БУ́ХАЎ (Buchow) Данііл Прынтц фон [14.9-1546, г. Львоў або Лемперк (Чэхія) — 1608], дыпламат герм. імператара, пісьменнік. Як пасол Максіміляна II і Рудольфа II у 1576 і 1578 ездзіў у Маскву. Дамагаўся садзейнічання Івана IV у абранні на трон Рэчы Паспалітай аўстр. эрцгерцага Эрнста, сына Максіміляна II; прапаноўваў цару вывесці войскі з Інфлянтаў. У 1577 склаў на лац. мове справаздачу аб пасольстве, якая фактычна стала апісаннем Масковіі ў час Інфлянцкай вайны 1558—82. У ёй ёсць звесткі пра баявыя дзеянні, у т. л. на Беларусі, узяцце рус. войскам у 1563 Полацка. Пры напісанні карыстаўся рус. рукапісамі. Твор лічыцца праўдзівым па верагоднасці і дакладнасці звестак. Упершыню выдадзены ў 1668 у Нейсе.

Тв.:

Рус. пер. — Начало и возвышение Московии // Чтения в имп. о-ве истории и древностей Российских. 1876. Кн. 3—4.

А.П.Грыцкевіч.

т. 3, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)