ХО́РНІ (Horney) Карэн (1885, г. Гамбург, Германія — 1952),

нямецкі і амерыканскі псіхолаг і псіхапатолаг; адна з заснавальнікаў неафрэйдызму. Скончыла Фрайбургскі ун-т. З 1913 вяла мед. практыку, вывучала псіхааналіз у Берлінскім псіхааналіт. ін-це. З 1932 у ЗША, працавала ў Чыкагскім і Нью-Йоркскім псіхааналіт. ін-тах. У працах «Неўратычная асоба нашага часу» (1937), «Новыя шляхі ў псіхааналізе» (1939), «Самааналіз» (1942), «Нашы ўнутраныя канфлікты» (1945), «Неўрозы і развіццё чалавека» (1950) і інш. крытычна перапрацавала шэраг палажэнняў вучэння З.​Фрэйда (аб інстынктах, тэорыю лібіда, канцэпцыі бессвядомага, неўрозаў, Эдыпава комплексу і інш.) і ажыццявіла сацыялагізацыю псіхааналізу і фрэйдызму. Падкрэслівала ўплыў культуры на бессвядомае, сац.-культ. параджэнне неўрозаў і ўнутрыасобасных канфліктаў, гіст. зменлівасць неўрозаў і інш. Неўрозы трактавала як неадэкватныя формы паводзін у варожым асяроддзі.

т. 17, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)