савецкі тэатр малых форм; від агітацыйнай эстрады ў 1923 — пач. 1930-х г. Узнікла ў Маскоўскім ін-це журналістыкі на базе «жывой газеты»; першапачаткова тэатр.-эстрадны калектыў (удзельнікі выступалі ў сіняй рабочай блузе — адсюль назва). Ініцыятар стварэння і кіраўнік Б.С.Южанін. Выступалі ў клубах, цэхах фабрык і заводаў. Выкарыстоўваўся агітацыйна-паліт. рэпертуар з надзённай тэматыкай; у паказах спалучаліся героіка і патэтыка, сатыра і гумар. Праграмы будаваліся на калект. дэкламацыі, прыпеўках, фізкультурных танцах і інш. «С.б.» паслужыла асновай для стварэння шэрагу прафес. т-раў і дала штуршок да пошукаў новых форм тэатр. і эстрадных прадстаўленняў, паўплывала на развіццё маст. самадзейнасці, на рабочы т-р за мяжою. На Беларусі інтэнсіўны рух «С.б.» пачаўся ў 1924—25 пасля гастролей у Мінску «С.б.» Маскоўскага гар. савета прафсаюзаў. Гурткі «С.б.» існавалі амаль пры кожным клубе рабочых прадпрыемстваў Мінска, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Полацка, Барысава, Бабруйска і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНАЯ ТЭАЛО́ГІЯ, тэалогія крызісу,
кірунак у пратэстанцкай евангелічнай тэалогіі, што склаўся ў 1920-я г. ў Германіі і Швейцарыі. Пачатак Д.т. дала праца К.Барта «Тлумачэнне і пасланне апостала Паўла да рымлян» (1919), якая стала маніфестам і праграмай новага руху. Канцэпцыі Д.т. распрацоўвалі таксама Э.Брунер, Р.Бультман, Ф.Гогартэн, П.Тыліх і інш. Д.т. выходзіла з ідэі ранняга экзістэнцыялізму і факта татальнага адчужэння чалавека, абумоўленага стратай Бога або памылковым яго ўсведамленнем. Разуменне Бога ў Д.т. канкрэтызуецца ў ідэі здольнасці асэнсаваць парадаксальнасць быцця, кульмінацыяй якой з’яўляецца спалучэнне божай любові з панаваннем зла ў свеце. Ірацыянальная дыялектыка, якая характарызуе адносіны людзей з Богам, не дазваляе чалавеку спадзявацца на ўласныя сілы і розум, а падае яму толькі надзею на божую ласку. Прадстаўнікі Д.т. аднаўлялі лютэраўскае разуменне тэалогіі, найперш як адносін чалавека і Бога, рэабілітавалі трактоўку веры як асабістага дыялогу з Богам. У 1940—60-я г. Д.т. набыла характар выключна акадэмічнай з’явы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ СТАТЫ́СТЫКА,
раздзел статыстычнай фізікі, у якім вывучаюцца ўласцівасці сістэм тоесных мікрачасціц. Дала магчымасць тлумачыць многія фіз. з’явы, якія з пункту гледжання класічнай фізікі нельга было тлумачыць, напр., Планка закон выпрамянення абсалютна чорнага цела, электраправоднасць, цеплаёмістасць цвёрдых цел, звышцякучасць, звышправоднасць.
З квантавай механікі вынікае, што энергія такой сістэмы мае дыскрэтныя значэнні, а хвалевыя функцыі, якія апісваюць розныя станы сістэмы мікрачасціц сіметрычныя (гл.Бозе—Эйнштэйна статыстыка) або антысіметрычныя (гл.Фермі—Дзірака статыстыка) адносна перастановак часціц. В.Паўлі даказаў, што тып К.с. вызначаецца спінам часціц: часціцы з паўцэлым спінам (напр., электроны, нейтрына, пратоны) падпарадкоўваюцца К.с. Фермі—Дзірака (ферміёны), з цэлым спінам (напр., фатоны, альфа-часціцы) — Бозе—Эйнштэйна (базоны). Пры высокіх т-рах квантавыя эфекты неістотныя і формулы размеркавання часціц (пры адсутнасці знешніх палёў) пераходзяць у класічнае Максвела размеркаванне. Пры дастаткова нізкіх т-рах амаль усе ніжнія станы ферміёнаў будуць запоўненымі (выраджаны фермі-газ); базоны пры гэтых умовах імкнуцца перайсці ў стан з нулявым імпульсам (Бозе—Эйнштэйна кандэнсацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1830,
рэвалюцыя ў Францыі, у выніку якой скінута манархія Бурбонаў, пакончана з дваранска-клерыкальным рэжымам Рэстаўрацыі (1814—30) і ўстаноўлена Ліпеньская манархія — улада буйных капіталіст. уласнікаў (пераважна фінансістаў) у асобе караля Луі Філіпа. Падставай для рэвалюцыі стала спроба караля Карла X арданансамі ад 25 ліп. распусціць палату прадстаўнікоў, абмежаваць і без таго малую (90 тыс.) колькасць выбаршчыкаў і ўвесці жорсткую цэнзуру друку. Рухаючая сіла Л.р. — рабочыя, рамеснікі, прадпрымальнікі, студэнты, афіцэры. 27—29 ліп. пасля вулічных баёў рэвалюцыя перамагла ў Парыжы, а потым у правінцыі. 2.8.1830 Карл X адрокся ад прастола. Паводле новай канстытуцыі («Хартыі 1830») колькасць выбаршчыкаў павялічылася да 166 тыс., абмежавана ўлада караля, праведзены інш. рэформы. Л.р. не вырашыла задачы дэмакратызацыі франц. грамадства, што абумовіла непазбежнасць новай рэвалюцыі. Але яна пакончыла са спробамі аднаўлення ў Францыі феад.-абсалютысцкіх парадкаў, спрыяла развіццю рыначных адносін у краіне, нанесла ўдар сістэме Свяшчэннага саюза, дала штуршок Бельгійскай рэвалюцыі 1830.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙБО́ЛЬШАГА СПРЫЯ́ННЯ РЭЖЫ́Му міжнародным праве,
адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання эканам., у т. л. гандл-, адносін паміж дзяржавамі. Кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца даваць другой такія ж правы і прывілеі ў пэўнай галіне іх узаемаадносін, якія яна ўжо дала трэцяй дзяржаве. Гэта выяўляецца ў правілах вядзення знешнегандлёвых аперацый, у т. л. пры ўстанаўленні мытных плацяжоў і збораў, што спаганяюцца пры ўвозе і вывазе тавараў. У гандл. дагаворах і пагадненнях звычайна пералічваюцца ўмовы, на якія не распаўсюджваецца Н.с.р., у іх ліку перадумовы, што вынікаюць з удзелу кожнага з дагаворных бакоў у мытных саюзах, зонах свабоднага гандлю і інш. формах рэгіянальнай эканам. інтэграцыі (напр., Н.с.р., што існуе ў Беларусі з краінамі СНД), а таксама розныя прывілеі, якія адзін з дагаворных бакоў дасць на падставе міжнар. пагадненняў краінам, што стаяць на шляху развіцця, або любой суседняй краіне для палягчэння прыгранічнага (прыбярэжнага) гандлю. Н.с.р. — адна з цэнтр. задач лібералізацыі знешняга гандлю, абвешчаных пры стварэнні ў 1994 Сусветнай гандлёвай арганізацыі (Беларусь атрымала ў ёй статус наглядальніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗААТМАСФЕ́РНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які даследуе касм. аб’екты пры дапамозе апаратуры, выведзенай за межы зямной атмасферы.
Празрыстасць атмасферы Зямлі абмежавана 2 вузкімі спектральнымі ўчасткамі ў дыяпазонах бачнага святла і радыёхваль. Выпрамяненне інш. частот ад касм. аб’ектаў паглынаецца атмасферай. Значныя перашкоды для наземных назіранняў абумоўлены таксама воблакамі, рухам паветр. мас, запыленасцю, пераламленнем святла на тэрмічных неаднароднасцях і інш. Уплыў атмасферы на назіранні зводзіцца да нуля на вышыні 34 км. П.а. дала магчымасць праводзіць даследаванні ва ўсім дыяпазоне эл.-магн. хваль, у т. л. ў рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. Атрыманы ультрафіялетавыя спектры многіх зорак, высакаякасныя дэталёвыя фатаграфіі Сонца; у інфрачырв. частцы спектра некаторых халодных зорак выяўлены палосы вады. Даследаванні праводзяцца з дапамогай стратастатаў, ракет, ШСЗ, касм. станцый, а таксама ў абсерваторыях, размешчаных на ШСЗ (напр., з 1990 на арбіце працуе касм. тэлескоп Хабла — рэфлектар з дыяметрам люстэрка 2,4 м; вышыня 600 км над Зямлёй; ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма пісьма. Пашыраная ў арабамоўных краінах, а таксама сярод шэрагу інш. мусульманскіх (ісламскіх) народаў (Іран, Пакістан, Афганістан і інш.). Выпрацавана ў 4—6 ст. для арабскай мовы на базе арамейскага пісьма. Да канца 1920-х г. арабскае пісьмо выкарыстоўвалі носьбіты многіх цюркскіх моў (туркі, узбекі і інш.). Ім карысталіся бел. татары для напісання т.зв.кітабаў. З 7—8 ст.н. э., калі быў напісаны Каран, арабскае пісьмо мала змянілася. Мае кансананты характар. 28 літар перадаюць зычныя; 3 з іх ужываюць і для доўгіх галосных, кароткія галосныя перадаюцца дыякрытычнымі знакамі. Кожная літара арабскага пісьма мае 4 абрысы: на пачатку, у сярэдзіне, на канцы слова і пры ізаляваным ужыванні. Для прыстасавання арабскага пісьма ў асобных мовах выкарыстоўваліся дадатковыя знакі. Так, для перадачы бел. гукаў «дз’ (дзь)» і «ц’ (ць)» ужываліся звычайна літары «даль» і «сад» з трыма падрадковымі дыякрытычнымі кропкамі, для абазначэння гука «с» — розныя знакі: «сад» — для цвёрдага «с», а «са», «сін» або «шын» — для мяккага «с’ (сь)». Накірунак арабскага пісьма гарызантальны, справа налева. Развітая каліграфія дала высокамастацкія ўзоры арнаментальнага пісьма арабскай вяззю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
феадальнае зямельнае ўладанне, падпарадкаванае каралю, «сталовы маёнтак» у ВКЛ у 16—18 ст. Фактычна ўзнікла ў 1519 як староства, аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформлена ў 1532. У адм. адносінах уваходзіла спачатку ў Падляшскае, з 1566 — у Брэсцкае ваяв. Канчаткова К.э. як «сталовае ўпаданне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 у выніку падзелу паміж дзярж. і каралеўскім скарбам. У 16—17 ст. К.э. валодалі каралевы Бона Сфорца, Ганна Ягелонка, Канстанцыя Аўстрыйская. На 1563 у К.э. было каля 77 тыс.дзес. зямлі, у т. л. 89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын (Пружаны), мяст. Гарадзец. З пач. 18 ст. К.э. збліжаецца з Брэсцкай, яны разам выступаюць у інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі. Пасля 1757 узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў: Кобрынскага, Вежыцкага, Гарадзецкага, Закросніцкага, Ліцвінкаўскага, Іласкага, Тэвельскага і Чаравачыцкага. Ваен. дзеянні, агульны гасп. заняпад прывялі да скасавання ў 1766 самакіравання. Рэарганізацыя К.э. ў 1768 станоўчых вынікаў не дала. У 1795 К.э. ўвайшла ў склад Рас. імперыі. Яе землі з сялянамі былі падараваны, часткова прададзены прыватным асобам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУКІ́, знамёны, стаўпы,
знакі стараж.-рус. безлінейнага нотнага пісьма. Выкарыстоўваліся з 11 ст. для запісу знаменнага спеву. Уяўлялі сабой камбінацыі дыякрытычных знакаў (рысачак, кропак, косак), а таксама літар грэч. і араб. алфавітаў. Напачатку відавочна пераемная сувязь крукавой натацыі са стараж.-візантыйскай. У працэсе эвалюцыі яна папаўнялася знакамі стараж.-рус. паходжання. Знамёны былі цесна звязаны са слоўным тэкстам і паказвалі напрамак руху мелодыі, колькасць гукаў папеўкі, тэмпавыя і дынамічныя змены, спосаб гуказдабывання і інш. Інтэрвальныя сувязі паміж знакамі не фіксаваліся, таму К. маглі служыць толькі напамінкам пры выкананні знаёмай мелодыі і былі непрыдатныя для запісу незнаёмай. У канцы 16 ст. распрацавана сістэма кінаварных памет. У 2-й пал. 17 ст.бел.муз. тэарэтык А.Мезянец удасканаліў К. ў бок больш дакладнай фіксацыі гукавышынных суадносін. На Беларусі з пашырэннем партэсных спеваў у 16 ст. пачалі выкарыстоўваць 5-лінейную квадратную натацыю, аднак да пач. 20 ст. К. карысталіся ў манастырскім побыце і царк. харах. Выдаваліся азбукі крукавога пісьма (напр., у Віцебску на мяжы 19—20 ст.). К. захаваліся ў старавераў, якія запісвалі імі і канты. Бел. традыцыя знаменнага спеву дала К. новую трактоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІХЕ́ЙСТВА,
рэлігійнае вучэнне, якое ўзнікла ў 3 ст. на Б. Усходзе. Заснавальнік Мані (каля 216—277). Мела шмат прыхільнікаў на тэр. ад Кітая да Італіі. Аснова М. — сінтэз халдзейска-вавілонскіх, персідскіх (парсізм, зараастрызм, маздаізм) ідэй з хрысціянствам. Звычайна М. звязваюць з гнастыцызмам, ад якога яно ўзяло канцэпцыю дуалізму душы і цела, святла і цемры, дабра і зла. Паводле вучэння М., у сусвеце суіснуюць царствы святла і цемры, духоўны і матэрыяльны пачаткі. У царстве святла, заснаваным на прынцыпе дабра, пануе Бог з анёламі, а ў царстве цемры, прасякнутым злом, — д’ябал з дэманамі. Барацьба Бога з д’яблам заканчваецца глабальнай катастрофай у выглядзе пажару, які спапяляе ўсё цялеснае і выслабаняе дух. Зямны чалавек, паводле М., створаны д’яблам, але можа зменшыць уплыў зла, калі будзе спрыяць светламу, Боскаму пачатку. Ён павінен клапаціцца аб чысціні душы і цела, засвойваць вучэнне М., якое Бог дае людзям праз свайго сына Ісуса. Але гал. пасланнікам свету з’яўляецца сам Мані. У 8—9 ст. М. праследавалася прыхільнікамі ісламу, у далейшым спыніла існаванне як рэлігія і ў Еўропе, і ў Азіі. Хрысціянства лічыла М. ерассю, якая дала пачатак такім рухам, як паўлікіяне, багамілы, катары і альбігойцы.