агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Жыгімонтам Кейстутавічам у Троках 6.5.1434 у час Свідрыгайлы паўстання 1432—39. Быў накіраваны на з’яднанне ўсіх феадалаў вакол Жыгімонта. Ураўнаваў саслоўныя, маёмасныя і асабістыя правы літ., бел. і ўкр. князёў і баяр, забяспечваў асабістую свабоду і недатыкальнасць феадалаў, гарантуючы ім разгляд іх спраў у судзе на падставе законаў. Пацвярджалася права князёў і баяр свабодна распараджацца сваімі спадчыннымі маёнткамі, вызваленне іх падданых ад усіх падаткаў, данін, дзякла і павіннасцей на карысць велікакняжацкага скарбу, акрамя павіннасці будаваць і рамантаваць велікакняжацкія замкі і дарогі. Бел. і ўкр. князям і баярам дазвалялася карыстацца гербамі і інш. знакамі шляхецтва. Пашырыў саслоўныя правы ўсіх феадалаў ВКЛ і аб’яднаў іх у адзінае саслоўе з агульнымі саслоўнымі і класавымі інтарэсамі. Правасл.бел. і ўкр. баяры атрымалі магчымасць без абмежаванняў уваходзіць у склад кіруючага ўладнага органа — Рады Вялікага княства Літоўскага. Напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯКА́РСКІ (Эдуард Карлавіч) (25.10.1858, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —29.6.1934),
расійскі этнограф, географ, мовазнавец, фалькларыст. Чл.-кар. (1927), ганаровы акад. (1931) АНСССР. Вучыўся ў Мінскай, Мазырскай і Чарнігаўскай гімназіях, Харкаўскім вет. ін-це (1877—88). За ўдзел у народніцкім руху арыштаваны (1879) і сасланы ў Якуцію. Удзельнік экспедыцый Усх.-Сібірскага аддзялення Рус.геагр.т-ва (РГТ, 1894—96) і Аяна-Нельканскай (1903). З 1905 працаваў у музеях Пецярбурга, з 1911 у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі Рас.АН, з 1914 сакратар этнагр. аддзела РГТ, у апошнія гады жыцця ў у Ін-це усходазнаўства АНСССР. Аўтар артыкулаў па геаграфіі, этнаграфіі, лінгвістыцы і фальклору якутаў і тунгусаў. Асн. праца — «Слоўнік якуцкай мовы» (вып. 1—13, 1907—30; у сааўт.).
Літ.:
Э.К.Пекарский: (К 100 летию со дня рождения). Якутск, 1958;
ГрыцкевічВ. Эдуард Пякарскі: Біягр. нарыс. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНЬКО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Ліс». Вядомы з 1499. Напачатку праваслаўныя, з пач. 17 ст. католікі. У 19—20 ст. валодалі маёнткамі Калюжыца (Бярэзінскі р-н), Волма (Дзяржынскі р-н), Дзевялтова і інш.Найб. вядомыя:
Юхна, дваранін каралеўскі (1-я пал. 16 ст.); Пётр, падкаморы віленскі; Адам, староста краснасельскі, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1639); Уладзіслаў, войскі, суддзя земскі мінскі, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1684, 1688); Тэадор Антоній, стольнік і падстароста судовы мінскі, староста падусвяцкі, кашталян мінскі, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1682, 1686, 1691, 1701, 1709); Уладзіслаў Тадэвуш, мечнік мінскі, староста рушоўскі, сеймавы пасол, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1711, 1717, 1722, 1726); Матэвуш, суддзя земскі мінскі (1778); Юзаф, пісар гродскі мінскі (1788), прадвадзіцель дваранства Мінскага пав. (1795—1800, 1802—08); Станіслаў, барысаўскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1797—1802); Антон, ігуменскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1805—08); Апалінарый, мінскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1814—17); Валенцій Мельхіёравіч, гл.Ваньковіч В.М.; Ян Валенцьевіч, гл.Ваньковіч Я.В.; Мельхіёр, гл.Ваньковіч М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́К (Юзаф) (1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — чэрв. 1794),
вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэратаў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.—ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТКЕ́ВІЧ (Ян Праспер) (Іван Віктаравіч; 6.7.1808, мяст. Пашаўша, цяпер у Кельмескім р-не, Літва — 20.5.1839),
падарожнік, дыпламат. У 1823 за стварэнне тайнага т-ва «Чорныя браты» ў мяст. Крожы (цяпер Кражай, Літва) у падтрымку зняволеных філаматаў выключаны з гімназіі і сасланы салдатам на Арэнбургскую лінію. У 1832 атрымаў чын афіцэра. Сябраваў са ссыльнымі кіраўнікамі руху філаматаў Т.Занам і А.Сузіным. У 1835—36 зрабіў экспедыцыйную паездку праз Казахстан у Бухару, яе навук. апісанне прадыктаваў У.І.Далю. У 1837—38 па заданні Мікалая I на чале рас.дыпламат. місіі наведаў Афганістан. Абяцаў кабульскаму эміру Дост-Мухамеду ваен. падтрымку Расіі напярэдадні 1-й англа-афганскай вайны (гл. ў арт.Англа-афганскія войны), аднак царскі ўрад пабаяўся псаваць адносіны з Вялікабрытаніяй. Місія была спынена, Віткевіч адкліканы ў Пецярбург. Скончыў самагубствам.
Літ.:
Грицкевич В.П. От Нёмана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 111—112, 116—122, 128.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБРЭХТ БРАНДЭНБУ́РГСКІ (Albrecht von Brandenburg; 17.5.1490—20.3.1568),
апошні гросмайстар (з 1510) Тэўтонскага ордэна, першы герцаг Прусіі (з 1525). З роду Гогенцолернаў, сын маркграфа Фрыдрыха Брандэнбург-Ансбахскага і Соф’і — дачкі польск. караля і вял.кн.ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасці ад польск. караля і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта I Старога (свайго дзядзькі). У 1519—21 вёў вайну з Польшчай, але пацярпеў паражэнне. Прыхільна ставіўся да ідэй лідэраў Рэфармацыі М.Лютэра і Ф.Меланхтана. Каб правесці Рэфармацыю на землях ордэна, заручыўся падтрымкай польск. караля, 8.4.1525 заключыў у Кракаве дагавор, паводле якога Прусія ператваралася ў васальнае герцагства. Абвясціў секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўвядзенне ў Прусіі лютэранства. Клапаціўся аб адкрыцці ў гарадах лац. школ, гімназіі і універсітэта (1544, у Кёнігсбергу), дзе набывалі адукацыю многія бел. і літ. пратэстанты. У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Кёнігсберг «выдатнага і многавучонага мужа» Ф.Скарыну. Час праўлення Альбрэхта характарызаваўся няўстойлівай паліт. сітуацыяй у Прусіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБРА́НЦЫ,
ваенна-служылая група сельскага насельніцтва ў Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. У Польшчы пяхота з выбранцаў створана ў 1578 па ініцыятыве караля Стафана Баторыя на ўзор венгерскай пяхоты, у ВКЛ — у 1595. Набіралі выбранцаў пераважна ў каралеўскіх маёнтках (1 чал. ад 20 двароў). За службу яны і іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся і на іх нашчадкаў. У 1-й пал. 17 ст. магнаты ВКЛ стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы іх з дробнай шляхты, «вольных людзей» і сялян. У пач. 17 ст. ў войску ВКЛ было 12 рот выбранцаў (больш за 1 тыс.чал.). У 2-й пал. 17 ст. выбранцы засталіся толькі на Случчыне, яны неслі службу ў слуцкім гарнізоне і ў залежнасці ад вайск. звання мелі зямельныя надзелы ад 0,5 да 1,5 валокі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793 і скасавання слуцкага гарнізона частка выбранцаў даказала свае правы на дваранства, астатнія — на вольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАНЬІ́НІ, Гвагнін (Guagnini) Аляксандр (1534, г. Верона, Італія — 1614), польскі гісторык. З 1550-х г. у Польшчы. Служыў ротмістрам у войску ВКЛ. З 1561 удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, камендант Віцебска. Пасля ў Кракаве, дзе ў 1578 выдаў на лац. мове «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», якая на Беларусі была вядома ў выданні на польск. мове (Кракаў, 1611). Кніга багата ілюстравана, у ёй шмат звестак па гісторыі і геаграфіі Польшчы і ВКЛ, апісаны гарады і крэпасці Беларусі, матэрыяльная і духоўная культура, звычаі і абрады насельніцтва Беларусі, пераважна Верхняга Падняпроўя. Пры перавыданні Гваныні дадаў звесткі пра Лівонскую вайну з паходам Стафана Баторыя на Пскоў (1581) уключна. Нягледзячы на шматлікія запазычанні ў тэксце, асабліва ў М.Стрыйкоўскага, які служыў пад камандай Гваныні, ёсць у кнізе і новыя матэрыялы. Хроніка Гваныні была перакладзена на чэш., ням. і італьян. мовы.
Літ.:
Витебская старина /Сост. А.П.Сапунов. Т. 4. Витебск, 1885.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЦЛЕР (ням. Kanzler),
1) начальнік канцылярыі вял. князя ВКЛ, хавальнік вял.дзярж. пячаткі, член паноў-рады. Пасада ўведзена ў 15 ст. Назначаўся пажыццёва з феад. знаці. Дакладваў вял. князю і радзе пра дзярж. справы, рэдагаваў статуты і рашэнні рады, змацоўваў афіц. дакументы пячаткай і падпісваў іх, вёў перагаворы з замежнымі дзяржавамі, захоўваў копіі дзярж. дакументаў. Пасля Люблінскай уніі 1569 К. ВКЛ — член сената Рэчы Паспалітай, займаўся замежнымі справамі разам з каронным (польскім) К. Лічыўся другім пасля маршалка міністрам. У якасці жалавання атрымліваў ад караля староства. Займаў інш. кіруючыя пасады (ваявода, гетман). Фактычна выконваў функцыі міністра ўнутр. і замежных спраў.
2) У царскай Расіі — найвышэйшы грамадзянскі чын, уведзены Пятром I у 1709.
3) У Швейцарыі — сакратар Савета палаты парламента.
4) У Германіі (1871—1945) рэйхсканцлер — прэм’ер-міністр.
5) У Вялікабрытаніі К. казначэйства — міністр фінансаў; лорд-К. — старшыня палаты лордаў.
6) У Аўстрыі і ў Германіі федэральны К. — кіраўнік урада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1649,
бітва паміж войскам ВКЛ і аб’яднанымі казацка-сялянскімі паўстанцкімі атрадамі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай не дапусціць войска ВКЛ на Украіну Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева 6-тысячны атрад казакоў на чале з С.Падбайлам і І.Гаркушам. Казакі замацаваліся ў сутоках Дняпра і Сажа. У ліп. 1649 войска ВКЛ (6 тыс.чал.) на чале з гетманам польным Я.Радзівілам выступіла з-пад Рэчыцы ў напрамку пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўскай брамы»). На дапамогу Падбайлу і Гаркушу з Палесся выйшла 15-тысячнае войска на чале з палкоўнікам кіеўскім М.Крычэўскім, да якога на Бел. Палессі далучылася 15 тыс. сялян-паўстанцаў. 31 ліп. казацкія і сялянскія атрады атакавалі ўрадавыя сілы. Бітва працягвалася з пераменным поспехам, але пад націскам кавалерыі, што падышла на дапамогу Радзівілу, казацка-сялянскае войска было разгромлена. Л.б. знайшла водгук у Еўропе, пра яе намаляваны батальныя сцэны, зроблена серыя габеленаў.