ДЫ́ХАЛЬНЫЯ КАРАНІ́,

гл. Пнеўматафоры.

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПІРА́ЦЫЯ (ад лац. aspiratio удыханне) у медыцыне, 1) пранікненне ў дыхальныя шляхі іншародных целаў пры ўдыханні. Можа прывесці да запалення дыхальных шляхоў (ускладняецца нагнаеннем і гангрэнай), да смерці ад удушша.

2) Адсмоктванне шпрыцам або іншай прыладай вадкасці ці паветра з поласці цела, сустава, нацёкавага гнайніка.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТАКАКО́З,

падвостры ці хранічны глыбокі мікоз. Узбуджальнік — дражджавы паразітычны грыбок. Заражэнне адбываецца праз дыхальныя шляхі. Праяўляецца як менінгаэнцэфаліт; пашкоджваюцца лёгкія (клінічна падобны на туберкулёз), скура, слізістыя абалонкі. На скуры з’яўляюцца вузельчыкавая вугрападобная высыпка, інфільтраты, вузлы (хутка распадаюцца, з’яўляюцца язвы з ярка-чырв., інш. раз бліскучым дном). Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Бластамікозы.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАЦЫЯНІ́НЫ,

дыхальныя пігменты гемалімфы некат. малюскаў і членістаногіх, якія ажыццяўляюць транспарт кіслароду ў арганізме. Паводле хім. прыроды — складаныя бялкі (металапратэіды). У гемалімфе знаходзяцца ў раствораным стане. Маюць больш нізкую кіслародную ёмістасць, чым гемаглабіны. Злучэнне кіслароду з гемацыянінамі абумоўлена прысутнасцю ў малекуле гемацыянінаў медзі, непасрэдна звязанай з бялком. Акісленыя гемацыяніны афарбаваны ў сіні колер, адноўленыя — бясколерныя.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЦАТНЫ АНГІДРЫ́Д,

ангідрыд воцатнай кіслаты (CH3CO)2O. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, шчыльн. 1083 кг/м³ (20 °C), tкіп 139,9 °C. У гарачай вадзе пераўтвараецца ў воцатную кіслату, гарыць (т-ра загарання 40 °C). Выкарыстоўваецца ў вытв-сці ацэтылцэлюлозы, фарбавальнікаў, пахучых рэчываў і лек. сродкаў. Таксічны, раздражняе вочы і дыхальныя шляхі, выклікае апёкі скуры, ГДК 5∙10​−4%.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАЯКО́Л, 2-метаксіфенол,

арганічнае злучэнне, вытворнае фенолу, CH3OC6H4OH. Бясколерныя крышталі са своеасаблівым моцным пахам, цямнеюць у паветры і на святле, tпл 28,5 °C, шчыльн. 1128,7 кг/м³ (21,4 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці пахучых рэчываў (напр., ваніліну, эўгенолу, санталідолу), лек. сродкаў (напр., фтывазіду, папаверыну). Выклікае анастэзію скуры, экзему, раздражняе дыхальныя шляхі і вочы, ГДК 20 мг/м³.

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЦІ́Н,

алкалоід тытуню (да 8%), некаторых інш. раслін; вытворнае пірыдзіну. Моцны яд. Пры курэнні тытуню Н. пранікае ў дыхальныя шляхі, усмоктваецца і ўздзейнічае на нерв. сістэму. У малых дозах выклікае ўзбуджэнне, у вял. — параліч нерв. сістэмы. Шматразовае паглынанне Н. невял. дозамі пры курэнні вядзе да хранічнага атручэння (нікацінізм). Сульфат Н. выкарыстоўваюць для барацьбы са шкоднікамі с.-г. раслін.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТАФО́РЫ,

надземныя дыхальныя карані раслін, якія растуць уверх (аэратрапізм і адмоўны геатрапізм). Забяспечваюць кіслародам падземныя органы раслін, што растуць на забалочаных глебах і марскіх узбярэжжах (у прыліўнай паласе). Напр., вярба ломкая, што трапляецца на балотах, утварае П. ў выглядзе шчоткі чырванаватых каранёў, якія тарчаць уверх. Таксама П. наз. буйныя паветраносныя поласці некат. плаваючых водарасцей (напр., фукуса).

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПЕРГІЛЁЗ, аспергіламікоз,

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека. Выклікаецца плесневымі грыбамі з роду аспергіл. Пашыраны па ўсім свеце. На Беларусі трапляецца спарадычна. Заражэнне адбываецца праз дыхальныя шляхі і стрававальна-кішачны тракт. Да аспергілёзу асабліва ўспрыімлівыя птушкі (качкі, гусі, галубы і інш), буйн. раг. жывёла, коні, авечкі, сабакі, каты, пчолы. Бывае і ў людзей, занятых перапрацоўкай с.-г. сыравіны, заражанай спорамі грыба. Праяўляецца ў запаленні скуры, слізістых абалонак, органаў дыхання і стрававання.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСКУЛЬТА́ЦЫЯ (ад лац. auscultatio слуханне, выслухванне),

метад даследавання ўнутраных органаў выслухваннем. Робіцца вухам ці спец. апаратамі — стэтаскопам або фанендаскопам. Пры аўскультацыі лёгкіх выслухваюць дыхальныя шумы, хрыпы, характэрныя для запаленчых працэсаў у бронхах або лёгачнай тканцы. Па змене тону, шумах у сэрцы мяркуюць пра стан сардэчнай дзейнасці. Артэрыі выслухваюць для вызначэння артэрыяльнага ціску. Аўскультацыя жывата выяўляе наяўнасць перыстальтыкі страўніка і кішэчніка, у цяжарных — сэрцабіцце плода. Аўскультацыяй карыстаюцца і ў ветэрынарыі.

т. 2, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)