ЯСЕ́НІН Сяргей Аляксандравіч [3.10.1895, в. Канстанцінава (цяпер Ясеніна) Рыбнаўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 28.12.1925], рускі паэт. Скончыў царк.-настаўніцкую школу ў Спас-Клепіках (1912). У 1912—15 працаваў канторшчыкам, карэктарам, вучыўся ў Нар. ун-це імя А.Шаняўскага ў Маскве, удзельнічаў у Сурыкаўскім літ.-муз. гуртку. Скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1914 (верш «Бяроза»). З першых зб-каў «Радуніца» (1916), «Блакіт», «Ператварэнне», «Сельскі часаслоў» (усе 1918) выступіў як тонкі лірык, майстар глыбока псіхалагізаванага пейзажу, пясняр вясковай Русі, знаўца нар. мовы і нар. душы. У 1919—23 уваходзіў у групу імажыністаў (гл.Імажынізм). У кн. «Масква кабацкая» (1924), паэмах «Кабыліныя караблі» (1920), «Чорны чалавек» (апубл. 1926) трагічнае светаадчуванне, душэўны неспакой. У паэмах «Балада пра дваццаць шэсць», кн. «Русь Савецкая» (абедзве 1924) імкненне спасцігнуць паслярэв. Расію. У паэме «Ганна Снегіна» (1925) рамант. каханне на фоне рэв. падзей у роднай вёсцы. Пачуццём душэўнага прасвятлення, светлага кахання, шчырай любові да Радзімы прасякнуты цыкл вершаў «Персідскія матывы» (1925). Выразнымі рысамі паэзіі Я. з’яўляюцца персаніфікацыя прыродных з’яў, багатая палітра фарбаў з мноствам адценняў, надзвычайная меладычнасць. Аўтар драм. паэм «Пугачоў» (1922), «Краіна нягоднікаў» (1924—26), аповесці «Яр» (1916), апавяданняў «Каля Светлай Вады» (1916), «Бабыль і Дружок» (1917), нарыса пра ўражанні аб паездцы ў 3ΙΙ1Α «Жалезны Міргарад» (1923), літ.-крытычных артыкулаў. Творчасць Я. зрабіла ўплыў на многіх паэтаў свету, у т. л. і на бел. (А.Астрэйка, А.Вялюгін, А.Дудар, А.Куляшоў, В.Маракоў, Я.Пушча, П.Трус і інш.). Асабліва блізкая бел. паэзіі яго лірыка, у якой праз карціны і вобразы прыроды выяўлены глыбокія чалавечыя пачуцці. Артыкулы і рэцэнзіі пра творы Я. пісалі З.Бядуля, С.Вальфсон, С.Грахоўскі, І.Ралько і інш. Яго памяці прысвяцілі свае вершы А.Вольны, А.Гурло, А.Дудар, С.Законнікаў, М.Лужанін, Я.Пушча, А.Салтук, М.Танк, Я.Янішчыц і інш. Я.Бобрык, П.Глебка, С.Дарожны, М.Лужанін і Я.Туміловіч 23.9.1926 напісалі ліст у «Комсомольскую правду», у якім выступілі супраць вульгарызатарскай трактоўкі творчасці Я. ў артыкуле Л.Сасноўскага, змешчаным у гэтай газеце 19 верасня. На бел. мову асобныя творы Я. пераклалі Р.Барадулін, Ю.Гаўрук, А.Глобус, Грахоўскі, А.Дудар, М.Калачынскі, Куляшоў, Лужанін, Я.Міклашэўскі, М.Хведаровіч і інш.