ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́МА жанравы тып паэмы, які ўзнік на мяжы паэзіі і драматургіі. Развіваецца на аснове арган. зліцця эпічнага і драм. пачаткаў. Выпрацавала і замацавала ўстойлівыя жанравыя прыкметы: канфліктна-напружанае сутыкненне характараў, маральна-этычных пазіцый, ідэалаў, страсцей, што складае асн.драм. «спружыну» твора, якому ўласціва маналагічна-дыялогавая форма, разгортванне дзеі, набліжанай да сцэнічнай падачы.
Аднак гэта найперш паэма, жанравую сутнасць якой вызначае сіла эпічнай паэтызацыі падзей і герояў, паэт. падыход ад іх увасаблення. Д.п. адметная схільнасцю да асэнсавання вузлавых перыядаў нац. гісторыі, буйных грамадскіх асоб, значных падзей. Яе зместам становіцца барацьба народа ў напружаныя моманты яго сац. і нац. самасцвярджэння. Дасягнула класічных узораў у творчасці Дж.Мільтана («Страчаны рай»), Дж.Байрана («Каін»), Ф.Шылера («Валенштэйн»), П.Б.Шэлі («Раскаваны Праметэй»), А.Міцкевіча («Дзяды»), А.Пушкіна («Барыс Гадуноў»), Л.Украінкі («Лясная песня») і інш. У бел. л-ры пачынальнік яе — Я.Купала, які даў узоры высокіх формаў драматычна-паэмнага мастацтва («Адвечная песня», «Сон на кургане»). Д.п. стварылі П.Глебка («Над Бярозай-ракой»), А.Куляшоў («Хамуціус»). Нац. традыцыя драматычна-паэмнага асэнсавання жыцця ў апошні час атрымала працяг у паэмах М.Арочкі («Курганне», «Крэва»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГФЕ́ЛА ((Longfellow) Генры Уодсуарт) (27.2.1807, г. Портленд, штат Мэн, ЗША — 24.3.1882),
амерыканскі паэт і празаік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (з 1872). Скончыў Боўдайнскі каледж (1825), вышэйшую адукацыю атрымаў у Еўропе (1826—29). У 1836—54 праф. літаратуры Гарвардскага ун-та. Друкаваўся з 1820. Аўтар рамант.паэт. зб-каў «Галасы ночы» (1839), «Вершы пра рабства» (1842), «Пералётныя птушкі» (1858), паэм «Эванджэліна» (1847), «Сватанне Майлза Стэндыша» (1858), раманаў «Гіперыён» (1839), «Кавана» (1849), кн. нарысаў «За акіянам» (1835) і інш.Сусв. вядомасць прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў на ўзор карэла-фін. эпасу «Калевала». Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай. Пераклаў «Боскую камедыю» Дантэ, склаў і пераклаў зб. «Паэты і паэзія Еўропы» (1846), анталогію «Вершы пра мясцовасці» (т. 1—31, 1876—79). На бел. мову «Спеў аб Гаяваце» пераклаў А.Куляшоў, асобныя творы Ю.Гаўрук, А.Мардвілка.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Лангфэла Г. Спеў аб Гаяваце: Паэма;
Уітмен У. Лісце травы: Вершы. Мн., 1994;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958.
Літ.:
Небышынец В. «Вам, хто любіць слухаць казкі, галасы легенд далёкіх...» // Полымя. 1970. № 12;
Ронгонен Л.И. Генри У. Лонгфелло и его поэма «Песнь о Гайавате». М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ (БелАМ),
вышэйшая спецыяльная навучальная ўстанова. Засн. ў 1945 у Мінску як Бел.тэатр.ін-т, з 1953 Бел.тэатр.маст.ін-т, з 1991 — БелАМ. У 1995—96 навуч.г. ф-ты: тэатр., мастацкі, дызайну; 15 кафедраў, 624 студэнты, 120 выкладчыкаў, у т. л. 12 прафесараў, дактароў навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1969, з 1993 асістэнтура-стажыроўка. Рыхтуе кадры для кіно і тэлебачання з 1984. З 1978 працуе студэнцкі тэатр, з 1985 — музей. Пры БелАМ дзейнічаюць Мінскае маст. вучылішча, Мінскі маст. ліцэй. Рэктары: М.А.Гурскі (1945—46), І.П.Прыс (1946—57), А.І.Бутакоў (1957—58), В.К.Цвірка (1958—60), П.В.Масленікаў (1960—64), В.А.Захараў (1964—68), Э.П.Герасімовіч (1968—84), А.В.Сабалеўскі (1984—89), В.П.Шаранговіч (з 1989).
Сярод выпускнікоў: нар. мастакі Беларусі А.Анікейчык, В.Грамыка, Л.Гумілеўскі, А.Кашкурэвіч, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў; засл. дзеячы мастацтваў Б.Герлаван, А.Бараноўскі, Г.Паплаўскі, І.Рэй, У.Савіч, Ю.Тур, У.Тоўсцік, У.Уродніч, І.Міско, С.Вакар, У.Маланкін; нар. артысты Беларусі Г.Аўсяннікаў, С.Акружная, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, А.Дубашынскі, Г.Дубаў, М.Захарэвіч, У.Куляшоў, Б.Луцэнка, В.Тарасаў, Т.Кокштыс, В.Раеўскі; пісьменнікі і мастацтвазнаўцы А.Дудараў, У.Клімовіч, Г.Марчук, М.Раманюк.
Літ.:
Вытокі творчасці: Беларуская акадэмія мастацтваў: [Альбом]. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НЧЫК (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 1.8.1923, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.літ.-знавец і крытык. Д-рфілал.н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1957—70 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1970 заг. кафедры бел. л-ры Гомельскага ун-та, з 1980 — Мінскага ун-та культуры. Даследуе праблемы народнасці л-ры, узаемадзеянне л-ры і фальклору, асновы бел. вершаскладання, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Глебкі і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 2, 1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), падручнікаў для студэнтаў пед. ін-таў «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1917—1940» (т. 1, 1981), «Гісторыя беларускай літаратуры. XIX — пачатак XX ст.» (1981), «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (1985). У 1973—85 гал. рэдактар рэсп.навук.зб. «Беларуская літаратура».
Тв.:
Максім Багдановіч і народная паэзія. Мн., 1963;
Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969;
Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
«Сымон-музыка» Якуба Коласа і традыцыі фінскага эпасу // Бел. літаратура. Мн., 1982;
Вып. 10;
Классики белорусской литературы Янка Купала и Якуб Колас в контексте славянских культур // Славянские культуры и мировой культурный процесс. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЯРО́ЎСКІ (Іван Пятровіч) (99.1769, г. Палтава, Украіна — 10.11.1838),
украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. л-ры. Вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі (1780—89). У 1796—1808 на вайск. службе (у 1807—08 у г. Ліда Гродзенскай вобл.). У 1818—21 дырэктар Палтаўскага т-ра. З 1821 ганаровы чл. Вольнага т-ва аматараў рас. славеснасці. Прытрымліваўся пазіцый памяркоўнага асветніцтва, хоць і быў блізкі да дзекабрысцкіх колаў. Аўтар сатырычнай, створанай на аснове сюжэта Вергілія, бурлескнай паэмы «Энеіда» (ч. 1—3, 1789; ч. 1—4, 1809; ч. 1—6, 1842) — першага ў нац. л-ры рэаліст. твора пра жыццё, побыт, норавы розных слаёў грамадства 2-й пал. 18 ст. Твор адметны выразна акрэсленым сац. зместам, вобразнай нар. мовай, каларытнымі нац. характарамі, прасякнуты гумарам і іроніяй. Вядомы як драматург: п’есы «Наталка Палтаўка» (1838; аднайм. опера М.Лысенкі 1889) і «Маскаль-чараўнік» (1841; абедзве паст. 1819). У 1840-я г. п’есы К. ставіліся ў т-рах Мінска і Віцебска. Пад уплывам «Энеіды» К. напісаны бел. ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». На бел. мову «Энеіду» К. пераклаў А.Куляшоў.
Тв.:
Повне зібрання творів. Т. 1—2. Київ, 1969;
Твори. Київ, 1982;
Бел.пер. — Энеіда. Мн., 1969;
Рус. пер — Соч.Л., 1986.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 8—11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ШКА (Андрэй Самойлавіч) (15.11. 1912, г. Абухаў Кіеўскай вобл. — 17.2.1970),
украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ін-тнар. адукацыі (1932). Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў паэзіі «Радзіма» (1936), «Лірыка» (1938), «Жаваранкі» (1940), «Да бою ўставайце!» (1941), «За сінім морам» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Далёкія арбіты» (1962, Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1964), «Дарога пад яварамі» (1964, Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1964, Дзярж. прэмія СССР 1969), «Жнівень маёй душы» (1970) і інш., адметных тэматычным багаццем, глыбокім лірызмам, эмацыянальнасцю, патрыятычным гучаннем і філас. насычанасцю. Гісторыі Украіны прысвяціў паэмы «Ярына» (1938), «Кармалюк» (1940), «Дума пра казака Данілу» (1941), «Праметэй» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Тарас Шаўчэнка» (1961). Выступаў як літ. крытык (кн. «Думкі пра паэзію», 1959; «Слова пра паэта», 1960). Прапагандаваў бел. л-ру і культуру. Пераклаў на ўкр. мову кн. выбраных твораў Я.Купалы (зб. «Лірыка», 1967), асобныя творы П.Броўкі, А.Вялюгіна, А.Куляшова, П.Панчанкі, А.Русака, М.Танка. На бел. мову яго творы пераклалі Куляшоў (зб. «Запаветная крыніца», 1962), А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, Г.Бураўкін, Вялюгін, А.Грачанікаў, Л.Дайнека, С.Дзяргай, Х.Жычка, А.Звонак, М.Калачынскі, М.Машара, Р.Няхай, П.Прыходзька, М.Хведаровіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЙ МИР»,
штомесячны часопіс мастацкай літаратуры і грамадскай думкі. Выдаецца з 1925 у Маскве на рус. мове. Мае раздзелы: «Філасофія. Гісторыя. Палітыка», «Свет навукі», «Далёкае блізкае», «Палеміка», «Літаратурная крытыка», «Часы і норавы», «Рэцэнзіі. Агляды» і інш. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, архіўныя публікацыі, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва і інш. У часопісе надрукаваны творы Ф.Абрамава, В.Авечкіна, Ч.Айтматава, В.Астаф’ева, Г.Ахматавай, І.Бабеля, В.Бялова, Ф.Гладкова, М.Горкага, Д.Граніна, М.Забалоцкага, С.Залыгіна, У.Іванава, М.Ісакоўскага, Ф.Іскандэра, В.Катаева, Л.Лявонава, Б.Мажаева, С.Маршака, Н.Мацвеевай, У.Маякоўскага, А.Межырава, Б.Пастарнака, К.Паустоўскага, М.Прышвіна, А.Салжаніцына, К.Сіманава, Я.Смелякова, А.Талстога, А.Твардоўскага, Г.Траяпольскага, Ю.Трыфанава, К.Федзіна, У.Цендракова, М.Шолахава, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі і інш. Сярод бел. пісьменнікаў, творы якіх друкаваліся ў «Н.м.»: П.Броўка, Я.Брыль, В.Быкаў, А.Вялюгін, Я.Колас, А.Куляшоў, Я.Купала, П.Панчанка, І.Пташнікаў, М.Танк і інш. Многія творы, апублікаваныя ў часопісе (раманы «Не хлебам адзіным» У.Дудзінцава, аповесць «Мёртвым не баліць» Быкава, артыкулы «Пра шчырасць у літаратуры» У.Памяранцава, «Легенды і факты» В.Кардзіна, творы Салжаніцына і інш.), выклікалі вострую палеміку. Першыя рэдактары — А.Луначарскі і Ю.Сцяклоў; інш. рэдактары: В.Палонскі (1926—31), Сіманаў (1946—50, 1954—58), Твардоўскі (1950—54, 1958—70), С.Нараўчатаў (1974—81), У.Карпаў (1981—86), Залыгін (1986—98), А.Васілеўскі (з 1998).
Літ.:
Лакшин В.Я. «Новый мир» во времена Хрущева: Дневник и попутное (1953—1964). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́БАН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 27.10.1911, в. Чаплічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1984),
бел. пісьменнік, мовазнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Канд.філал.н. (1953). Скончыў БДУ (1945). У 1944—67 і 1968—75 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1967—68 у Гал. рэдакцыі Бел. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1930. Першая кніга — аповесць «Іркуцянка» (1953). У трылогіі «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. 20 ст. (рэвалюцыя, грамадз. вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вял.Айч. вайну). У творы паказана вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сац.-быт. праявах, перададзены складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, створана разгалінаванае, напоўненае ўнутр. драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстаны жывая нар. мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці (зб. «Пяць раніц тыдня», 1984; Літ. прэмія імя І.Мележа 1985). Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.Р.Суднікам, 1948, 5-е выд. 1982), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Кіраваў працай па стварэнні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84; рэдактар т. 1). На бел. мову пераклаў (з Э.Агняцвет) «У людзях» М.Горкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДО́СЦЬ»,
штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. ілюстраваны маладзёжны часопіс. Выдаецца з крас. 1953 у Мінску на бел. мове. Гал. рэдактары: А.Кулакоўскі (1953—58), П.Панчанка (1958—66), А.Асіпенка (1966—72), Г.Бураўкін (1972—78), В.Зуёнак (1978—82), А.Грачанікаў (1982—91), Г.Далідовіч (з 1991). Друкуе творы бел. пісьменнікаў — раманы, аповесці, апавяданні, паэмы, вершы, п’есы, публіцыстычныя, крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, матэрыялы на навук., грамадска-паліт., гіст. тэмы, фотарэпартажы, нарысы пра работнікаў вытворчасці, дзеячаў навукі, культуры, л-ры і мастацтва, пераклады і інш. Змяшчае ілюстрацыі, рэпрадукцыі твораў выяўл. мастацтва. Асвятляе пераважна жыццё, прац. і вытв. дзейнасць бел. моладзі.
У часопісе друкаваліся А.Адамовіч, С.Александровіч, Асіпенка, В.Бечык, П.Броўка, Р.Бярозкін, В.Вітка, С.Гаўрусёў, Л.Геніюш, А.Грачанікаў, У.Дубоўка, У.Калеснік, У.Караткевіч, К.Кірэенка, Я.Колас, Кулакоўскі, А.Куляшоў, М.Лынькоў, П.Макаль, Я.Маўр, І.Мележ, В.Палтаран, Панчанка, Б.Сачанка, М.Стральцоў, М.Танк, І.Чыгрынаў, Я.Янішчыц і інш.; супрацоўнічаюць В.Адамчык, С.Андраюк, М.Арочка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, Я.Брыль, Дз.Бугаёў, Бураўкін, В.Быкаў, А.Васілевіч, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, У.Гніламёдаў, У.Дамашэвіч, А.Жук, С.Законнікаў, Зуёнак, М.Ермаловіч, В.Каваленка, К.Камейша, А.Кудравец, Я.Лецка, А.Лойка, І.Навуменка, Г.Пашкоў, Я.Сіпакоў, І.Шамякін, У.Юрэвіч і інш.; бел. мастакі П.Драчоў, А.Кашкурэвіч, М.Купава, А.Марачкін, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў і інш. Аўтарамі ў часопісе выступаюць таксама дзеячы культуры і навукі, працаўнікі вытворчасці і г.д. З 1988 пры часопісе выходзіць штомесячны літ. дадатак «Бібліятэка часопіса «Маладосць».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ПРАЛЕТА́РСКІХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПП). Існавала з ліст. 1928 да мая 1932. Створана ў выніку рэарганізацыі літ. аб’яднання «Маладняк», усебеларускі з’езд якога (25—28.11.1928) абвясціў сябе 1-м з’ездам БелАПП. Статут прыняты 10.3.1929. Орган кіравання — праўленне і яго сакратарыят. Друкаваны орган — час. «Маладняк» (з № 12, 1928). Члены: А.Александровіч, З.Астапенка, А.Астрэйка, С.Баранавых, П.Броўка, П.Галавач, Ю.Гаўрук, А.Звонак, А.Куляшоў, М.Лынькоў, Б.Мікуліч, Р.Мурашка, А.Салагуб, Я.Скрыган, В.Таўлай, П.Трус, М.Чарот, С.Шушкевіч, Х.Шынклер і інш. Асацыяцыя мела рус., літоўскую, польск. і яўр. секцыі. Існавалі Бабруйская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Полацкая і інш. філіі, якія выдавалі свае зборнікі, альманахі, асобныя творы. 22.9.1930 філіі ліквідаваны, былі створаны літ. гурткі, студыі пры буйных прадпрыемствах і калгасах. Мінская філія пераўтворана ў Мінскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (МінАПП), Віцебская — у Віцебскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. У дзейнасці БелАПП вылучаюцца два этапы: 1928—30 і 1930—32. Да 1930-х г. асацыяцыя праводзіла значную работу па стварэнні пралетарскай л-ры, садзейнічала аб’яднанню літ. сіл, наладжванню сувязяў з л-рамі народаў СССР. На дзейнасці БелАПП адмоўна адбівалася тое, што яе кіраўніцтва дапускала адміністраванне ў дачыненні да членаў арг-цыі. Белапаўская крытыка механічна пераносіла метадалогію філасофіі на маст. творчасць, прапагандуючы своеасаблівы дыялектыка-матэрыялістычны метад л-ры. З пач. 30-х г. асацыяцыя стала правадніком ідэй РАПП з яе памылковымі тэорыямі і метадамі кіравання, дапускала праявы групаўшчыны, пагардлівых адносін да інш. арг-цый, прэтэндавала на кіруючую ролю ў бел. л-ры. Значную шкоду прычыніла вульгарна-сацыялаг. крытыка (Л.Бэндэ, А.Кучар, М.Аляхновіч і інш.). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦККП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).
Літ.:
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20—30-я гады. Мн., 1975.