механізм ткацкага станка, які ўтварае прамежкі (зевы) паміж ніткамі асновы і дазваляе вырабляць тканіну з буйнаўзорыстым (жакардавым) перапляценнем нітак. Створана ў 1804—08 франц. ткачом і вынаходнікам Ж.М.Жакарам.
Складаецца з прыстасавання пад’ёму і апускання нітак і прыстасавання, што стварае ўзор. У адрозненне ад рэмізных зеваўтваральных механізмаў, якія кіруюць вял. групай нітак асновы, Ж.м. кіруе асобна кожнай ніткай асновы ці невялікай іх групай. Гэта дае магчымасць вырабляць тканіны такіх перапляценняў, паўторны элемент якіх мае мноства нітак па аснове і па ўтку. З дапамогай Ж.м. вырабляюць дэкар. тканіны, дываны з выразнымі маляўнічымі, часам вельмі складанымі малюнкамі (пейзажы, партрэты і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНД (Tende) Гаспар дэ (1618, г. Ман, Францыя — 1697),
французскі падарожнік і пісьменнік. Служыў пры двары польскага караля і вял.кн.ВКЛ Яна II Казіміра Вазы. Пасля адрачэння караля ад трона ў 1668 вярнуўся ў Францыю. У 1674 зноў ездзіў у Рэч Паспалітую ў якасці сакратара франц. пасла. У 1684 выдаў у Парыжы кн. «Гістарычныя рэляцыі пра Польшчу» (перавыдадзена некалькі разоў на розных мовах). Звесткі пра Беларусь у ёй пададзены з пункту гледжання падарожніка. Так, Т. раіў падарожнікам, якія будуць наведваць гэтую краіну, браць з сабой харчовыя прадукты, віно, міску, лыжку і нож, бо падарожнікам часта давядзецца начаваць пад павеццю, побач з коньмі, каровай і бочкамі з капустай.
Літ.:
Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРКА́САВА,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, селішча і курганны могільнік) каля в. Чаркасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл.Гарадзішча адносіцца да ранняга жал. веку і часоў Кіеўскай Русі. Пры даследаванні яго валоў выяўлены рэшткі драўляных канструкцый 6—8 ст., знойдзены ляпная кераміка (штрыхаваная з расчосамі і гладкая), вырабы з жалеза (серпападобны нож, каса-гарбуша, шпоры, наканечнік кап’я, шпількі з кольцам), касцяныя праколкі, амулеты, вырабы з бронзы, фрагменты шкляных бранзалетаў, амфарка кіеўскага тыпу, свінцовая пячатка і інш. На паверхні селішча ранняга сярэдневякоўя знойдзены фрагменты керамікі стараж.-рус. часу. Курганны могільнік 11—12 ст. належаў крывічам. Знойдзены бронзавыя скроневыя паясныя кольцы, лірападобныя пражкі, літыя і пласціністыя пярсцёнкі, бляшкападобныя падвескі, бразготкі, золаташкляныя і сердалікавыя пацеркі, ганчарныя гаршкі з клеймамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧЫЛІНАДРЭНА́ЖНАЯ МАШЫ́НА,
машына для пракладкі шчыліннага дрэнажу на пністых балотных глебах з мэтай адводу залішніх вод, паскарэння асадкі торфу і асваення балот.
Бываюць прычапныя і навясныя; дрэнажна-дыскавыя (ратацыйныя), дрэнажна-баравыя (ланцуговыя скрабалкавыя) і дрэнажна-вінтавыя. Праразаюць шчыліны глыб. да 1,2 м на адлегласці 6—12 м адна ад адной (у залежнасці ад выкарыстання тэр. асушэння пад пэўныя культуры). Верх шчылін закрываюць з дапамогай дыскаў або прыкочваюць гусеніцамі трактара. Гл. таксама Дрэнажныя машыны.
В.М.Кандрацьеў.
Схемы рабочых органаў шчылінадрэнажных машын: а — дрэнажна-дыскавага (1 — карданная перадача, 2 — гусенічны ход, 3 — фрэза, 4 — закрывальны апарат); б — дрэнажна-баравага са скрабалкавым ланцугом (1 — навясная рама, 2 — гідрацыліндры, 3 — закрывальны апарат, 4 — баравы ланцуг, 5 — тэлескапічная рама); в — дрэнажна-вінтавога (1 і 2 — навясная і тэлескапічная рамы, 3 — шнэк, 4 — нож).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫХЛІ́ЦЕЛЬ,
машына (прылада) для рыхлення цяжкіх, камяністых, зляжалых і мёрзлых грунтоў з мэтай аблягчэння наступнай работы землярыйна-трансп. машын. Выкарыстоўваюцца пры пракладцы каналаў, траншэй, буд-ве дамбаў, дарог; для выдалення з грунту каранёў, пнёў, камянёў пасля работы карчавальніка; для разбурэння старых дарожных пакрыццяў; у горнай справе — для раскрыўных работ. Бываюць агульнага (з 3—5 зубамі) і спец. (з 1, часам 2—3 зубамі) прызначэння, гусенічныя і колавыя з гідраўлічнымі або канатнымі механізмамі кіравання, навясныя і прычапныя да гусенічных і колавых трактароў, пасіўнага і актыўнага (з вібрацыйным рабочым органам) дзеяння.
Р. пасіўнага дзеяння — мнагастоечныя (для суцэльнага рыхлення) і аднастоечныя (для паласавога рыхлення і рыхлення-кратавання). Р.-кратавальнік робіць кротавую кратовую* дрэну і адначасова рыхліць глебу (на глыбіню да 1,2 м). Рабочы орган — нож з лемехам і дрэнер (гл. Кратавальнік). Меліярац. навясны Р. канструкцыі Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства выкарыстоўваюць для суцэльнага або паласавога аб’ёмнага рыхлення глебагрунтоў цяжкага мех. саставу (глыбіня рыхлення 1,3 м). Грунт, прамерзлы да 0,7 м, рыхляць трактарнымі навяснымі або прычапнымі Р. Разбурэнне мёрзлага грунту без парушэння суцэльнасці вядуць ба́равымі і дыска-фрэзернымі машынамі, якія падзяляюць маналіт грунту на блокі. Выкарыстоўваюцца таксама Р. з вінтаклінавым рабочым органам, экскаватары з вінтавымі прыстасаваннямі і пнеўмамолатамі і інш. У дарожным буд-ве выкарыстоўваюць Р. ў выглядзе зменнага прыстасавання да бульдозера. Рыхленне грунту пад вадой пры рабоце землясоснага снарада робіцца спец. разрыхляльнікамі, глыбокае рыхленне тэрас з адначасовым унясеннем угнаенняў пад закладку вінаграднікаў і садоў — Р. тэрас (маюць 2 рабочыя органы ў выглядзе выгнутых карпусоў).
Літ.:
Строительные машины для механизации гидромелиоративных работ. М., 1985;
Производительность и долговечность землеройных мелиоративных машин. Киев, 1988.
В.М.Кандрацьеў.
Рыхліцелі: а — трохстоечны на базе колавага трактара (1 — нож, 2 — стойка, 3 — апорны каток); б — рыхліцель-кратавальнік (1 — дрэнер, 2 — зуб); в — клінавы (1 — накіроўная штанга, 2 — ударны груз, 3 — асіметрычны клін); г — аб’ёмнага рыхлення канструкцыі Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства (1 — V-падобная стойка, 2 — лямеш).Рабочыя органы рыхліцеляў: 1 — сагнуты; 2 — з падпятнікам; 3 — клін-баба з зубамі; 4 — зуб-рыхліцель гідраўлічнага экскаватара; 5 — аб’ёмнага рыхлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і эпохі Кіеўскай Русі на ўскраіне в.Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. Пры даследаванні ў ніжнім гарызонце знойдзены рэчы жал. веку (6 ст. да н.э. — 1 ст.н. э.) — жал. шпілька з S-падобным завітком, нож, шлакі, каменная зерняцёрка, фрагменты штрыхаванай керамікі. У верхнім выяўлены сляды наземных драўляных пабудоў з дашчанай падлогай і рэшткі печаў, складзеных з камення з глінянымі чарэнямі часоў сярэдневякоўя. Знойдзены сякеры, нажы, долата, замкі з ключамі, іголкі, шылы, праколкі, шыферныя прасліцы, крэсівы, каса-гарбуша, матыка, сашнікі, восці, гарпуны, зброя і рыштунак конніка, вырабы з рогу і косці, бронзавыя ювелірныя вырабы (крыж-складзень, створкі энкалпіёна, пласціністы бранзалет, кавалкі бронзавай або меднай пасудзіны), шкляныя вырабы (бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, фрагменты посуду), фрагменты амфар і інш. На думку даследчыкаў, С. у гэты час была раннефеад. замкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНА́ЙПЕРСКАЯ ВІНТО́ЎКА,
тып вінтоўкі з аптычным прыцэлам для ўзбраення снайпераў. Выкарыстоўваецца для вядзення трапнай стральбы па адзіночных цэлях. Аптычны прыцэл паляпшае дакладнасць прыцэльвання, спрыяе назіранню ва ўмовах дрэннай бачнасці. Для стральбы ноччу выкарыстоўваюць прыцэлы начнога бачання або асвятленне сеткі аптычнага прыцэла.
Адрозніваюць С.в. неаўтаматычныя (магазінныя) і аўтаматычныя (самазарадныя). Найб. пашырана самазарадная С.в., напр., 7,62-міліметровая з аптычным прыцэлам 4-кратнага павелічэння канструкцыі Драгунова (Расія), прыцэльная далёкасць стральбы — да 1300 м, са звычайным адкрытым прыцэлам — 1200 м; найб. дзейсны агонь — да 800 м. Для С.в. выкарыстоўваюцца штатныя вінтовачныя патроны, а таксама снайперскія патроны, якія маюць больш стабільныя балістычныя характарыстыкі і забяспечваюць лепшую трапнасць стральбы. У камплект многіх С.в. уваходзіць штык-нож. Найб. выкарыстоўваюцца самазарадныя С.в.: 7,5-міліметровая FR—FI (Францыя), 7,62-міліметровая XM21 (ЗША), 7,62-міліметровая SSG-69 (Аўстрыя) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВА́РАВІЧЫ,
гарадзішча і курганны могільнік каля г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.Гарадзішча 7 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.мілаградскай культуры і зарубінецкай культуры. Пляцоўка амаль прамавугольная (65×67 м). Даследаваў у 1988—90 А.М.Драбушэўскі. Выяўлены рэшткі 5 пабудоў, некалькі дзесяткаў гасп. і слупавых ям. Амаль у цэнтры пляцоўкі выяўлены сляды доўгага дома, дзе даследаваны рэшткі бронзаліцейнай вытв-сці — фрагменты домніц, тыгляў, льячак, ліцейных форм для бранзалетаў, кавалкі шлакаў і інш. У адной з пабудоў выяўлены невял. скарб бронзавых упрыгожанняў. У курганным могільніку канца 10 — пач. 12 ст. 34 насыпы (раней было 150) выш. 0,5—1,7 м, дыям. 5—12 м. Адкрыў у канцы 19 ст. Е.Р.Раманаў, даследаваў у 1892 мясц. настаўнік, у 1976 абследаваў Я.Г.Звяруга. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Знойдзены падвескі, нож, гліняны гаршчок, арабскія манеты 933 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ ГЛЕБААПРАЦО́ЎКІ,
выкарыстанне электрыфікаваных с.-г. прылад для апрацоўкі глебы і ўнясення ўгнаенняў у цяпліцах, парніках, на прысядзібных участках і інш.Найб. пашыраны электраматыкі, электрафрэзы, электрамотаблокі з кабельным электрасілкаваннем і інш.
Электраматыкай ЭМ-12А рыхляць глебу, вынішчаюць пустазелле, перамешваюць угнаенне з глебай у ахаваным грунце, садах, ягадніках, на агародах. Электрафрэзай ФС-0,7 апрацоўваюць глебу, рыхтуюць сумесі для торфаперагнойных гаршкоў, стэрылізуюць глебу ядахімікатамі. Рабочыя органы іх — спец. фрэзы і ротары з нажамі (фрэзамі). У адрозненне ад мотаблокаў Э.г. зніжае шум, не загазоўвае цяпліцы і парнікі.
Літ.:
Данейко В.А., Крутов А.В. Применение электрической энергии в сельском хозяйстве. Мн., 2001.
В.М.Кандрацьеў.
Схемы прылад для электрамеханізацыі глебаапрацоўкі: а — электраматыкі (1 — фрэза, 2 — электрарухавік, 3 — штанга, 4 — кабелі, 5 — пераўтваральнік частаты); б — электрафрэзы (1 — электрарухавік, 2 — рэдуктар з абгоннай і засцерагальнай муфтамі, 3 — ротар, 4 — апорны нож, 5 — электрашафа з кабелямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУГ,
1) землярыйная машына бесперапыннага дзеяння для паслойнага зразання грунту. Працуе ў камплекце з адвальным мостам, канвеерам або грунтакідальнікам. Бываюць С. самаходныя і прычапныя да трактара. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве каналаў, планіровачных работах вял. аб’ёму, нарэзцы кюветаў, ачыстцы чыг. пуцей ад снегу (пуцявыя С.).
2) Рабочае абсталяванне экскаватараў для выемкі (зразання) тонкіх пластоў карысных выкапняў у кар’еры.
3) Рабочы орган стругавай устаноўкі для падземнай здабычы карысных выкапняў.
4) Пласкадоннае ветразева-грабное судна ўсх. славян 6—13 ст. Быў меншы за ладдзю, умяшчаў да 12 чал. Пазней С. пачалі называць буйныя рачныя грузавыя судны тыпу барак грузападымальнасцю да 150 т. Хадзілі па Зах. Дзвіне. У 16—18 ст. невял. С. выкарыстоўвалі для аховы рачных гандл. караванаў. Мелі лёгкія гарматы, умяшчалі 60—80 стралкоў.
5) Інструмент для грубай апрацоўкі драўніны струганнем, агульная назва інструментаў для стругання (гл.Стругі).