УО́ТСАН (Watson) Джон Бродэс (9 1.1878, г. Грынвіл, штат Паўд. Караліна, ЗША — 25.9.1958),

амерыканскі псіхолаг, заснавальнік біхевіярызму. У 1908—20 праф. ун-та Дж.​Хопкінса ў г. Балтымар. Пад уплывам эксперым. даследаванняў І.П.Паўлава, У.М.Бехцерава, Э.Л.Торндайка прадметам псіхалогіі лічыў паводзіны, а не свядомасць. Псіхічную дзейнасць разглядаў як сукупнасць сувязей «стымул — рэакцыя», а арганізм увогуле — як «самаарганізавальную машыну». Эмоцыі атаясамліваў з рэакцыямі ўнутр. органаў, мысленне — з работай галасавых мышцаў. Гал. задачай псіхалогіі лічыў даследаванне працэсаў навучання, якое, на яго думку, ажыццяўляецца шляхам «абумоўлівання» — выклікання мышачнай рэакцыі пры дапамозе пэўнага стымулу. Сцвярджаў, што законы набыцця вопыту аналагічныя ў чалавека і жывёл, а вопыт разглядаў як біял. прыстасаванне. Аўтар прац «Навучанне жывёл» (1903), «Псіхалогія з пункту гледжання біхевіярыста» (1913), «Паводзіны: уводзіны ў параўнальную псіхалогію» (1914) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Психология как наука о поведении // Бихевиоризм: [Сб.]. М., 1998.

т. 16, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)