СЫ́РКІН Якаў Ківавіч (5.12.1894, Мінск — 8.1.1974),

савецкі фізікахімік. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1943). Скончыў Іванава-Вазнясенскі політэхн. ін-т (1919), дзе і працаваў (з 1925 праф., заг. кафедры). У 1931—74 заг. кафедры Маскоўскага ін-та тонкай хім. тэхналогіі. З 1967 заг. аддзела Ін-та агульнай і неарган. хіміі АН СССР. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы і кінетыцы, квантавай хіміі арган. і неарган. злучэнняў, эксперым. даследаванні будовы малекул. Даў тлумачэнне электроннай будовы малых цыклаў (разам з М.​Я.​Дзяткінай). Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Химическая связь и строение молекул. М.; Л., 1946 (разам з М.​Я.​Дзяткінай).

Літ.:

Я.​К.​Сыркин. М., 1971.

Я.К.Сыркін.

т. 15, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́СТА (Acosta),

да Коста (da Costa) Урыэль (каля 1585, Партугалія — 1640), нідэрландскі мысліцель-вальнадумец. Нарадзіўся ў яўр. сям’і, якая прыняла каталіцызм. У 1614 уцёк у Нідэрланды, перайшоў ва іудаізм. За крытыку догмаў іудаізму, пропаведзь «натуральнай рэлігіі» двойчы адлучаны ад сінагогі, яго кн. «Выпрабаванне фарысейскіх традыцый у параўнанні з пісаным законам» (1624) публічна спалена. Аўтар твораў «Тэзісы супраць традыцыі», «Пра смяротнасць душы чалавечай» (1623), «Прыклад чалавечага жыцця» і інш. Акоста крытыкаваў тлумачэнне рабінамі веравучэння Майсея, адмаўляў бессмяротнасць душы і замагільнае жыццё, гал. прынцыпамі чалавечага жыцця абвяшчаў розум і любоў да бліжняга. Скончыў жыццё самагубствам. Погляды Акосты паўплывалі на развіццё вальнадумства ў Зах. Еўропе, на ідэйную эвалюцыю Б.​Спінозы.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́ТА,

актыўны, дзейнасны бок чалавечай свядомасці, прадугадванне ў ёй вынікаў, на дасягненне якіх накіраваны дзеянні. Як ідэальны ўнутрана-пабуджальны матыў М. накіроўвае і рэгулюе свядомую дзейнасць чалавека, надае ёй паслядоўнасць, сістэмнасць. М. можа стаць дзейнаснай, калі яна знаходзіцца ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі законамі, рэальнымі магчымасцямі асяроддзя, самога суб’екта і сродкамі, неабходнымі для яе рэалізацыі. М., сродкі і вынікі яе рэалізацыі ўзаемазвязаны, іх адносіны з’яўляюцца асаблівай формай прычынных адносін, характэрных для сферы асэнсаванай мэтанакіраванай дзейнасці (гл. Мэтазгоднасць). Адрозніваюць канкрэтную, абстрактную і фармальную М., а таксама прыватную, блізкую, непасрэдную, канчатковую (напр., Арыстоцель тлумачыў М. як канчатковую прычыну быцця). Тлумачэнне з’яў прыроды з дапамогай М. і мэтазгоднасці наз. тэлеалогіяй.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦУД,

нешта незвычайнае, што выклікае здзіўленне; у рэлігійных і міфалагічных уяўленнях звышнатуральная з’ява, выкліканая ўмяшаннем божай, незямной сілы. Шматлікія паданні пра Ц. характэрны для ўсіх рэлігій. У т.зв. рэлігіях адкрыцця (хрысціянства, іслам, іудаізм) Ц. лічыцца сведчаннем сапраўднасці божага адкрыцця і доказам усемагутнасці Бога. У пратэстанцкай тэалогіі паняцце «Ц.» набыло шмат інтэрпрэтацый: М.​Лютэр далучаў да Ц. ўсе здзяйсненні, якія адбываюцца ў свеце, сціраючы межы паміж натуральным і цудоўным. Прадстаўнікі Цюбінгенскай школы лічылі ўсе біблейскія паведамленні пра Ц. недакладнымі. Ф.​Шлеермахер абвясціў Ц. рэліг. эквівалентам выпадковасці. Р.​Бультман прапанаваў метад дэміфалагізацыі хрысціянства, згодна з якім хрысц. міфалогія страчвае рысы Ц., а сапраўднае тлумачэнне Ц. бачыў у атаясамленні веры ў Ц. і веры ў Бога.

т. 17, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІ́ЛАВА ЗАКО́Н,

вызначае залежнасць квантавага выхаду фоталюмінесцэнцыі ад даўжыні хвалі ўзбуджальнага святла. Адкрыты С.І.Вавілавым (1924), ляжыць у аснове тэорыі люмінесцэнцыі. Паводле Вавілава закона квантавы выхад фоталюмінесцэнцыі пастаянны ў шырокім інтэрвале даўжынь хваляў узбуджальнага святла і рэзка памяншаецца пры даўжынях хваляў, большых за тую, пры якой назіраецца максімум інтэнсіўнасці спектра люмінесцэнцыі.

Пастаянства квантавага выхаду абумоўлена квантавай прыродай святла, хуткім пераразмеркаваннем энергіі ва ўзбуджаным электронным стане па вагальных і інш. падузроўнях і перадачай энергіі навакольнаму асяроддзю. Вавілава закон выконваецца ў вадкіх і цвёрдых растворах; для складаных малекул у газавай фазе не мае месца, што тлумачыцца захаваннем лішку вагальнай энергіі, набытай у акце паглынання святла. Вавілава закон атрымаў тэарэт. тлумачэнне ў працах бел. вучоных Б.І.Сцяпанава і М.К.Барысевіча.

А.​М.​Рубінаў.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКСІМА́НДР (Anaximandros) з Мілета

(каля 610—546 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф. Прадстаўнік іанійскай натурфіласофіі, паслядоўнік Фалеса. Аўтар твора «Пра прыроду» (не захаваўся). Лічыў, што асновай усяго існага з’яўляецца апейрон (вечная і бясконцая першаматэрыя), з якога ўзнікаюць усе рэчы і ў які вяртаюцца пасля сваёй гібелі; з яго ж вылучаюцца 2 асн. процілегласці: халоднае і цёплае, вільготнае і сухое, іх узаемадзеянне ўтварае рэчы і светы. Анаксімандр даў фармулёўку закону захавання матэрыі. Паводле касмалагічнай тэорыі Анаксімандр, у цэнтры сусвету знаходзіцца нерухомая Зямля, існуе незлічоная колькасць светаў, размешчаных паслядоўна па часе і побач адзін з адным. Спрабаваў Анаксімандр даць дыялект. тлумачэнне свету і жыцця, свабоднае ад міфалогіі, склаў першую геагр. карту, зрабіў першыя ў Грэцыі сонечны гадзіннік і астр. прыстасаванні.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУНТ (Wundt) Вільгельм (16.8.1832, г. Мангейм, Германія — 31.8.1920),

нямецкі псіхолаг, фізіёлаг, філосаф, мовавед. Адзін са стваральнікаў эксперыментальнай псіхалогіі (у 1879 у Лейпцыгу заснаваў першую ў свеце лабараторыю эксперым. псіхалогіі, пазней пераўтвораны ў ін-т). Лічыў, што ў галіне свядомасці дзейнічае асаблівая псіхічная прычыннасць, а паводзіны вызначаюцца аперцэпцыяй. Вылучаў 3 ступені працэсу пазнання: пачуццёвае пазнанне паўсядзённага жыцця; разважнае пазнанне асобных навук, якія ўяўляюць сабой толькі розны пункт погляду на адзін і той жа прадмет даследавання; разумнае пазнанне — філас. сінтэз розных ведаў, якім займаецца «метафізіка». Прадмет метафізікі — быццё — вызначаў як сістэму духоўных, надзеленых воляй каштоўнасцей. Яго «Псіхалогія народаў» (т. 1—10, 1900—20) — адна з першых спроб даследавання этнапсіхалогіі — змяшчае псіхал. тлумачэнне міфаў, рэлігіі, мастацтва і інш. з’яў культуры.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАВІТАЛІ́ЗМ,

ідэалістычнае вучэнне ў біялогіі. Узнік у 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.​Дрыш і інш.) як рэакцыя віталістаў (гл. Віталізм) на спрошчанае механістычнае тлумачэнне жыцця і немагчымасць звядзення жыццёвых праяўленняў да сукупнасці мех., фізіял. і хім. працэсаў. Дрыш лічыў, што жыццёвай сутнасцю з’яўляецца т.зв. энтэлехія (нешта, што нясе ў сабе мэту), якая дзейнічае па-за часам і прасторай і непазнавальная. Напр., развіццё зародка, што мае ў сабе мноства незалежных ч., кіруецца звышматэрыяльным фактарам, які абумоўлівае мэтанакіраванае развіццё арганізма. Праяўляецца Н. у выглядзе антыдарвінаўскіх канцэпцый эвалюцыі (напр., псіхаламаркізм, «творчая эвалюцыя» А.Бергсона і інш.).

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Пути и закономерности эволюционного процесса: Избр. тр. М., 1983;

Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЦЭДЭ́Т [ад лац. praecedens (precedentis) папярэдні)] судовы, вынесенае судом па канкрэтнай справе рашэнне, абгрунтаванне якога становіцца правілам, абавязковым для ўсіх судоў той жа або ніжэйшай інстанцыі пры вырашэнні аналагічнай справы. П. адыгрываў важную ролю ўжо ў рымскай юстыцыі. У некат. краінах (напр., у Вялікабрытаніі, большасці штатаў ЗША, Канадзе, Аўстраліі) П. прызнаецца крыніцай права і ляжыць у аснове прававой сістэмы. У адпаведнасці з дактрынай, што пануе ў гэтых краінах, суддзя не стварае прававой нормы, а на падставе П. фармулюе толькі тое, што вынікае з агульных пачаткаў права. У інш. краінах П. мае значэнне для рашэння пытанняў прымянення права, для папаўнення прагалаў у законе, прызнання звычаю. На аснове П. ўносяцца асобныя дапаўненні ў дзеючае заканадаўства, даецца тлумачэнне закона.

т. 13, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ЛЬМАН Зіновій Пінхусавіч (н. 23.2.1924, ст. Пціч Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Д-р тэхн. н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав.

Беларусі (1989). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1953). З 1957 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі (у 1971—89 заг. лабараторыі). Навук. працы па рэафізіцы, гідрамеханіцы, цеплафізіцы, цеплатэхніцы, біямед. рэалогіі. Сфармуляваў закон нелінейна-вязкапластычнага цячэння (1967). Даў тэарэт. тлумачэнне з’яве зацягвання гідрадынамічнага адрыву пры абцяканні затупленых цел палімернымі растворамі, распрацаваў тэарэт. асновы электра- і магн. рэалогіі.

Тв.:

Конвективный тепломассоперенос реологически сложных жидкостей. М., 1975;

Магнитореологический эффект. Мн., 1982 (разам з В.​І.​Кардонскім);

Нестационарные процессы конвективного переноса в наследственных средах. Мн., 1983 (разам з Б.​М.​Хусідам).

М.​П.​Савік.

т. 17, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)