Я́ЎНУТ, Яўнуцій (у праваслаўі Іван; каля 1308 — пасля 1366),

вялікі князь ВКЛ [1341—45]. Сын вял. князя ВКЛ Гедзіміна і палачанкі Евы (Еўны). Атрымаў ад бацькі ва ўдзел гарады Ашмяны, Браслаў і Вількамір. Пасля смерці Гедзіміна паводле яго завяшчання стаў вял. князем ВКЛ у канцы 1341. Пасля смерці ў пач. 1345 вял. княгіні Евы яго браты Альгерд і Кейстут арганізавалі супраць Я. змову. Згодна з папярэдняй дамовай Кейстут абвясціў Альгерда вял. князем ВКЛ, фактычна яны падзялілі дзяржаву. Я. уцёк у Маскву да свайго швагра, вял. князя маскоўскага Сямёна Іванавіча Гордага, дзе ў 1346 прыняў праваслаўе. У 1347 памірыўся з Альгердам і Кейстутам, вярнуўся і атрымаў ва ўдзел Заслаўскае княства, у склад якога некаторы час уваходзіў і Менск. Родапачынальнік князёў Заслаўскіх.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 18, кн. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)