МА́РЦІНУ ((Martinu) Багуслаў) (8.12. 1890, Полічка, Чэхія —28.8.1959),
чэшскі кампазітар. Чл. Чэш. акадэміі навук і мастацтваў (1931). Скончыў Пражскую кансерваторыю (1913). З 1913 скрыпач Пражскай філармоніі. У 1923—40 жыў у Парыжы. З 1941 у ЗША, выкладаў у Прынстанскім ун-це і інш. З 1953 у Францыі, Італіі, Швейцарыі. У яго разнастайнай паводле жанраў і форм творчасці спалучаліся традыцыі чэш. муз. класікі і чэшска-мараўскага фальклору з пошукамі новых шляхоў, у т.л. рысамі франц. імпрэсіянізму і неакласіцызму. Сярод твораў: оперы «Легенды пра Марыю» (паст. 1935), «Тэатр за варотамі» (паст. 1936), «Жульета» (паст. 1938), «Грэчаскія пасіёны» (паст. 1961), кіна-, радыё- і тэлеоперы; балеты «Хто самы дужы на свеце?» і «Мяцеж» (абодва паст. 1925), «Шпалічак» (са спевамі, паст. 1933) і інш.; араторыі і кантаты, у т.л. «Букет» (1937), «Палявая меса» (1939), «Гільгамеш» (1955), «Прароцтва Ісаі» (1959); 6 сімфоній (1942—53), «Помнік Лідзіцы» (1943), сімф. паэмы (1955, 1958) і інш. творы для сімф. арк.; канцэрты з арк.; камерна-інстр. ансамблі; п’есы для фп., хары, песні.
Літ.:
Гаврилова Н. Б.Мартину. М., 1974;
Мигуле Я. Б.Мартину. М., 1981.
Л.А.Сівалобчык.
т. 10, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)