ШАСТАКО́ВІЧ Дзмітрый Дзмітрыевіч (25.9.1906, С.-Пецярбург — 9.8.1975),
расійскі кампазітар, піяніст, педагог, грамадскі дзеяч; класік сусв.муз. культуры 20 ст. Продкі паходзяць з Вілейшчыны. Нар.арт.СССР (1954). Герой Сац. Працы (1966). Д-р мастацтвазнаўства (1965), праф. (1939). Ганаровы чл. многіх замежных акадэмій, ганаровы д-р Оксфардскага (1958), Паўн.-Зах. (г. Эванстан, ЗША, 1973) ун-таў, Франц. акадэміі прыгожых мастацтваў (1975). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (кл.фп. 1923; кл. кампазіцыі 1925), у 1937—41 выкладаў у ёй, у 1943—48 у Маскоўскай кансерваторыі. Разнастайнай па жанрах і індывід. па стылі творчасці Ш. ўласцівы філас. асэнсаванне сац. канфліктаў і псіхал. калізій сучаснасці, супярэчлівае адзінства вобразнага свету, этычная накіраванасць. Для твораў да 2-й пал. 1930-х г. характэрны мадэрнісцкія тэндэнцыі, перавага муз.-тэатр. жанраў; 1937—64 — перыяд манум. сімфоній грамадз. зместу; творчасць апошняга дзесяцігоддзя жыцця адметна дамінаваннем камерных жанраў, тэмы жыцця, смерці, бессмяротнасці. У найб. паказальным жанры Ш. — 15 сімфоніях (1925—71; у т. л. 7-я — помнік гераізму сав. народа ў Вял.Айч. вайну, 1941) — сфарміравалася ўласная сімф. канцэпцыя. На сцэнах многіх краін свету пастаўлены яго оперы — своеасаблівыя тэатр. сімфоніі — «Нос» (паводле М.Гогаля, паст. 1930) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава», паводле М.Ляскова, паст. 1934, 2-я рэд. 1956, паст. 1963; на сцэне Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі 1994). Антырамантычная, мюзік-хольная эстэтыка вызначае наватарскую трактоўку балетаў Ш. «Залаты век» (паст. 1930), «Болт» (1931), «Светлы ручай» (1935). Лірычным дзённікам сталі 15 стр. квартэтаў (1938—74). Сярод інш. значных твораў: вакальна-сімф. паэма «Пакаранне смерцю Сцяпана Разіна» (1964); канцэрты для фп., скр., віяланчэлі з арк.; інстр. ансамблі з фп. «Трыо», «Квінтэт»; фп. цыкл «24 прэлюдыі і фугі»; вак. цыклы на вершы А.Пушкіна, англ. паэтаў, Сашы Чорнага, М.Цвятаевай, А.Блока, Мікеланджэла; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў, у т. л. «Авадзень». «Гамлет», «Кароль Лір». Неаднаразова прысутнічаў на прэм’ерах сваіх твораў у Мінску, у т. л. 13-й сімфоніі ў выкананні Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі і Хору Бел. тэлебачання і радыё (1963). Творчасць Ш. паўплывала на аднаўленне нац. стылю ў бел. музыцы 2-й пал. 20 ст., на драматургію сімфоній Л.Абеліёвіча, Я.Глебава, Дз.Смольскага, опер С.Картэса. На аснове тэмы-манаграмы Ш. створаны мемарыяльныя творы Смольскага, В.Войціка. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1946, 1950, 1952, 1968. Міжнар. прэмія Міру 1954. Ленінская прэмія 1958. Міжнар. прэмія Я.Сібеліуса 1958. Дзярж. прэмія Расіі 1974. Дзярж. прэмія Украіны 1976.
Тв.:
Д.Шостакович о времени и о себе. М., 1980.
Літ.:
Д.Шостакович. М., 1967;
Данилевич Л. Д.Шостакович: Жизнь и творчество. М., 1980;
Сабинина М. Д.Шостакович — симфонист. М., 1976;
Д.Шостакович: Нотограф. справ. М., 1976;
Хентова С.М. Д.Шостакович: Жизнь и творчество. Т. 1—2. Л., 1985—86;
Д.Шостакович: Сб. статей к 90-летию со дня рождения. СПб., 1996;
Шостакович: Между мгновением и вечностью: Док. Материалы. Статьи. СПб., 2000.