НЕАСХАЛА́СТЫКА,
сістэма філас. і тэалагічных ідэй, якая развівалася ў рамках каталіцкай і пратэстанцкай ідэалогіі. Каталіцкая Н. сфарміравалася ў Італіі і Іспаніі ў канцы 16 — пач. 17 ст. як рэакцыя на Рэфармацыю. Яна апіралася на філасофію Арыстоцеля і Фамы Аквінскага, яе актыўна падтрымлівалі езуіты. Неасхаласты-дамініканцы Фама дэ Віо з Гаэты і Х.Явелі проціпастаўлялі тэалагічную метафізіку Фамы Аквінскага вучэнню М.Лютэра пра боскае прадвызначэнне. Прадстаўнік 2-й хвалі каталіцкіх неасхаластаў ісп. філосаф Ф.Суарэс зыходзіў з разумення Бога як адзінага існага: толькі Бог валодае быццём; Бог не абумоўлівае свабодны выбар чалавека, але прадбачыць яго і дапамагае яму. Тагачасныя мысліцелі (Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Т.Гобс, П.Гасендзі і інш.) выступалі з адкрытай крытыкай філас. поглядаў неасхаластаў. На рубяжы 18—19 ст. пачалася т.зв. рэстаўрацыя Н. — рух, накіраваны на ўзнаўленне аўтарытэту каталіцкай царквы; пачатак яму дала энцыкліка папы Льва XIII «Aeterni patris» («Айцу вечнаму», 1879), якая абвясціла вучэнне Фамы Аквінскага адзіна сапраўднай філасофіяй каталіцызму і стала штуршком да развіцця Н. У аснове пратэстанцкай Н. вучэнне Ф.Меланхтана, які гуманіст. ідэямі імкнуўся змякчыць фаталізм Лютэра. Найб. вядомыя яе паслядоўнікі — ням. філосафы Х.Шэйблер і І.Клаўберг, погляды якіх паўплывалі на філасофію К.Вольфа. Развіццё пратэстанцкай Н. завяршыў К.Цімплер; толькі ў 18 ст. яе канчаткова выцесніла філас. школа Г.Лейбніца і Вольфа. У 20 ст. Н. развіваецца ў рэчышчы неатамізму. Асн. палажэнні каталіцкай філасофіі сфармуляваны ў «24 тамісцкіх тэзісах», надрукаваных у 1914 паводле распараджэння папы Пія X. Сучасныя неасхаласты, якія прытрымліваюцца метадалогіі сярэдневяковай схаластыкі і тамісцкіх тэзісаў, імкнуцца растлумачыць навук.-філас. і сац. праблемы з артадаксальна-каталіцкіх пазіцый.
І.В.Катляроў.
т. 11, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)