МА́ЦЬЯШ ХУ́НЬЯДЗІ (Mátyás Hunyadi), Мацьяш I Корвін (Matthias I Corvinus; 23.2.1443, Калажвар, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 6.4.1490),
кароль Венгрыі [1458—90] і Чэхіі [1469—79]. Сын правіцеля Венгрыі Я.Хуньядзі. Выбраны каралём Венгрыі 24.1.1458 пасля смерці караля Ласла V [1453—57], Цэнтралізаваў дзярж. кіраванне, у 1459 ліквідаваў апазіц. магнацкую лігу, стварыў рэгулярнае наёмнае войска («чорную армію»), з дапамогай яго ў 1467 і 1471 задушыў мяцеж і змову магнатаў. У 1476 здзейсніў паход супраць туркаў. Да снеж. 1474 авалодаў чэш. і сілезскімі землямі, у 1477—87 — землямі Аўстрыі, у 1485 — Венай. Каб спыніць набегі туркаў, у 1483 і 1488 заключыў мірныя дагаворы з урадам Асманскай імперыі (Портай). Заснаваў б-ку ў Будзе (цяпер частка Будапешта) і ун-т у Браціславе (Славакія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЦІСЛА́Ў ГЛЕ́БАВІЧ (? — паміж 1161 і 1167),
князь мінскі і полацкі. Сын мінскага кн.Глеба Усяславіча. У 1151 абраны вечам на полацкі пасад пасля выгнання з Полацка Рагвалода Барысавіча. У 1158 супраць Р.Г. ўзняўся мяцеж, але князь вял. падарункамі ўлагодзіў палачан. Разам з братамі Усеваладам і Валадаром ён рушыў на Рагвалода Барысавіча, што ўмацаваўся ў Друцку, але заключыў з ім мір і дадаў яму «воласці». У час новага паўстання ў Полацку ў 1158 Р.Г. уцёк у Мінск да брата Валадара. Хутка быў абложаны ў горадзе Рагвалодам, але паразумеўся з ім. У 1161 Р.Г. названы князем мінскім, зноў быў абложаны Рагвалодам у Мінску і зноў заключыў з ім мір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАКАПЫ́ТАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1919,
антыбальшавіцкае выступленне ў Гомелі 24—29.3.1919. Узнята 67-м і 68-м палкамі т.зв. Тульскай брыгады, перакінутымі ў сярэдзіне студз. ў Гомель з Бабруйска. Прычынамі выступлення сталі антысав. настроі вайскоўцаў, дрэнныя ўмовы іх забеспячэння, непадрыхтаванасць да ваен. дзеянняў, кантакты з мясц. насельніцтвам, незадаволеным «харчовай дыктатурай» і мабілізацыямі ў Чырв. Армію. Мяцеж пачаўся ў ноч на 23 сак. на станцыі Славечна Абодва палкі пакінулі баявыя паз шыі і праз Калінкавічы і Рэчыцу вярнуліся ў Гомель, патрабуючы адпраўкі ў Бранск. Створаны для барацьбы з мяцежнікамі ваен.-рэв.к-т абапіраўся на інтэрнац. роту і атрад асобага назначэння. 24 сак. Гомель апынуўся ў руках паўстанцаў. Гомельскі пав.к-т РКП(б) заняў абарону ў атэлі «Савой». Кіраўніцтва мяцяжом узяў на сябе «Палескі паўстанцкі камітэт» у складзе б. афіцэраў 67-га і 68-га палкоў на чале з заг.гасп. часткі М.Стракапытавым. У прынятых к-там адозвах абвяшчалася звяржэнне ўрада Леніна—Троцкага і стварэнне «Рускай Народнай Рэспублікі» з часовай перадачай уладных паўнамоцтваў «Палескаму паўстанцкаму камітэту». Праграма паўстання патрабавала перадачы ўсёй улады Устаноўчаму сходу, зямлі і грамадз. свабод — народу, спалучэння прыватнай і дзярж. ініцыятывы ў сферы вытв-сці. Гомельскія вайск. часці абвяшчаліся 1-й Арміяй «Рускай Народнай Рэспублікі». 25 сак.Ваен.-рэв.к-т здаўся паўстанцам. 28 сак. аб’яднанымі чырвонаармейскімі і мабілізаванымі камуніст. атрадамі з гарадоў Беларусі і РСФСР пачалося задушэнне мяцяжу. Стыхійная эвакуацыя паўстанцаў спалучылася з рабаваннямі, пажарамі і яўр. пагромам, а таксама расстрэлам членаў Ваен.-рэв.к-та. Паўстанцы, якія з баямі адступалі праз Рэчыцу і Васілевічы, у раёне Хойнікаў перайшлі фронт і здаліся атрадам С.Пятлюры. Яны былі перададзены польск. боку, раззброены і інтэрніраваны. Усяго ў час мяцяжу ў Гомелі загінула каля 100 чал., у выніку следства па прыгаворы ЧК за прыналежнасць да яго расстраляна больш за 150 чал.
Літ.:
Лелевич Г. Стрекопытовщина: Страничка из истории контррев. выступлений в годы гражданской войны. 2 изд. М.;
Пг., 1923;
Лебедзева В. Стракапытаўскі мяцеж // Бел. мінуўшчына. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1707.
Адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21 супраць рас. войскаў. Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастр. 1702 (гл.Быхава аблога 1702) ген. артылерыі К.Сяніцкі (Сініцкі-Бонч) фактычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны. Пасля прыбыцця ў Быхаў войскаў яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сяніцкі ўзняў мяцеж супраць Аўгуста II. Пра сваё выступленне Сяніцкія паведамілі прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII і прасілі яго прыйсці на Бел. Падняпроўе. У адказ Пётр I накіраваў некалькі дзесяткаў рас. палкоў. Некалькі дзён кругласутачна вялася бамбардзіроўка Быхава. Вял. разбурэнні, пажары і адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і Карла XII вымусілі Сяніцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Пасля здачы горада і замка Сяніцкіх вывезлі ў ссылку, артылерыя Быхава адпраўлена ў Кіеў. Рас. гарнізон стаяў у Быхаве больш за 7 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАЎ Лаўр Георгіевіч (30.8.1870, г. Каркаралінск Карагандзінскай вобл., Казахстан — 13.4.1918),
расійскі ваен. дзеяч, адзін з лідэраў белай гвардыі. Ген. ад інфантэрыі (1917). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1892) і Акадэмію Генштаба (1898). Удзельнік pyc.-яп. вайны 1904—05. У 1907—11 ваен. аташэ ў Кітаі. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 48-й пях. дывізіяй (да 1915), стралк. корпусам (1916), войскамі Петраградскай ваен. акругі (сак. — крас. 1917), 8-й арміяй і Паўд.-Зах. фронтам. З 19.7(1.8) да 27.8(9.9).1917 вярх. галоўнакамандуючы. Намагаўся ўстанавіць ваен. дыктатуру (гл.Карнілава мяцеж 1917). 2(15).9.1917 арыштаваны Часовым урадам, зняволены ў г. Быхаў (цяпер Магілёўская вобл.). 19.11(2.12).1917 пры садзеянні ген. М.М.Духоніна ўцёк у г. Новачаркаск, дзе разам з ген. М.В.Аляксеевым узначаліў белагв. добраахвотніцкую армію. Загінуў у час няўдалага штурму г. Екацярынадар (цяпер Краснадар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УФІ́МСКАЯ ДЫРЭКТО́РЫЯ, Часовы ўсерасійскі ўрад,
антыбальшавіцкі орган улады ў Расіі ў 1918 у час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі. Створана 23.9.1918 у падкантрольным чэхаславацкім (гл.Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918) і белагвардзейскім войскам г. Уфа т.зв. Дзярж. нарадай (прадстаўнікі Камітэта членаў Устаноўчага сходу, Часовага сібірскага ўрада і інш. рэгіянальных урадаў); у кастр. 1918 пад націскам Чырв. Арміі пераехала ў г. Омск. Старшыня — правы эсэр М.Дз.Аўксенцьеў. У.д. спрабавала арганізаваць узбр. барацьбу супраць бальшавікоў і ўстанавіць сваю ўладу на тэр. Урала і Сібіры, планавала ў лют. 1919 зноў сабраць выбраны ў 1917 і разагнаны бальшавікамі Устаноўчы сход. 18.11.1918 адм. А.В.Калчак з дапамогай манархічна настроеных вайскоўцаў скінуў У.д. і абвясціў сябе вярх. правіцелем Расіі.
Літ.:
Гармиза В.В. Крушение эсеровских правительств. М., 1970;
Ларьков Н.С. Начало гражданской войны в Сибири: Армия и борьба за власть. Томск, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РБЕРШТЭЙН, Герберштайн (Herberstein) Зігмунд фон (23.8.1486, вобл. Крайна, Славенія — 28.3.1556), дыпламат «Свяшчэннай Рымскай імперыі», падарожнік. Скончыў Венскі ун-т (1502). З 1506 на вайсковай, з 1514 на дыпламат. службе. Узначальваў пасольствы імператара Максіміляна I і эрцгерцага Фердынанда ў 1517 і 1526 у Маскву, накіроўваўся з даручэннямі ў Венгрыю, Польшчу, ВКЛ. Неаднаразова праязджаў праз Беларусь. У 1549 у Вене выдадзена яго праца «Запіскі аб маскоўскіх справах», дзе Герберштэйн выкарыстаў зах.-еўрап. і ўсх.-слав. пісьмовыя крыніцы, уласныя матэрыялы і назіранні. Кніга — каштоўная крыніца па гісторыі Расіі. У ёй прыведзены гіст.-этнагр., паліт. і культ. звесткі пра Беларусь і Літву: заняткі і побыт насельніцтва, рэліг. вераванні, гандл. сувязі, рэкі, крэпасці, пра ўзаемадачыненні ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, мяцеж князёў Глінскіх, пра К.Астрожскага і інш. На падставе гэтай кнігі складзены шматлікія еўрап. карты Расіі і ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́КАШ (польск. Rokosz літар. бунт, мяцеж),
від узброенай шляхецкай апазіцыі ў Польшчы і Рэчы Паспалітай у 16—17 ст. Першапачаткова азначаў з’езд на сейм усёй шляхты, а не толькі яе выбраных прадстаўнікоў. Назва паходзіць з Венгрыі, дзе ў пач. 16 ст. шляхта з’язджалася на сеймы на полі Рокаш каля г. Пешт. Кароль і магнаты не прызнавалі права ўсёй шляхты на непасрэдны ўдзел у сеймах, адсюль тэрмін «Р.» стаў сінонімам бунту супраць караля. Шляхецкія ідэолагі разглядалі Р. як сродак абароны шляхецкіх вольнасцей і інстанцыю, якая можа судзіць караля, міністраў і сенатараў; юрыд. асновай Р. лічылі права на адмову ў паслушэнстве каралю, зафіксаванае ў Генрыкавых артыкулах і Пакта канвента. Характар мяцяжу мелі Р. Мікалая Зебжыдоўскага 1606—09 і Ежы Любамірскага 1665—66. Шляхта, якая збіралася на Р., утварала канфедэрацыю. Пазней ідэя рокашавых сеймаў была заменена шляхтай на лозунг збірання т.зв. конных сеймаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ГІСТПА́РТ,
першая ў Беларусі камісія па зборы і вывучэнні матэрыялаў па гісторыі Кастр. рэвалюцыі 1917 і РКП(б). Існаваў у снеж. 1920—27 як гіст.-рэв. аддзел пры Гомельскім губ. к-це РКП(б). Падтрымліваў сувязі з удзельнікамі рэв. руху і грамадз. вайны, арганізоўваў выстаўкі, лекцыі, вечары ўспамінаў, фарміраваў архіў па гісторыі бальшавізму і рэв. руху ў губерні. Друкаваў матэрыялы ў час. «Известия Гомельского губкома...». Выдаў зборнік артыкулаў і ўспамінаў «Рэвалюцыйная барацьба ў Гомельскай губерні» (1921), брашуры Г.Лялевіча «Кастрычнік у стаўцы», «Стракапытаўшчына», «Лідзія Язерская...» (усе 1922), кнігу матэрыялаў па гісторыі с.-д. і рабочага руху ў 1893—1905 на Гомельшчыне «1905 год у Гомелі і Палескім раёне» (1925), рыхтаваў зб-кі дакументаў, матэрыялаў і ўспамінаў «Кастрычнік у Магілёўскай губерні», «1918 год» (пра падп. работу і партыз. рух на Гомельшчыне ў перыяд ням. акупацыі), «Да гісторыі грамадзянскай вайны» (пра стракапытаўскі мяцеж і інш.), зборнік біягр. матэрыялаў пра змагароў за сав. ўладу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКІ (Dowbor-Musnicki) Юзаф Рамуальдавіч (25.10.1867, мяст. Гарбаў Сандамірскага пав. Радамскай губ. — 28.10.1937),
рускі і польскі ваен. дзеяч, ген.-лейт.рус. арміі (1917), ген. броні польскага войска; кіраўнік мяцяжу супраць сав. улады на Беларусі ў 1918. Скончыў Акадэмію Генштаба (1902). Удзельнік рус.-яп. вайны. У час 1-й сусв. вайны камандзір дывізій на Каўказскім і Паўн. франтах. У снеж. 1916 загадаў расстраляць без суда і следства 13 салдат, пасля чаго пераведзены на Зах. фронт камандуючым 38-м арм. корпусам 10-й арміі. У крас. 1917 выведзены са складу дэлегатаў з’езда арміі за манархічныя выступленні. У ліп. 1917 арганізаваў на Зах. фронце 1-ы польскі корпус. 25.1.1918 аб’явіў вайну Сав. Рэспубліцы (гл.Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918). З канца 1918 служыў у польскім войску. У 1919 арганізатар і камандуючы польск. войскамі ў час антыгерм. паўстання ў т.зв. прускай Польшчы. Аўтар мемуараў пра дзейнасць 1-га польск. корпуса на Беларусі.