бел. графік. Скончыла Дзярж.маст.ін-т Літвы (1955). Творам уласцівы сувязь з бел.нар. традыцыямі, прастата і яскравасць выяўл. мовы. Вядома як мастак дзіцячай кнігі («Вераб’ёвы госці» А.Якімовіча, 1960; «Дударык», 1964, і «Ладачкі-ладкі», 1977, В.Віткі; «Скарб» З.Бядулі, 1965, 1975; «Кую-кую ножку», 1967, «Азбукі», 1997, А.Дзеружынскага; «Калыханкі», 1995; «Грыбок, грыбок, выстаў лабок» У.Ягоўдзіка 1997; бел. казкі «З рога ўсяго многа», 1968, «Залатая яблынька», 1974, «Разумная дачка», 1988; «Канёк-гарбунок» П.Яршова, «Крылаты цэх» В.Лукшы, абедзве 1982; «Слова пра паход Ігаравы», 1986). Сярод станковых твораў серыі «Дзеці Белавежы» (1966), «Песні заходніх славян» (1974), «Партрэты беларускіх пісьменнікаў» (1979), «Пад палескімі дубамі» (1981), на ляўкоўскія вершы Я.Купалы (1982), «Людзі на Прыпяці» (1984—89), «Ружанскія паданні» (1991), «Народныя беларускія калыханкі» (1992—93), цыкл малюнкаў да твораў Я.Коласа «Казкі жыцця» (1998). Некаторыя творы стылістычна пераклікаюцца з нар. лубком. Працуе таксама ў жывапісе.
Тв.:
Дзесяць дзён у Барку. Мн., 1984.
Літ.:
Латун З.І. Алена Лось. Мн., 1977.
А.Лось. Ілюстрацыя да «Слова пра паход Ігаравы». 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕТАЛО́ГІЯ,
сукупнасць даследаванняў аб СССР у галіне гісторыі, палітыкі, ідэалогіі, гаспадаркі, культуры, якія праводзіліся да 1991 у заходніх краінах або ў цэнтрах, звязаных з імі. Частка даследчыкаў уключала ў С. і вывучэнне сацыяліст. краін — саюзнікаў СССР. Папярэднікамі ўласна С. былі пераважна рас. эмігранты 1920-х г. М.Бярдзяеў, Г.Фядотаў, М.Суханаў, а таксама К.Каўцкі і інш. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 1940—50-я г.Гал. цэнтрамі былі Гувераўскі ін-т вайны і рэвалюцыі ў ЗША, ун-ты ЗША і Зах. Еўропы (у Фрыбуры, Лондане, Парыжы). Выдаваліся часопісы па С.: «The Journal on Communist Studies» («Часопіс камуністычных даследаванняў»), «Slavic Review» («Славянскі агляд»), «Soviet Studies» («Савецкія даследаванні»), «Soviet Jewish Affairs» («Справы савецкіх яўрэяў» і інш.Найб. вядомыя саветолагі: З.Бжазінскі, Р.Конквест, С.Коэн, Р.Э.Пайпс, Л.Шапіра і інш. Напачатку С. мела практычна-прапагандысцкі характар ва ўмовах ідэалагічнага процістаяння капіталіст. і сацыяліст.сістэм. Творы вядучых саветолагаў пачалі выдавацца ў СССР з канца 1980-х г. Пасля распаду СССР (1991) цэнтры С. даследуюць посткамуністычныя і камуністычныя дзяржавы, пераважна ў Азіі (В’етнам, Кітай, Паўн. Карэя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАРА́Д (Канстанцін Ільіч) (7.11.1918, в. Языль Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Канд.гіст.н. (1955). Скончыў БДУ (1949). У Вял.Айч. вайну ў 1941—43 у органах ваен. разведкі і контрразведкі Зах. фронту. З жн. 1943 у тыле ворага, ў складзе аператыўнай групы ЦККП(б)Б, кіраўнік спецгрупы НКДББССР «Жнівень», адначасова нам. камандзіра Барысаўска-Бягомльскага партыз. злучэння. У 1944—46 нам. старшыні Мінскага аблвыканкома. У 1956—75 працаваў у БПІ, Мінскім радыётэхн. ін-це, у 1975—92 у ін-тах гісторыі партыі пры ЦККПБ, гісторыі АН Беларусі. Даследуе гісторыю Вял.Айч. вайны, Мінскае гарадское антыфаш. падполле 1941—42. Адзін з аўтараў працы «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Нарысаў ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 4—5, 1995).
Тв.:
Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959 (з Г.А.Барадачом);
Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Разведка и контрразведка в партизанском движении Белоруссии, 1941—1944 гг.Мн., 1995;
Так ли должны писаться военные мемуары? // Воен.-ист. журн. М., 1966, № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в.Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Геранёнскі замак. Рэканструкцыя па матэрыялах М.Ткачова. Мастак Я.Кулік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕНТА́РНАЯ РЭФО́РМА 1840—50-х ГАДО́Ў,
спроба ўрада Расійскай імперыі рэгуляваць адносіны паміж памешчыкамі і прыгоннымі сялянамі ўвядзеннем абавязковых інвентароў у Літве, Беларусі і Правабярэжнай Украіне. Была адной з мер паліт. супакаення краю пасля паўстання 1830—31. У 1840 Камітэт na справах заходніх губерняў 1832—48 пачаў выпрацоўваць умовы рэформы. 27.4.1844 цар зацвердзіў «Палажэнне», паводле якога ў зах. губернях ствараліся «Камітэты для разгляду і складання інвентароў памешчыцкім маёнткам», у склад якіх уваходзілі царскія чыноўнікі і прадстаўнікі мясц. дваранства. На працягу 1846—48 абавязковыя інвентары ўведзены ва ўсіх памешчыцкіх маёнтках зах. і цэнтр. Беларусі (Віленская, Гродзенская і Мінская губ.). Тут памер асн. павіннасцей залежаў ад велічыні і якасці зямельнага ўчастка і вызначаўся ў 1/3 валавога даходу селяніна. За карыстанне лесам, пашай, вадаёмам і інш. вызначаліся дадатковыя павіннасці. Памешчыкі Віцебскай і Магілёўскай губ. выступілі супраць такой сістэмы і лічылі магчымым увесці інвентары пры ўмове захавання трохдзённай паншчыны з рабочай душы ў тыдзень. Па ўсіх маёнтках гэтых губерняў інвентары былі складзены ў 1849, але ўвесці іх у дзеянне ўрад не рашыўся з прычыны перавышэння ў іх норм феад. эксплуатацыі, якія фактычна існавалі. У 1852 прыняты ўказ аб увядзенні ва ўсіх бел. і літоўскіх губ. інвентарных правіл, зацверджаных у 1848 для губерняў Правабярэжнай Украіны, паводле якіх сялянам пакідалася зямля, што была ў іх карыстанні. Перагляд і выпраўленне інвентарных правіл цягнуліся да 1857, калі пачалася падрыхтоўка адмены прыгоннага права. Да гэтага часу абавязковыя інвентары ўведзены ў дзеянне прыкладна ў дзесятай частцы памешчыцкіх маёнткаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Нягледзячы на прыгонніцкую абмежаванасць рэформы, абавязковыя інвентары афіцыйна ставілі мяжу памешчыцкай уладзе і адкрывалі некаторыя магчымасці для адстойвання сялянамі сваіх інтарэсаў.
Усходне-Аўстралійскія горы, горная сістэма ўздоўж усх. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Даўж. каля 4000 км. Выш. да 2230 м (г. Касцюшкі). Горы ўтварыліся ў неаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкавай краіны. Усх. схілы стромкія, моцна і глыбока расчлянёныя, зах. схілы паката пераходзяць ва ўзгоркавыя перадгор’і (даунсы). На Пн ад 28°паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет дасягае шыр. 650 км і складаецца з берагавых пласкагор’яў і масіваў (выш. да 1000 м), сярэдзінных тэктоніка-эразійных катлавін і слаба выяўленага ў рэльефе горнага ланцуга выш. 500—700 м. На Пд ад 28°паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет — вузкі ланцуг асобных масіваў, дзе вылучаюцца крышт. хрыбет Нью-Інгленд, хрыбты Хейстынгс і Ліверпул, Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Горы складзены ў асн. з вапнякоў, гранітаў, гнейсаў, вулканічных парод. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, каменны і буры вугаль, волава, поліметалы, золата, медзь, тытанамагнетытавыя пяскі.
Вялікі Водападзельны хрыбет ляжыць у субэкватарыяльным, трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Сярэднямесячныя т-ры паніжаюцца з Пн на Пд (на ўзбярэжжы ад 26 да 21 °C летам і ад 17 да 10 °C зімой). Ападкаў на вільготных усх. схілах ад 1000 да 2000 мм, на заходніх — 500—700 мм за год. З Вялікага Водападзельнага хрыбта пачынаюцца рэкі Мурэй і Дарлінг, у Каралавае і Тасманава моры сцякаюць кароткія парожыстыя і паўнаводныя рэкі Фіцрой, Хантэр і інш.Усх. схілы парослыя лесам. Да выш. 1000 м на Пн ад 15°паўд. ш. — лістападна-вечназялёныя вільготныя лясы, ад 15 да 28°паўд. ш. — эўкаліптавыя трапічныя лясы, больш на Пд — субтрапічныя мусонныя лясы з эўкаліптаў. На зах. схілах Вялікага Водападзельнага хрыбта развіты лесасаванны, саванны і зараснікі ксерафітных хмызнякоў. У лясах жывуць каала, кускусы, дрэвавы кенгуру; характэрны райскія птушкі, птушка-ліра, казуары, папугаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАРТА́ЦЫЯ (лац. deportatio),
прымусовае высяленне, выгнанне асобы з пастаяннага месца жыхарства або з краіны, ссылка з пасяленнем яе ў новым месцы з абмежаваннем свабоды перамяшчэння. Тэрмінам «Д.» абазначаліся асобыя віды высялення, якія выкарыстоўваліся ў 18—19 ст. паводле крымін. заканадаўства Францыі ў адносінах да злачынцаў-рэцыдывістаў і рэвалюцыянераў. У СССР у 1920—40-я г. прымусовае высяленне ў Сібір, Казахстан, раёны Крайняй Поўначы, на Урал і інш. аддаленыя рэгіёны краіны грамадзян, якія былі прызнаны ворагамі сав. улады. У 1930-я г. ў час правядзення суцэльнай калектывізацыі ссылку зведалі многія сялянскія сем’і, якія былі прылічаны да кулацкіх і высланы ў глыб дзяржавы. У 1931—34 з БССР было выслана каля 260 тыс.чал. З лют. 1940 у БССР пачалася масавая Д. насельніцтва (пераважна польскага) з Зах. Беларусі. Да 22.6.1941 у зах. абласцях Беларусі было рэпрэсіравана больш за 135 тыс.чал., з іх выслана ў глыб СССР больш за 125 тыс. У час Вял.Айч. вайны 1941—45 у СССР у тыл краіны было дэпартавана насельніцтва некалькіх аўтаномных тэрыторый — крымскія татары, калмыкі, карачаеўцы, інгушы, немцы Паволжа, чэчэнцы і інш., абвінавачанае ў супрацоўніцтве ці дапамозе ням.-фаш. захопнікам. У 2-й пал. 1950—80-х г. большасць ахвяр Д. рэабілітавана, а выселеныя народы вернуты на сваю радзіму.
Літ.:
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гадоў на Беларусі. Мн., 1994;
Яго ж. Абвінавачваюць лічбы: Гістарыяграфія і крыніцы па праблеме паліт. рэпрэсій 1920—1950-х гг. на Беларусі // Бел. мінуўшчына. 1997. № 5;
Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Белоруссии в 1939—1941 гг. // Новая и новейшая история. 1989. № 2;
Хацкевіч А. Арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939—1941 гг.) // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1—2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,
паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн.ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцей — цёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛТЫ,
група індаеўрап. плямёнаў і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Тэрмін «балты» ўвёў ням. вучоны Г.Ф.Несельман у 1845. Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту (3—2-е тыс. да нашай эры), калі носьбіты шнуравой керамікі культур рассяліліся ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе і асімілявалі мясц. насельніцтва. Вобласць іх пашырэння ахоплівала бас. Віслы, Нёмана, Зах. Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўяў Волгі і Акі. У раннім жал. веку (7 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) балты на Пд і ПдУ межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на Пн і ПнУ іх суседзямі былі фіна-угры, на З — славяне і германцы старажытныя. У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (1 ст. нашай эры) у сувязі з промыслам бурштыну. На тэр. Беларусі ім належалі днепра-дзвінская культура, штрыхаванай керамікі культура. Старажытнасці больш позняга часу (5—7 ст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове таксама балцкія, але ўжо са слав. уплывам. Асноўным тыпам пасяленняў балтаў былі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, якія з развіццём земляробства змяніліся адкрытымі селішчамі. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (літва, аўкштайты, жэмайты, або жмудзь, латгалы, земгалы і інш.), дняпроўскіх. Вычляненне апошніх можна правесці толькі археалагічна (юхнаўская культура, верхняокская культура, усх. частка днепра-дзвінскай культуры). Адзіным рэліктам, які тут захаваўся ў 9—12 ст., з’яўляецца летапіснае племя голядзь. У 2-й пал. 1-га тыс. славяне амаль поўнасцю асімілявалі дняпроўскіх балтаў. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, яны прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэр. Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да 12—13 ст. і пазней. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патокамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі зах. груп усх.-слав. насельніцтва 9—13 ст., з якіх складвалася бел. народнасць.
Літ.:
Мажюлис В. Лингвистические заметки к балтийскому этногенезу. М., 1964;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФО́РМА ДЗЯРЖА́ЎНАЙ ВЁСКІ 1830—50-х ГАДО́Ў,
сістэма мер у Рас. імперыі, накіраваных на ўздым прыбытковасці дзярж. маёнткаў, прыпыненне працэсу абеззямельвання і збяднення дзяржаўных сялян, змяншэння сац. напружання ў вёсцы. Аўтар і распрацоўшчык рэформы граф П.Дз.Кісялёў. Рэформа праводзілася па 3 асн. кірунках: перабудова кіравання, арганізацыя «апякунства» і люстрацыя 1840—50-х г. У выніку перабудовы кіравання дзяржаўнай вёскай агульнакіраўнічыя функцыі, раней сканцэнтраваныя ў дэпартаменце дзярж. маёмасцей мін-ва фінансаў, з 1.1.1838 перадаваліся новаму мін-ву дзярж. маёмасцей (міністр Кісялёў). Ніжэйшыя ступені кіравання фарміраваліся паводле «Устанаўлення аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» і «Палажэння аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці» ад 28.12.1839, якое ўлічвала мясц. асаблівасці. На Беларусі ўстанаўліваліся 3 адм. ярусы кіравання дзярж. вёскай: губерня — акруга — сельскае ўпраўленне. Функцыі валасной адміністрацыі ў бел. губернях былі размеркаваны паміж часовымі ўладальнікамі і сял. выбарнымі. Новы адм. апарат пачаў дзейнічаць з крас. 1840. У кампетэнцыю губ. органаў — палат дзярж. маёмасцей уваходзілі выбар форм кіравання дзярж. маёнткамі, правядзенне рэвізій, люстрацый, ахова грамадскага парадку, пытанні харч. і мед. дапамогі і інш. Акруговая адміністрацыя займалася непасрэднай арганізацыяй сельскіх грамад. Органы сельскіх упраўленняў (сельскія сход, управа, стараста) займаліся землеўладкаваннем, раскладкай падаткаў і збораў паміж сялянамі і інш.Абшчына, адроджаная ў дзярж. маёнтках Беларусі пасля далучэння да Расіі, у выніку рэформы была максімальна набліжана да агульнарас. ўзору. На Беларусі ўзнікла арэнда сялянамі зямельных угоддзяў. Палітыка «апякунства» над дзяржаўнымі сялянамі заключалася ў арганізацыі харч. дапамогі сялянам праз спец. хлебазапасныя магазіны. Для арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзярж. сялян у сельскіх грамадах адчыняліся прыходскія школы. Дзярж. маёнткі забяспечваліся фельчарамі, павітухамі, сялянам пачалі рабіць прышчэпкі. Люстрацыя 1840—50-х г. — асн. частка рэформы — мела на мэце правядзенне дакладнага ўліку сял. даходаў, раўнамернае надзяленне дзярж. сялян зямлёй, рэгламентацыю павіннасцей (перавод з паншчыны на грашовы аброк і інш.). Гал. вынік рэформы — адмова ад прыгоннай сістэмы і пераход на аброк. Адбыліся перамены і ў прававым становішчы дзярж. сялян (прызнаваліся грамадз. свабоды, што адрознівала іх ад памешчыцкіх падданых).
Літ.:
Конюхова Т.А. Государственная деревня Литвы и реформа ПД.Киселева, 1840—1857 гг.М., 1975.