1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл.Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КШТЫС (Тадэвуш Антонавіч) (н. 31.10.1934, в. Хоўхлава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). З 1958 у Бел.акад. т-ры імя Я.Коласа. Характарны камедыйны акцёр. Яго творчасці ўласцівы спалучэнне вострасатыр. фарбаў і прыёмаў падкрэсленага камізму, набліжанага да гратэску і буфанады, з арганічнай рэаліст. манерай выканання. Лепшыя ролі ў нац. рэпертуары: Васількевіч, Жабрак («Навальніца будзе», «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа), Другі шляхціц («Несцерка» В.Вольскага), Салдат («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Кічкайла («Амністыя» М.Матукоўскага), Касінскі («Званы Віцебска» У.Караткевіча), Скаромны («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Шаргаёў і Гастрыт («Парог» і «Вечар» А.Дударава). Сярод роляў у класічнай і сучаснай драматургіі: Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Акім («Улада цемры» Л.Талстога), Дыдыс («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Лапчанка («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Мячоткін («Апошнім летам у Чулімску» А.Вампілава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНКО́ВІЧ (Алена Васілеўна) (н. 30.9.1923, в. Лысая Гара Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыла студыю Бел.т-ра імя Я.Купалы (1948). З 1948 праце ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Творчасць адметная тонкім пранікненнем у сутнасць вобраза, мяккім гумарам і лірызмам. Шэраг яркіх роляў сыграла ў бел. рэпертуары: Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Мякішава («Брама неўміручасці» К.Крапівы), Наташа, Лідзія Сямёнаўна, Клава («Выбачайце, калі ласка!», «Таблетку пад язык», «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Марыя Фадзееўна («І змоўклі птушкі...» І.Шамякіна), Аня («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Марфа («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Маці («Парог» А.Дударава). Сярод роляў у класічнай і сучаснай драматургіі: Ганна Паўлаўна, Глафіра Фірсаўна, Людміла («Даходнае месца», «Апошняя ахвяра», «Позняе каханне» А.Астроўскага), Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Любка Шаўцова («Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева), графіня Русільёнская («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВА́ЦЦЯ, сваха,
1) адзін з галоўных вясельных чыноў з боку жаніха — замужняя жанчына, якая ўдзельнічала ў сватанні нявесты, вяла перагаворы з яе бацькамі пра шлюб да сватання.
2) Замужняя (радзей незамужняя) удзельніца вяселля з боку жаніха і з боку нявесты.
3) Маці жаніха (або іншая старэйшая сваячка жаніха) і маці нявесты (або інш. старэйшая замужняя сваячка нявесты ў адносінах найперш адна да адной, а таксама да інш. сваякоў і інш. удзельнікаў вяселля) з процілеглага боку, звычайна пасля дасягнення бакамі дамоўленасці пра шлюб. Большая С. (першая, старшая) пасля прыезду вясельнай працэсіі жаніха да дому нявесты запальвала свечкі з караваю ад агню, раскладзенага ў варотах, цалавалася праз парог з маці нявесты, якая ад яе свечкі запальвала сваю, потым яны злеплівалі абедзве свечкі разам, слала пасцель маладым, завівала маладую, паказвала вясельнікам яе шлюбную сарочку і г.д.Гал. атрыбуты большай С. — кветка (вяночак) на галаве за наміткай, хлеб (або 2 піражкі) у руках. Чын С. на вяселлі часам захоўваецца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПЕ́ЛЬКА (Зінаіда Ігнатаўна) (25.12.1918, г.п. Багушэўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 27.5.1997),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1972). Скончыла студыю Бел.т-ра імя Я.Коласа (1938), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Творчасць адметная эмацыянальнасцю, адкрытым тэмпераментам, яркасцю тэатр. формы пры дакладнай псіхал. распрацоўцы характараў. З лепшых роляў у бел. рэпертуары: Насця і Мальвіна, Ганна («Несцерка», «Машэка» В.Вольскага), Галя («Алазанская даліна» І.Дорскага і К.Губарэвіча), Насця Вярбіцкая, Вікця, Ганна Ціханаўна («Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы», «Блытаныя сцежкі» К.Крапівы), Аксіння і Вольга («Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Маці («Бацькаўшчына» К.Чорнага і «Парог» А.Дударава), Паліна («Трыбунал» А.Макаёнка), Лявоніха («Лявоніха» П.Данілава), Яўхіміха («Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча), у класічным рэпертуары: Цалаваньева, Антаніна («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Наташа («Тры сястры» А.Чэхава), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.Гогаля), Разалія Паўлаўна («Клоп» У.Маякоўскага), Лізавета, лэдзі Мільфард («Марыя Сцюарт», «Каварства і каханне» Ф.Шылера), Генерылья («Кароль Лір» У.Шэкспіра) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́НСКІ (Валерый Яўгенавіч) (н. 20.2.1947, в. Вялікае Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1984). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1974 рэжысёр, у 1976—89 гал. рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Коласа, адзін з ініцыятараў стварэння пры т-ры бел.т-ра «Лялька» (1986). Заснавальнік, з 1993 маст. кіраўнік Рэсп. тэатра бел. драматургіі. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.Коласа — «Званы Віцебска» (1974) і «Кастусь Каліноўскі» (1978) У.Караткевіча, «Сымон-музыка» (1976, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978) і «На дарозе жыцця» (1982) паводле Я.Коласа, «Блытаныя сцежкі» («На вастрыі»; 1983) К.Крапівы, «Парог» (1982), «Вечар» (1983; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Радавыя» (1984) і «Вежа» (1990; нап. з У.Някляевым) А.Дударава; у тэатры бел. драматургіі — «Галава» (1992) І.Сідарука, «Паваліўся нехта» (1992) Л.Родзевіча і У.Галубка, «Барбара Радзівіл» (1994) Р.Баравіковай, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» (1997) Б.Брэхта. Работы М. адметныя метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, гратэскавасцю, шматпланавасцю структуры, тонкім спалучэннем прыёмаў тэатра прадстаўлення і перажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫХО́ДЗЬКА (Пятро) (Пётр Фёдаравіч; н. 25.2.1920, в. Альшоў Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў Магілёўскую газетную парт. школу (1938), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1956). З 1954 працаваў у час. «Беларусь», газ. «Звязда», «Літаратура і мастацтва», на Мінскай студыі навук.-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў; з 1967 у выд-ве «Беларусь», у 1972—80 — «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1936. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Голас сэрца» (1947), «Салдаты міру» (1951), «Ранак над Эльбай» (1952), «Цёплы каравай» (1960), «Вішнёвы агонь» (1963), «Сонца раней узышло» (1967), «Калінавыя зоры» (1969), «Не здадзеныя вышыні» (1972), «На пераправе» (1974), «Плацдарм» (1978), «Вячэрняя паверка» (1982), «Парог памяці» (1984), «Апаленыя вёрсты» (1986), «Водгулле грому» (1989), у якіх тэмы вайны і асабіста перажытага на ёй, праблемы сучаснасці. Паэзіі П. ўласцівы публіцыст. страснасць, шчырасць пачуццяў, даверлівасць выказвання. Піша для дзяцей: зб-кі «Сустрэча з маленствам» (1967), «Сын камунара» (1973), «Каляка-маляка» (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РБУК (Генадзь Міхайлавіч) (н. 24.7.1934, в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1962 — у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Мастацтву акцёра ўласцівы моцны тэмперамент, глыбокае псіхал. спасціжэнне характараў. Майстар яркай сцэнічнай дэталі, гратэску. Найб. яркія характары стварыў у нац. рэпертуары: Васіль (спектакль і тэлевізійная паст. «Людзі на балоце» паводле І.Мележа, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), Сымон («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца» М.Чарота і Далецкіх), Клёпкін, Прокусаў («Пагарэльцы», «Верачка» А.Макаёнка), Андрэй Буслай («Парог» А.Дударава). Імкненнем да арыгінальнай інтэрпрэтацыі пазначаны ролі Гарбука ў класічным і сучасным рэпертуары: Акцёр («На дне» М.Горкага), Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Добчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Бярозкін («Залатая карэта» Л.Лявонава), Кэлін («Святая святых» І.Друцэ) і інш. Здымаецца ў тэлевізійных пастаноўках («Трэцяе пакаленне», «Трывожнае шчасце», «Завеі, снежань», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні») і ў кіно («Людзі на балоце», Дзярж. прэмія СССР 1984, «Подых навальніцы», «Белыя Росы», «Чорны замак Альшанскі») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЎЦО́Ў (Уладзімір Мітрафанавіч) (н. 3.4.1943, в. Гута Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). З 1964 працуе ў Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівы акрэсленасць знешняга малюнка і распрацаванасць характару вобраза, шчырасць і эмацыянальнасць. Лепшыя ролі ў бел. рэпертуары: Прокусаў («Верачка» А.Макаёнка), Раман («І змоўклі птушкі» І.Шамякіна), Сцяпан («Людзі на балоце» І.Мележа), Скарына («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Красоўскі («Парог» А.Дударава), Максім («Выклік багам» А.Дзялендзіка), айцец Вікенцій («Пеўчыя» Г.Марчука), Ваявода («Князь Вітаўт» А.Дударава). Сярод. інш. роляў: Барыс, Мілонаў («Навальніца», «Лес», А.Астроўскага), Сорын, Кулыгін («Чайка», «Тры сястры» А.Чэхава), Сяргей («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.Арбузава), Цімафей («Традыцыйны збор» В.Розава), Карцаў («Яшчэ раз пра каханне» Э.Радзінскага), Ён («Віват, імператар!» Э.Іанеска), Сямёнаў («Піраміда Хеопса» Ю.Ломаўцава) і інш. Выступае на тэлебачанні з монаспектаклямі, на радыё. Зняўся ў фільмах «Людзі на балоце», «Трывожнае шчасце», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні», «Чужая бацькаўшчына», «Парашуты на дрэвах», «Помні імя сваё» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДАРАЎ (Аляксей Ануфрыевіч) (н. 6.6.1950, в. Кляны Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік, драматург. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працаваў акцёрам, заг.літ. часткі Бел.рэсп. тэатра юнага гледача (1976—79). З 1991 гал. рэдактар час. «Мастацтва». Друкуецца з 1973. Выдаў зб. апавяданняў «Святая птушка» (1979, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982). Па сцэнарыях Д. пастаўлены кароткаметражныя і маст. фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.). Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984, Дзярж. прэмія СССР 1985) прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра зубра» (1994) — сцэн. варыяцыя па матывах паэмы М.Гусоўскага. Гіст. асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя. Пераклаў на бел. мову хроніку У.Шэкспіра «Рычард III». З 1992 старшыня Саюза тэатр. дзеячаў Беларусі.
Тв.:
Дыялог: П’есы. Мн., 1987.
Літ.:
Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн., 1984. С. 59—64;
Сямёнава А. Слова сапраўднага лад. Мн., 1986. С. 116—131;