ЧАРКА́САВА,

комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, селішча і курганны могільнік) каля в. Чаркасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча адносіцца да ранняга жал. веку і часоў Кіеўскай Русі. Пры даследаванні яго валоў выяўлены рэшткі драўляных канструкцый 6—8 ст., знойдзены ляпная кераміка (штрыхаваная з расчосамі і гладкая), вырабы з жалеза (серпападобны нож, каса-гарбуша, шпоры, наканечнік кап’я, шпількі з кольцам), касцяныя праколкі, амулеты, вырабы з бронзы, фрагменты шкляных бранзалетаў, амфарка кіеўскага тыпу, свінцовая пячатка і інш. На паверхні селішча ранняга сярэдневякоўя знойдзены фрагменты керамікі стараж.-рус. часу. Курганны могільнік 11—12 ст. належаў крывічам. Знойдзены бронзавыя скроневыя паясныя кольцы, лірападобныя пражкі, літыя і пласціністыя пярсцёнкі, бляшкападобныя падвескі, бразготкі, золаташкляныя і сердалікавыя пацеркі, ганчарныя гаршкі з клеймамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне.

т. 17, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)