БА́РТАК ((Bartók) Бела) (25.3.1881, Надзьсентміклаш, Венгрыя, цяпер г. Сынікалаў-Марэ, Румынія — 26.9.1945),
венгерскі кампазітар, піяніст, музыказнаўца-фалькларыст. Скончыў Будапешцкую муз. акадэмію па класах фп. і кампазіцыі (1903), у 1907—34 яе прафесар. У 1920—30-я г. выступаў як піяніст у краінах Еўропы, у ЗША, СССР. З 1940 у ЗША. Збіраў і вывучаў венг. сялянскую песню, рум., славацкі, серб., харвацкі, зах.-ўкр. фальклор (больш за 30 тыс. узораў); аўтар навук.прац. На аснове фальклору склаўся самабытны дынамічны муз. стыль Бартака, які арганічна спалучыў стараж. квартава-пентатонную аснову венг.сял. песні з найноўшымі муз.-выразнымі сродкамі прафес. музыкі, узбагаціў яе метрарытмічную і тэмбравую палітру. У творах 1910—20-х г. выкарыстоўваў наватарскія элементы дадэкафоніі, атанальнасць, політанальнасць і інш. Сярод твораў: опера «Замак герцага Сіняя Барада» (паст. 1918), балеты «Драўляны прынц» (1917) і «Цудоўны мандарын» (1926); сімф. паэма «Кошут» (1903); Танц. сюіта (1923); Музыка для струнных, ударных і чэлесты (1936); Дывертысмент для струннага аркестра (1939), Канцэрт для арк. (1943), 3 фп. і 2 скрыпічныя канцэрты; 6 струнных квартэтаў; Саната для 2 фп. і ўдарных інстр.; фп. цыкл «Мікракосмас»; хары а капэла і з фп.; цыклы песень і інш. Прэмія імя Л.Кошута 1948.
Літ.:
Уйфалуши Й. Бела Барток: Жизнь и творчество: [Пер. с венг.] Будапешт, 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944, Славацкае паўстанне 1944, узброенае антыфашысцкае паўстанне ў жн.—кастр. 1944. План выступлення распрацаваў Славацкінац. савет (СНС), які аб’ядноўваў усе партыі і арг-цыі, што ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення. Узбр. сілы СНС складалі партыз. брыгады (каля 15 тыс.чал.) і часці славацкай арміі, што перайшлі на бок паўстанцаў (у ходзе паўстання армія вырасла да 60 тыс.чал.). Сігналам да паўстання стала акупацыя Славакіі ням.-фаш. войскамі, якая пачалася 29.8.1944 са згоды славацкага марыянетачнага ўрада. У той жа дзень пачаліся баявыя дзеянні паўстанцаў і ўжо да 31 жн. яны кантралявалі 2/3тэр. краіны. 1.9.1944 у г. Банска-Бістрыца СНС прыняў дэкларацыю, у якой абвясціў пра шырокія дэмакр. пераўтварэнні. Створаны К-т абароны Славакіі і Гал. штаб партыз. руху. З мэтай дапамогі паўстанцам сав.ваен. камандаванне наладзіла дастаўку ім зброі, боепрыпасаў, прадуктаў, амуніцыі і інш. 8.9.1944 38-я армія 1-га Укр. фронту пачала Карпата-Дукельскую аперацыю. Наступленне разгарнулася ад г. Кросна (Польшча) на поўдзень, каб прабіцца цераз Дукельскі перавал у Славакію. Разам з сав. войскамі змагаўся сфарміраваны ў СССР 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус на чале з ген. Л.Свобадам. У паўстанні ўдзельнічалі сав. партызаны, у т. л. з Беларусі. Аднак у 2-й пал.кастр. вораг перайшоў у контрнаступленне і авалодаў асн. апорнымі пунктамі паўстанцаў, у т. л. і цэнтрам СНС г. Банска-Бістрыца. Частка паўстанцаў адышла ў горы, іх брыгады вялі баі да злучэння ў студз. 1945 з Чырв. Арміяй. С.н.п. стала пачаткам нац.-дэмакр. рэвалюцыі ў Чэхаславакіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЦІСЛА́ВА (Bratislava),
горад, сталіца Славакіі. На З краіны, па берагах Дуная. Утварае асобную адм. адзінку. 446,8 тыс.ж. (1993). Вузел 6 чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны. Хім. і нафтахім., маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн., дакладнае прыладабудаванне), паліграф., тэкст., харчасмакавая (у т. л. вінаробчая), швейная, буд. матэрыялаў, папяровая, мэблевая прам-сць. Славацкая АН, 5 ВНУ, у т. л.ун-т імя Я.А.Каменскага (з 1919). Нац.тэатр.Нац. музей і нац. галерэя. Міжнар.муз. фестываль «Браціслаўская ліра».
Упершыню ўпамінаецца на пач. 10 ст. як адна з крэпасцей Вялікамараўскага княства. З 10 ст. да 1918 у складзе Венгрыі (наз. Пожань). Гар. правы атрымала ў 1291. З 1526 сталіца габсбургскай ч. Венгрыі (наз. Прэсбург). Да 1848 рэзідэнцыя венг. сейма. З 1919 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, гал. горад Славакіі. У 1939—45 і з 1969 сталіца Славакіі.
На ўзгорку над Дунаем — крэпасць Град (9—18 ст.). На ПнУ раёны Старога горада: рэшткі мураваных умацаванняў 13—15 ст., Старая ратуша (13—18 ст.; цяпер Гар. музей), гатычныя і барочныя саборы і цэрквы, палацы ў стылях барока і класіцызму. Грамадскія будынкі ў духу эклектызму (Славацкінац.т-р, 1886), неакласіцызму і функцыяналізму. У 1950—60-я г. распрацаваны ген. план рэканструкцыі горада (арх. Д.Кедра і інш.), пабудаваны комплекс будынкаў Славацкай АН, будынкі Славацкай вышэйшай тэхн. школы (арх. М.Кусі), мін-ва знешняга гандлю, зімовы стадыён, мост Славацкага нац. паўстання (1966—73), новыя жылыя раёны (Ружынаў, Петржалька, Красняны, Ружова-Даліна, Карлава-Вес і інш.). Помнікі: воінам Сав. Арміі на ўзгорку Славін (1950—60-я г., скульпт. Я.Куліх, І.Костка і інш.), Славацкаму нац. паўстанню (1974) і інш.
Горад Браціслава.Мост цераз Дунай у Браціславе.Да арт.Браціслава. Замак. 9—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́КІЯ (Slovensko),
Славацкая Рэспубліка (Slovenská republika), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, на ПнЗ з Чэхіяй, на Пн з Польшчай, на У з Украінай, на Пд з Венгрыяй. Пл. 49 тыс.км². Нас. 5408 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — славацкая. Сталіца — г.Браціслава. Падзяляецца на 8 краёў. Нац. свята — Дзень утварэння Славацкай Рэспублікі (1 студзеня).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. савету (аднапалатны парламент, выбіраецца насельніцтвам на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Амаль усю краіну займаюць горныя хрыбты Заходніх Карпат, што падзяляюцца на асобныя масівы. Пераважаюць сярэдневышынныя горы, у цэнтр. частцы каля мяжы з Польшчай — высака- і сярэднягорны масіў Татры (найб.выш. 2655 м, г. Герлахаўскі-Шціт). Нізіны і раўніны — ускраіны Сярэднедунайскай раўніны, займаюць невял. плошчы на ПдЗ і ПдУ. Карысныя выкапні: руды жалеза, марганцу, поліметалічныя, радовішчы сурмы, магнезіту; ёсць буры вугаль і лігніт. Клімат умерана кантынентальны. На раўнінах сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 19—21 °C. Ападкаў 500—700 мм за год, у гарах да 1000 мм. Рэкі горныя, належаць да бас.р. Дунай (цячэ на ПдЗ). Горныя лясы займаюць каля 35%. На паўд. схілах пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук) і мяшаныя, на паўн. — хвойныя (елка, піхта). Даліны і раўніны асвоены. У гарах трапляюцца буры мядзведзь, воўк, рысь, казуля, дзік; шмат птушак. У С. 5 нац. паркаў агульнай пл. 2051 км², 13 запаведнікаў агульнай пл. 6338 км². На мяжы з Венгрыяй сумесны запаведнік з пячорамі Агтэлека і Славацкага Краса ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Славакі складаюць 85,8%. Жывуць таксама венгры (9,7%, пераважна на Пд), цыганы (1,7%), чэхі (0,8%), украінцы, румыны і інш. Вернікі католікі (82%), евангелісты (8,2%), грэка-католікі (4,9%), прыхільнікі рэфармацкай хрысц. царквы (2,4%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 110,4 чал. на 1 км², найб. (да 200—300 чал. на 1 км²) на раўнінах і ў міжгорных далінах, найменшая (каля 10—20 чал. на 1 км²) у гарах. Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве 57% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Браціслава — 450, Кошыцы — 236; у гарадах Банска-Бістрыца, Жыліна, Нітра, Прэшаў, Трнава прыкладна па 100 тыс.ж. У прам-сці і буд-ве занята 34,6% эканамічна актыўнага насельніцтва, у гандлі — 14,2%, у сельскай гаспадарцы — 9,7%, у сферы паслуг і кіраванні — 41,5%.
Гісторыя. Тэр. С. заселена з часоў сярэдняга палеаліту. Тут жылі кельты, якіх у 1 ст.н.э. выцеснілі германцы. У час Вялікага перасялення народаў землі С. каля 5—6 ст. каланізаваны славянамі (этнонім «славені»). Яе паўд. раёны ўваходзілі ў склад дзяржавы Сама. Першым паліт. аб’яднаннем на тэр. С. ў пач. 9 ст. было Нітранскае княства ў далінах рэк Ваг і Нітра. Каля 833 яно далучана да Мараўскага княства і ўвайшло ў склад Вялікамараўскай дзяржавы. З пач. 9 ст. ў С. праз ням. місіянераў пашыралася хрысціянства, г Нітра стаў цэнтрам епіскапства. З 863 у Вял. Маравіі ажыццяўлялася рэліг.-асв. дзейнасць Кірылы і Мяфодзія, якія пашыралі слав. пісьменнасць і богаслужэнне на слав. мове. Аднак у выніку інтрыг ням. духавенства і палітыкі рым. папства развіццё слав. культуры ў С. было перапынена і ўмацаваліся пазіцыі лацінамоўнай рым.-каталіцкай царквы. У 11 ст. С. ўключана ў Венг. каралеўства, што перапыніла працэс утварэння славацкай народнасці і прывяло да частковай мадзьярызацыі, асабліва феад. вярхоў. Паўд. і зах. раёны С. (т.зв. Верхняй Венгрыі) найб. развіваліся ў Венг. каралеўстве. У 12—13 ст. тут фарміравалася феад. і царк. землеўладанне, адносіны залежнасці вольнага сялянства ад феадалаў; хутка раслі гарады (Трнава, Банска-Бістрыца, Трэнчын, Браціслава, Кошыцы); развівалася гарнарудная прам-сць. У пач. 14 ст: зах. і цэнтр. С. на кароткі час дамаглася незалежнасці ад Венгрыі. У 14 ст. С. стала цэнтрам еўрап. транзітнага гандлю. Пад уплывам гусіцкіх войнаў у 1440—60-я г. ў С. актывізаваўся антыфеад. рух, скіраваны супраць венг. шляхты і каталіцкай царквы У 1467 у Браціславе адкрыты каталіцкі ун-т. У 1562 паўд.ч. С. захапіла Турцыя. Уцалелыя ад тур. заваявання славацкія і венг. землі ўвайшлі ў склад імперыі Габсбургаў. У 1678 у С. адбылося найбуйнейшае антыгабсбургскае паўстанне венг. магнатаў, падтрыманае Турцыяй. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 Габсбургі захапілі Паўд. С. і асн. частку Венгрыі. У імперыі Габсбургаў С. была агр.-сыравінным раёнам, яе горныя руднікі належалі аўстр. двару. У час праўлення імператара Іосіфа II [1765—90, да 1780 суправіцель Марыі Тэрэзіі] праведзены рэформы (у 1781 уведзена свабода веравызнання, у 1785 скасавана асабістая прыгонная залежнасць сялян, ажыццяўляўся мытны і мануфактурны пратэкцыянізм і інш.), якія спрыялі ажыўленню прам-сці ў С. У канцы 18 — пач. 19 ст. адраджаўся славацкі грамадска-культ.нац. рух. Паэт, філолаг і грамадскі дзеяч Л.Штур (1815—56) рэфармаваў на аснове сярэднеславацкага дыялекту славацкую літ. мову (у 1845 яна кадыфікавана як агульнанацыянальная). На ёй выдаваліся газеты, літ. творы. У 1863 засн. нац.-культ. цэнтр «Маціца славацкая». З утварэннем у 1867 Аўстра-Венгрыі С. афіцыйна стала часткай Каралеўства венграў; венг. буржуазія займала пануючае становішча ў эканоміцы С.
У 1-ю сусв вайну ў С. ўзмацніўся рух за нац. і сац. вызваленне. У 1916 дзеячы чэш. (Т.Масарык, Э.Бенеш) і славацкай (М.Штэфанік) эміграцыі ўтварылі ў Парыжы Чэхаславацкі нац. савет, які летам 1918 прызнаны ўрадамі краін Антанты і ЗША у якасці будучага ўрада дзяржавы чэхаў і славакаў. Ва ўмовах ваен. паражэння і распаду Аўстра-Венгрыі Нац.к-т у Празе (засн. ў 1916) 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Чэхаславакіі. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкінац. савет у г. Марцін, які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне С. ад Венгрыі. Са студз. 1919 у Браціславе дзейнічала мін-ва Чэхаславакіі па справах С. Непрацяглы час (16.6—7.7.1919) на частцы тэр. С. існавала Славацкая сав. рэспубліка (кіраўнік — чэш. камуніст А.Янаўшак), створаная пры дапамозе войск Венг.сав. рэспублікі. Адносна адсталая прам-сць С. не вытрымлівала канкурэнцыі з чэшскай і скарачалася, што вяло да масавага беспрацоўя і эміграцыі. Пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 клерыкальна-нацыяналіст. Глінкаўская славацкая нар. партыя і інш. партыі прымусілі ўлады Чэхаславакіі пагадзіцца з утварэннем у С. свайго ўрада на чале з лідэрам глінкаўцаў І.Цісам. У ліст. 1938 да Венгрыі адышлі паўд. раёны С. 14.3.1939 па патрабаванні А.Гітлера славацкі сейм абвясціў «самаст. і незалежную Славацкую дзяржаву», якую 18 сак.фаш. Германія ўзяла «пад сваю абарону». Нацысты ўсталявалі ў С. таталітарны рэжым. Паводле ваен. дагавору паміж С. і Германіяй (жн. 1939) славацкія войскі ў 2-ю сусв. вайну ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях супраць Польшчы і СССР. Масавы характар набыў пераход славацкіх ваеннаслужачых на бок Чырв. Арміі (папаўнялі Чэхаславацкі армейскі корпус ген. Л.Свобады) і сав. партызан (на тэр. Беларусі і Украіны дзейнічаў славацкіпартыз. атрад на чале з маёрам Я.Налепкам). Масавы партыз. рух разгарнуўся і на тэр. самой С. У канцы 1943 прадстаўнікі Кампартыі С. (КПС) і інш.апазіц. партый стварылі Славацкінац. савет (СНС), які ўзначаліў Славацкае нацыянальнае паўстанне 1944 супраць гітлераўскіх войск (25.8.1944 увайшлі ў С.) і рэжыму Цісы. У студз. 1945 сав. войскі ўступілі ў С., 4 крас. вызвалены г. Браціслава. На вызваленай тэр. С. ўладу ўзяў адноўлены СНС. У пасляваен Чэхаславакіі паўнамоцтвы органаў славацкага нац. прадстаўніцтва (СНС і Корпус упаўнаважаных), дзе ў 1946—48 мела перавагу Дэмакр. партыя, былі абмежаваны на карысць цэнтр. улад Чэхаславакіі. У лют. 1948 да ўлады ў С., як і ў Чэхіі, прыйшлі камуністы. У вер. 1948 КПС увайшла ў адзіную Кампартыю Чэхаславакіі (КПЧ), захаваўшы арганізац. самастойнасць. У краіне фармальна захоўвалася шматпартыйнасць пры фактычным панаванні камуністаў, якія ажыццяўлялі праграму сацыяліст. пераўтварэнняў ва ўсіх сферах жыцця. Канстытуцыя 1960 абвясціла Чэхаславакію дзяржавай раўнапраўных народаў, славацкі Корпус упаўнаважаных быў аб’яднаны з СНС. Падзеі «Пражскай вясны» 1968 паспрыялі адраджэнню славацкіх нац. памкненняў. Паводле Канстытуцыйнага Закона 1968 С. з 1.1.1969 — раўнапраўная сацыяліст. рэспубліка (ССР) у складзе Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікі (ЧССР) са сваім заканад. органам (СНС) і ўрадам, які прызначаў Прэзідыум СНС. На працягу 1960—80-х г. С. стала развітой індустр.-агр. рэспублікай, палепшыўся дабрабыт насельніцтва і яго культ. ўзровень. Аднак у параўнанні з Чэхіяй, у С. захоўвалася адносная эканам. адсталасць. Славацкія і чэш.дэмакр. сілы разам удзельнічалі ў «аксамітнай рэвалюцыі» 1989, у выніку якой ад улады ў ЧССР адхілены камуністы і абвешчаны курс на аднаўленне рыначнай эканомікі. Сярод паліт. сіл С. ў гэты час дамінаваў рух «Грамадскасць супраць насілля». У 1990 чэш.-славацкія адносіны абвастрыліся і ЧССР пераўтворана ў Чэшскую і Славацкую Федэратыўную Рэспубліку (ЧСФР) На парламенцкіх выбарах у С. ў чэрв. 1992 перамог Рух за дэмакр. С. (РЗДС), які выступаў за поўную незалежнасць краіны. 25.11 1992 Федэральны сход ЧСФР прыняў рашэнне аб спыненні яе існавання.
3 1.1.1993 С. — незалежная Славацкая Рэспубліка. Пасля атрымання незалежнасці рэзка знізіўся ўзровень рэальных даходаў насельніцтва, скарацілася дзярж. падтрымка аховы здароўя, культуры і адукацыі. Новы эканам. ўздым (з 1994) дазволіў да канца 1990-х г. у асн. пераадолець гэтыя негатыўныя з’явы. Да 1998 улада ў С. знаходзілася ў руках кааліцыі на чале з РЗДС, а яе лідэр У.Мечыяр у 1994—98 быў прэм’ер-міністрам, у сак.—вер. 1998 в.а. прэзідэнта рэспублікі (пасля адстаўкі М.Ковача, які быў прэзідэнтам у лют. 1993 — сак. 1998). На выбарах у Нац. савет у вер. 1998 перамагла апазіц. Славацкая дэмакр. кааліцыя (СДК) у складзе Партыі левых дэмакратаў (ПЛД, б. камуністы), Кааліцыі венг. партый (КВП) і Партыі грамадзянскай згоды (ПГЗ). З 30.8.1998 лідэр СДК М.Дзурында — прэм’ер-міністр С., прэзідэнтам 29.5.1999 выбраны лідэр ПГЗ Р.Шусцер. С. — чл.ААН (з 1993), асацыіраваны чл. Заходнееўрап. саюза (з 1996). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1993. Гл. таксама Чэхаславакія.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. РЗДС, Дэмакр. саюз С., ПЛД, Славацкая нац. партыя, Хрысц.-дэмакр. рух, ПГС, КВП і інш.Асн.прафс. аб’яднанне — Канфедэрацыя прафсаюзаў Славацкай Рэспублікі.
Гаспадарка. С. — індустр.-агр. краіна. Пасля 1993 праведзена эканам. рэформа ў гаспадарцы, стабілізавана грашовая сістэма, што суправаджалася адмовай ад дзярж. рэгулявання цэн, лібералізацыяй гандлю і прыватызацыяй. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі (каля 0,5 млрд.дол. штогод). У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 44,5 млрд.дол., каля 8300 дол. на чалавека. 22% ВУП ствараецца ў прам-сці, 6% — у сельскай гаспадарцы, каля 9% — у транспарце і сувязі, 23% у гандлі, 40% — у інш. абслуговых галінах. Горназдабыўная прам-сць занята здабычай бурага вугалю і лігнітаў (раён гарадоў Гандлава і Пр’евідза), жал., марганцавых, свінцова-цынкавых і медных руд. Электраэнергетыка засн. на выкарыстанні гідрарэсурсаў (ГЭС на горных рэках, у т. л. каскад 16 ГЭС на р. Ваг), бурага вугалю і імпартаванай нафты. Працуюць 2 АЭС каля гарадоў Нітра і Трнава (даюць 40% усёй электраэнергіі). У 1998 атрымана 20 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне (вытв-сць электроннай, радыёэлектроннай і быт. тэхнікі, трансп. сродкаў і інш.), чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., фармацэўтычная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, швейная) і харчовая. Значныя вытв. магутнасці паліграф. і шкляной прам-сці. Асн.прамысл. цэнтры: Браціслава (хім. і нафтахім., маш.буд., станкабуд., тэкст., паліграф., харчасмакавая, швейная і інш.), Кошыцы (чорная металургія, цяжкае машынабудаванне), Банска-Бістрыца (каляровая металургія, маш.-буд., дрэваапр., тэкст., цэм., харчовая), Жыліна (маш.-буд., тэкст., цэлюлозна-папяровая, хім.), Нітра (маш.-буд., піваварная, хім., тэкстыльная), Прэшаў (маш.-буд., тэкст.), Комарна (рачное суднабудаванне), Шаля (з-д азотных угнаенняў на імпартным прыродным газе). Штогод атрымліваюць (млн.т): бурага вугалю і лігніту — каля 5, жалезнай руды — 1, свінцова-цынкавай — 0,3, меднай — 0,3, чыгуну — 3,2, пластмас — 0,4, азотных угнаенняў — 0,2, цэменту — 3, нафтапрадуктаў — 3,5; піва — каля 4 млн. гекталітраў. Развітая шматгаліновая сельская гаспадарка засн. на сучаснай матэрыяльна-тэхн. базе і інфраструктуры. С.-г. кааператывы і дзяржгасы трансфармаваны ў кааператывы ўласнікаў і акцыянерныя прадпрыемствы. С.-г. ўгоддзі займаюць 2445 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 1630 тыс.га, пад пашай і лугамі каля 815 тыс.га. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Большасць пасеваў засяроджана ў раўнінных раёнах на ПдЗ, Пд, ПдУ і ў далінах рэк; лугі і паша — у гарах. Штогод збіраюць (млн.т): пшаніцы — каля 2, ячменю — 1, кукурузы — 0,7, жыта — 0,1. Вырошчваюць таксама бульбу, алейныя культуры (сланечнік, рапс), цукр. буракі, тытунь, агародніну. Садоўніцтва, на Пд — вінаградарства. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы —0,7, свіней — 1,6, авечак — 0,3. Птушкагадоўля (у 1997—13,1 млн. курэй). У паўд. раёнах гадуюць пераважна свіней, малочную буйн. раг. жывёлу, птушку, у горных раёнах — авечак і мясную буйн. раг. жывёлу. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Даўж. (тыс.км): чыгункі — 3,7, аўтадарог — 17,7, унутр. водных шляхоў (участак Дуная і нізоўі асн. прытокаў) каля 0,4. У краіне (2000) 994 тыс. легкавых, 94 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асн. рачныя парты Браціслава і Комарна. Авіяц. транспарт абслугоўвае пераважна знешнія пасажырскія зносіны, гал.міжнар. аэрапорты каля Браціславы, Кошыц, Попрада. С. перасякаюць з У на З нафта- і газаправоды з Расіі ў Зах. Еўропу. У 1998 экспарт склаў 10,7 млрд.дол., імпарт — 12,9 млрд.дол.Гал. тавары экспарту: машыны і абсталяванне, прадукцыя нафтаперапр., хім., дрэваапр., харч. прам-сці. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, нафта, хім. сыравіна і інш. Важнейшыя гандл. партнёры: Чэхія (35%), Германія (19%), Аўстрыя (5%), Расія, Польшча, Італія. У 2000 Беларусь экспартавала ў С. тавараў на 19,2 млн.дол. (пераважна халадзільнікі, маразільнікі, шыны), імпартавала тавараў на 12,8 млн.дол. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Штогод С. наведвае каля 0,5 млн. замежных грамадзян, даход ад замежнага турызму ў 1998 склаў 461 млн.дол. Грашовая адзінка — славацкая крона.
Узброеная сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы, а таксама ваенізаваныя фарміраванні, у т. л. сілы ўнутр. бяспекі (1,4 тыс.чал.), грамадз. абароны (1,2 тыс.чал.) і інш. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы — 1 год. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА. У сухап. войсках 23,8 тыс.чал., каля 480 танкаў, больш за 680 баявых браніраваных машын, да 390 адзінак палявой артылерыі, мінамётаў, рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА 12 тыс.чал., больш за 100 баявых самалётаў, каля 60 верталётаў, у т. л. 19 баявых, каля 100 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і інш.
Ахова здароўя. Насельніцтва атрымлівае бясплатную дзярж.мед. дапамогу, карыстаецца паслугамі страхавой і прыватнай медыцыны. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын — 77 гадоў. Узровень нараджальнасці — 10 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць — 9 на 1 тыс. нованароджаных (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86 чал., урачамі — 1 на 381 чал. (1996).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі С. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5-гадовага ўзросту), асн. школы, гімназіі, сярэднія прафес. школы і вучылішчы, ВНУ. Пераважная большасць устаноў дзяржаўныя; ёсць прыватныя і царкоўныя. Асн. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту мае 2 ступені — пач. (4 гады навучання) і няпоўную сярэднюю (5 гадоў) і з’яўляецца абавязковай. Поўную сярэднюю адукацыю (пасля асн. школы) даюць гімназіі (4 гады навучання), некаторыя сярэднія прафес. вучылішчы (4—5 гадоў навучання), большасць сярэдніх прафес. школ, у якіх вучні праходзяць і кароткатэрміновае прафес. навучанне, пераважна па складаных профілях. У гімназіях уведзена дыферэнцыраванае навучанне (гуманіт. і тэхн. профілі) з улікам індывід. схільнасцей навучэнцаў, выкарыстоўваюцца навуч. праграмы з павышаным узроўнем патрабаванняў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, вышэйшыя школы, акадэміі. У 2000/01 навуч.г. ў С. 3245 дзярж. дашкольных устаноў (больш за 153 тыс. дзяцей), 2362 асн. школы (каля 626 тыс. вучняў і больш за 38 тыс. настаўнікаў), 157 гімназій (больш за 67 тыс. навучэнцаў і больш за 5 тыс. выкладчыкаў), 309 сярэдніх прафес. школ (каля 85 тыс. навучэнцаў), 363 сярэднія прафес. вучылішчы (больш за 104 тыс. навучэнцаў). У сістэме вышэйшай адукацыі больш за 20 навуч. устаноў. Буйнейшыя ВНУ: ун-т Я.А.Каменскага (з 1465), эканам. і Славацкітэхн. ун-ты, Паліцэйская акадэмія, вышэйшыя школы — выяўл. мастацтва і тэатральна-мастацкая (усе ў Браціславе); Ун-т Мацея Бела і Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы; Ун-т Паўла Іозефа Шафарыка, тэхн. і вет. ун-ты, Ваенная лётная акадэмія (усе ў Кошыцах); Ун-т Канстанціна Філосафа і Славацкі аграрны ун-т у Нітры; Ваенная акадэмія ў Ліптаўскі-Мікулашы, Ун-т Кірылы і Мяфодзія ў Трнаве, тэхн.ун-т у Зволене; ун-ты ў Прэшаве, Трнаве, Жыліне, Трэнчыне і інш. У С. больш за 70 б-к і больш за 75 музеяў. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкая ў Браціславе, Дзярж.навук. ў Кошыцах, акрамя таго працуе 9 навук. б-к і Цэнтр. навукова-тэхн. інфармацыі ў Браціславе. Буйнейшыя музеі: Славацкі нац, (мае 8 філіялаў), Гарадскі ў Браціславе, Славацкітэхн. ў Кошыцах, Музей він у Прэшаве, Музей славацкага нац. паўстання ў Банска-Бістрыцы, этнагр. ў Марціне. Навук. даследаванні праводзяцца на кафедрах ун-таў, у Славацкай АН (з 1952), якая ўключае больш за 60 ін-таў і лабараторый, і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. выходзілі газеты «Pravda» («Праўда», з 1920), «Praca» («Праца», з 1946), «Smena» («Змена», з 1948), «Večer» («Вечар», з 1990), «Narodna obroda» («Нацыянальнае адраджэнне», з 1990), штотыднёвік «Beseda» («Размова», з 1990) і інш.Інфарм. агенцтва — Тэлегр. агенцтва Славацкай Рэспублікі (ТАСР, з 1992). Радыёвяшчанне з 1926; асн. праграмы — «Браціслава» і «Дэвін». Тэлебачанне з 1956 (з 1970 каляровае); вяшчанне па 2 каналах.
Літаратура. Развіваецца на славацкай мове. Вытокі пісьменнасці славакаў звязаны з дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 9 ст.). У 15 ст. пісьмовай мовай была латынь. Пашыраны былі легенды (жыціі), драм.рэліг. творы і духоўная лірыка (не захаваліся). Вял. значэнне для культ. жыцця С. мела заснаванне Карлам IV у Празе універсітэта (1348). Ідэі гусіцкага руху (1-я пал. 15 ст.) і Рэфармацыі паспрыялі выцясненню латыні чэш. пісьмовай мовай з элементамі славацкай гутарковай мовы. Вядома творчасць паэтаў-гуманістаў М.Ракаўскага, Я.Якобеўса, духоўная паэзія Я.Сільвана, Э.Лані. Барацьба з тур. нашэсцем (канец 15—16 ст.) спарадзіла героіка-эпічныя песні і балады на гіст. сюжэты. З’явіліся творы з любоўнай праблематыкай (вершаваны раман «Пра Сілада і Хадмазі», 2-я пал. 16 ст.), драматургія на біблейскія сюжэты П.Кырмезера і Ю.Тэсака. У 17—18 ст. узмацніўся ўплыў каталіцкай царквы, свецкія матывы выцясняліся рэліг. містыкай. Выявілася блізкасць да л-ры еўрап. барока: дыдактычна-рэфлексіўныя творы П.Беніцкага, О.Луцэ, мемуарная проза Ш.Піларыка, Т.Масніка, С.Грушкавіца, свецкая паэзія Г.Гаўлавіча. Самастойнасць набыло літ.-знаўства (Д.Цвітынгер, П.Валаскі). З канца 18 ст. пачалося нац. адраджэнне славацкай пісьменнасці, спробы стварэння нац. мовы (А.Берналак). Рэфарматар мовы і аўтар першага славацкага рамана — І.І.Байза. Вядомасць набыла паэзія Я.Колара, Б.Табліца, проза Я.Голага, навук. працы Ю.Фандлі, П.І.Шафарыка, драмы Я.Халупкі. У 1840—70-я г. ў л-ры ўсталяваўся рамантызм (паэт. цыкл «Думкі вечаровыя» Л.Штура, паэмы і лірыка Я.Краля, А.Сладкавіча, паэмы-казкі Я.Боты, гіст. аповесці Я.Калінчака, І.М.Гурбана). У 1863—75 навук.-асветніцкае і літ.т-ва «Маціца славацкая» выдавала кнігі, часопісы, адкрывала школы, гімназіі. З 1880-х г. вядучым кірункам стаў рэалізм (творчасць С.Ваянскага, П.Гвездаслава, М.Кукучына). Значнае месца занялі пераклады з рус. і зах.-еўрап. л-ры. У творчасці пісьменнікаў-рэалістаў Цімравай, Я.Есенскага, І.Таяўскага (прадстаўнікі «Маладой Славакіі») узмацніўся сац.-аналіт. падыход да рэчаіснасці. У пач. 20 ст. ўзнік літ. рух т.зв. Славацкай мадэрны, які выявіўся ва ўзбагачэнні эмацыянальнага зместу і псіхал. раскрыцця ўнутр. свету чалавека і кульце формы (І.Краска, І.Гал, У.Рой). Развіццю л-ры спрыяла ўтварэнне Чэхаславацкай рэспублікі. У паэзіі выступілі Ш.Крчмеры, М.Разус, Я.Смрэк, Э.Б.Лукач. Я.Понічан, у прозе — Я.Грушаўскі, Г.Вамаш, М.Урбан, І.Горват, у літ. крытыцы — Э.Уркс, А.Матушка. Вядомасць набылі раманы П.Ілямніцкага, паэзія Л.Новамескага. Пошукам гармоніі займаўся І.Цыгер-Гронскі У 2-ю сусв. вайну ў час ням.-фаш. акупацыі побач з падп. л-рай існавалі як форма легальнага пратэсту «лірызаваная» проза (Д.Хробак, М.Фігулі, Ф.Швантнер) і паэзія сюррэалістаў (Ю.Ленка, П.Бунчак, Ш.Жары). Тэмы паўстання, антыфаш. барацьбы, пабудовы новага грамадства — гал. ў пасляваен. л-ры (У.Мінач, М.Крно, Я.Боданек, Я.Коранка). Умацоўваецца сацыяліст. рэалізм (паэты А.Плаўка, Я.Костра, В.Мігалік, празаікі Р.Яшык, Ф.Гечка, К.Лазарава). 1950-я г. — пік псіхал. прозы (А.Беднар, Ф.Краль). У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія канцэпцыі і фармальнае эксперыментатарства (Л.Балек, А.Гікіш, Р.Слобада). Нетрадыц. падыход да раскрыцця характараў пераважаў у творах Д.Мітаны, І.Гудзеца, Д.Душака і інш. У 1970-я г. росквіту дасягнуў гіст. раман (І.Тала, Я.Ленч, М.Ферка і інш.). 1980-я г. адметныя ўзлётам раманнай формы, рухам эпасу да сінтэзу, цыклізацыяй малых жанраў (П.Яраш, П.Андрушка, І.Габай і інш.). У канцы 1990-х г. змены жанравага зместу прозы за кошт фалькларызацыі суправаджаліся паглыбленнем лірычнага пачатку. Маральна-філас. пошукі вядуцца ў межах сінтэзу рамана і міфа, легенды, прытчы, балады, драмы і камедыі (В.Шыкула, М.Валек, О.Заграднік, Я.Солавіч і інш). На бел. мове выдадзены «Чэшскія і славацкія апавяданні» (1958), зб-кіапавяд. «Апошні вераснёвы дзень» (1982), «Разбуджаны голас» (1988), «Соль зямлі» (1992), вершаў «Татры пяюць» (1976), «Славацкая паэзія» (1990), казак «Дванаццаць месяцаў» (1956), «У сонейка ў гасцях» (1958), творы Крно («Я вярнуся жывы», 1960), Мінача («Жывыя і мёртвыя», 1961), Г.Зелінавай («Якубка», 1962), Шыкулы («Канікулы з дзядзькам Рафаэлем», 1972), К.Ярункавай («Брат маўклівага ваўка», 1976), Валека («Крылы», 1978), М.Галямавай («Пра сініцу з какосавага доміка», 1979), Грушаўскага («Янашык», 1980), Э.Гашпаравай («Цяжка быць мустангам», 1981), Р.Морыца («Выбух», 1984). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Я.Бяганская, У.Дамашэвіч, Х.Жычка, У.Караткевіч, Я.Каршукоў, А.Мажэйка, П.Макаль, С.Міхальчук і інш.
Архітэктура. У 1—2 ст. на тэр. С. ўзніклі стараж.-рым. крэпасці. У 9—12 ст. будавалі замкі з хрысц. капэламі (у Браціславе, Бойніцах, Турчанска-Бістрыцы, Спішскі-Градзе), вакол якіх з 13 ст. раслі гарады. Да раманскага стылю належаць базіліка св. Эмерама ў Нітры (1200), 2-ярусная капэла-ратонда ў Скаліцы (12 ст.), 3-нефавая базіліка з 2-вежавым фасадам у Дзякаўцы (1228). З канца 13 ст. пашырана гатычная храмавая архітэктура, адметная нац. стрыманасцю: 3-нефавыя базілікі св. Лізаветы ў Кошыцах (1382—1499), св. Кацярыны ў Банска-Шцяўніцы (1491), сабор св. Марціна (14—15 ст.), Старая ратуша (13—15 ст.) у Браціславе. Для готыкі характэрны зальны тып храма (3-нефавы сабор св. Якуба ў Левачы, 14—15 ст.). Да вялікіх храмаў часам далучалі невял. капэлы з вытанчанымі прапорцыямі (капэлы Запольскіх у Спішска-Капітуле, 1488—93). Гатычныя замкі ўяўлялі сабой комплексы з унутр. дварамі, капэламі (у Стрэчне, 14—15 ст.; Зволен, 1361—16 ст.). Гарады мелі ўмацаванні, ратушную плошчу, элементы рэгулярнага плана (Бардзеёў, Левача, Трэнчын). Рэнесансавыя прыкметы звязаны пераважна са свецкай архітэктурай: жылыя дамы з атыкамі, парталамі, дваровымі галерэямі, размалёўкамі сграфіта (у Прэшаве, Левачы, Банска-Бістрыцы), ратушы ў Бардзеёве (1508—09), Левачы (1525—86) і інш. Рэспектабельны выгляд мелі познагатычныя ратушы, перабудаваныя ў рэнесансавым ключы (у Браціславе). У 17 ст. пашырыўся стыль барока: касцёлы ун-та ў Трнаве (1637—1700, арх. П.Спеца), св. Тройцы (1717—35, арх. К.Каневале, Ф.А.Хілебрант, І.Б.Фішэр фон Эрлах), св. Альжбеты (1739—42), кляштарны комплекс у Ясаве (1765, арх. абодвух А.Пільграм). Канстр.-вобразнае вырашэнне набыла нар. драўляная архітэктура (касцёлы ў Тврдошыне, Фрычцы і інш.). Ад рэспектабельна-ўрачыстых да стрымана-вясковых будаваліся замкі і палацы (палац Грасалкавіча ў Браціславе, 1760, цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта; замкі ў Маркушаўцы і Банска-Шцяўніцы і інш.). У стылі барока перабудаваны некат. гатычныя абарончыя вежы, касцёлы ў Браціславе, Нітры і інш. З 1770-х г. развіваўся класіцызм, найперш у рэспектабельных палацах (прымаса ў Браціславе, 1781, арх. М.Хефеле). Характэрныя былі т.зв. рэдуты з функцыямі атэляў, т-раў, корчмаў (у Ельшаве, Кежмараку і інш.). Вылучаўся класіцыстычны будынак пратэстанцкага сабора ў Банска-Бістрыцы (1807, арх. М.Полак). З сярэдзіны 19 ст. будавалі ў гіст. стылях (Славацкінац.т-р у Браціславе, 1884—86, арх. Ф.Фельнер і Г.Гельмер). Пад уплывам сецэсіі працаваў арх. Д.Юркавіч (грамадскі дом у Скаліцы, 1904). Пабудовы пач. 20 ст. ў стылях канструктывізму, неакласіцызму і нар. традыцыях: атэль «Карлтан-Савай» (1928), вышынны будынак «Мандарла», санаторый у Трэнчанске-Цепліцы (1930-я г.). Сярод збудаванняў 2-й пал. 20 ст. зімовы стадыён (1963), мост цераз Дунай (1972) у Браціславе, помнік нац. паўстанню ў Банска-Бістрыцы (1970) і інш.
З 1990-х г. архітэктура С. выпрацоўвае праграму добраўпарадкавання гар. і сельскага асяроддзя. Паводле плана пераўтварэння краіны ў цэнтр культ. сувязей і міжнар. турызму будуюцца атэлі і турыстычныя комплексы, упарадкоўваюцца і мадэрнізуюцца курортныя мясціны. Сучасная свецкая і культавая архітэктура адметная эстэт. культурай, імкненнем да прастаты і функцыянальнасці. Горад-запаведнік Банска-Шцяўніўца і ансамбль сярэдневяковых умацаванняў Спішскі-Град уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. У 1945 засн.Т-ва славацкіх архітэктараў.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва на тэр. С. вядомы з эпох палеаліту, неаліту (статуэткі жывёл і людзей, упрыгожанні) і бронзавага веку: Выяўлены творы кельтаў, сарматаў, авараў, протаславян і стараж. славян. Вытокі мастацтва С. ў культуры Вялікамараўскай дзяржавы. У 13—15 ст. пашыраны скульпт. элементы арх. дэкору. Раннім насценным размалёўкам у плоскаснай лінеарнай манеры ўласцівы паўн.-італьян. ўплывы (фрэскі касцёла ў Дэхтыцэ, каля 1175) і рысы рамана-візант. стыляў (фрэскі касцёла ў Драўцэ, пач. 14 ст.). У дэкоры касцёлаў канца 14 — пач. 15 ст. адчуваецца ўздзеянне П.Парлера. Статуі мадоннаў сярэдзіны 14 ст. блізкія да франц. гатычнай пластыкі, на мяжы 14—15 ст. набылі рысы «мяккага стылю». У жывапісе ўмоўнасць выяў змянялася набліжэннем да рэальнасці (размалёўкі касцёла ў Жэгры з жанравымі матывамі, каля 1400), у насценным і алтарным жывапісе пач. 15 ст. — да выяўлення прасторы і індывідуалізацыі вобразаў (алтар касцёла ў Гронскі-Бенядзіку). У канцы 15 — пач. 16 ст. дасягнула росквіту драўляная алтарная скульптура, у якой познагатычныя традыцыі спалучаліся з рысамі Адраджэння. Вядучым майстрам скульптуры быў Павел з Левачы (Вял. алтар сабора св. Якуба ў Левачы, 1508—15). У пач. 16 ст. ў жывапісе майстра «MS» праявіліся рысы дунайскай школы. У 16 ст. пашырылася рэнесансавая скульптура з гатычнымі рысамі, у якой прасочваліся аўстр. ўплывы (алтар касцёла ў Юры каля Браціславы, 1527). Ствараліся рэнесансавыя надмагіллі і круглая дэкар. скульптура («Фантан Роланда» перад ратушай ў Браціславе, 1527). Жывапіс Адраджэння прадстаўлены пераважна арнаментальнымі мініяцюрамі і сграфіта, якімі пакрывалі фасады дамоў, замкаў, званіц. Ва ўсх. С. быў пашыраны іканапіс у познавізант. стылі. У эпоху барока панавала пышная дэкар. скульптура са стука. З каменю і мармуру выкананы манум.арх.-скульптурныя алтары (гал. алтар сабора ў Браціславе, 1732—34, аўстр. скульптар Р.Донер). У канцы’ 18 ст. з’явілася свецкая партрэтная скульптура. У жывапісе 17—18 ст. пераважалі італьян., нідэрл. і аўстр. ўплывы. Фрэскі з ілюзіяністычнымі эфектамі выконвалі аўстр. майстры (П.Трогер, Ф.Маўльберч). Сярод нешматлікіх мясц. мастакоў — Я.Богдан, С.Генрых, Я.Купецкі. Сярод вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 15—18 ст. — метал. (часта з перагародчатай эмаллю), фаянсавыя, разьба па дрэве, вышыўка і ткацтва. У партрэтным жывапісе пач. 19 ст. класіцызм спалучаўся з рысамі бідэрмееру. Класіцыстычным пейзажам уласцівы рамант. тэндэнцыі (нац. па матывах работы К.Л.Лібая, А.Бродскага, Л.Нюлашы). У перыяд. уздыму рэв. і нац.-вызв. руху ствараліся рамант. па кампазіцыі партрэты сучаснікаў, герояў вызв. барацьбы (П.Богунь, І.Б.Клеменс). У канцы 19 — пач. 20 ст. дасягнуў росквіту жанравы жывапіс, у якім рэаліст. рысы, каларыстычныя і пленэрныя пошукі спалучаліся з элементамі акадэмізму (В.Андзьяла, Д.Скуцецкі, І.Ганула). Рэаліст. і сац.-крытычныя тэндэнцыі ўласцівы творам скульптара Я.Коньярака. У фарміраванні нац. школы жывапісу 20 ст.вял. роля належыць М.Бенку, М.Базаўскаму і Я.Алексі, якія развівалі традыцыі постімпрэсіянізму. Рысы фавізму, кубізму і элементы нар. творчасці спалучалі жывапісцы і графікі М.Галанда і Л.Фула, сац.-крытычнай скіраванасцю вызначаліся творы графіка К.Сокала, жывапісца К.Баўэра, скульпт. Ф.Гібалы. У 1939—45 экспрэсіўныя драм. кампазіцыі антыфаш. тэматыкі стваралі жывапісцы і графікі В.Гложнік, Я.Жэлібскі, Ц.Маернік, Ю.Немчык, скульптар І.Костка, неакласіцыстычныя творы — скульпт. Ю.Горавая-Ковачыкава і інш.
З 1950-х г. пашырыліся творы на тэмы нац.-вызв. барацьбы і працы, індустр. пейзажы (графікі Гложнік, Р.Дубравец, жывапісцы Бенка, Жэлібскі, Б.Хофштэтэр, скульптары Костка, Ц.Бартфай), абагульненыя сцэны нар. жыцця і вобразы сялян (Алексі, Базаўскі, Фула, Немчык, В.Хмель, М.Чэхава), партрэтны жывапіс (Ф.Драшкавіч, Гібала), камерная станковая пластыка (Я.Куліх, А.Трызуляк), манум.-дэкар. скульптура (Костка, Куліх, Трызуляк). У 2-й пал. 20 ст. абстрактны экспрэсіянізм, неакубізм, сюррэалізм і інш.; развівалі Ю.Бартфай, Л.Гударна, В.Жылінчанава, У.Компанек, Р.Крываш, М.Лалуха, М.Паштака, Л.Сламка, Ф.Студзены, П.Тот, Л.Чэміцкі, В.Хложнік, М.Якабчыц, Ю.Якабы. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыраны габелены, вітражы, кераміка, маст. апрацоўка металу і інш.
Музыка. У муз. фальклоры С. вядомы балады, лірычныя, эпічныя, быт. і абрадавыя песні, пераважна аднагалосыя, з развітой мелодыкай, рытмічнай разнастайнасцю. У 13 ст. з’явіліся т.зв. разбойніцкія песні («разбойнікі» — змагары за правы народа), у 15 ст. — гусіцкія песні, у 16 ст. — гіст., у 18 ст. — песні куруцаў (удзельнікі антыфеад. паўстанняў), у 19 ст. — новавенгерскія. У аснове стараж. мелодый розныя віды тэтрахордаў, часцей мажорныя. Характэрны рэгіянальныя адрозненні. Сярод муз. інструментаў: гайда (валынка), пастухоўскія дудкі, фуяра і інш. Распаўсюджаны танцы: адземок (пастухоўскі тыпу казачка), каламыйкі, фрышка (тыпу кракавяка). Пачатак кампазітарскай творчасці ў 15 ст. дала культавая поліфанічная хар. музыка (Ю.Банаўскі, Т.Лнтнер). У вак. і вак.-інстр. творах 17 ст. адчувальны ўплывы ням. і італьян. барока (З.Заравуціус, Я.Кусер, І.Шымбрацкі і інш.), развіваюцца свецкія жанры (п’есы для лютні, вёрджынела, танц. сюіты). У 18 ст. пашырыліся царк. і свецкія муз. жанры (кантаты, арыі), францысканская пастараль, звязаная з нар. песняй (П.Баян, Э.Пасха), уплывы венскай класічнай школы. З пач. 19 ст. вырасла цікавасць да нар. песні, фарміруецца нац.муз. культура. Адзін з заснавальнікаў нац.муз. школы — Я.Бела (опера «Віланд», паст. 1926; сімф. паэма «Лёс і ідэал», 1874). Развіццё нац. школы звязана з творчасцю Ф.Кафенды, М.Мойзеса, В.Фігуша-Бістры, М.Шнайдэр-Трнаўскага. У Браціславе створаны оперная трупа Славацкага нац.т-ра (1919), хар. і інш. выканальніцкія калектывы, муз. школа (з 1919; з 1927 Муз. і драм. акадэмія). Уклад у муз. мастацтва С. 20 ст. зрабілі: кампазітары М.Базлік, І.Зельенка, А.Очанаш, Э.Сухань, Я.Цыкер; дырыжоры О.Ленард, Л.Райтар, Л.Словак; піяністы К.Гаўлікава, М.Дапшанскі; скрыпачы Т.Гашпарак, П.Міхаліца; спевакі Г.Бенячкава, Ш.Гоза, Э.Кітнарава, М.Чэсанёва; музыказнаўцы Л.Бурлас, Л.Мокры, З.Новачак і інш. У С. працуюць: Усходнеславацкі нац.т-р у Кошыцах (з 1945), Славацкая філармонія з сімф. аркестрам і хорам (з 1949), Дзярж. камерны аркестр у г. Жыліна і Славацкі камерны аркестр (з 1960), ансамбль нар. песні і танца «Лучніца» (з 1948) і інш.; кансерваторыя (з 1941), Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў з муз. факультэтам (з 1949), Ін-т музыказнаўства Славацкай АН (з 1951, усе ў Браціславе). Праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Браціслаўская ліра». У 1955 створаны Саюз кампазітараў С.
Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні ў С., звязаныя з рэліг. рытуаламі, ставіліся на ням., лац., венг., чэшскай мовах. Пашыранымі былі выступленні вандроўных акцёраў на плошчах гарадоў (у 12 ст. забараняліся сінодам). У сярэдневякоўі ўзнікла рэліг. драма (звесткі пра рэліг. спектаклі ў Браціславе і Бардзеёве датуюцца 1439). Першая свецкая п’еса пастаўлена ў 1536 у Браціславе. У 15 — пач. 16 ст. з’явілася школьная драма (школьныя т-ры ў Бардзеёве, Прэшаве, Крэмніцы, Банска-Бістрыцы), ставіліся і творы ант. аўтараў. У эпоху барока дасягнула росквіту езуіцкая драма (Трнава, Скаліца, Трэнчын, Браціслава, Прэшаў, Банска-Бістрыца і інш.). З 17 ст. прадстаўленні адбываліся ў спец.тэатр. залах, з 18 ст. — спец. дамах для т-раў (у 1740 у Браціславе пабудаваны першы 3-павярховы т-р). У пач. 19 ст. ўзнік аматарскі т-р (у 1830 адбылося першае публічнае прадстаўленне на славацкай мове гуртка ў Ліптаўскі-Мікулашы). У 1890 у Марціне пабудаваны Нац. дом, дзе перыядычна ставілі аматарскія спектаклі. У 1920 у Браціславе створаны першы прафес.т-р — Славацкінац.т-р (засн. Я.Борадач, А.Багар, Г.Кела, О.Орсагава, Г.Мелічкава; да 1932 спектаклі на чэш. мове, пазней арганізавана славацкая трупа). У 1940-я г. сетка прафес.тэатр. калектываў пашырылася, створаны Т-р Славацкага нац. паўстання ў Марціне, Славацкіт-р у Прэшаве (абодва 1944), Новая сцэна ў Браціславе (1946) і інш. З 1960-х г. развіваецца мастацтва лялечнага т-ра (Дзярж. лялечны т-р у Браціславе, Стары т-р у Нітры, «На перакрыжаваннях» у Банска-Бістрыцы, т-ры ў Кошыцах, Жыліне). Славацкінац.т-р мае драм., оперную і балетную трупы. Працуюць таксама драм. т-ры: Астарка Корза’90 у Браціславе, Андрэя Багара ў Нітры, Дзярж.т-р у Кошыцах, Трнаўскі т-р, тэатры І.Таяўскага ў Зволене, І.Забарскага ў Прэшаве; укр.т-р у Прэшаве, венг. ў Комарне. Праводзяцца міжнар. фестывалі: «Дзівадзельна Нітра», пантамімы ў Браціславе, нетрадыц. т-раў у Пежзінаку, славацкіх лялечных т-раў у Банска-Бістрыцы і інш.Тэатр. кадры рыхтуюць Тэатр.ін-т, Акадэмія музыкі і драм. мастацтва ў Браціславе, Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы.
Кіно С. ўзнікла і развівалася як частка агульнай экраннай культуры чэхаў і славакаў. У 1920—30-я г. кінадакументалісты з Прагі здымалі ў С. відавыя фільмы пейзажаў Татраў і фалькл. замалёўкі: «Славацкія танцы і спевы» (рэж. Я.Палаўш), «Па гарах, па долах» і «Зямля спявае» (рэж. К.Пліцка). У 1921 з чэш. кінематаграфістамі пастаўлены першы славацкі нямы фільм «Янашык» (рэж. Я.Сіякель і Ф.Горлівы). У 1939—45 увоз чэш. фільмаў у С. быў забаронены. У 1940 створана кінаарганізацыя «Наступ», падпарадкаваная берлінскай студыі «УФА» (пракат і выпуск прапагандысцкіх фільмаў). У 1945 кінапрамысловасць нацыяналізавана; у Браціславе створана Студыя славацкага маст. кіно «Коліба». У 1947 пастаўлены першы поўнаметражны славацкі фільм «Сцеражыся» (рэж. М.Фрыч) пра лёс славакаў-эмігрантаў у Амерыцы. У 1948 заснавальнік славацкага кіно, акцёр кіно і т-ра, сцэнарыст і рэжысёр П.Біелік зняў драму «Воўчыя норы» пра Славацкае нац. паўстанне. Цікавасць да гісторыі народа, да яе легендарных герояў выявілася ў каляровай дылогіі Біеліка «Янашык I—II» (у сав. пракаце «Горныя мсціўцы», 1962—63). Славацкія кінарэжысёры стварылі адметныя экранізацыі твораў П.Ілямніцкага («Неўзаранае поле», 1953, рэж. У.Багна; «Браты», 1961, рэж. А.Летрых), Я.Калінчака («Дваранскі гонар», 1957, рэж. Багна), Ф.Гечака («Драўляная вёска», 1955, рэж. Летрых), А.Чэхава («Іванаў», 1963, рэж. І.Будскі) і інш. Тэме вайны як маральнаму выпрабаванню чалавека ў вострадрам. сітуацыях прысвечаны фільмы Біеліка «Сорак чатыры» (1957), «Капітан Дабач» (1959), П.Солана «Баксёр і смерць» (1969) і інш. У 1960-я г. тэматыка і жанравая палітра фільмаў пашырылася, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў; С.Барабаш («Песня пра шызага голуба», 1961), І.Крэйчык («Паўночная імша», 1962) і інш. Да тэм сучаснасці, духоўных пошукаў моладзі звяртаюцца рэжысёры М.Голы («Шлях воранаў», «Справа для адваката»), Э.Грэчнер («У кожным тыдні сем дзён»), І.Медвед («Кадрыль», «Выпрабаванне кахання», «Юнацтва атамана», «Тройчы настае світанак», «Не для мяне іграюць блюз»). Ш.Угер абнаўляе кінамову, надае фільмам гукапластычную выразнасць («Было такое сяброўства», «Сонца ў. сетцы», «Мы з 9 «А», «Орган»). У 1972 створаны сумесны славацка-бел. фільм «Заўтра будзе позна...» («Ян Налепка», рэж. А.Карпаў і М.Цяпак). Творчы пошук спрыяў самаідэнтыфікацыі славацкага кіно, якое звяртаецца да нац.культ. традыцый; з 1980-х г. усё больш выразна выяўляюцца яго тэматычныя і стылістычныя своеасаблівасці (рэж. Д.Ганак, З.Заган, Я.Якубіска і інш.).
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Коровицына Н. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европ. наций. М., 1993;
История словацкой литературы. М., 1970;
История литератур западных и южных славян. М., 1997;
Шумов С.А., Андреев А.Р. История Словакии, V—XX вв. М., 2000.
Герб і сцяг Славакіі.Да арт.Славакія. Горнае возера ў Татрах.Да арт.Славакія. Высокія Татры зімой.Да арт.Славакія. Узбярэжжа р. Дунай у Браціславе.Да арт.Славакія. Замак у Бойніцах.Да арт.Славакія. Касцёл Архангела Міхаіла ў Фрычцы.Да арт.Славакія. Ратуша ў Левачы.Да арт.Славакія. Новы касцёл у Дудзінцах. 1990-я г.Да арт.Славакія. Рэзідэнцыя Прэзідэнта (былы палац Грасалкавіча) у Браціславе.Да арт.Славакія. Атэль «Геліяс» на курорце Штрбске-Плеса.Да арт.Славакія. Павел з Левачы. Апостал Якуб. 1508—15.Да арт.Славакія. Л.Нюлашы. Перад навальніцай. Каля 1880.Да арт.Славакія. К.Сокал. Па́ра. 1932.Да арт.Славакія. І.Костка. Смутак. 1943.Да арт.Славакія. Л.Гударна. Дзяўчына. 1959.Да арт.Славакія. Будынак Славацкага нацыянальнага тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУР’Е́Р ЛІТЭ́ЎСКІ»
(«Kurier Litewski», «Літоўскі веснік»),
1) інфармацыйная штотыднёвая газета, якая выдавалася ў 1760—64 у Вільні на польскай мове. Рэдактары Ф.Папроцкі (1760—62) і А.Янушкевіч (1763—64).
2) Інфармацыйная газета, што выдавалася ў 1796—1840, да 1797 у Гродне, потым у Вільні, да 1833 на польск., з 1834 на рус. (пад назвай «Литовский вестник») і польск. мовах. Выдавец Т.Влодэк. З пач. 19 ст. перададзена ў арэнду Віленскаму ун-ту, у 1800—32 яе рэдагавалі Я.Ясінскі, К.Даніловіч, Э.Славацкі, А.Марціноўскі; з 1834 — орган мясц. улад. Мела дадатак «Wiadomości literackie» («Літаратурныя навіны»). З 1841 яе працягам стала газ.«Виленский вестник». Змяшчала матэрыялы з пецярбургскіх выданняў, артыкулы бел. тэматыкі.
3) Прыватная штодзённая газета, якая выдавалася ў 1905—15 у Вільні. Выдаўцы: І.Корвін-Мілеўскі, Ф.Завадскі, В.Бараноўскі, Э.Навіцкі, Т.Дэмбоўскі; у 1906—09 фактычным уладальнікам газеты быў віленскі біскуп Э.Роп. Орган кансерватыўнай плыні «краёвага кірунку» польскага руху ў Літве і Беларусі. Супрацоўнічала з аб’яднаннямі польскіх дэпутатаў ад Беларусі і Літвы ў I—IV Дзярж. думах. У 1905 — пач. 1906 бел.нац. рух разглядала як «антыпольскую інтрыгу» царскай адміністрацыі, бел. мову называла «мовай цемры і невуцтва». З сярэдзіны 1906 стаўленне да беларусаў стала больш прыхільным, выказвалася за неабходнасць дапамогі бел.нац. адраджэнню. Станоўча ацэньвала дзейнасць газеты «Наша ніва». Але патрабаванні бел.нац. руху, якія закраналі інтарэсы палякаў (радыкальная аграрная рэформа, увядзенне бел. мовы ў богаслужэнні), не падтрымлівала, самастойнае нац. і паліт. жыццё беларусаў лічыла малаверагодным. У вер. 1910 газета забаронена. У кастр. 1910 пачала выходзіць пад назвай «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). 1(14).6.1911 рэдакцыя газеты аб’ядналася з рэдакцыяй газ. «Goniec codzienny» («Штодзённы веснік»). 31.12.1911 (13.1.1912) газета вярнула назву «К.Л.», паступова стала пераходзіць на пазіцыі польскай партыі нац. дэмакратаў. На апошнім этапе свайго існавання выступала супраць бел. і літ.нац. рухаў. У 1906—09 мела дадатак «Zycie ilustrowane» («Ілюстраванае жыццё», штотыднёвы ілюстраваны часопіс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́РЫКА (ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),
адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л. — стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду аповеду* пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л. — верш і песня.
Найб. стараж. — ананімныя нар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.Петрарка, П.Рансар, У.Шэкспір, Я.Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.Байран, Р.Бёрнс, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, А.Пушкін, М.Лермантаў, А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Т.Шаўчэнка, Ш.Пецёфі, П.Верлен, А.Блок, У.Маякоўскі, С.Ясенін, П.Элюар, Назым Хікмет і інш.
Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, А.Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Лучына, Ф.Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, А.Гарун, М.Танк, А.Куляшоў, П.Броўка, П.Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.
Літ.:
Гніламёдаў У.В.Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;
Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;
Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ТЫ,
горная сістэма на УЦэнтр. Еўропы. Размешчана на тэр. Румыніі (каля 56% паверхні), Чэхіі і Славакіі (20%), Украіны (каля 10%), Польшчы (9,3%), Венгрыі (4,4%) і Аўстрыі (0,3%). Цягнецца дугой, адкрытай на З, ад Дзевінскіх Варот у наваколлі Браціславы да Жалезных Варот на Дунаі. Даўж. 1500 км, шыр. 100—300 км, найб. да 430 км на ПдУ. Паверхня К. разам з перадгор’ямі займае каля 190 тыс.км², з якіх 105 тыс.км² размешчана вышэй за 500 м; сярэдняя выш. каля 1000 м, найб. 2655 м (г. Герлахаўскі Шціт у Татрах). К. — адзін з гал. водападзелаў Еўропы паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Складаюцца з кулісападобна размешчаных горных масіваў і хрыбтоў, расчлянёных падоўжнымі і папярочнымі далінамі рэк. Араграфічна вылучаюцца Заходнія Карпаты, Усходнія Карпаты (ч. іх наз. Украінскія К.), Бяскіды, Паўднёвыя Карпаты, Заходнія Румынскія горы і Трансільванскае плато. Уздоўж вонкавага боку дугі К. цягнецца паласа перадгор’яў, шыр. да 40—60 км. Ва ўнутранай ч. Карпацкай дугі знаходзіцца Вял. Венгерская нізіна. У К. пашыраны карставыя раёны, складзеныя з вапнякоў і даламітаў, якія асабліва ярка выражаны ў масівах Славацкі Крас, Хэгімаш, Аніна. Ва Усх. К. на нізкагор’ях участкі з гліністым і саляным карстам і актыўна дзеючымі гразевымі вулканамі.
К. ўваходзяць у склад альпійскай геасінклінальнай вобласці (гл. таксама Карпацкая складкавая вобласць). Утварыліся ў неаген-антрапагенавы перыяд. У фарміраванні рэльефу пасля гораўтваральнай стадыі асн. ролю адыгрывалі неатэктанічныя рухі, рачная эрозія, плейстацэнавыя ледавікі, схілавыя і карставыя працэсы. Вонкавы пояс перадкарпацкіх прагінаў складзены пераважна з флішу (пясчанікі, кангламераты, гліністыя сланцы). Цэнтр. (восевы) пояс утвораны пераважна з крышт. парод, вапнякоў, дзе знаходзяцца найб. высокія хрыбты (Татры, Фэгэраш і інш.) са слядамі стараж. зледзянення. Унутр. пояс прадстаўлены ў асн. вулканічнымі масівамі. Радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, каменнай і калійнай солей, серы, каляровых і рэдкіх металаў, мінер. вод і інш.
Клімат К. умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. ад -2 °C на Пд да -5 °C на Пн, на высокіх вяршынях да -10 °C. Ва ўнутр. упадзінах зімой назіраюцца тэмпературныя інверсіі. Сярэдняя т-раліп. ад 17 °C на Пн да 20 °C на Пд; у верхнім поясе гор зніжаецца да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў у перадгор’ях 600—800 мм на вонкавым баку дугі Усх. і Паўд. К. і 900—1000 мм у Зах. Румынскіх гарах і Зах. К. У высакагорным поясе сума ападкаў павялічваецца да 1200—1400 мм на Пд і 1800—2000 мм на ПнУ. Максімум ападкаў выпадае летам. Снежнае покрыва ў перадгор’ях трымаецца 2—3 месяцы, у высокіх гарах — 5—7 месяцаў і больш. Рэкі бас. Віслы і Одры ахопліваюць б.ч.паўн. схілаў і ўпадаюць у Балтыйскае м. Большасць рэк належаць да бас.р. Дунай, рэкі паўн.-ўсх. схілаў — да бас.р. Днестр, якія ўпадаюць у Чорнае м. Для рэк К. характэрны ваганні ўзроўню вады (да 5 м) вясной і ў пачатку лета; маюць вял. запасы гідраэнергіі. Азёры ў высакагор’і займаюць днішчы стараж. караў. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у катлавінах — бурыя. Расліннасць размеркавана адпаведна вышыннай пояснасці: да 600—750 м шыракалістыя лясы (дуб, граб, бук), да выш. 1200—1400 м мяшаныя лясы (бук, піхта); хвойныя лясы (у асноўным з елкі) падымаюцца да 1500—1600 м ка Пн і 1700—1800 м на Пд. Вышэй лясоў размешчаны: субальпійскія зараснікі крывалесся (хваёвы сланік, ядловец у Зах. К. і вольха ва Усх. К.); альпійскія лугі (паланіны) ці пояс фрагментарнага развіцця альпійскіх лугоў (да выш. 2300—2400 м) з альпійскім разнатраўем і зараснікамі рададэндрану і карлікавай вярбы; востраканцовыя скалістыя вяршыні субнівальнай зоны пераважна без расліннасці. Жывёльны свет: алень, казуля, дзік, воўк, мядзведзь, рысь, лясны кот і інш. Для аховы прыроды ўтворана шмат заказнікаў і некалькі нац. паркаў. Самы вял. з іх у Татрах на тэр. Польшчы і Славакіі. Найб. густанаселены перадгор’і і ўнутрыгорныя катлавіны. Верхняя мяжа пасяленняў даходзіць да 800 м (макс. да 1300 м). Важнае значэнне маюць лясы як рэсурсы для вытв-сці драўніны. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (у асноўным авечкагадоўля). Земляробствам займаюцца ў міжгорных∙ катлавінах і на схілах да выш. 600—1000 м. праз К. ўздоўж далін рэк і на перавалах праходзяць камунікацыйныя лініі. Турыстычны раён. Цэнтры турызму і курорты на базе крыніц з мінер. вадой.
А.Ф.Санько, Т.Каліцкі.
Да арт.Карпаты. Высокія Татры, даліна Спішскіх азёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́Н (Platon) Афінскі
(май 428, Афіны — 347 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік платанізму. Належаў да афінскай арыстакратыі: бацька Арыстон паходзіў з роду афінскага цара Кодра, маці Перыктыёна — з роду заканадаўца Салона, аднаго з «сямі мудрацоў». Каля 408 да н.э. стаў вучнем і паслядоўнікам Сакрата. Пасля яго смерці выехаў у Мегары. Каля 387 заснаваў у Афінах уласную філас. школу — Акадэмію платонаўскую. Аўтар 34 філас. дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найб. вядомыя творы П.: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш. У філас. сістэме П. вылучаны ўсе асн. састаўныя ч. ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай. вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). З сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусв. душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найб. правільным метадам мыслення з’яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле П., душа складаецца з 3 частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць 3 асн. дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з’яўляюцца адпаведна 3 саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага 3 дабрачыннасцей дае пачатак 4-й, агульнадзярж. дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»). П. вылучаў 3 асн. формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць паліт. дактрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць паліт. дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»). Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).
На Беларусі з вучэннем П. знаёміліся па шматлікіх перакладных зборніках выслоўяў ант. філосафаў, пісьменнікаў, айцоў царквы («Пчала», «Ізмарагд» і інш.). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Клімент Смаляціч напісаў некалькі твораў «ад Аміра і ад Арыстоцеля і ад Платона», якія да нас не дайшлі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва бел. мысліцелі звярталіся да ідэй П. і неаплатанізму ў пошуках пазітыўнай праграмы абнаўлення дзярж.-прававых ін-таў, маральнага ўдасканалення грамадства (Ф.Скарына, М.Сматрыцкі, А.Волан, Б.Дабшэвіч, К.Лышчынскі, К.Нарбут і інш.). Напр., С.Будны ў духу сац.-паліт. і этычных поглядаў П. (дыялогі «Дзяржава», «Законы»), крытыкаваў тыранію, развіваў ідэі аб дыялектыцы закону і беззаконня, палітыкі і маралі. Ф.Карпінскі ў «Гутарках Платона» распрацаваў маральна-гуманіст. канцэпцыю, асновай якой з’яўляецца сардэчнасць, праяўленне чалавечай любові і чалавечага шчасця. Сімяон Полацкі спасылаўся на платонаўскі твор «Тээтэт» у сваіх разважаннях аб ролі пазнання і ведаў, маральных каштоўнасцей асобы. І.Капіевіч, А.Скарульскі на аснове філас.-ідэаліст. канцэпцый П. вялі палеміку з атамістычным вучэннем Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура. Эстэт. вучэнне П. паўплывала на погляды асветнікаў Беларусі і Літвы (Ф.Галянскі, Л.Бароўскі, Е.Славацкі, А.Фіялкоўскі). Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх калегіумах і акадэміях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ ФІЛАСО́ФІІ,
навука пра станаўленне, развіццё і барацьбу філас. ідэй, канцэпцый і сістэм, светапогляд мысліцеляў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх і паліт. дзеячаў.
Элементы гісторыка-філас. ведаў узніклі ў Стараж. Грэцыі ў 4—3 ст. да н.э. — 2—3 ст.н.э. (творы Арыстоцеля, Дыягена Лаэрцкага, Секста Эмпірыка). У эпоху позняга элінізму яны развіваліся айцамі хрысц. царквы (Яўсевій Кесарыйскі, Аўгусцін Блажэнны). Араб. філосаф Шахрастані (12 ст.) упершыню паспрабаваў сістэматызаваць філасофію стараж. грэкаў, персаў, яўрэяў, арабаў у кн. «Рэлігійныя секты і філасофскія школы». Першым хрысц. гісторыка-філас. даследаваннем сярэдневяковай Еўропы была праца У.Бёрклі (1275—1357) «Кніга пра жыццё і смерць старажытных філосафаў і паэтаў». У эпоху Адраджэння гісторыю філасофіі даследавалі пераважна ў рамках гісторыі культуры. Самаст. навукай стала ў сярэдзіне 17 ст., калі выйшлі даследаванні «Гісторыя філасофіі» (1655—61) Т.Стэнлі, «Гісторыя філасофіі ў сямі кнігах» (1658) Г.Хорна, «Пра філасофію і філасофскія школы» (1658) Г.Фоса. Погляд на развіццё філасофіі як рух да спасціжэння хрысц. мудрасці падсумаваны ў кн. Я.Брукера «Крытычная гісторыя філасофіі ад стварэння сусвету да нашага часу» (1742—47). Пад уплывам ідэй Асветніцтва ўзнікла крытычная плынь у гісторыі філасофіі, якая ўключала гісторыю пазнання, логіку, псіхалогію, развіццё прыродазнаўства. Ідэю гістарызму ў філас. пазнанні развівалі Дж.Віка, Ш.Мантэск’ё, І.Гердэр, І.Кант, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг. Гісторыю еўрап. думкі і навукі з дыялектычных пазіцый падсумаваў Г.Гегель у кн. «Лекцыі па гісторыі філасофіі», «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817). У 19 ст. пачаліся сістэматычныя даследаванні гісторыі філасофіі Рас. імперыі. У 1920-я г. ўзрасла цікавасць да ранейшай гісторыі філасофіі. Па гэтай праблеме апублікаваны кн. «Нарыс гісторыі рускай філасофіі» (2-е выд., 1920) Э.Радлава, «Шляхі развіцця філасофіі ў Расіі» (1922) М.Яршова, «Нарыс развіцця рускай філасофіі» (ч. 1, 1922) Г.Шпета. У эмігранцкім рас. асяроддзі з’явіліся арыгінальныя манаграфіі «Руская ідэя: Асноўныя праблемы рускай думкі XIX і пачатку XX ст.» (1946) М.Бярдзяева, «Гісторыя рускай філасофіі» (т. 1—2, 1948—50) В.Зянькоўскага, «Гісторыя рускай філасофіі» (1951) М.Лоскага, у Маскве выдадзена 5-томная «Гісторыя філасофіі ў СССР» (1985—88).
Гісторыя філас. думкі Беларусі даследавалася ў адзінстве з развіццём грамадска-паліт., эстэт. і сацыялагічнай думкі. У эпоху сярэдневякоўя (10—15 ст.) важнай крыніцай тэарэт. і практычнай мудрасці былі біблейскія кнігі філасофска-этычнага зместу, вусная нар. творчасць. Філас. раздзелы «Крыніцы ведаў» візант. пісьменніка Іаана Дамаскіна (каля 675—754), напісаныя паводле прац Арыстоцеля і яго хрысц. каментарыяў, былі перакладзены на стараслав. мову. Біблейская філасофія светастварэння пераказана ў «Аповесці мінулых гадоў» (12 ст.), якая выкарыстоўвалася на Беларусі як адна з крыніц мясц. летапісу. Пачынальнікам самабытнай сінкрэтычнай мудрасці (адзінства тэалогіі, філасофіі, аратарскага і паэт. мастацтва) у старадаўняй Беларусі быў Кірыла Тураўскі. У 10—15 ст. на Русі адукаваныя людзі знаёміліся з ант. і сярэдневяковай філасофіяй, л-рай, этыкай і эстэтыкай па энцыклапедычным зб. «Пчала» (13 ст.). Нар. пантэістычна-маст. светапогляд выявіўся ў паэме «Слова аб палку Ігаравым» (канец 12 ст.), у фабулу якой увайшлі фрагменты з гісторыі Полаччыны, мясц. песні, легенды. У 16—17 ст. склалася рэгіянальная самабытная гуманіст. ідэалогія, філасофія, этыка і эстэтыка (творчасць і асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана, заканадаўчая дзейнасць Л.Сапегі, Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588, палемічныя творы А.Філіповіча, М.Сматрыцкага, братоў Л. і С.Зізаніяў і інш.). З пазіцый хрысц. філасофіі і этыкі сутнасць чалавека, грамадства і сусвету тлумачыў Сімяон Полацкі. Асаблівасць развіцця філас. думкі ў Беларусі і Літве канца 16 — 1-й пал. 18 ст. — засваенне ант., сярэдневяковай і новаеўрап. філасофіі, гуманіт. навукі, прыродазнаўства, маст. культуры праз Віленскі ун-т, мясц. калегіумы, базыльянскія і піярскія школы, якія існавалі ў большасці бел. гарадоў і мястэчак. Асветніцкую філасофію 18 — 1-й пал. 19 ст. прадстаўлялі А.Доўгірд, паслядоўнікі філасофска-эканам. тэорыі фізіякратаў І.Храптовіч, І.Страйноўскі, К.Багуслаўскі, тэарэтыкі рыторыкі і паэзіі Ф.Галянскі, Э.Славацкі, Л.Бароўскі і інш. Філасофія, этыка і эстэтыка бел.нац. Адраджэння — духоўнага і грамадска-паліт. руху да стварэння самабытнай бел. культуры і нац. дзяржаўнасці — сфарміраваліся ў творчасці К.Каліноўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Цёткі (А.Пашкевіч), Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, дзеячаў Бел.сацыяліст. грамады і газ. «Наша ніва» А.Луцкевіча, В.Ластоўскага, публіцыстаў Л.Гмырака (М.Бабровіча), С.Ясяновіча (С.Палуяна), гісторыка М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1920-я г. ў БССР былі апублікаваны арыгінальныя падручнікі С.Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» (1922), Б.Быхоўскага «Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму» (1930), інш. даследаванні па метадалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, у т. л. У.Іваноўскага, С.Кацэнбогена. У 2-й пал. 1950-х г. выйшлі манаграфіі М.Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), І.Лушчыцкага «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958), А.Смірнова «Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 г.» (1959) і інш. Сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і эстэт. думкі Беларусі пачаліся ў 1950—60-я г., калі былі падрыхтаваны зб-кіарт. «З гісторыі барацьбы за распаўсюджванне марксізму на Беларусі (1883—1917 гг.)» (1958), хрэстаматыя «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962). Вяліся даследаванні філасофіі і культуры Беларусі эпохі Адраджэння (С.Падокшын, В.Пузікаў, Я.Парэцкі), пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да Новага часу (У.Дуброўскі, К.Пракошына), эпохі Асветніцтва (А.Бірала, Э.Дарашэвіч, У.Пратасевіч і інш.), ідэйна-філас. дыскусій у 1820—40-я г. (Н.Махнач), матэрыяліст. традыцый у гісторыі прыродазнаўства (М.Купчын), рэв.-дэмакр. думкі, сац.-філас. і этычных праблем у творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа (А.Майхровіч), гісторыі бел.эстэт. думкі і маст. культуры (У.Конан). Выдадзены калект. праца «Развіццё марксісцка-ленінскай філасофіі ў БССР (20—70-я гады)» (1984), зб. «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991). З пач. 1990-х г. даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні гісторыі нац. культуры, дзеячаў сярэдневяковай і рэнесансавай культуры (Кірылы Тураўскага, Скарыны, Сімяона Полацкага і інш.), нац. самабытнасці бел.філас. думкі. Дасягненнем гісторыка-філас. думкі бел. замежжа было, поруч з даследаваннем літ.-маст., гіст. і навук. спадчыны Беларусі, уключэнне ў кантэкст нац. культуры ант. філасофіі. У 1960—80-я г. Я.Пятроўскі (ЗША) апублікаваў у сваім перакладзе на бел. мову з каментарыямі «Дыялогі» Платона (у 6 кн.), анталогію «Лепшыя думкі чалавека» (у 3 т.), «Разважанні» Марка Аўрэлія», «Старажытную грэцкую класіку», шматтомны «Класічны грэцка-беларускі слоўнік» і інш.
Літ.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Богомолов А.С., Ойзерман Т.И. Основы теории историко-философского процесса. М., 1983;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНІЦТВА,
грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырана ў эпоху бурж. рэвалюцый і адлюстроўвала прагрэс. ступень развіцця сусв. грамадскай думкі. У аснове сац. філасофіі Асветніцтва ляжалі ідэаліст. ўяўленні пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, вучэнне аб чалавеку і дэізм Дж.Лока, рацыяналізм і механіст, фізіка Р.Дэкарта, механіка і дэізм І.Ньютана, антысхаластычныя вучэнні ў Францыі пач. 18 ст. Догмам пра боскае паходжанне манархічнай улады ідэолагі Асветніцтва супрацьпаставілі рацыяналіст. тэорыі грамадства і дзяржавы, маралі і нават самой рэлігіі (дэізм, ідэя «натуральнай» рэлігіі і рэлігіі розуму). Зыходзячы з канцэпцый «натуральнага права», асветнікі абгрунтоўвалі патрабаванні дэмакр. свабод, грамадзянскай роўнасці. Некаторыя з іх адстойвалі ідэі нар. суверэнітэту і дэмакр. рэспублікі, лічылі нармальным спаборніцтва прыватных інтарэсаў. У кожнай краіне Асветніцтва мела пэўныя асаблівасці, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сац.-эканам. адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў 16 ст. перамагла 1-я ў свеце бурж. рэвалюцыя. Філосафы У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У Англіі пасля перамогі бурж. рэвалюцыі Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар (Дж.А.Колінз, Д.Гартлі, Дж.Прыстлі). Дж.Лок, які быў добра вядомы і на Беларусі, даказваў неабходнасць прыватнай уласнасці, выступаў за свабоду асобы, ахову правоў чалавека. Ф.Бэкан і Т.Гобс выступалі за развіццё ведаў; Д.Дэфо вобразам Рабінзона Круза пацвердзіў, што разумная воля чалавека здольная перамагчы любыя цяжкасці. У Францыі Асветніцтва найб. пашырэнне набыло ў перыяд паміж 1715 (год смерці Людовіка XIV) і 1789 (штурм Бастыліі), які называюць «векам Асветніцтва» ці «стагоддзем філасофіі»: П.Бейль выступаў супраць феад.-царк. ідэалогіі; Вальтэр, які стаў сімвалам Асветніцтва («эпоха Вальтэра»), патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, хоць спадзяваўся на адукаванага манарха; Ж.Ж.Русо абгрунтаваў права нар. мас на паўстанне; П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый проціпаставілі рэлігіі атэізм, ідэалізму — матэрыялізм. У Германіі Асветніцтва стала пашырацца з 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах эканам. і паліт. адсталасці краіны; Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ выступалі за нац. адзінства Германіі, сцвярджалі, што з дапамогай мастацтва можна перавыхаваць чалавека. У ЗША Асветніцтва стала ідэалогіяй барацьбы з англ. абсалютызмам (Б.Франклін, Т.Джэферсан). У слав. краінах яно найб. яскрава выявілася ў Польшчы (Г.Калонтай, С.Сташыц) і было накіравана супраць феад.-арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі, усеўладдзя магнатаў. У Чэхіі Асветніцтва развівалася ва ўмовах нац.-вызв. барацьбы супраць аўстр. абсалютызму. У Сербіі і Балгарыі ідэалогія Асветніцтва садзейнічала аб’яднанню суайчыннікаў у барацьбе супраць тур. панавання. У Расіі Асветніцтва, замацаванае М.Ламаносавым, А.Радзішчавым, Дз.Фанвізіным і М.Навіковым, мела антыпрыгонніцкі кірунак; у 19 ст. М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў дапоўнілі яго ідэямі рэв. дэмакратызму і утапічнага камунізму. На Украіне Асветніцтва звязана з дзейнасцю Р.Скаварады, у Літве — К.Данелайціса. Пад уплывам ідэй еўрап. Адраджэння і Асветніцтва фарміраваўся светапогляд і ў краінах Усходу. У Кітаі ў 17—18 ст. з’явілася плеяда вучоных, філосафаў і пісьменнікаў, якія прапагандавалі адукацыю, заснаваную на рэальных ведах, а не схаласт. «экзаменацыйных сачыненнях» і каментарыях да канфуцыянскіх класікаў, развівалі тэорыю грамадскай роўнасці і натуральных правоў чалавека, выступалі супраць палітыкі «зачыненых дзвярэй». У Японіі перадавыя мысліцелі 18 ст. проціпастаўлялі канфуцыянскай схаластыцы набытыя вопытам веды, развівалі матэрыялістычныя ідэі. У Індыі пасля нац. паўстання 1857—59 узніклі асветніцка-рэфарматарскія т-вы і групы, якія перакладалі на інд. мовы еўрап. л-ру, патрабавалі свабоды слова і друку, вялі барацьбу за адкрыццё навуч. устаноў зах. тыпу. У Турцыі, Іране, Сірыі, Егіпце, Іраку асветнікаў аб’ядноўвала вера ў сілу адукацыі і асветы як сродкаў пераўтварэння грамадства, вызвалення народаў і дасягнення нац. адзінства.
Ідэалогія Асветніцтва знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных кірунках л-ры і выяўл. мастацтва: асветніцкіх класіцызме і рэалізме, у сентыменталізме, у пафасе сцвярджэння станоўчага героя. Яскравыя ўзоры асветніцкай л-ры далі Вальтэр, Русо, Дзідро, П.Бамаршэ (Францыя); Лесінг, маладыя Гётэ і Шылер (Германія); С.Рычардсан, Дж.Свіфт, Г.Філдынг, Т.Дж.Смолет, Р.Б.Шэрыдан (Англія); А.М.Радзішчаў, А.С.Пушкін, А.І.Герцэн, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын, І.С.Тургенеў (Расія) і інш. Выразнае адценне Асветніцтва набыла творчасць арх. К.Н.Леду, жывапісцаў Ж.Л.Давіда і Ж.Б.Гроз (Францыя), У.Хогарта (Англія), Д.Н.Хадавецкага (Германія) і інш. Ідэі Асветніцтва істотна паўплывалі і на музыку Францыі, Германіі, Аўстрыі. Грамадска-паліт., этычная і эстэт. ідэі Асветніцтва сталі духоўнай асновай фарміравання венскай класічнай школы, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена.
На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й пал. 18 ст. (ранняе Асветніцтва), актыўна пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Яго вытокі ў творчасці і дзейнасці бел. мысліцеляў канца 17 — пач. 18 ст. К.Лышчынскага, Сімяона Полацкага, І.Капіевіча. Пашырэнню Асветніцтва спрыялі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі сярэдзіны 18 ст. (Л.Барановіч, Г.Каніскі, Ф.Пракаповіч і інш.). Асветніцтва знайшло адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, л-ры і выяўл. мастацтве; вызначалася паказам быт. і этнічных умоў жыцця класаў і сац. груп, духоўнай спадчыны мінулага, праблем аўтаномнасці Беларусі і адносін з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва на Беларусі Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі звязвалі навук. задачы з гуманістычнымі, свабоду думкі лічылі абавязковай умовай для развіцця навукі. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя даследаванні бел. фальклору, этнаграфіі і мовы. Пераход да асветніцкіх канцэпцый у гісторыі заўважаецца ў творах Капіевіча, Ф.Папроцкага. А.Нарушэвіч у гіст. працэсе гал. ролю адводзіў розуму, прадметам гіст. даследаванняў лічыў жыццё народа як паказчык яго палітыкі, эканомікі і культуры, значную ўвагу звяртаў на асвятленне нац. гісторыі. Т.Млоцкі ў сваёй працы «Сведчанне з вытокаў натуральнага права» (1779) выклаў асн. палажэнні тэорыі «натуральнага права», а ў трактоўцы гіст. працэсу набліжаўся да «грамадзянскага дагавору» Русо. І.Страйноўскі, зыходзячы з канцэпцыі «натуральнага права», абараняў прынцыпы роўнасці людзей, выказваў думкі пра натуральную абумоўленасць грамадскіх парадкаў. Спецыфічнай рысай Асветніцтва на Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сял. праблемы. У працах Ю.Паўлікоўскага, Д.Пільхоўскага, І.Яленскага, Я.Ясінскага і інш. абгрунтоўвалася неабходнасць забеспячэння паліт. гарантый асобе селяніна, выказваліся ідэі скасавання прыгону, стварэння сістэмы навучання сялянскіх дзяцей, прапаноўваліся камуніст.-утапічныя праекты абшчыннай роўнасці ў карыстанні зямлёй і атрыманні прадукту вытворчасці. Утапічна-камуністычныя ідэі на тэалагічнай аснове выказваў біскуп П.Бжастоўскі, які правёў у сваіх маёнтках значныя рэформы (адмяніў прыгон, адкрыў школы, шпіталі, увёў сял. самакіраванне і інш.). Непасрэднае дачыненне да Асветніцтва мелі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В.Карчэўскі, А.Маркевіч, М.Ачапоўскі, П.Славінскі, С.Юндзіл. Так, Маркевіч стварыў антрапал. канцэпцыю, у якой узнікненне і развіццё чалавека лічыў вынікам паступовага развіцця прыроды. Прадаўжальнікамі традыцый Асветніцтва на Беларусі былі філаматы і філарэты. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Адукацыйная камісія, ідэйнымі натхняльнікамі якой былі Сташыц, Г.Калонтай, Я.Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ун-та Ж.Жылібер, Г.Форстэр, Пачобут-Адляніцкі, А.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш., значны ўдзел у яе стварэнні і дзейнасці прыняў І.Храптовіч. Прапагандыстамі Асветніцтва выступалі выкладчыкі нар. вучылішчаў І.Сакольскі, А.Зміеў, С.Цвяткоўскі і інш., якія лічылі неабходным зрабіць навучанне здабыткам усіх дзяцей, нават з бедных сем’яў.
Прагрэсіўныя тэндэнцыі Асветніцтва знайшлі адлюстраванне ў л-ры і выяўл. мастацтве Беларусі. У эпісталярных, лірычных, драм. (інтэрмедыі) творах, у творах Ф.Карпінскага, маладога А.Міцкевіча выявіліся антыпрыгонніцкія і антыклерыкальныя настроі. У «Одзе» Сакольскага, прысвечанай адкрыццю нар. вучылішча ў Полацку, выказана асветніцкая канцэпцыя «без ведаў мы — дзеці цемры». Сац.-сатыр. плынь узмацнілася ў розных формах творчасці, асабліва ў паэзіі. Гратэскавы рэалізм спалучыўся з дыдактыкай і сентыменталізмам. Пануючы ў мастацтве 18 ст. класіцызм пад уплывам Асветніцтва пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. У рэчышчы класіцызму заставаліся паэтыка і рыторыка (Ф.Галянскі, І.Фалькоўскі), але ад яго канонаў адступілі і наблізіліся да рамантызму Я.Снядэцкі, А.Доўгірд, Е.Славацкі, Л.Бароўскі. Адначасова з перайманнем еўрап.маст. стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) у выяўл. мастацтве пашыраліся мясц. стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш.).
Літ.:
Баскин М.П. Философия немецкого просвещения. М., 1954;
Осипова Е.В. Философия польского просвещения. М., 1961;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Яго ж. Гуманизм просветителей // Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977;
Волгин В.П. Развитие общественной мысли во Франции в XVIII веке. 2 изд. М., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.