МІД ((Mead) Джордж Герберт) (27.2.1863, г. Саўт-Хадлі, ЗША — 26.4.1931),
амерыканскі філосаф, сацыёлаг і сац.псіхолаг; прадстаўнік прагматызму і натуралізму. Скончыў Гарвардскі ун-т, вывучаў філасофію і псіхалогію ў Германіі. З 1894 праф. Чыкагскага ун-та. Стварыў тэорыю «сімвалічнага інтэракцыянізму», асн. ідэі якой выкладзены ў кн. «Розум, я і грамадства» (выд. 1934). Распрацаваў канцэпцыю «міжіндывідуальнага ўзаемадзеяння». Паводле М., паводзіны чалавека і станаўленне яго сац. якасцей абумоўлены структурай асобы, яго роляй і ўспрыманнем установак «абагульненага іншага» — усёй супольнасці. Дзейнасць індывіда ўяўляў сабе як сукупнасць сац. роляў, што выяўляюцца пры дапамозе сродкаў-сімвалаў (жэст, мова), міжасобасныя адносіны — як працэс «пераманьвання роляў», капіравання дзеянняў інш.сац. партнёраў, у выніку чаго адбываецца перадача канкрэтнай сацыяльна значнай інфармацыі ад аднаго чалавека да другога, пазнанне індывідам мноства роляў, значэнняў і каштоўнасцей, якімі валодаюць інш. людзі. Ідэі М. атрымалі пашырэнне ў педагогіцы, псіхалогіі, сац. этыцы, сац. фенаменалогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯЖЭ́ ((Piaget) Жан) (9.8.1896, г. Неўшатэль, Швейцарыя — 16.9.1980),
швейцарскі псіхолаг. Вучыўся ва ун-тах Неўшатэля, Цюрыха, Парыжа. У 1926—54 праф. ун-таў Неўшатэля, Жэневы, Лазаны. З 1929 дырэктар ін-та Ж.Ж.Русо ў Жэневе. Заснавальнік Міжнар. цэнтра генетычнай эпістэмалогіі ў Парыжы (1955). Навук. працы ў галіне агульнай псіхалогіі, псіхалогіі мыслення і дзіцячай псіхалогіі. Стваральнік канцэпцыі інтэлекту і генетычнай эпістэмалогіі. Распрацоўваў праблемы узаемаадносін псіхалогіі і логікі, вывучаў пераўтварэнне ўнутр. структуры разумовай дзейнасці у ходзе антагенезу. Лічыў, што функцыянаванне і развіццё псіхікі адбываецца пры адаптацыі індывіда да асяроддзя (асіміляцыі), а таксама прыстасавання да канкрэтных сітуацый (акамадацыі). Аўтар прац «Псіхалогія інтэлекту» (1946), «Уводзіны ў генетычную эпістэмалогію» (т. 1—3, 1949—50) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Речь и мышление ребенка. М., 1994;
Избр. психологические труды: Психология интеллекта. Генезис числа у ребенка. Логика и психология. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ХЦЕРАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),
расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-т мозга імя У.М.Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв. сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.
Літ.:
Мясищев В.Н. В.М.Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЧ (Говараў, Нікіфараў) Аляксандр Іванавіч (1783, г. Трубчэўск, Расія — 9.9.1848), расійскі філосаф, эстэтык, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі пед.ін-т (1808), вучыўся ў Германіі (1808—13). Выкладаў у Царскасельскім ліцэі і Пед. ін-це (з 1819 ун-т). Абвінавачаны ў бязбожжы і амаль што ў рэв. прапагандзе, у 1837 звольнены з работы. Імкнуўся стварыць арыгінальную антрапал. канцэпцыю «чалавеказнаўства». Лічыў, што філасофія і нават багаслоўе патрабуюць антрапалагічнага абгрунтавання. У сваіх працах падкрэсліваў аб’ектыўную абумоўленасць мыслення, ролю пачуццяў у працэсе пазнання, стадыяльнасць яго развіцця (гіпотэза — паняцце — ідэя), сувязь мыслення з фізіялогіяй, абгрунтаваў антрапал. філасофію гісторыі, што ўключала і сац. утопію. Выступаў супраць матэрыялізму, але высока ацэньваў метадалогію доследных навук. Яго «Лексікон філасофскіх прадметаў» (т. 1, 1845) — адзін з першых у Расіі даведнікаў па філасофіі. Галіч прапагандаваў эстэтыку рамантызму, вызначаў яе як «філасофію прыгожага» («Спроба навукі прыгожага», 1825). У псіхалогіі спрабаваў спалучаць ідэаліст. і прыродазнаўча-навук. трактоўкі душэўнага жыцця («Карціна чалавека...», 1834).
Тв.:
История философских систем. Кн. 1—2. СПб., 1818—19.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАЛО́ГІЯ [ад грэч. pais (paidos) дзіця + ...логія],
кірунак у псіхалогіі і педагогіцы канца 19 — пач. 20 ст., мэта якога — аб’яднанне біял., сац., псіхал. і інш. падыходаў да развіцця дзіцяці. З’яўленне П. абумоўлена пранікненнем эвалюцыйных ідэй у педагогіку і псіхалогію і развіццём прыкладных галін псіхалогіі і эксперым. педагогікі. Заснавальнік амер.псіхолаг Г.С.Хол (у 1889 стварыў педалагічную лабараторыю); тэрмін прапанаваў О.Хрызман (Крысмент, вучань Хола). Асновы П. распрацоўвалі Хол, Дж.Болдуін (ЗША), Э.Мёйман (Германія), У.М.Бехцераў, А.П.Нячаеў, Р.І.Расаліма (Расія) і інш. Педолагі імкнуліся стварыць навуку пра развіццё і выхаванне дзіцяці, якая б сінтэзавала вынікі даследаванняў у галіне псіхалогіі, педагогікі, фізіялогіі і сацыялогіі, садзейнічала правядзенню навуч.-выхаваўчай работы на падставе комплекснага вывучэння дзіцяці ва ўсіх яго праяўленнях з улікам узроставых і псіхал. асаблівасцей, умоў жыцця. У СССР П. з 1936 была забаронена.
Літ.:
Выготский Л.С. Педология подростка // Собр. соч.М., 1984. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІНШТЭ́ЙН (Сяргей Леанідавіч) (18.6.1889, г. Адэса, Украіна — 11.1.1960),
расійскі псіхолаг і філосаф. Чл.-кар.АНСССР (1943). Скончыў Марбургскі ун-т (1913; Германія). З 1930 заг. кафедры Ленінградскага пед. ін-та. З 1942 дырэктар Ін-та псіхалогіі АПН Расіі. З 1945 у Ін-це філасофіі АНСССР (да 1948 нам. дырэктара). Аўтар тэорыі псіхічнага як дзейнасці і як працэсу. Лічыў, што чалавек і яго псіхіка фарміруюцца ў працэсе дзейнасці і яны павінны даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці (у працы, пазнанні, навучанні, гульні і інш.), што псіхіка характарызуецца неперарыўным фарміраваннем, змяненнем. Асобу разглядаў як цэласную сістэму ўнутр. умоў, сярод якіх вылучаў агульныя, устойлівыя (напр., якасці зроку) і тыя, што змяняюцца ў залежнасці ад гіст. этапаў развіцця грамадства (напр., матывацыя). Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Бытие и сознание. М., 1957;
Принципы и пути развития психологии. М., 1959;
Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999.
Літ.:
Абульханова-Славская К.А. Брушлинский А.В. Философско-психологическая концепция С.Л.Рубинштейна М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЬЮ́І ((Dewey) Джон) (20.10.1859, г. Берлінгтан, штат Вермонт, ЗША — 1.6.1952),
амерыканскі філосаф, псіхолаг і педагог, адзін з вядучых прадстаўнікоў прагматызму. Скончыў Вермонцкі ун-т (1879). Праф. Мічыганскага (1889—94), Чыкагскага (1894—1904) і Калумбійскага (1904—30) ун-таў. Развіў новы кірунак прагматызму — інструменталізм, распрацаваў прагматысцкую метадалогію ў галіне логікі і тэорыі пазнання. Паводле Дз., адрозненні суб’екта і аб’екта, псіхічнага і фізічнага — гэта толькі адрозненні ўнутры «вопыту», які ўключае арганізм і асяроддзе, усведамленне чалавека і прыроду. Пазнанне ён трактаваў у духу біхевіярызму, як складаную форму паводзін, канчаткова — сродак барацьбы за біял. выжыванне. Этычная канцэпцыя Дз. зыходзіць з таго, што дабро з’яўляецца унікальным, устойлівых агульных нормаў маральнасці няма і вырашэнне этычных праблем з’яўляецца сітуацыйным. Стваральнік педацэнтрычнай тэорыі і методыкі навучання (гл.Педацэнтрызм), у аснове якой прынцып навучання шляхам фарміравання практычных навыкаў. Аўтар прац «Філасофія і цывілізацыя» (1931), «Вопыт і прырода» (1934), «Праблемы чалавецтва» (1946) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Введение в философию воспитания. М., 1921;
Психология и педагогика мышления. 2 изд. Берлин, 1922;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНЬКО́ЎСКІ (Васіль Васілевіч) (4.7.1881, г. Хмяльніцкі, Украіна — 5.8.1962),
расійскі філосаф, псіхолаг, багаслоў. Вучыўся на прыродазнаўча-матэм. і гісторыка-філал. ф-тах Кіеўскага ун-та. Праф. псіхалогіі Кіеўскага ун-та (з 1915). У 1919 эмігрыраваў за мяжу. Праф. Свята-Сергіеўскага правасл. багаслоўскага ін-та ў Парыжы (з 1926), старшыня Рус. студэнцкага хрысц. руху. У 1942 прыняў сан свяшчэнніка. Гал. праблемы яго філас. даследаванняў звязаны з хрысц. касмалогіяй, сутнасцю рэліг. вопыту і інтуіцыі. Чалавечая душа, паводле З., мае іерархічную структуру; найвышэйшым элементам яе з’яўляецца сэрца, існаванне пачуцця, праз якое ўстанаўліваецца духоўная сувязь чалавека з Богам і боскімі асновамі свету. Аўтар фундаментальнага даследавання па гісторыі філасофіі ў Расіі («Гісторыя рускай філасофіі», т. 1—2, 1948—50). Займаўся таксама праблемамі педагогікі і псіхалогіі («Псіхалогія дзяцінства», 1924). Яго публіцыстычныя артыкулы сабраны ў кн. «Наша эпоха» (1952).
Тв.:
Социальное воспитание, его задачи и пути. М., 1918;
Проблемы воспитания в свете христианской антропологии. Париж, 1934;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (18.2.1903, Масква — 21.1.1979),
расійскі псіхолаг, філосаф, педагог. Акад.АПН РСФСР (1950), АПНСССР (1968). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1973). Д-рпсіхал.н. (1940), праф. (1932). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). Працаваў у Псіхал. ін-це ў Маскве, Ленінградскім пед. ін-це, Маскоўскім ун-це і інш. У 1920—30-я г. разам з Л.С.Выгоцкім і А.Р.Лурыя ўдзельнічаў у распрацоўцы культ.-гіст. тэорыі псіхічнага развіцця чалавека. Вывучаў філас.-метадалагічныя асновы псіхал. навукі, праблемы ўзнікнення свядомасці ў антрапагенезе, функцыянавання яе гал. кампанентаў («пачуццёвая тканка», значэнне, асобасны сэнс), механізмы фарміравання і развіцця вышэйшых псіхічных функцый. Распрацаваў агульнапсіхал. тэорыю дзейнасці («дзейнасны падыход»), сфармуляваў палажэнні аб сістэмнай будове псіхікі, адзінстве практычнай і «ўнутранай», псіхічнай дзейнасці чалавека («Дзейнасць. Свядомасць. Асоба», 1975). Дзейнасны падыход да даследавання свядомасці і псіхікі ў варыянце Л. выкарыстоўваецца ў пед., мед., узроставай, сац., і інш. галінах псіхалогіі, знайшоў сваіх паслядоўнікаў у многіх краінах свету. Вёў даследаванні ў галіне інж. псіхалогіі. Ленінская прэмія 1963.
амерыканскі псіхолаг, філосаф; адзін з заснавальнікаў гуманістычнай псіхалогіі. Д-р псіхалогіі (1934). Скончыў Мадысанскі ун-т (1930). У 1934—61 працаваў у пед. каледжы, узначальваў ф-т псіхалогіі ў Брандэйскім ун-це. Быў рэдактарам-заснавальнікам «Journal of Humanistik Psychology» («Часопіса гуманістычнай псіхалогіі») і «Journal of Transpersonal Psychology» («Часопіса трансперсанальнай псіхалогіі»), Стварыў іерархічную мадэль чалавечай матывацыі, у адпаведнасці з якой вылучаў патрэбнасці: фізіялагічныя (ніжэйшы ўзровень); бяспека і абарона; любоў, прыхільнасць і прыналежнасць да пэўнай сац. групы; павага і прызнанне; самаактуалізацыя, г.зн. рэалізацыя здольнасцей і талентаў асобы. Лічыў, што ўсе патрэбнасці чалавека прыроджаныя, вышэйшыя з іх могуць накіроўваць паводзіны чалавека, калі забяспечаны больш нізкія. Паводле М., у кожным чалавеку закладзены патэнцыяльныя магчымасці для пазітыўнага ўнутр. росту і самаўдасканалення, рэалізацыя якіх у значнай ступені залежыць ад сац. і культ. норм і правіл паводзін у грамадстве. Асн. працы: «Матывацыя і асоба» (1954), «Рэлігія, каштоўнасці і пікавыя перажыванні» (1964), «Псіхалогія быцця» (1968).