РАХІ́МАЎ (Набі) (7.11.1911, г. Каканд, Узбекістан — 1994),
узбекскі акцёр. Нар.арг.СССР (1964). З 1929 у Узб. т-ры драмы імя Хамзы (Ташкент). У 1946—61 выкладаў у Ташкенцкім тэатр. ін-це. Творчасці ўласцівы вастрыня сац. характарыстыкі, дакладнасцьсцэн. малюнка, майстэрскае валоданне сродкамі тэатр. выразнасці ад вострага драматызму да гратэску. Сярод роляў: Етаў, Мамасаліеў («Мухабат», «Палёт» Уйгуна), Кузыеў («Шаўковае сюзане» А.Кахара), Урганжы («Світанак рэвалюцыі» К.Яшэна), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Яга, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.Шэкспіра). Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1967. Дзярж. прэмія СССР 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНАУРА́ЛЬНЫ ЭФЕ́КТ,
здольнасць чалавека і жывёл вызначаць напрамак на крыніцу гуку, абумоўленая наяўнасцю 2 гукапрыёмнікаў. З-за таго, што вушы размешчаны на некаторай адлегласці адно ад аднаго, гукі, якія даходзяць да іх, адрозніваюцца па фазе і інтэнсіўнасці. Напрамак на крыніцу гуку з частатой да 1500 Гц выяўляецца найб. дакладна (дакладнасць у гарызантальнай плоскасці да 3°). Бінауральны эфект павялічваецца з павелічэннем адлегласці паміж прыёмнікамі, што дасягаецца з дапамогай гукаўлоўнікаў. Пры наяўнасці некалькіх разнесеных у прасторы крыніц гуку бінауральны эфект забяспечвае незалежнае ўспрыманне гуку ад кожнай з іх (напр., ад асобнага інструмента ў аркестры) і павялічвае гэтым перашкодаўстойлівасць слыхавога ўспрымання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБАРЭ́ЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
разнавіднасць металарэзнага інструменту для вырабу зубоў зубчастых колаў, зорачак ланцуговых перадач і інш. на металарэзных станках. Адрозніваюць інструменты для апрацоўкі метадам абкаткі (чарвячныя фрэзы, даўбякі, зубастругальныя разцы, разцовыя галоўкі, зубарэзныя грабяні) і метадам капіравання (дыскавыя ці пальцавыя фрэзы, зубадаўбёжныя галоўкі, пазавыя, кругавыя і ахопныя працяжкі). Метад абкаткі забяспечвае найб.дакладнасць апрацоўкі. Зубадаўбёжныя галоўкі і ахопныя працяжкі адначасова выразаюць усе зубы і маюць найб. прадукцыйнасць зубаапрацоўкі. Для чыставой апрацоўкі рабочых паверхняў зубоў выкарыстоўваюць дыскавыя, рэечныя або чарвячныя шэверы.
В.І.Шагун.
Да арт.Зубарэзны інструмент. Зубарэзныя грабяні: а — прамазубы; б — касазубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЕ́ЛКА (Канстанцін Кандратавіч) (22.10.1915, г. Калінкавічы Гомельскай вобл. — 8.1.1989),
бел. самадзейны майстар-разьбяр па дрэве. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скульптурам К. характэрны складаная дынамічная кампазіцыя, дакладнасць мадэліроўкі і стараннасць апрацоўкі матэрыялу. Выкарыстоўваў сюжэты з фальклору, літ. твораў, гісторыі і сучаснага жыцця: «Віцязь» (1948), «Аляксандр Неўскі», «Сувораў», «Мужычок з ногцік» (усе 1949), «Багдан Хмяльніцкі», «Руслан і Рагдай», «Бой рыцара з турам», «Салават Юлаеў» (усе 1954), «Героі Брэста», «Беларусы едуць», «Паляванне на зубра» (усе 1957), «Цялятніца» (1958), «Будзёнаўцы» (1962), «Партызанская тачанка» (1965) і інш.
Літ.:
Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Норман) (н. 1908, Лондан),
англійскі пісьменнік. Пачынаў як журналіст і публіцыст. Аўтар антыкалан. раманаў «Вулканы над намі» (1957), «Бачная цемра» (1960), «Сіцылійскі спецыяліст» (1974), «Германская кампанія» (1979) і інш. У раманах «Дзесятае прыбыццё карабля» (1962), «Ад рукі брата яго» (1968) адлюстравана англ. рэчаіснасць. Яго прозе ўласцівы падкрэслены рацыяналізм, дакладнасць апісанняў, сатыра, лаканізм, прысутнасць дэтэктыўнага элемента.
Тв.:
Рус.пер. — Зримая тьма. М., 1963;
Вулканы над нами. М., 1965;
Сицилийский специалист. М., 1981;
Компания «Гезельшафт». М., 1983;
День лисицы. От руки брата его. М., 1985;
Бегство от мрачного экватора. Голоса старого моря. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРЭ́ВІЧ (Васіль Сцяпанавіч) (н. 15.7.1939, в. Купленка Крупскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1964). Працаваў у газ. «Чырвоная змена». З 1979 на Бел. радыё. Друкуецца з 1956. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Вогненная камета» (1963), «Мерыдыяны і паралелі» (1966), «Ліставей» (1971), «Вечнае дрэва» (1974), «Радоўка» (1977), «Праталіна» (1983), «Відушчы посах» (1987), «Сумежжа» (1989) і інш., кніг нарысаў «Палын і медуніца» (1976), «Зямное сузор’е» (1980), «Старт у будучыню» (1982), вершаванай казкі «Лясныя вандраванні» (1967). Яго творы раскрываюць складаныя пошукі сучасніка, свет яго думак і пачуццяў, спалучаюць рэаліст.дакладнасць з рамант. узнёсласцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЛІ́ЦІНАВА (Варвара Восіпаўна) (29.7.1878, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 20.10.1945),
расійская актрыса. Сястра М.В.Масаліцінава. Нар.арт. Расіі (1933). Скончыла драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1901). Працавала ў Малым т-ры. У творчасці спалучала глыбокі псіхалагізм, быт.дакладнасць, заснаваную на жыццёвых назіраннях, з яркай выразнасцю знешняга малюнка вобраза. Сярод роляў: Няніла Сідараўна, Манефа, Кукушкіна («З чужога шалу галава кружыцца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.Астроўскага), Хлёстава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Дзямідзьеўна («Нашэсце» Л.Лявонава). Знялася ў фільмах «Паны Скацініны» (1927), «Навальніца» (1934), «Дзяцінства Горкага» (1938) і «У людзях» (1939; Дзярж. прэмія СССР 1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНАМЁТ,
артылерыйская безадкатная гармата, якая страляе мінамі. Прызначаны для навясной стральбы па адкрытых цэлях і з-за ўкрыцця, а таксама для разбурэння інж. збудаванняў. Мае высокую скарастрэльнасць і дакладнасць стральбы, малую масу і простую канструкцыю. Адрозніваюць дульна- і казназарадныя; гладкаствольныя (большасць) і наразныя; пераносныя, перавозныя, буксіровачныя, самаходныя і інш. Створаны і выкарыстаны пры абароне Порт-Артура ў рус.-яп. вайне 1904—05. Знаходзяцца на ўзбраенні армій шэрагу дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь.
82-мм аўтаматычны мінамёт 269-й сістэмы 2К21 пры стральбе прамой наводкай.Да арт.Мінамёт: 1 — дульназарадны мінамёт (у краінах СНД); 2 — самаходны мінамёт XM106 (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЫЗІ́ЙНЫ СТАНО́К,
металарэзны станок для высокадакладнай (прэцызійнай) апрацоўкі загатовак. Адрозніваюць П.с. такарныя, свідравальна-расточныя, шліфавальныя, зубаапрацоўчыя, фрэзерныя. Паводле дакладнасці апрацоўкі паверхні дэталей падзяляюцца на станкі павышанай дакладнасці, высокай дакладнасці і звышдакладныя. Апрацоўка на П.с. забяспечвае атрыманне вырабаў з паверхнямі правільнай геам. формы з дакладным прасторавым становішчам восей і нізкай шурпатасцю паверхні да 11-га класа чысціні з забеспячэннем 2-га (пры пэўных умовах — 1-га) класа дакладнасці. Асабліва важнае значэнне пры прэцызійнай апрацоўцы мае дакладнасць перамяшчэння рухомых вузлоў П.с., што забяспечваецца выкарыстаннем высокадакладных спец. базавых дэталей, зніжэннем трэння ў механізмах перамяшчэння рухомых вузлоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́Н-ДЭЛАМО́Т ((Vallin de la Mothe) Жан Батыст Мішэль) (1729, г. Ангулем, Францыя — 7.5.1800),
французскі архітэктар. Праф. Пецярбургскай АМ (1759). Вучыўся ў Ф.Бландэля і ў Італіі (1750—52). У 1759—75 працаваў у Расіі, пераважна ў Пецярбургу. У яго пабудовах характэрная для ранняга рус. класіцызму дакладнасць кампазіцый спалучаецца з барочнай пластыкай формаў: Гасціны двор (1761—85), касцёл Кацярыны (1763—83) на Неўскім праспекце, Малы Эрмітаж (1764—67), будынак АМ (1764—88, з А.П.Какорынавым), склады «Новая Галандыя» (1765—80, з С.І.Чавакінскім) — усе ў Пецярбургу. Сярод яго вучняў — В.І.Бажэнаў, І.Я.Староў.
Ж.Б.М.Вален-Дэламот. Малы Эрмітаж у Пецярбургу. 1764—67.