КРУКІ́, знамёны, стаўпы,
знакі стараж.-рус. безлінейнага нотнага пісьма. Выкарыстоўваліся з 11 ст. для запісу знаменнага спеву. Уяўлялі сабой камбінацыі дыякрытычных знакаў (рысачак, кропак, косак), а таксама літар грэч. і араб. алфавітаў. Напачатку відавочна пераемная сувязь крукавой натацыі са стараж.-візантыйскай. У працэсе эвалюцыі яна папаўнялася знакамі стараж.-рус. паходжання. Знамёны былі цесна звязаны са слоўным тэкстам і паказвалі напрамак руху мелодыі, колькасць гукаў папеўкі, тэмпавыя і дынамічныя змены, спосаб гуказдабывання і інш. Інтэрвальныя сувязі паміж знакамі не фіксаваліся, таму К. маглі служыць толькі напамінкам пры выкананні знаёмай мелодыі і былі непрыдатныя для запісу незнаёмай. У канцы 16 ст. распрацавана сістэма кінаварных памет. У 2-й пал. 17 ст. бел. муз. тэарэтык А.Мезянец удасканаліў К. ў бок больш дакладнай фіксацыі гукавышынных суадносін. На Беларусі з пашырэннем партэсных спеваў у 16 ст. пачалі выкарыстоўваць 5-лінейную квадратную натацыю, аднак да пач. 20 ст. К. карысталіся ў манастырскім побыце і царк. харах. Выдаваліся азбукі крукавога пісьма (напр., у Віцебску на мяжы 19—20 ст.). К. захаваліся ў старавераў, якія запісвалі імі і канты. Бел. традыцыя знаменнага спеву дала К. новую трактоўку.
Л.П.Касцюкавец.
т. 8, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)