КРЫЛО́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (1.11.1895, в. Крыловічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 23.10.1937),
бел. акцёр; адзін з заснавальнікаў бел.т-ра. Засл. арт. Беларусі (1931). Скончыў Мінскае гар. вучылішча (1914). З 1915 выступаў на аматарскай сцэне. З 1921 у БДТ-1 (цяпер Нац.акад.т-р імя Я.Купалы). Акцёр шырокага творчага дыяпазону: выконваў ролі сац. і рамант. герояў, характарныя і камедыйныя. Валодаў яркімі сцэнічнымі данымі, высокай культурай мовы, дасканаласцю грыму, мімікі і жэстаў, майстэрствам поўнага пераўвасаблення, узбуйненай тыпізацыі характараў, імправізацыі пры тонкім адчуванні акцёрскага ансамбля. Яго ранняй творчасці ўласціва яскравая рамант. афарбоўка (Машэка, Кастусь Каліноўскі ў аднайм. п’есах Е.Міровіча). Па-майстэрску непераўзыдзена ствараў вобразы нац. драматургіі: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.Купалы), Кручкоў («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Ваявода, Граковіч і Вагін («Каваль-ваявода», «Перамога» і «Запяюць верацёны» Міровіча), Жрэц, Чужакоў («Вір» і «Мост» Я.Рамановіча), Шчураў («Міжбур’е» Дз.Курдзіна), Карнейчык («Канец дружбы» К.Крапівы) і інш. Сярод інш. роляў: Мароз («Гута» Р.Кобеца), Шагабутдзінаў («Мяцеж» паводле Дз.Фурманава), Вяршынін («Браняпоезд 14—69» У.Іванова), Малько («Далёкае» А.Афінагенава), Бераст («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Чадаў («Жыццё кліча» У.Біль-Белацаркоўскага). У характарных і камедыйных ролях вынаходзіў трапныя дэталі, непаўторныя нюансы: Тарквіній («Жрэц Тарквіній» С.Паліванава), Муфці («Мешчанін у дваранах» Мальера), Крэспа («Вясковы суддзя» П.Кальдэрона) і інш. Здымаўся ў кіно: «Двойчы народжаны», «Дняпро ў агні». На магіле К. на Вайсковых могілках у Мінску ўстаноўлены яго бюст.
Літ.:
Есакоў А. Уладзімір Крыловіч. Мн., 1956;
Рамановіч Я. Уладзімір Крыловіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;
Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985;
Сабалеўскі А. Ажыццёўленае і няздзейсненае // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.
У.І.Няфёд.
У.М.Крыловіч.У.Крыловіч у ролі Кастуся Каліноўскага.