабаваў сістэматызаваць філасофію стараж. грэкаў, персаў, яўрэяў, арабаў у кн. «Рэлігійныя секты і філасофскія школы». Першым хрысц. гісторыка-філас. даследаваннем сярэдневяковай Еўропы была праца У.Бёрклі (1275—1357) «Кніга пра жыццё і смерць старажытных філосафаў і паэтаў». У эпоху Адраджэння гісторыю філасофіі даследавалі пераважна ў рамках гісторыі культуры. Самаст. навукай стала ў сярэдзіне 17 ст., калі выйшлі даследаванні «Гісторыя філасофіі» (1655—61) Т.Стэнлі, «Гісторыя філасофіі ў сямі кнігах» (1658) Г.Хорна, «Пра філасофію і філасофскія школы» (1658) Г.Фоса. Погляд на развіццё філасофіі як рух да спасціжэння хрысц. мудрасці падсумаваны ў кн. Я.Брукера «Крытычная гісторыя філасофіі ад стварэння сусвету да нашага часу» (1742—47). Пад уплывам ідэй Асветніцтва ўзнікла крытычная плынь у гісторыі філасофіі, якая ўключала гісторыю пазнання, логіку, псіхалогію, развіццё прыродазнаўства. Ідэю гістарызму ў філас. пазнанні развівалі Дж.Віка, Ш.Мантэск’ё, І.Гердэр, І.Кант, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг. Гісторыю еўрап. думкі і навукі з дыялектычных пазіцый падсумаваў Г.Гегель у кн. «Лекцыі па гісторыі філасофіі», «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817). У 19 ст. пачаліся сістэматычныя даследаванні гісторыі філасофіі Рас. імперыі. У 1920-я г. ўзрасла цікавасць да ранейшай гісторыі філасофіі. Па гэтай праблеме апублікаваны кн. «Нарыс гісторыі рускай філасофіі» (2-е выд., 1920) Э.Радлава, «Шляхі развіцця філасофіі ў Расіі» (1922) М.Яршова, «Нарыс развіцця рускай філасофіі» (ч. 1, 1922) Г.Шпета. У эмігранцкім рас. асяроддзі з’явіліся арыгінальныя манаграфіі «Руская ідэя: Асноўныя праблемы рускай думкі XIX і пачатку XX ст.» (1946) М.Бярдзяева, «Гісторыя рускай філасофіі» (т. 1—2, 1948—50) В.Зянькоўскага, «Гісторыя рускай філасофіі» (1951) М.Лоскага, у Маскве выдадзена 5-томная «Гісторыя філасофіі ў СССР» (1985—88).
Гісторыя філас. думкі Беларусі даследавалася ў адзінстве з развіццём грамадска-паліт., эстэт. і сацыялагічнай думкі. У эпоху сярэдневякоўя (10—15 ст.) важнай крыніцай тэарэт. і практычнай мудрасці былі біблейскія кнігі філасофска-этычнага зместу, вусная нар. творчасць. Філас. раздзелы «Крыніцы ведаў» візант. пісьменніка Іаана Дамаскіна (каля 675—754), напісаныя паводле прац Арыстоцеля і яго хрысц. каментарыяў, былі перакладзены на стараслав. мову. Біблейская філасофія светастварэння пераказана ў «Аповесці мінулых гадоў» (12 ст.), якая выкарыстоўвалася на Беларусі як адна з крыніц мясц. летапісу. Пачынальнікам самабытнай сінкрэтычнай мудрасці (адзінства тэалогіі, філасофіі, аратарскага і паэт. мастацтва) у старадаўняй Беларусі быў Кірыла Тураўскі. У 10—15 ст. на Русі адукаваныя людзі знаёміліся з ант. і сярэдневяковай філасофіяй, л-рай, этыкай і эстэтыкай па энцыклапедычным зб. «Пчала» (13 ст.). Нар. пантэістычна-маст. светапогляд выявіўся ў паэме «Слова аб палку Ігаравым» (канец 12 ст.), у фабулу якой увайшлі фрагменты з гісторыі Полаччыны, мясц. песні, легенды. У 16—17 ст. склалася рэгіянальная самабытная гуманіст. ідэалогія, філасофія, этыка і эстэтыка (творчасць і асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана, заканадаўчая дзейнасць Л.Сапегі, Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588, палемічныя творы А.Філіповіча, М.Сматрыцкага, братоў Л. і С.Зізаніяў і інш.). З пазіцый хрысц. філасофіі і этыкі сутнасць чалавека, грамадства і сусвету тлумачыў Сімяон Полацкі. Асаблівасць развіцця філас. думкі ў Беларусі і Літве канца 16 — 1-й пал. 18 ст. — засваенне ант., сярэдневяковай і новаеўрап. філасофіі, гуманіт. навукі, прыродазнаўства, маст. культуры праз Віленскі ун-т, мясц. калегіумы, базыльянскія і піярскія школы, якія існавалі ў большасці бел. гарадоў і мястэчак. Асветніцкую філасофію 18 — 1-й пал. 19 ст. прадстаўлялі А.Доўгірд, паслядоўнікі філасофска-эканам. тэорыі фізіякратаў І.Храптовіч, І.Страйноўскі, К.Багуслаўскі, тэарэтыкі рыторыкі і паэзіі Ф.Галянскі, Э.Славацкі, Л.Бароўскі і інш. Філасофія, этыка і эстэтыкабел.нац. Адраджэння — духоўнага і грамадска-паліт. руху да стварэння самабытнай бел. культуры і нац. дзяржаўнасці — сфарміраваліся ў творчасці К.Каліноўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Цёткі (А.Пашкевіч), Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, дзеячаў Бел.сацыяліст. грамады і газ. «Наша ніва» А.Луцкевіча, В.Ластоўскага, публіцыстаў Л.Гмырака (М.Бабровіча), С.Ясяновіча (С.Палуяна), гісторыка М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1920-я г. ў БССР былі апублікаваны арыгінальныя падручнікі С.Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» (1922), Б.Быхоўскага «Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму» (1930), інш. даследаванні па метадалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, у т. л. У.Іваноўскага, С.Кацэнбогена. У 2-й пал. 1950-х г. выйшлі манаграфіі М.Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), І.Лушчыцкага «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958), А.Смірнова «Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 г.» (1959) і інш. Сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і эстэт. думкі Беларусі пачаліся ў 1950—60-я г., калі былі падрыхтаваны зб-кіарт. «З гісторыі барацьбы за распаўсюджванне марксізму на Беларусі (1883—1917 гг.)» (1958), хрэстаматыя «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962). Вяліся даследаванні філасофіі і культуры Беларусі эпохі Адраджэння (С.Падокшын, В.Пузікаў, Я.Парэцкі), пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да Новага часу (У.Дуброўскі, К.Пракошына), эпохі Асветніцтва (А.Бірала, Э.Дарашэвіч, У.Пратасевіч і інш.), ідэйна-філас. дыскусій у 1820—40-я г. (Н.Махнач), матэрыяліст. традыцый у гісторыі прыродазнаўства (М.Купчын), рэв.-дэмакр. думкі, сац.-філас. і этычных праблем у творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа (А.Майхровіч), гісторыі бел.эстэт. думкі і маст. культуры (У.Конан). Выдадзены калект. праца «Развіццё марксісцка-ленінскай філасофіі ў БССР (20—70-я гады)» (1984), зб. «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991). З пач. 1990-х г. даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні гісторыі нац. культуры, дзеячаў сярэдневяковай і рэнесансавай культуры (Кірылы Тураўскага, Скарыны, Сімяона Полацкага і інш.), нац. самабытнасці бел.філас. думкі. Дасягненнем гісторыка-філас. думкі бел. замежжа было, поруч з даследаваннем літ.-маст., гіст. і навук. спадчыны Беларусі, уключэнне ў кантэкст нац. культуры ант. філасофіі. У 1960—80-я г. Я.Пятроўскі (ЗША) апублікаваў у сваім перакладзе на бел. мову з каментарыямі «Дыялогі» Платона (у 6 кн.), анталогію «Лепшыя думкі чалавека» (у 3 т.), «Разважанні» Марка Аўрэлія», «Старажытную грэцкую класіку», шматтомны «Класічны грэцка-беларускі слоўнік» і інш.
Літ.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Богомолов А.С., Ойзерман Т.И. Основы теории историко-философского процесса. М., 1983;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ КРЫ́ТЫКА,
творчая дзейнасць па вытлумачэнні, інтэрпрэтацыі, аналізе і ацэнцы твораў мастацтва, а таксама па ўсведамленні з’яў сучаснага маст. працэсу, кірункаў, відаў і жанраў маст. творчасці; раздзел мастацтвазнаўства. Уключае літаратурную крытыку, тэатральную крытыку, кінакрытыку (гл. ў арт.Кіназнаўства), музычную крытыку (гл. ў арт.Музыказнаўства), крытычную дзейнасць у галіне пластычных мастацтваў (сустракаецца і трактоўка паняцця «М.к.» ў вузкім сэнсе — у якасці аналізу, вытлумачэння і ацэнкі твораў пластычных мастацтваў). Метадалогіяй М.к. выступае эстэтыка, якая непасрэдна зыходзіць з мастацтвазнаўчых ведаў. М.к. суадносіць з’явы мастацтва з жыццём, грамадскімі і эстэт. ідэямі свайго часу ў параўнанні з інш. этапамі культ.-гіст. развіцця чалавецтва, разглядае сучасны маст. працэс як пэўны этап гісторыі мастацтваў і як праяўленне яе агульных законаў. М.к. грунтуецца на сістэме эстэт. ацэнкі і суджэннях густу эстэтычнага, шырока карыстаецца метадамі інтэрпрэтацыі і аналізу маст. твораў з мэтай вылучэння асаблівасцей зместу і формы, вызначэння іх эстэт. і маст. каштоўнасцей. З анталагічнага пункту гледжання М.к. носіць суб’ектыўны характар, аднак імкнецца да аб’ектыўнасці, выяўлення аб’ектыўнай падставы ацэнкі. М.к. мае дваістую накіраванасць. Звяртаючыся і да творцы, і да публікі, яна з’яўляецца своеасаблівым «правадніком», які забяспечвае «адваротную сувязь» ва ўсёй сістэме маст. культуры грамадства: з аднаго боку, адзначае пазітыўныя (або негатыўныя) тэндэнцыі сучаснага маст. працэсу, садзейнічае ўдасканаленню творчасці мастакоў; з другога — выступае важным сродкам фарміравання ідэалу эстэтычнага, эстэт. культуры, маст. густу, эстэтычнага выхавання, эстэт. ўспрымання рэцыпіентаў мастацтва.
Пачаткі М.к. трапляюцца ў трактатах філосафаў Індыі, Кітая, Стараж. Грэцыі, Рыма. Імкненне да навук. абгрунтавання мастацтва, яго крытычнага і гіст. вытлумачэння склалася ў эпоху Адраджэння; узніклі крытэрыі ацэнкі маст. твораў, звязаныя з вызваленнем навукі і мастацтва ад царк. норм. З сярэдзіны 18 ст. М.к. існуе як грамадскі ін-т, спецыфічны феномен у культуры і развіцці соцыуму. Вял. значэнне для яе развіцця мела дзейнасць Д.Дзідро, Ш.Бацё, Г.Лесінга, І.В.Гётэ, эстэт. канцэпцыі класічнай ням. філасофіі. У развіццё рус. М.к. 19 ст.вял. ўклад зрабілі В.Бялінскі, які вызначаў М.к. як «рухомую эстэтыку», і У.Стасаў.
Элементы М.к. ў бел. культуры трапляюцца ўжо ў эпоху Адраджэння ў перакладной («Аповесць пра Трою», «Александрыя») і мемуарна-летапіснай (Баркулабаўскі летапіс) л-ры, філас.маст. і публіцыстычнай творчасці Ф.Скарыны, Міколы Гусоўскага, С.Буднага. У 17 ст. асобныя сістэмы эстэт. крытэрыяў стварылі на бел. зямлі Сімяон Полацкі і М.Сарбеўскі, якія распрацоўвалі пытанні паэтыкі, красамоўства, выяўл. мастацтва. Праблемы М.к. займалі значнае месца ў творчасці пачынальніка новых бел. л-ры і т-ра В.Дуніна-Марцінкевіча. У 2-й пал. 19 ст.асн. прынцыпамі М.к. былі абвешчаны рэалізм і народнасць, што сталі падмуркам творчасці бел. пісьменнікаў-дэмакратаў Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча і інш. На чале прафес. М.к. ў пач. 20 ст. стаялі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, З.Бядуля, а таксама публіцысты «нашаніўскага» перыяду. У 1920-я г. значны ўклад у развіццё бел. М.к. зрабіў М.Шчакаціхін. У сав. час паступова сфарміравалася новая плынь М.к., звязаная з тэорыяй мастацтва і развіццём відаў мастацтва. Яна адыграла значную ролю ў развіцці прафес. мастацтва. Развіццё М.к. прывяло да ўзнікнення Саюза літ.-маст. крытыкаў Беларусі (1997).
Літ.:
Долгов К.М. Эстетика и художественная критика. М., 1972;
Каваленка В.А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі. Мн., 1977;
Салеев В.А. Искусство и его оценка. М., 1977;
Щукина Т.С. Теоретические проблемы художественной критики. М., 1979;
Борев Ю.Б. Искусство интерпретации и оценки. М., 1981;
Баранов В.И., Бочаров А.Г., Суровцев Ю.И. Литературно-художественная критика. М., 1982;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІЦЫ́ЗМ (ад лац. classicus узорны),
мастацкі стыль і эстэт. кірунак у еўрап. л-ры і мастацтве 17 — пач. 19 ст., адметнай рысай якіх быў зварот да вобразаў і форм антычнай л-ры і мастацтва як да эстэт. эталона.
У літаратуры сфарміраваўся на мяжы 16—17 ст. як вынік крызісу рэнесансавай свядомасці і спроба знайсці з яго пазітыўны выхад. Абапіраўся на прымат розуму і нязменнасць ідэалу прыгажосці. Полем маст. пошуку і даследавання К. зрабіў чалавечую душу і свядомасць. Унутраны свет чалавека падаваўся буйным планам і часта ў адрыве ад знешняга свету (асабліва ў трагедыі). К. імкнуўся стварыць узорны вобраз, пазачасавае ўвасабленне таго ці інш. характару, таму звяртаўся да матываў і сюжэтаў, апрабаваных часам, найперш да антычных. Грунтуючыся на законе гармоніі, К. падпарадкоўваў твор яснай і дакладнай логіцы, яскравай ідэі; адсюль патрабаванне ў драматургіі выканання правіл трох адзінстваў, якія давалі магчымасць сціснуць час, прастору і дзеянне, сканцэнтраваць увагу на свеце чалавечай свядомасці, стварыць стройны і адмысловы твор. Эстэтыка К. ўстанаўлівала строгую іерархію жанраў: «высокія» — трагедыя (вядучы жанр), эпапея, ода і «нізкія» — камедыя, сатыра, байка. Не дапускалася змяшэння высокага і нізкага, трагічнага і камічнага, гераічнага і паўсядзённага. Мове класіцыстаў уласціва яснасць, празрыстасць, афарыстычнасць. К. адлюстроўваў не рэальныя рэчы, а іх унутраную логіку, заканамернасць. Найб. поўна праявіўся ў 17 ст. ў Францыі (оды Ф.Малерба, трагедыі П.Карнеля, Ж.Расіна, камедыі Мальера, проза М.М.Лафает; тэарэтыкі — Ж.Шаплен, Г. дэ Бальзак, Н.Буало; у Германіі — у тэарэт. працах і ў паэзіі М.Опіца (у злучэнні з барока), у Англіі — у творчасці Б.Джонсана, У.Конгрыва, часткова — Дж.Мільтана. На новай ступені развіваўся ў 18 ст. (т. зв. асветніцкі К.), часцей за ўсё ў перапляценні з барока, ракако, сентыменталізмам. Найб. яскрава прадстаўлены ў паэзіі А.Поўпа (Англія), драматургіі Вальтэра (Францыя), тэарэт. працах і драматургіі І.К.Готшэда (Германія), В.Альф’еры (Італія). К. эпохі Асветніцтва пазбаўлены жорсткай жанравай і тэматычнай рэгламентацыі (узнікае мяшчанская драма і трагедыя) і стварае непаўторныя нац. і індывід. варыянты. Буйнейшыя тэарэтыкі — Д.Дзідро, Г.Э.Лесінг, а таксама І.І.Вінкельман, пад уплывам якога склаўся «веймарскі К.» (творчасць І.В.Гётэ і Ф.Шылера веймарскага перыяду — 1780—90-я г.), эстэт. праграма якога абапіралася на канцэпцыю антычнасці Вінкельмана і эстэтыку І.Канта і зыходзіла з разумення, што дасягнуць сапраўднай свабоды можна толькі праз выхаванне прыгажосцю. Для «веймарскага К.» характэрны жанравая і стылёвая поліфанічнасць, імкненне да гармоніі дасканалай формы і глыбокага зместу, індывідуалізацыі і шырокага філас. абагульнення, пастаноўка глабальных праблем гісторыі, культуры, цывілізацыі (найб. поўнае ўвасабленне — «Фауст» Гётэ). Ва Усх. Еўропе К. выявіўся пераважна ў эпоху Асветніцтва. Сярод прадстаўнікоў К. ў Расіі пісьменнікі А.Кантэмір, В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў, А.Сумарокаў, Г.Дзяржавін, Дз.Фанвізін і інш.
На Беларусі, у Польшчы і Літве тэндэнцыі К. прыкметныя з 17 ст. На лац. паэзію і ант. эстэтыку як на ўзоры арыентаваўся М.Сарбеўскі (трактаты «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Пра вартасці і недахопы элегіі, або Авідзій» і інш.). Спалучэнне стыляў рэнесансу, барока і К. відавочнае ў творах Сімяона Полацкага. Асн. рысы К. ў бел. л-ры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. — абагульненасць вобразаў, перавага рацыянальнага над эмацыянальным, культ антычнасці, імкненне да гармоніі — выявіліся ў творчасці пісьменнікаў, якія пісалі на польск. (А.Нарушэвіч, Ю.Нямцэвіч, Ф.Багамолец, С.Богуш-Сестранцэвіч), рус. (І.Сакольскі, І.Галянеўскі, І.Яленскі) і лац. (М.Карыцкі) мовах. Для «высокіх» жанраў лічыліся прыдатнымі «высокія» (польск., рус., лац. або стараслав.) мовы. Бел. прастамоўе дапускалася толькі для «нізкіх» жанраў. Гэтым нарматыўная эстэтыка К. стрымлівала развіццё беларускамоўнай л-ры. Трагедыі «Свабода ў няволі» К.Марашэўскага, «Фемістокл» М.Цяцерскага, «Крэз» І.Юрэвіча, прысвечаныя «ўзвышаным» тэмам з ант. гісторыі, напісаны па-польску. У «нізкую» камедыю («Доктар па прымусу» Цяцерскага, «Камедыя» Марашэўскага) уводзілася бел. мова. У гэтых творах захавана адзінства часу, месца, дзеяння, што адпавядала патрабаванням К. Эстэтыка К. паўплывала на бел. пісьменнікаў 19 ст.: Я.Чачота (філамацкія вершы), Я.Баршчэўскага («Рабункі мужыкоў», «Гарэліца»), В.Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Залёты»), у якіх класіцысцкія рысы спалучаліся з элементамі сентыменталізму, рамантызму і рэалізму.
У архітэктуры і мастацтве, 1) у шырокім сэнсе — кірунак, які грунтуецца на ўвасабленні традыцый ант. мастацтва: каралінгскі рэнесанс, атонаўскі рэнесанс, італьян. протарэнесанс, Адраджэнне, барочны К. (паладыянізм), неакласіцызм.
2) Стыль у еўрап. мастацтве 17—1-й пал. 19 ст. К. ўласцівы кананізацыя ант. класікі як дасканалага ўзору для наследавання, нарматыўнасць эстэт. крытэрыяў, ідэалізацыя і абстрактнасць вобразнага абагульнення (тыпізацыя) без усебаковага выяўлення непаўторна-асаблівага (індывідуалізацыі), дынамікі і жыццёвай зменлівасці гіст. канкрэтнай рэчаіснасці. Грунтаваўся на традыцыях Адраджэння і разам з тым сінтэзаваў дасягненні процілеглага яму барока, якое папярэднічала і часткова суіснавала з новым кірункам. Тэндэнцыі К. вызначыліся з 2-й пал. 16 ст. ў арх. тэорыі, трактатах і практыцы А.Паладыо, трактатах Дж.Віньёлы, С.Серліо, больш паслядоўна — у 17 ст. ў творах Дж.П.Белоры, у эстэт. нарматывах акадэмістаў балонскай школы жывапісу. У цэласную сістэму К. склаўся ў франц.маст. культуры 17 ст. (т.зв. Вялікі стыль Людовіка XIV). З 18 ст. стаў агульнаеўрап. стылем (у сусв. мастацтвазнаўстве гэты перыяд звычайна называюць неакласіцызмам), што было абумоўлена павышэннем цікаўнасці да ант. мастацтва ў сувязі з археал. раскопкамі ў Пампеях, Геркулануме і інш.
Архітэктура К. заснавана на выкарыстанні структурных і маст.-дэкар. магчымасцей ант. ордэрнай сістэмы (пераважна дарычнай), на выяўленні яе тэктанічных заканамернасцей, прапарцыянальнасці і сувымернасці аб’ёмаў і дэталей будынка. Пераважаў тып крыжова-купальнай кампазіцыі, распрацаваны ў малюнках Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэля і Мікеланджэла. У 17 ст. станаўленне К. ў Францыі звязана з пабудовамі Ф.Мансара (палац Мезон-Лафіт каля Парыжа, 1642—51), К.Перо (усх. фасад Луўра), Л.Лево, Ф.Бландэля. З 2-й пал. 17 ст. ў франц. К. з’явіліся некаторыя элементы барока (палац і парк Версаля, арх. Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр). У 17 — пач. 18 ст. К. сфарміраваўся ў «паладыянскай» архітэктуры Англіі (І.Джонс), архітэктуры Галандыі (Я. ван Кампен, П.Пост), Швецыі (Н.Тэсін Малодшы) і інш. На ўзор сабора св. Пятра ў Рыме франц.арх. Ж.Ж.Суфло з 1755 пачаў будаваць у Парыжы царкву Сент-Жэнеўеў, якая ў 1791 па асацыяцыі са стараж.-рым. звычаем была ператворана ў Пантэон і стала ўзорам для шэрагу інш.еўрап. пабудоў. У канцы 18—1-й пал. 19 ст.арх. К.Н.Леду, Ж.Ф.Шальгрэн, П.Віньён (Францыя), Р.Адам, Р.Смёрк (Англія), Л.Каньёла (Італія), К.Г.Лангханс, К.Ф.Шынкель (Германія), А.Захараў, А.Манферан, В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў (Расія) стваралі палацы і грамадскія пабудовы з развітой ордэрнай сістэмай, портыкамі порцікамі*, купаламі, імкненнем да манументальнасці і велічы. Горадабудаўніцтва К. 17 ст. развівала ў планах гарадоў-крэпасцей канцэпцыі «ідэальнага горада», стварыла тып рэгулярнага абсалютысцкага горада-рэзідэнцыі (Версаль і інш.). З 2-й пал. 18 ст. складаліся новыя прыёмы планіроўкі, якім уласціва арган. спалучэнне гар. забудовы і прыроды, стварэнне адкрытых плошчаў, што прасторава зліваліся з вуліцай або набярэжнай. Пашырылася садова-паркавае мастацтва. Гл. таксама Ампір.
У архітэктуры Беларусі К. выявіўся ў 1770-я г. і развіваўся паралельна з познім барока; у канцы 18 ст. стаў асн.маст. кірункам. Для яго характэрна спалучэнне зах.-еўрап. і рус. культуры з мясцовымі маст. традыцыямі. Сярод помнікаў пераходнага перыяду ад барока да К. Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Ружанскі палацавы комплекс. Распрацоўваліся новыя схемы планіроўкі гарадоў (у форме квадратаў, шматвугольнікаў), тыпы будынкаў адм. і навуч. устаноў. Для палацава-сядзібнага буд-ва характэрны геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі, цэнтрычная ў плане пабудова палаца з купалам (Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль), галерэі-каланады (сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на), манум. порцік (сядзіба ў в. Дзедзін Міёрскага р-на, Маламажэйкаўская сядзіба, дом Э.Ваньковіча ў Мінску), анфіладная планіроўка парадных памяшканняў і калідорная жылых. Неад’емным элементам арх. ансамбляў былі ландшафтныя паркі з уключэннем збудаванняў малых форм (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Сноўскі палацава-паркавы ансамбль). Палац або сядзібны дом размяшчаўся паміж парадным дваром і паркам (палац у в. Алешкавічы Мастоўскага р-на). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёлаў і цэркваў К. — пераважна прамавугольны ў плане кампактны аб’ём з 2-схільным дахам (касцёлы ў в. Мамаі і Мосар Глыбоцкага, г.п. Жалудок Шчучынскага р-наў); будаваліся храмы-ратонды (Лідскі Іосіфаўскі касцёл, у в. Дубай Пінскага р-на царква Раства Багародзіцы, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). К. паўплываў і на драўлянае дойлідства, дзе выкарыстоўваліся формы класічных ордэраў (Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс). Сярод архітэктараў: бел. Б.Захарэвіч, А. і П. Макарэвічы, Л.Гуцэвіч, М.Шульц, К.Падчашынскі, італьян. К.Спампані, шатландскі Дж.Кларк, польскія Ш.Цуг, А.Ідзкоўскі, рус. М.Львоў, Староў, В.Стасаў і інш.
У выяўленчым мастацтве эстэтыка К. ўстанавіла іерархію жанраў, якія падзяляліся на «высокія» (гіст., міфалагічны, рэліг.) і «нізкія», ці «малыя» (пейзаж, партрэт, нацюрморт), і мелі строгія межы і фармальныя прыкметы. Вобразны лад твораў вызначаўся тэктанічнасцю, строгай ураўнаважанасцю пабудовы, рацыяналіст. яснасцю, пластычнай завершанасцю і скульптурнай акрэсленасцю форм, лагічнасцю вырашэнняў, гал. роляй кампазіцыі і малюнка, абстрактнай ідэалізацыяй, адмаўленнем ад рэальных вобразаў сучаснасці і негіст. трактоўкай ант. мастацтва як абсалютнай нормы. У жывапісе пашырыўся «ідэальны пейзаж», які ўвасобіў мару класіцыстаў аб «залатым веку» чалавецтва. Сярод прадстаўнікоў К.: скульптары Б.Торвальдсен (Данія), Л.Барталіні, А.Канова (Італія), Ж.А.Гудон (Францыя), Дж.Флаксмен (Англія), І.Г.Шадаў, К.Раўх (Германія), Ф.Шубін (Расія) і інш., жывапісцы Ж.Л.Давід, А.Ж.Гро, П.П.Прудон, Н.Пусэн (Францыя), А.Р.Менгс, Ф.Рунге (Германія), Дж.Бэры (Англія), К.А.Енсен (Данія), А.Апіяні (Італія), Б.Уэст (ЗША), А.Ласенка, Ф.Бруні (Расія) і інш. Рысы К. ўласцівы творам Ж.А.Д.Энгра (Францыя) і Ф.Гоі (Іспанія).
У мастацтве Беларусі К. з’явіўся ў 2-й пал. 18 ст.Найб. ярка выявіўся ў дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, тканіны, урэцка-налібоцкае шкло і інш.). У скульптуры і жывапісе шырокага развіцця не атрымаў. У аздабленні палацава-паркавых ансамбляў, гар. і сельскіх сядзіб выкарыстоўвалі гермы, карыятыды, атланты, рэльефы з адлюстраваннямі класіцыстычных эмблем, алегарычных фігур. Рысы К. прыкметны ў жывапісных творах І.Аляшкевіча, Ф.Смуглевіча, ранніх творах В.Ваньковіча і Я.Дамеля. У 1-й пал. 19 ст. выцеснены рамантызмам.
У тэатральным мастацтве К. садзейнічаў больш глыбокаму раскрыццю ідэі драм. твора, пераадоленню перабольшанасці ў выяве пачуццяў, уласцівых сярэдневяковаму тэатру. Майстэрства выканання класіцыстычнай трагедыі падпарадкоўвалася прынцыпам эстэтыкі Н.Буало. Акцёр трагедыі павінен быў эмацыянальна выразна чыгаць вершы і пры гэтым не імкнуцца да стварэння ілюзіі сапраўдных перажыванняў героя.
Сцвярджэнне К. ў акцёрскім мастацтве звязана з творчасцю франц. акцёраў Мандары, Фларыдора, Дзюпарк, М.Шанмеле. У 18 ст. асветніцкі К. адлюстраваўся ў творчасці А.Л.Лекена, Клерон, Дзюменіль. Дэмакр. тэндэнцыі К. найб. выявіліся ў сцэн. практыцы Мальера. У перыяд Франц. рэвалюцыі 1789—99 дзеячы тэатра надалі К. рэв.-гераічнае гучанне (Ф.Ж.Тальма і інш.). Франц. К. 17—18 ст. паўплываў на тэатр інш. краін Еўропы. Сярод буйнейшых яго прадстаўнікоў Ф.К.Нейбер у Германіі, Т.Бетэртан, Дж.Кембл у Англіі, Э.Рашэль у Францыі. У 19 — пач. 20 ст.эстэт. нормы К. ўласцівы спектаклям т-ра «Камеды Франсэз», акцёрам Ж.Муне-Сюлі, С.Бернар і інш. Для рус. К., які ўзнік у 1730—50-я г., характэрны нац.-патрыят. тэматыка, выхаваўча-асветніцкія тэндэнцыі. Буйнейшыя драматургі К. — А.Сумарокаў, Я.Княжнін, акцёры — Ф.Волкаў, І.Дзмітрыеўскі, В.Каратыгін, С.Сандуноў, К.Сямёнава, Т.Траяпольская.
Праваднікамі прынцыпаў К. ў тэатр. жыцці Беларусі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. былі прыгонныя, прафес. і аматарскія драм. трупы Нясвіжа, Слоніма, Мінска і інш. У іх рэпертуары — трагедыі Карнеля («Сід»), Ж.Расіна («Федра»), Вальтэра («Заіра», «Марыяна»), камедыі Мальера («Цырымонлівыя паненкі», «Лекар паняволі», «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», «Маскарыль»).
У музыцынайб. выявіўся ў муз.-сцэн. жанрах. Яго пачынальнік — Ж.Б.Люлі, які стварыў оперны жанр лірычнай трагедыі з характэрнай ант. і міфалагічнай сюжэтыкай, высокай героікай і ўзнёсласцю стылю. Яго оперы вылучаліся лагічнай яснасцю, адпаведнасцю строгім правілам і нарматывам, арыентацыяй на драм. рэчытатыў і арк. развіццё. Спалучэнне рыс К. і барока характэрна для творчасці кампазітараў неапалітанскай опернай шкалы, оперы-серыя з яе ўнутр. адзінствам, рэгламентацыяй муз. форм і адначасова віртуознасцю вак. партый, эфектнасцю сцэн. афармлення. У эстэтыку муз. К. 18 ст. значны ўклад зрабіў рэфарматар оперы-серыя і лірычнай трагедыі К.В.Глюк. Якасна новая стадыя ў развіцці муз. К. — творчасць прадстаўнікоў венскай класічнай школы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, дзе найб. росквіту дасягнулі вядучыя інстр. жанры — сімфонія, саната, стр. квартэт, сфарміраваліся санатна-сімф. цыкл і сімф. аркестр. На мяжы 18—19 ст. новыя формы К. характэрны для музыкі кампазітараў франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Ф.Гасека, Э.Меполя, Л.Керубіні і інш. У рус. музыцы рысы К. ў спалучэнні з элементамі інш.маст. кірункаў выявіліся ў творах М.Беразоўскага, Дз.Бартнянскага, В.Пашкевіча, Е.Фаміна, І.Хандошкіна.
У муз. спадчыне кампазітараў Беларусі (Міхал Казімір Агінскі, М.Радзівіл, В.Казлоўскі) К. існаваў у спалучэнні з сентыменталізмам, элементамі рамантызму, барока і ракако, развіваўся ў рэчышчы агульнаеўрап. традыцый. У 1770—90-я г. ў магнацкіх т-рах Нясвіжа, Слоніма, Гродна ставілі камічныя оперы італьян. кампазітараў («Фраскатанка, ці Залатая дзева» Дж.Паізіела, «Джаніна і Бернардоне» Д.Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.Сарці і інш.). Тыповыя рысы К., характэрныя для еўрап. опернага мастацтва, увасоблены ў муз. помніку школьнага т-ра — оперы «Апалон-заканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага, створанага для т-ра Забельскага дамініканскага калегіума. Рысы К. маюць творы паслядоўніка берлінскай і венскай класічных школ Я.Д.Голанда (опера «Агатка, або Прыезд пана», опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць», уверцюра да балета «Арфей у пекле»), музыка Радзівіла (6 паланэзаў і дывертысмент для камернага аркестра), Казлоўскага (да трагедыі «Фінгал», скрыпічны канцэрт і інш.). У традыцыях ранняга К. напісаны творы літургічнай музыкі 18 ст. (месы ў гонар Дзевы Марыі, у гонар Нараджэння Хрыста і інш.).
Літ.:
Ренессанс. Барокко. Классицизм: Проблема стилей в западноевропейском искусстве XV—XVII вв. М., 1966;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Виппер Ю.Б. Формирование классицизма во французской поэзии начала XVII в. М., 1967;
Литературные манифесты западноевропейских классицистов. М., 1980;
Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968;
Русский и западноевропейский классицизм: Проза. М., 1982;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г.Кн. 1—2. 2 изд. М., 1986—87;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;
Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст.Мн., 1991;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992.
Да арт.Класіцызм. Сядзібны дом у в. Алешкавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл. Малюнак Н.Орды. 19 ст.Да арт.Класіцызм. А.Р.Менгс. Парнас. 1761.Да арт.Класіцызм. Палац Мезон-Лафіт каля Парыжа. Арх. Ф.Мансар. 1642—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́Н (Platon) Афінскі
(май 428, Афіны — 347 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік платанізму. Належаў да афінскай арыстакратыі: бацька Арыстон паходзіў з роду афінскага цара Кодра, маці Перыктыёна — з роду заканадаўца Салона, аднаго з «сямі мудрацоў». Каля 408 да н.э. стаў вучнем і паслядоўнікам Сакрата. Пасля яго смерці выехаў у Мегары. Каля 387 заснаваў у Афінах уласную філас. школу — Акадэмію платонаўскую. Аўтар 34 філас. дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найб. вядомыя творы П.: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш. У філас. сістэме П. вылучаны ўсе асн. састаўныя ч. ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай. вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). З сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусв. душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найб. правільным метадам мыслення з’яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле П., душа складаецца з 3 частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць 3 асн. дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з’яўляюцца адпаведна 3 саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага 3 дабрачыннасцей дае пачатак 4-й, агульнадзярж. дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»). П. вылучаў 3 асн. формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць паліт. дактрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць паліт. дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»). Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).
На Беларусі з вучэннем П. знаёміліся па шматлікіх перакладных зборніках выслоўяў ант. філосафаў, пісьменнікаў, айцоў царквы («Пчала», «Ізмарагд» і інш.). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Клімент Смаляціч напісаў некалькі твораў «ад Аміра і ад Арыстоцеля і ад Платона», якія да нас не дайшлі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва бел. мысліцелі звярталіся да ідэй П. і неаплатанізму ў пошуках пазітыўнай праграмы абнаўлення дзярж.-прававых ін-таў, маральнага ўдасканалення грамадства (Ф.Скарына, М.Сматрыцкі, А.Волан, Б.Дабшэвіч, К.Лышчынскі, К.Нарбут і інш.). Напр., С.Будны ў духу сац.-паліт. і этычных поглядаў П. (дыялогі «Дзяржава», «Законы»), крытыкаваў тыранію, развіваў ідэі аб дыялектыцы закону і беззаконня, палітыкі і маралі. Ф.Карпінскі ў «Гутарках Платона» распрацаваў маральна-гуманіст. канцэпцыю, асновай якой з’яўляецца сардэчнасць, праяўленне чалавечай любові і чалавечага шчасця. Сімяон Полацкі спасылаўся на платонаўскі твор «Тээтэт» у сваіх разважаннях аб ролі пазнання і ведаў, маральных каштоўнасцей асобы. І.Капіевіч, А.Скарульскі на аснове філас.-ідэаліст. канцэпцый П. вялі палеміку з атамістычным вучэннем Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура. Эстэт. вучэнне П. паўплывала на погляды асветнікаў Беларусі і Літвы (Ф.Галянскі, Л.Бароўскі, Е.Славацкі, А.Фіялкоўскі). Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх калегіумах і акадэміях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАМАСТА́ЦТВАкіно,
від экраннага мастацтва, творы якога зроблены на тэхн. базе кінематаграфіі, а таксама з дапамогай інш.тэхн. сродкаў аўдыёвізуальнай камунікацыі (тэлебачанне, відэакасеты, відэадыскі, камп’ютэр і інш.). Асн. творы К. — фільмы — ствараюцца шляхам кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных падзей рэчаіснасці або ўзноўленых сродкамі анімацыі. У К. сінтэзуюцца эстэт. ўласцівасці л-ры, т-ра, выяўл. мастацтваў, музыкі (гл.Кінамузыка) на аснове спецыфічных сродкаў выразнасці. Кінематограф і К. як яго частка ўзніклі на мяжы 19—20 ст. у выніку развіцця навукі і тэхнікі. Кінематограф фарміраваўся як частка тэхнагеннай культуры, для якой характэрна спалучэнне унікальнасці яе прадукцыі з тыражаваннем. Папярэднікамі кіно акрамя традыц. відаў мастацтва былі: фатаграфія, кірмашовы атракцыён, фанограф, грамафон, патэфон, радыё (як папярэднік гукавога кіно), перыяд. выданні (як папярэднікі хранікальных фільмаў), відовішчы, якія стваралі ілюзію рэальнасці (панарама, дыярама, кругавая праекцыя — папярэднікі шырокаэкраннага, шырокафарматнага, кругавога, варыяэкрана). Прырода сінтэзу кіно дваістая: сінтэз у працэсе нараджэння К. як віду мастацтва і сістэмы яго сродкаў выяўлення, а таксама сінтэз як узаемадзеянне і ўзаемаўплыў мастацтваў на кожным этапе існавання К. і пры стварэнні кожнага канкрэтнага твора. Вынік сінтэтычнасці К. — калектыўнасць стварэння фільма. Кампаненты фільма і адпаведна асн. кінематаграфічныя прафесіі: кінадраматургія — сцэнарыст; рэжысура — рэжысёр; мантаж — мантажор; выява — мастак, аператар; гук — кампазітар, гукарэжысёр; акцёрская творчасць — акцёр, каскадзёр. Гал. роля ў працэсе стварэння фільма звычайна належыць рэжысёру. У сувязі з калектыўнасцю стварэння фільмаў у К. праблема аўтарства спецыфічная. У працэсе яго гіст. развіцця паступова адбывалася станаўленне індывідуальнай аўтарскай свядомасці, што прывяло да ўзнікнення тэрміна «аўтарскае кіно» і вылучэння яго як асобнай з’явы ў процілегласць жанраваму кіно. К. найб. натуральна і адэкватна адлюстроўвае масавую псіхалогію. Сістэма вобразнага засваення свету аўдыёвізуальным К. мае 2 узроўні: выяўленчы (сама кінавыява) і вобразны (вобразны сэнс, які нясе кінавыява). Аснова кінавобразнасці — выяўленчасць. Адносна К. існуе азначэнне «самае безумоўнае з мастацтваў», аднак фатаграфічная прырода К. не адмяняе асобай кінематаграфічнай умоўнасці. Мова К. — гукапластычная мова экраннай выявы, якая рухаецца. К. валодае сістэмай сродкаў адлюстравання, многія з якіх суадносяцца са сродкамі інш. мастацтваў (святло, колер, рытм, лейтматыў, слова і інш.), а некаторыя з’яўляюцца спецыфічнымі і вызначальнымі: кадр, або мантажны кадр, план (адносны маштаб выявы ў кадры), ракурс (пункт погляду камеры, які дапамагае адлюстраваць погляд героя або аўтара на падзеі), мантаж. Вылучаюць віды К.: ігравое кіно (гл.Мастацкі фільм), анімацыйнае кіно, дакументальнае кіно, навукова-папулярнае кіно. Прынцыпамі падзелу кіно на віды з’яўляюцца прадмет экраннага ўвасаблення, спосабы экраннай матэрыялізацыі задумы ў адпаведнасці з запатрабаваннямі ўспрыняцця гледачоў. Існуе тэндэнцыя стварэння фільмаў на стыку ігравога, дакумент. і анімацыйнага кіно. З развіццём К. фарміравалася яго жанравая сістэма. К. выкарыстоўвала жанры інш. мастацтваў (л-ры, т-ра, фальклору і інш.) і выпрацоўвала свае (гл. ў арт.Жанр). Для сучаснага К. характэрна тэндэнцыя да змешвання жанраў (поліжанрызм К.) і відаў К. Найб. пашырана спалучэнне т. зв. «нізкіх», або традыц. відовішчных жанраў К. ў сувязі з аднолькавым узроўнем умоўнасці (авантурны фільм у розных варыяцыях, меладрама, камедыя). На сістэму жанраў дакумент. кіно зрабіла ўплыў літ. публіцыстыка, навук.-папулярнага — навук. літаратура. Паводле паходжання многія кінажанры маюць літ. назвы, але па сутнасці яны не ідэнтычныя.
Гістарычна К. ўзнікла разам з кінематографам. Асобныя фільмы канца 19 ст. (пераважна камічныя, феерычныя, меладрам. стужкі) па сваёй прыродзе належалі да сферы маст. творчасці, хаця цалкам творамі К. іх лічыць нельга. Ад спрошчанага засваення вопыту інш. мастацтваў К. шляхам паступовага назапашвання маст. знаходак распрацоўвала і спецыфічныя сродкі выяўлення (сістэмы планаў, ракурсаў, рухаў камеры, форм мантажу, муз. суправаджэння). Ускладняліся кінадраматургія і акцёрская творчасць. У перыяд фарміравання К., які звычайна датуюць ад узнікнення кінематографа да заканчэння 1-й сусв. вайны, значны ўклад у яго развіццё зрабілі кінематаграфісты Францыі (браты Люм’ер, Ж.Мельес, дзейнасць фірмы «Фільм д-Ар»), ЗША (Э.Портэр, Т.Х.Інс, Д.У.Грыфіт, Ч.Чаплін), Італіі, Даніі, Швецыі, Расіі і інш. Да 1908 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, паказваліся фільмы выключна замежнай вытв-сці. Пазней зарадзілася ўласная кінавытв-сць, у якой вызначыліся асн. тэматычныя і жанравыя кірункі: экранізацыя класікі, крымінальна-прыгодніцкія, быт., камічныя фільмы, салонныя меладрамы. Першым рас. фільмам уласцівы запаволенасць экраннага апавядання, павышаны псіхалагізм (творчасць У.Гардзіна, Я.Баўэра, Я.Пратазанава). Першаадкрывальнікам аб’ёмнай анімацыі быў рас. кінематаграфіст бел. паходжання У.Старэвіч. У канцы 1910-х г. кіно сфарміравалася як від мастацтва (гл.Нямое кіно). Крызіс класічнага маст. мыслення ў канцы 19 ст. адначасова з мадэрнізмам спарадзіў масавую культуру, якая захавала жыццепадабенства і агульнадаступнасць, але змяніла пазнавальна-выхаваўчую арыентацыю на кампенсаторна-забаўляльную. Да яе належаў і кінематограф «асн. патоку». Мадэрнізм яскрава праявіўся ў К. 1920-х г.: ням. кінаэкспрэсіянізм (Ф.Ланг, Ф.Мурнаў) і франц. кінаімпрэсіянізм (Л.Дэлюк), кінаавангард (Р.Клер, Л.Буньюэль, Ф.Лежэ), сав.рэв. кінапаэзія і інш. З дасягненняў К. ЗША найб. значнасць мае эксцэнтрычная кінакамедыя. Праявілася спецыфіка неігравога кіно як сферы К., якое акрамя інфарм., рэпартажнай функцыі адкрыла новыя маст. магчымасці. Сярод найб. значных дасягненняў у сусв. неігравым кіно — творчасць сав.рэж. Дз.Вертава, амер.рэж. Р.Флаэрці і інш., у творах якіх дасягнута арган. зліццё жыццёвага матэрыялу з аўтарскай трактоўкай у кінематаграфічнай форме. У СССР у 1920-я г. ствараліся класічныя творы сав.рэв. кінаавангарда — «тыпажна-мантажнага», «паэтычнага» мастацтва, што вылучыла сав. кіно на адно з першых месцаў у сусв. кінематографе (творчасць С.Эйзенштэйна, У.Пудоўкіна, А.Даўжэнкі і інш.). У гэтым рэчышчы ствараліся і лепшыя бел. фільмы (Ю.Тарыч). З канца 1920-х г. пачало развівацца гукавое кіно, хоць на пачатковым яго этапе тэхн. складанасці гуказапісу абмяжоўвалі сферу выкарыстання сродкаў выразнасці, адкрытых у нямым кіно. Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі франц. «паэтычны рэалізм», якому ўласцівы глыбокі псіхалагізм і рамант атмасфера дзеяння (фільмы Ж.Рэнуара, Ж.Фейдэра, Ж.Дзювіўе, М.Карнэ), удзел у кіно майстроў англ. сцэны. Замацавалася ўстойлівая сістэма кінажанраў, асабліва ў кінематографе ЗША У неігравым кіно найб. значныя работы нідэрл. дакументаліста І.Івенса ў жанры эксперым. лірычных кінабалад, англ.дакумент. школа Дж.Грырсана і інш. У СССР гукавое кіно пашырылася з 1930-х г. Лепшыя фільмы вызначаліся спалучэннем эстэтыкі тыпажна-мантажнага К. і магчымасцей гукавога кіно (М.Ром, С.Юткевіч, А.Зархі, І.Хейфіц, Ю.Райзман, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў; у бел. кіно — Ю.Тарыч і У.Корш-Саблін). У гэты час у СССР адзіным творчым метадам быў абвешчаны сацыялістычны рэалізм. Перад 2-й сусв. вайной кансерватыўна-традыцыяналісцкія тэндэнцыі пашырыліся ў К. практычна ўсіх краін, нягледзячы на адрозненні ідэалаг. і эканам. плана. У гады 2-й сусв. вайны ў кіно ўзмацнілася агітацыйнасць, павялічылася роля дакумент. публіцыстыкі. У гэтым жанры працавалі і рэжысёры ігравога кіно (Дж.Форд, Ф.Капра ў ЗША, Райзман, Даўжэнка ў СССР і інш.). Ставіліся фільмы, пабудаваныя на суадносінах дакумент. і ігравых пачаткаў (англ.рэж. Х.Джэнінгс). У сярэдзіне 1940 — пач. 1950-х г. пераважалі фільмы традыц. апавядальнай стылістыкі, на аснове якой К. асімілявала тэхн. навінкі: каляровую выяву (з 1930-х г.), розныя прапорцыі экрана (з 1950-х г. шырокі экран, шырокі фармат і інш.). На першы план вярнулася эстэтыкабыт. падабенства, што найб. увасобілася ў тэорыі і практыцы італьян. неарэалізму (Ч.Дзаваціні, Р.Раселіні, В.Дэ Сіка, Дж. Дэ Сантыс, П.Джэрмі і інш.). У СССР у пасляваен. гады складанасці ў становішчы К. былі абумоўлены эканам. цяжкасцямі і ўзмацненнем жорсткасці паліт. рэжыму. Было прынята рашэнне аб скарачэнні кінавытв-сці, што адмоўна адбілася на стане кінематографа рэспублік з невял. кінавытв-сцю, у т. л. Беларусі. З сярэдзіны 1950-х г. на развіццё К. пачала ўплываць канкурэнцыя з боку тэлебачання, што ў канцы 1950-х г. прывяло да крызісу кінематографа галівудскага тыпу (акцёрска-прадзюсерскага) і ўздыму еўрап. кіно, якое менш закранула ўздзеянне тэлебачання. З’явілася аўтарскае кіно ў Італіі (Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, П.П.Пазаліні), Швецыі (І.Бергман), Японіі (А.Курасава), Іспаніі (Буньюэль) і інш., франц. «новая хваля» (А.Рэнэ, Ф.Труфо, Ж.Л.Гадар), «польская школа» (А.Вайда, А.Мунк), «чэшская школа» (М.Форман, І.Менцэль), «кіно адлігі» ў СССР. Пэўны ўздым К. адбыўся ў краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі. На змену традыц. форме кінаапавядання прыйшлі новыя прынцыпы пабудовы фільма, разнастайныя формы відавога і жанравага сінтэзу. У 1960-я г. ў ЗША акцёрска-прадзюсерскі тып кіно змяніўся рэжысёрскім (С.Кубрык, Дж.Франкенхеймер і інш.). На сусв. К. ўплывалі структуралізм, псіхааналіз, ідэі аўтарскага кіно, эстэтыкафранц. «новай хвалі», андэграўнду. Пашырылася т. зв. незалежнае кіно. У СССР у 1960-я г. пашырылася кінавытв-сць, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Р.Чухрай, С.Бандарчук, Л.Куліджанаў, С.Растоцкі, А.Таркоўскі, В.Шукшын, Э.Клімаў, І.Таланкін, на Беларусі — В.Тураў, І.Дабралюбаў, Б.Сцяпанаў і інш.). У К. праявіліся лірычнасць, рамантычнасць, адначасова ўзмацнілася аналітычнасць. Узбагаціліся вобразная мова экрана і яго жанрава-стылявая палітра. Асн. кірункі жанрава-стылявых пошукаў — «дакументальнае» і «жывапісна-паэтычнае» кіно. «Новая хваля» ўласціва і развіццю сусв.дакумент. К., у якім выявіліся сацыялагічная тэндэнцыя, пошукі новых спосабаў адлюстравання рэчаіснасці (творчасць групы «Свабоднае кіно» ў Вялікабрытаніі, «Групы трыццаці» і кірунку «сінема верытэ» ў Францыі). Дакумент. К. ў пэўнай ступені паўплывала на развіццё ігравога кіно. Лепшыя стужкі сав.дакумент. кіно вызначаліся тонкім раскрыццём псіхалогіі чалавека (В.Лісаковіч, Г.Франк і інш.), навук.-папулярнага — паглыбленым імкненнем да вырашэння эстэт. задач, да паэт. раскрыцця навук. пошуку і псіхалогіі творчасці (В.Архангельскі, Б.Загражскі, У.Кобрын, «кіеўская школа» навук.-папулярнага кіно, асабліва Ф.Собалеў). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. адрадзілася кіно галівудскага тыпу, адбыўся зварот да жанравага кіно, традыц. форм кінаапавядання. Гэтыя тэндэнцыі найб. ярка выявіліся ў кіно ЗША, якое зноў пачало лідзіраваць у сусв. кінематографе (фільмы Ф.Ф.Копалы, С.Спілберга, Дж.Лукаса, М.Скарсезе і інш.). Разам з тэлебачаннем канкурэнцыю традыц. кінапракату пачалі складаць відэаіндустрыя, новыя формы экраннага мастацтва, не звязаныя з традыц. кінематаграфічнай тэхнікай (у СССР гэтыя працэсы пачаліся пазней), што выклікала змены ў выкарыстанні сродкаў адлюстравання ў К., ужыванне камп’ютэрнай тэхнікі для стварэння спецэфектаў і інш. У 1970 — пач. 1980-х г. у К. СССР выявіліся крызісныя, застойныя з’явы. Лепшым фільмам былі ўласцівы крытыка грамадскіх хібаў, пошукі ў галіне кінамовы, складаныя драматургічныя канструкцыі, зварот да дакументалізму і ўмоўна-метафарычнага пачатку, фалькл., міфалагічных матываў, суб’ектыўнага эпасу ў гіст. творах (творчасць Л.Шапіцька, М.Міхалкова, С.Параджанава, В.Абдрашытава, С.Салаўёва, А.Германа, Г.Панфілава, у бел. кіно В.Нікіфарава, М.Пташука, В.Рубінчыка, В.Рыбарава, В.Чацверыкова і інш.).
З 1980-х г. на сусв. К. пачалі ўплываць тэндэнцыі постмадэрнізму (адлюстраванне крызісу маст. культуры 20 ст.), якія па-рознаму выявіліся ў еўрап. і амер. кіно (творчасць Д.Джармена, П.Грынуэя, прадстаўнікоў франц. «новай хвалі», амер. рэжысёраў пакалення «япі» і інш.). У неігравым кіно ў сярэдзіне 1980-х г. развіваліся маст. традыцыі сусв. і сав.дакумент. К., кінематаграфісты Г.Рэджыо (ЗША), А.Сакураў, А.Касакоўскі (Расія), В.Дашук (Беларусь) і інш. імкнуліся да пошукаў новай формы, спосабаў і метадаў маст. асэнсавання хранікальнага матэрыялу, рэальных падзей. У сав. ігравым кіно пашырылася т.зв. «кіно чорнай хвалі» («чарнушнае кіно») і імкненне да відовішчнасці. У 1990-я г. кіно Расіі, Беларусі і інш. краін, што ўтварыліся пасля распаду СССР, з-за цяжкага фін.-эканам. становішча і спаду вытв-сці перажывае глыбокі крызіс. К. пост-сав. краін практычна не ўпісваецца ў сістэму сусв. К., у якім таксама назіраюцца крызісныя з’явы.
Літ.:
Аристарко Г. История теорий кино: Пер. с итал. М., 1966;
Красинский А.В. Экран земли белорусской. М., 1973;
Нечай О.Ф. Становление художественного телефильма. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕ́Т (франц. ballet ад позналац. ballare танцаваць),
від сцэнічнага мастацтва, змест якога выяўляецца ў музычна-харэаграфічных вобразах; вышэйшая форма харэаграфіі.
Належыць да сінт. відаў маст. твор-часці. Аб’ядноўвае музыку, харэаграфію (танец і пантаміму), выяўл. мастацтва. Асновай харэагр. вобраза з’яўляецца танец; у балет уключаюць розныя віды танца: класічны, характарны, народна-сцэнічны, гратэскавы, мадэрн, рытмапластычны, свабодную пластыку. Аснова балета — дзейны танец. Пэўную ролю ў балеце адыгрываюць дывертысмент і пантаміма. Вобразна адлюстроўваючы рэчаіснасць, балет з уласцівай яму ўмоўнасцю здольны да паэт. абагульненняў, увасаблення жыццёвых канфліктаў, сцвярджэння ідэалаў прыгожага. Існуюць балеты-трагедыі і балеты-камедыі, балеты-п’есы і балеты-сімфоніі, балеты сюжэтныя (блізкія да драм. спектакля) і бессюжэтныя, або сімфанічныя (у іх аснове сімф. танец), шматактовыя і аднаактовыя, харэагр. мініяцюры.
Як самаст. від мастацтва складваўся ў Еўропе ў 16—18 ст. (першы спектакль «Камедыйны балет каралевы» паст. ў Францыі ў 1581) і пашырыўся ва ўсім свеце. Тэрмін «балет» узнік у канцы 16 ст. ў Італіі і, як правіла, абазначае еўрап. класічны балет; з 20 ст. так называюць і спецыфічныя танц. паказы, што склаліся ў краінах Азіі, Афрыкі, Усходу. Эстэтыка балета ўвабрала рысы розных маст. кірункаў — класіцызму, рамантызму, імпрэсіянізму, сентыменталізму і інш Станаўленне балета (18—19 ст.) звязана найперш з Францыяй (харэографы Ж.Ж.Навер, Ж.Даберваль, Ф.Тальёні, Ж.Перо), Даніяй (К.Бурнанвіль), Расіяй (І.Вальберх, Ш.Дзідло і А.Глушкоўскі, М.Петыпа, Л.Іваноў, М.Фокін, А.Горскі і інш.). У 20 ст. балетнае мастацтва пашырылася ва ўсім свеце. Вял. ўплыў на яго развіццё зрабілі дзейнасць Фокіна і Рускія сезоны ў Парыжы (з 1909), гастролі Г.Паўлавай, а таксама «свабодны» танец А.Дункан, танец мадэрн (М.Грэхем і інш.), рытмапластычны танец (М.Вігман і інш.). У 1920—30-я г. цэнтрам балетнага мастацтва была Францыя, дзе працавала трупа Рускі балет Дзягілева і створаныя пазней на яе аснове калектывы. У пастаноўках Л.Мясіна, Б.Ніжынскай, Дж.Баланчына, пазней С.Ліфара (1930—50-я г.) атрымалі развіццё фокінскія традыцыі ў спалучэнні з нац. асаблівасцямі. У Вялікабрытаніі ў 1930-я г. пачаў развівацца балет, заснаваны на традыцыях рус. мастацтва, але блізкі да англ.т-ра пантамімы. У ЗША пераважаў танец мадэрн; пастаноўкі Грэхем, Д.Хамфры, пазней Х.Лімона ўзнімалі складаныя сац. і псіхал. праблемы. З 1940-х г. у ЗША і краінах Зах. Еўропы на аснове бессюжэтных балетаў Баланчына пашырыліся т.зв. «сімфанічныя» балеты. Для сучаснага зарубежнага т-ра характэрна разнастайнасць стыляў, жанраў і формаў. Часта балетам наз. харэагр. творы ад бессюжэтнай мініяцюры да шматактовага сінт. відовішча, у якое ўводзяцца спевы, кінакадры, дэкламацыя, шумавыя і светлавыя эфекты, лялькі («татальны тэатр» М.Бежара). Найб. пашыраны аднаактовы балет. Сярод вядомых замежных труп: «Балет XX стагоддзя» на чале з Бежарам, «Балет Елісейскіх палёў» і «Балет Парыжа» (стваральнік абодвух Р.Пці), «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет». У развіццё рас. балетнага мастацтва вял. ўклад зрабілі балетмайстры І.Бельскі, В.Вайнонен, А.Вінаградаў, К.Галяйзоўскі, В.Гардзееў, Ю.Грыгаровіч, А.Ермалаеў, Р.Захараў, Н.Касаткіна і У.Васілёў, Ф.Лапухоў, Л.Лаўроўскі, Б.Эйфман, Л.Якабсон і інш.
Вытокі бел. харэагр. мастацтва ў глыбокай старажытнасці — у гульнях, абрадах, карагодах, дзе танец быў неаддзельны ад песні, гульні, акцёрскага дзеяння. Першыя прафес. танцоры-скамарохі вядомыя на Беларусі з 12 ст.Пач. формы харэагр. мастацтва мелі школьны тэатр, нар. драма, батлейка. Перыяд уздыму танца-балета на Беларусі — 16 ст., калі ў прыватнаўласніцкіх замках і буйных сядзібах дзейнічалі прыватныя балетныя трупы (гл.Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча, Ружанскі тэатр Сапегаў), балетныя школы (Гродзенская музычна-тэатральная школа, Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Шклоўская балетная школа). Найб. таленавітыя бел. прыгонныя танцоры [А.Дарэўская, А.Бжазінскі, М.Малінская, К.Азарэвіч (гл.Азарэвічы), К.Буткевіч, Р.Бекер, М.Рымінскі і інш.] пазней выступалі на варшаўскай і пецярбургскай сцэнах. У 1840-я г.бел. артысты працавалі ў Віцебскім балеце Піёна. Нац. балетны т-р узнік на пач. 1920-х г. Першыя балетныя спектаклі, у т. л. «Капелія» Л.Дэліба, «Зачараваны лес» Р.Дрыга, пастаўлены ў 1920-я г. К.Алексютовічам на сцэне БДТ, які меў і балетную трупу. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) паслужыла асновай для стварэння Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (першая харэагр. паст. «Чырвоны мак» Р.Гліэра). Значнай вяхой у гісторыі бел. балета стаў першы нац. балет «Салавей» М.Крошнера (паст. 1939, 1940). Пошукі нац. своеасаблівасці працягваліся пры паст.нац. балета «Князь-возера» В.Залатарова (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Падстаўная нявеста» (1958), «Святло і цені» (1963), «Пасля балю» (1971) Г.Вагнера, «Мара» (1961), «Альпійская балада» (1967), «Тыль Уленшпігель» (1974, 2-я рэд. 1978) Я.Глебава, «Страсці» («Рагнеда», 1995) А.Мдывані, «Кругаварот» («Народны трылер», 1996) А.Залётнева і інш. У пастаноўках В.Елізар’ева «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» (2-я рэд., 1978), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1986), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988) на высокім узроўні ўвасабляюцца грамадска значныя філас. тэмы, інтэнсіўна абнаўляюцца сродкі выразнасці, фарміруюцца новыя прынцыпы харэагр. паэтыкі і эстэтыкі. У 1970—90-я г.бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне ў час гастроляў у краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, ЗША, Азіі і інш. Балеты бел. кампазітараў паст. ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Самары, Чэлябінску, Хельсінкі. У Мінску працуе Дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Красовская В. Западноевропейский балетный театр: Очерки истории: От истоков до середины XVIII в. Л., 1979;
Яе ж. Русский балетный театр от возникновения до середины XIX в. Л.;
М., 1958;
Яе ж. Русский балетный театр второй половины XIX в. Л.;
М., 1963;
Слонимский Ю. Советский балет: Материалы к истории сов. балетного театра. М.; Л., 1950;
Чурко Ю.М. Белорусскнй балет. Мн., 1966;
Яе ж. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;
Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;
Гришенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
Т.М.Мушынскі.
Сцэна з балета «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава. 1978.Сцэна з балета «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага. Вялікі балет маркіза дэ Куэваса. Парыж. 1960.Сцэна з балета «Жызэль» А.Адана. Парыжская опера.Сцэна з балета «Князь-возера» В.Залатарова. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦКЕ́ВІЧ (Антон Іванавіч) (29.1.1884, г. Шаўляй, Літва — 1946?),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст, літ. крытык. 3 шляхецкага роду герба «Навіна». Брат І.І.Луцкевіча. Скончыў Мінскую гімназію (1902). Вучыўся на фіз.-матэм. ф-це Пецярбургскага, юрыд. ф-це Дэрпцкага (цяпер Тартускі) ун-таў. У 1903 адзін з заснавальнікаў Бел.рэв. грамады (БРГ, гл.Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ) і аўтараў яе праграмы. У 1904 за распаўсюджванне рэв. л-ры арыштаваны ў Мінску, выпушчаны з умовай не пакідаць горад. На II з’ездзе БСГ (1905, Мінск) выбраны членам яе ЦК. Удзельнік рэв. 1905—07. У лют. 1906 перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Удзельнічаў у наладжванні выпуску газет «Наша доля» і «Наша ніва», уваходзіў у склад іх рэдакцый. Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Наша ніва», з 1913 з Бел. выдавецкім т-вам. З 1911 саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веды» Б.Даніловіча, з 1914 яе ўладальнік. Пасля акупацыі ў 1915 Вільні і ч. Беларусі герм. войскамі ўзначальваў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў і аўтараў газ.«Гоман». У 1915 з братам, Цёткаю (А.Пашкевіч) і інш. марксістамі заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з ініцыятараў канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага. У 1916 БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Пасля Лют. рэв. 1917 выказаўся за ўключэнне ў склад будучай літ.-бел. дзяржавы ўсіх бел. зямель, за наданне дзярж. статуса ўсім мясц. мовам, школьнае навучанне на роднай мове. На Беларускай канферэнцыі 1918 выбраны старшынёй Віленскай беларускай рады (ВБР). 18.3.1918 кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, ініцыятар абвяшчэння незалежнасці БНР. Пасля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У вер. 1918 прызначаны Радай БНР Старшынёй Нар. сакратарыята і нар. сакратаром замежных спраў (з кастр. 1918 Старшыня Рады Народных Міністраў і міністр замежных спраў БНР). У вер. — пач.кастр. 1918 узначальваў бел. надзвычайную дэлегацыю на Украіну, якая сустракалася з гетманам П.П.Скарападскім. 3.12.1918 Рада і ўрад БНР на чале з Л. пераехалі ў Вільню, 27 снеж. — у Гродна. 14.12.1918, 2 і 3.1.1919 Л. накіраваў ноты пратэсту польск. ўраду супраць далучэння да Польшчы Беластоцкага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў. У канцы сак. 1919 перад пагрозай польск. акупацыі Гродзеншчыны і Віленшчыны Л. і інш. члены ўрада БНР выехалі ў Берлін. Дамагаючыся, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, Л. склаў мемарандум, які быў уручаны старшыні канферэнцыі. Па запрашэнні міністра-прэзідэнта Польшчы І.Падарэўскага выехаў з Парыжа ў Варшаву, дзе ў пач. верасня 1919 быў інтэрніраваны. 1.12.1919 вярнуўся ў Мінск. Пасля расколу Рады БНР 13.12.1919 Л. прызначаны Старшынёй Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР. Не знайшоўшы паразумення з Польшчай, 28.2.1920 падаў у адстаўку і выехаў у Вільню. У ліп.—жн. 1920 Л. зняволены ў бальшавіцкай турме. 3 пач. 1921 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У ліп. 1921 заснаваў Бел. школьную раду, якая пазней злілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Яго намаганнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) у 1921 адкрыты Беларускі музей імя І.Луцкевіча. Пасля ўтварэння ў 1925 Беларускай сялянска-работніцкай грамады працаваў у яе рэдакцыйным к-це. У кастр. 1927 арыштаваны польск. ўладамі, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з герм. і сав. разведкамі, у пач. 1928 апраўданы судом. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза), які адмаўляў рэв. метады змагання з рэжымам Ю.Пілсудскага і выступаў за парламенцкія метады барацьбы. Крытыкаваў нац. і агр. палітыку СССР, якую сав. кіраўніцтва пачало ў 1929, у арт. «Цень Азефа» (1930) адмоўна характарызаваў І.В.Сталіна і яго акружэнне. У 1930 польск. ўлады забаранілі дзейнасць Бел. выдавецкага т-ва, якім кіраваў Л., у 1931 яго звольнілі з працы ў Віленскай беларускай гімназіі. Асоба Л. стала аб’ектам паліт. спекуляцый і нападаў. У 1933—39 бел. радыкальныя газеты перасталі друкаваць яго творы. Л. выступаў пераважна ў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), час. «Калоссе», «Гадавіку» Бел. навуковага т-ва. Ён адышоў ад паліт. дзейнасці, працаваў у БНТ і Бел. музеі, выступаў з лекцыямі. Пасля вызвалення Зах. Беларусі Чырв. Арміяй 30.9.1939 арыштаваны і прыгавораны да 6 гадоў зняволення. Паводле афіц. версіі, памёр у Сяміпалацінскай вобл. (Казахстан) у 1946. Рэабілітаваны ў 1989.
Друкаваўся з 1906 (газ. «Наша доля»). Стаў вядучым бел. публіцыстам (асн.літ. псеўданімы Іван Мялешка, Антон Навіна і інш.). У працах пач. 20 ст. крытыкаваў агр. і нац. палітыку царызму, выступаў за сац. і нац. вызваленне бел. народа. Склаў курсы лекцый па фанетыцы і этымалогіі. У 1917 выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 з Я.Станкевічам — «Беларускі правапіс». Аўтар брашур «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысвечана гісторыі БРГ і БСГ, перавыдадзена ў 1991). Даследаваў Статут ВКЛ 1529, гісторыю нарадавольскага руху, вывучаў мову скарынаўскіх выданняў. Аўтар зб-каў літ.-крытычных прац «Нашы песняры» (1918), «Адбітае жыццё» (1929). Апублікаваў шэраг прац па гісторыі бел. культуры, мастацтва і л-ры; у т. л. «Пуцяводныя ідэі беларускай літаратуры», «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры» (абедзве 1921), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалогіі і адбіццё яе ў літаратуры» (1926). Прысвяціў артыкулы жыццю і творчасці М.Багдановіча, А.Бурбіса, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, К.Сваяка і інш. На бел. мову пераклаў працу М.В.Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919), «Элементарную алгебру» А.Кісялёва, падручнік В.Остэрлёфа і Я.Шустэра «Сусветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (абодва 1921), адзін з перакладчыкаў Новага запавету і Псалтыра (Хельсінкі, 1931) і інш. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).
Тв.:
Белорусы. СПб., 1909;
Янка Купала як прарок Адраджэння: Публічная лекцыя, чытаная ў Вільні, Рызе і Дзвінску. Вільня, 1932;
Дзённік // Полымя. 1991. № 4—5.
Літ.:
Бяляцкі А.У. іпастасі літаратурнага крытыка // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
Конан У. Антон Луцкевіч: філасофія і эстэтыканац. Адраджэння // Голас Радзімы. 1994. 10 сак. — 7 крас.;
Біч М. Ідэолаг і практык нацыянальнага Адраджэння // Крыніца. 1999. № 4/5;
Казбярук У. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, або Свае і чужыя пра Антона Луцкевіча // Там жа;
Сідарэвіч А. З жыцця Антона Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 18,25 студз., 1 лют.;
Яго ж. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. 1990. № 7;
Яго ж. Луцкевічы і Луцэвіч // Крыніца. 1999. № 4/5;
Яго ж. Самавызначэнне беларускай сацыял-дэмакратыі;
Антон Луцкевіч. Мн., 1999;
Янушкевіч Я. Луцкевічы // Шляхам гадоў. Мн., 1994. Вып. 4.