АКТЫНАМІКО́З (ад актына... + ...мікоз),

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, радзей чалавека, што выклікаецца грыбкамі з кл. актынаміцэтаў, якія пастаянна прысутнічаюць у арганізме (поласць рота, страўнікава-кішачны тракт, верхнія дыхальныя шляхі і інш.), а таксама пашыраны і ў прыродзе (глеба, расліны). Найчасцей хварэе буйн. раг. жывёла, успрымальныя авечкі, коні, свінні, драпежныя. У буйн. раг. жывёлы часцей пашкоджваюцца косці і тканкі ніжняй сківіцы, лімфавузлы, радзей іншыя часткі цела. Характарызуецца ўтварэннем шчыльных пухлін, інфільтратаў, абсцэсаў, свішчоў і рубцоў. У чалавека больш хварэюць мужчыны ва ўзросце 21—40 гадоў. Пры вузлаватай форме актынамікозу ў глыбокіх слаях скуры ўтвараецца цвёрды, цвёрдаэластычны, маларухомы інфільтрат цёмна-чырвонага колеру з фіялетавым адценнем, які нагнойваецца і прарывае свішчамі з гноем. Пры бугарковай форме ў тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы ўзнікаюць дробныя, паўшарападобныя, цвёрдыя, бязбольныя, цёмна-чырвоныя бугаркі, якія найчасцей нарываюць з выдзяленнем кроплі гною, потым утвараюцца свішчы. Пашкоджваецца і падскурная клятчатка. Язвавая форма развіваецца ў аслабленых хворых. Язвы мяккія, няроўныя, скура вакол іх сіняватага колеру. Атэраматозная форма — інфільтрат дыяметрам да 5 см, эластычнай кансістэнцыі, акрэслена абмежаваны, з паслядоўным нагнойваннем, выдзяленнем гною і свішчамі.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РАНЬ,

адзін з асн. вегетатыўных органаў лістасцябловых раслін, служыць для прымацоўвання да субстрату і ўсмоктвання з яго вады і пажыўных рэчываў. Сапраўдныя К. першапачаткова з’явіліся ў дзеразападобных і папарацепадобных, найб. складаная будова — у насенных раслін. Адрозніваюць гал. К. (развіваецца з зародкавага), бакавыя (узнікаюць на галоўным К.) і прыдаткавыя (утвараюцца на сцёблах або лісці). Сукупнасць К. складае каранёвую сістэму — стрыжнёвую (у двухдольных раслін) і валасніковістую (у аднадольных). Расце К. толькі верхавінкай, ахаванай чэхлікам; па-за зонай росту знаходзіцца зона ўсмоктвання з каранёвымі валаскамі. Пажыўныя рэчывы (вада, мінер. солі, арган. малекулы) перамяшчаюцца па сасудах К. да лістоў і сцёблаў у выніку дзеяння каранёвага ціску і транспірацыі. У К. сінтэзуюцца алкалоіды, гармоны росту і інш. фізіялагічна актыўныя злучэнні. К. выконвае шмат дадатковых функцый: назапашвае пажыўныя рэчывы, утварае прыдаткавыя пупышкі для надземных парасткаў, служыць для апоры (напр., хадульныя, дошкападобныя), ёсць К.-прычэпкі (ліяны), паветраныя (эпіфіты), зялёныя, здольныя да асіміляцыі (некат. архідэі), дыхальныя (мангравыя) і інш.

Да арт. Корань: а — віды каранёў: 1 — галоўны; 2 — бакавыя; 3 — прыдаткавыя; 4 — сцябло; б — каранёвыя сістэмы: 5 — стрыжнёвая; 6 — валасніковістая.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРТА́НЬ,

пачатковы аддзел дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, што знаходзіцца паміж глоткай і трахеяй. Праз гартань паветра праходзіць у трахею, якая засцерагае дыхальныя шляхі ад пападання ў іх ежы (корму), удзельнічае ва ўтварэнні гукавых сігналаў і голасу.

Шкілет гартані складаецца са шчыта-, пярсцёнка- і чарпакападобных гіялінавых храсткоў, а таксама з эластычнага храстка надгартанніка з прымацаванымі да яго мышцамі і звязкамі У некат. відаў рукакрылых, сумчатых, кратоў і зубастых кітоў чарпакападобныя храсткі і надгартаннік утвараюць трубку, якая ўдаецца ў насаглотку і забяспечвае дыханне пры заглынанні корму. У дзяцей і жанчын дзве пласціны шчытападобных храсткоў зыходзяцца пад тупым, у мужчын пад вострым (утвараюць адамаў яблык) вуглом. Поласць гартані дзеліцца на ўваход, жалудачак і ніжнюю частку, выслана слізістай абалонкай, парныя складкі якой утвараюць паміж жалудачкам і ніжнім аддзелам гартані сапраўдныя галасавыя звязкі і абмяжоўваюць галасавую шчыліну (гл. Галасавы апарат). У млекакормячых пад імі знаходзяцца несапраўдныя галасавыя звязкі, у птушак галасавы апарат лакалізуецца ў ніжняй частцы трахеі і верхніх участках бронхаў. Зрушэнні храсткоў гартані з утварэннем гукаў забяспечваюцца папярочна-паласатымі мышцамі шкілетнага тыпу (укрываюць пярэднюю і бакавыя паверхні гартані), яе інервацыя — адгалінаваннямі блукаючага нерва, кровазабеспячэнне — праз гартанныя артэрыі, адток крыві — праз сістэму ярэмных і падключычных вен. Найб. пашыраныя запаленчыя хваробы гартані — ларынгіт, гартанная ангіна.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРУЧЭ́ННЕ,

захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).

Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, хранічныя — пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві

Г.​Г.​Шанько.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)