ША́ФАРЫК, Шафаржык (Šafařík) Павел Іозеф (13.5.1795, в. Кабельярове, Славакія — 26.6.1861), чэшскі і славацкі філолаг, гісторык, паэт; дзеяч чэш. і славацкага нац.-вызв. руху. Скончыў Іенскі ун-т (1817). Працаваў у гімназіі ў г. Нові-Сад (1819—33), з 1848 дырэктар б-кі Пражскага ун-та. Адзін з лідэраў Пражскага паўстання 1848. Выступіў як паэт (зб. «Татранская Муза са славянскай лірай», 1814). Даследаваў слав. мовы і культуры, абгрунтаваў іх агульнасць: працы «Гісторыя славянскай мовы і літаратуры на ўсіх дыялектах» (1826), «Аб паходжанні славян» (1828), «Славянскія старажытнасці» (1837), «Славянская этнаграфія» (1842); пытанні гісторыі чэш., славацкай, сербскай моў, паходжанне пісьма ў славян («Пачаткі старачэшскай граматыкі», 1841; «Помнікі старадаўняга пісьменства ў паўднёвых славян», 1851; «Аб паходжанні і радзіме глаголіцы», 1858, і інш.). Распрацоўваў пытанні тэорыі вершаскладання (трактат «Пачаткі чэшскай паэтыкі, у прыватнасці прасодыі», 1818, з Ф.Палацкім). Яго працы — першыя ў сусв. гістарыяграфіі грунтоўныя даследаванні па слав. этнагенезе; паўплывалі на развіццё славяназнаўства ў інш. краінах.
Літ.:
Мыльников А.С. Павел Шафарик — выдающийся ученый-славист. М.; Л., 1963.
т. 17, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)