ЯКУБІ́СКА (Jakubisko) Юрай (н. 30.4.1938, Койшава, Славакія),
славацкі кінарэжысёр, сцэнарыст, аператар; адзін з прадстаўнікоў чэхаславацкай «новай хвалі». Скончыў Акадэмію прыгожых мастацтваў у Празе (1966). Першы паўнаметражны фільм — «Узрост Хрыста» (1967, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Мангейме). У фільмах «Дэзерціры і вандроўнікі» (1968), «Птушкі, сіроты і блажэнныя» (1969, з Францыяй), «Да сустрэчы ў пекле, сябры!» (1970, забаронены цэнзурай, выйшаў на экран праз 20 гадоў) экзістэнцыяльныя праблемы пошуку ўласнага «я» ўвасабляў у складаных шматстылявых маст. канструкцыях, імкнуўся да спалучэння мовы зах. кінаавангарда з разнастайнай культ. мовай Усх. Славакіі. У 1970-я г. зняў шэраг дакумент. стужак («Будоўля веку», прэмія Міжнар. кінафестывалю кароткаметражных фільмаў у Будапешце; «Барабаншчык Чырвонага Крыжа», Залаты медаль Міжнар. кінафестывалю ў Варне, і інш.), якім уласцівы асацыятыўнасць апавядання, ужыванне элементаў сюррэалізму. Лепшая работа — гіст. сага «Тысячагадовая пчала» (1983, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) — арганічна спалучае трагедыю, паэзію, фальклор, вытанчаную візуальную стыхію і філас. асэнсаванне гіст. падзей. Сярод інш. фільмаў: «Пабудуй дом, пасадзі дрэва» (1979), «Цётка Франкенштэйна» (1985), «Я сяджу на галіне, і мне добра» (1989), «Лепш быць багатым і здаровым, чым бедным і хворым» (1992), «Няясная вестка пра канец свету» (1997) і інш.
Г.У.Шур.
т. 18, кн. 1, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)