УВА́РАВІЧЫ,

гарадзішча і курганны могільнік каля г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча 7 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. мілаградскай культуры і зарубінецкай культуры. Пляцоўка амаль прамавугольная (65×67 м). Даследаваў у 1988—90 А.​М.​Драбушэўскі. Выяўлены рэшткі 5 пабудоў, некалькі дзесяткаў гасп. і слупавых ям. Амаль у цэнтры пляцоўкі выяўлены сляды доўгага дома, дзе даследаваны рэшткі бронзаліцейнай вытв-сці — фрагменты домніц, тыгляў, льячак, ліцейных форм для бранзалетаў, кавалкі шлакаў і інш. У адной з пабудоў выяўлены невял. скарб бронзавых упрыгожанняў. У курганным могільніку канца 10 — пач. 12 ст. 34 насыпы (раней было 150) выш. 0,5—1,7 м, дыям. 5—12 м. Адкрыў у канцы 19 ст. Е.​Р.​Раманаў, даследаваў у 1892 мясц. настаўнік, у 1976 абследаваў Я.​Г.​Звяруга. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Знойдзены падвескі, нож, гліняны гаршчок, арабскія манеты 933 г.

А.​І.​Драбушэўскі, А.​А.​Макушнікаў.

т. 16, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)