ЗАНЗІБА́Р (Zanzibar),
востраў у Індыйскім ак., каля ўсх. ўзбярэжжа Афрыкі (аддзелены ад мацерыка пралівам шыр. 36 км). Уваходзіць у склад Танзаніі. Пл. 1658 км2. Нас. каля 700 тыс. чал. (1995), пераважна суахілі (каля 80%), а таксама арабы і індыйцы. Выш. да 120 м, акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены з каралавых вапнякоў, развіты карст. Клімат экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя т-ра студз. 28 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год з двума максімумамі (крас.—май, ліст.—снежань). Натуральная расліннасць — другасныя хмызнякі, на ўзбярэжжы месцамі мангры. Плантацыі гваздзіковага дрэва (каля 70—80% сусв. вытв-сці), какосавых пальмаў. Гал. горад і порт — Занзібар (158 тыс. ж., 1988).
Тэр. З. здаўна заселена чалавекам. У 7—10 ст. каланізаваны арабамі і персамі; цэнтр гандлю золатам, слановай косцю і рабамі. У 1528 захоплены партугальцамі, якіх у 18 ст. выцеснілі арабы Аманскага султаната. У 1818 пачалася вытв-сць гваздзікі і гваздзіковага алею — асн. прадуктаў экспарту. З 1856 З. — незалежны султанат. Яго эканам. развіццю садзейнічала буд-ва Суэцкага канала, у выніку чаго востраў ператварыўся ў важнейшы гандл. цэнтр усёй Усх. Афрыкі. У канцы 19 ст. З. стаў аб’ектам экспансіі Германіі, Італіі, Францыі і Англіі, якія ў 1886—90 падзялілі паміж сабой яго землі. У 1890 над З. устаноўлены брыт. пратэктарат. У 1963 Вялікабрытанія дала З. незалежнасць, перадала ўладу султану, рэжым якога скінуты ў 1964, і З. аб’яднаўся з Танганьікай у адзіную дзяржаву Танзанія.
т. 6, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)