АФО́НТАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў верхняга палеаліту, якія жылі ў даліне Енісея 20—12 тыс. г. назад. Назва ад стаянак на Афонтавай Гары на ўскраіне г. Краснаярска. Насельніцтва займалася паляваннем на паўн. аленя, маманта, пясца і інш. Для афонтаўскай культуры характэрны крамянёвыя скрэблы, скрабкі, адшчэпы з рэтушаванымі краямі, касцяныя наканечнікі коп’яў, іголкі. Выяўлены рэдкія для Сібіры рэшткі палеалітычнага чалавека (зуб, косці рукі, фрагмент чэрапа з выразнымі мангалоіднымі рысамі).

т. 2, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІГЕНІ́ЗМ (ад полі... + грэч. genos род, паходжанне),

антрапалагічная тэорыя, паводле якой розніца паміж расамі чалавека настолькі вялікая, што яны з’яўляюцца рознымі біял. відамі, якія ўзніклі незалежна адзін ад аднаго ў розных частках зямнога шара ад розных форм гамінідаў; процілегласць монагенізму. Негрунтоўнасць (памылковасць) П. даказана падабенствам рас сучаснага чалавецтва па комплексе важнейшых адзнак (будова рукі, ступні, галаўнога мозга, біяхім. паказчыкі і інш.) і неабмежаванымі магчымасцямі змешвання рас паміж сабой.

т. 12, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАРЭ́ЛКА»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі (колькасць не абмежаваная, але патрэбны няцотны лік) становяцца парамі ў адну калону. Хто застаўся без пары — вядучы. Ён ідзе ўперадзе калоны і прыгаворвае: «Гары, гары масла, каб не згасла. Званы звіняць, птушкі ляцяць. Апошнія ўздагон!». Пры слове «ўздагон» апошняя пара павінна выбегчы ўперад і ўзяцца за рукі. Вядучы стараецца іх апярэдзіць і схапіць каго-н. за руку. Хто застаецца адзін (без пары), становіцца вядучым, і гульня працягваецца.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЦЯРУ́ХА»,

бел. нар. танец, блізкі да «трасухі». Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Выконваецца 4 парамі. Дзяўчаты, патрэсваючы корпусам і размахваючы рукамі, на пятках вырабляюць розныя па, а потым нібы плывуць насустрач сваім партнёрам, якія танцуюць на насках дробнымі крокамі і тупаюць нагамі. Потым усе разам, пераплёўшы рукі, утвараюць кругі і рухаюцца то ў адзін, то ў другі бок. Зафіксаваны ў 19 ст. у в. Сіняўка (Клецкі р-н, Мінскай вобл.).

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 12, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́РЫСЬ,

у старажытным жывапісе контурны малюнак на паперы, які для жывапісца быў іканаграфічным узорам або матэрыялам пры кампаноўцы кананічных схем абраза, насценнай размалёўкі, мініяцюры. П. магла быць малюнкам ад рукі (нават самаст. кампазіцыяй), механічнай копіяй з жывапіснага арыгінала і інш. Найчасцей па контуры малюнка П. рабілі невял. адтуліны, праз якія спосабам прыпароху (нанясенне тоўчанага вугалю ці інш. фарбавальніка) выява пераносілася на аснову будучага твора. Лепшыя П. складаліся ў спец. альбомы для іканапісцаў.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РА, вера,

у Стараж. Русі грашовы штраф, што спаганяўся са злачынца на карысць князя за забойства ці цяжкае калецтва вольнага чалавека. Калі злачынцу нельга было знайсці, віру плаціла сельская абшчына (верв), на тэрыторыі якой знойдзена цела (дзікая віра). Спагнанне віры замяніла кроўную помсту. Паводле «Рускай праўды» памер віры 40 грыўняў. За забойства дружынніка ці слугі князя віру плацілі ўдвая большую (80 грыўняў). За цяжкае калецтва (адсячэнне рукі, нагі) ці за забойства нявернай жонкі спаганялася палова віры.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАВАЛІ́»,

бел. нар. танец. Муз. памер пераважна ​2/4, тэмп жвавы. Выконваецца 2 мужчынамі, якія імітуюць рухі каваля (удары адной рукой зверху ўніз па далоні другой рукі, што ляжыць на калене сагнутай нагі, і адпаведныя ўдарам ківанні корпуса). Зафіксаваны ў 1980 у Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Суправаджаецца прыпеўкамі; музыка зафіксавана ў Браслаўскім р-не. У 1982 балетмайстар П.​Свярдлоў стварыў на яго аснове сцэн. варыянт танца, які выконваюць 5 юнакоў (цэнтр. фігура — каваль); магчымы і масавы варыянт.

т. 7, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕ́СЯЦ», «Месячык»,

гарадскі бытавы танец. Створаны на аснове песні «Свеціць месяц». Муз. памер ​4/4. Тэмп умерана хуткі. Вядомы з канца 19 ст. На Беларусі найб. пашыраны ў вясковым асяроддзі, дзе зазнаў уплыў нар. харэаграфіі. Мае мноства мясц. варыянтаў. Найб. папулярны парны, калі выканаўцы, стоячы парамі тварам у твар, узяўшыся за рукі выконваюць некалькі разоў запар блок рухаў: прыстаўныя крокі ўправа, улева, плясканне ў далоні, павароты дзяўчыны пад рукой у хлопца, вярчэнне ў вальсе і інш.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯЗЮ́ЛЯ» бел. нар. танец-гульня. Муз. памер ​3/4. Тэмп умераны. Зафіксаваны Е.​Раманавым у Дзісенскім пав. на Віцебшчыне. Удзельнікі ўтваралі 2 процілеглыя рады. Хлопец лавіў дзяўчыну з другога рада, потым яны мяняліся ролямі; астатнія ўдзельнікі танцавалі ў такт песні, а пры воклічы «ку-ку!» падавалі рукі тым, хто стаяў насупраць. На захадзе Беларусі М.​Федароўскі зафіксаваў «З.» ў чыста танц. форме, якая выконвалася трыма дзяўчынамі. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. На Гомельшчыне бытуе пад назвамі «Кукаўка», «Ку-ку».

Ю.​М.​Чурко.

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАЎНІ́ЦКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ ТЭО́РЫЯ,

тэорыя, паводле якой панаванне акцыянернай формы прадпрыемстваў вядзе да адхілення ўласнікаў капіталу ад улады і перадачы яе ў рукі менеджэраў, тэхнакратаў. Абгрунтавана ў 1930-я г. ў працах эканамістаў А.​Берлі і Г.​Мінса. У 1940-я г. развіта Дж.​Бёрнхемам, у 1960—70-я г. — Дж.​Голбрэйтам і інш. У К.р.т. ўхваляецца працэс фарміравання ін-та прафес. арганізатараў вытв-сці — менеджэраў, якія павінны забяспечваць адказнае і эфектыўнае яе кіраванне, раскрываюцца эканам., тэхніка-арганізац. і сац. аспекты менеджменту.

т. 8, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)