ТЫШКЕ́ВІЧ Яўстафій Піевіч (18.4.1814, г. Лагойск Мінскай вобл. — 8.9.1873),
бел. гісторык, археолаг, краязнавец, адзін з заснавальнікаў бел.навук. археалогіі. З роду Тышкевічаў, брат К.П.Тышкевіча. Ганаровы чл. Пецярбургскай і Стакгольмскай АН, Лонданскага археал. ін-та. Скончыў Мінскую гімназію (1831). З 1832 працаваў у б-ках Пецярбурга. З 1835 на службе ў губ. праўленнях Вільні, Харкава, Мінска. З 1840 ганаровы апякун школ Барысаўскага пав. У 1843 з мэтай археал. і гіст. даследаванняў наведаў Данію, Фінляндыю і Швецыю. З 1844 маршалак шляхты Барысаўскага пав. У 1847 у Мінску чл. часовай камісіі па зборы і выданні стараж. актаў, грамат і прывілеяў 16—18 ст. гарадоў Мінскай губ. З 1848 куратар Мінскай гімназіі, з 1855 папячыцель Віленскага музея старажытнасцей, які стварыў на аснове ўласных археал. калекцый. Заснавальнік і старшыня Віленскай археалагічнай камісіі. Пасля паўстання 1863—64 вызвалены ад усіх пасад. Даследаваў пахавальны інвентар крывіцкіх курганоў і першы звярнуў увагу на іх асаблівасць — скроневыя кольцы ў жанчын. Вывучаў гарадзішчы ў Гальшанах, Друцку, Заслаўі, Крэве, Лідзе, Мінску, Міры, Слуцку. У сваёй археал. дзейнасці пераймаў вопыт вучоных Зах. Еўропы. Стварыў альбом, прысвечаны роду Тышкевічаў. Аўтар кніг «Погляд на крыніцы мясцовай археалогіі, або Апісанне некаторых помнікаў старажытнасцей у заходніх губернях Рускай дзяржавы» (1842), «Апісанне Барысаўскага павета» (1847), аповесці «Нашы краі» (1871, усе на польск. мове), успамінаў пра В.Ваньковіча, Я.Рустэма, І.Ходзьку і інш.
Літ.:
Каратынскі В. Яўстафій Тышкевіч // Творы. Мн., 1981;