ЯСІ́НСКІ Якуб (24.7.1761, каля мяст. Пыздраў, Велікапольскае ваяв., Польшча — 4.11.1794),
вайсковы і паліт. дзеяч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794, інжынер, паэт. Ген.-лейтэнант (1794). Скончыў Корпус кадэтаў (Рыцарскую школу) у Варшаве, з 1783 афіцэр у ім. У пач. 1789 сфарміраваў корпус інжынераў войска ВКЛ і прызначаны яго камендантам (начальнікам) у рангу падпалкоўніка; з 13.1.1792 палкоўнік. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях войска ВКЛ у час вайны 1792 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Належаў да радыкальнай групоўкі «віленскіх якабінцаў», якія рыхтавалі паўстанне, заклікалі выкарыстоўваць вопыт франц. рэвалюцыі, выступалі за адмену прыгону і аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. 16.4.1794 узначаліў паўстанне ў ВКЛ, 24.4.1794 Вільня вызвалена ад рас. войск і Я. ўвайшоў у створаную Найвышэйшую Літоўскую раду. 3.5.1794 прызначаны камендантам узбр. сіл ВКЛ, кіраваў арганізацыяй арміі, набіраў у войска шляхту, мяшчан, сялян. Пісаў вершаваныя пракламацыі да сялян на бел. мове. У маі 1794 прадухіліў пагрозу заняцця Вільні рас. войскамі, якія 7.5.1794 пацярпелі паражэнне ад яго дывізіі каля в. Паляны (Ашмянскі р-н). У 2-й пал. мая дывізія Я. ўдзельнічала ў бітве пад Ліпнішкамі (каля Іўя). 4.6.1794 Т.Касцюшка адхіліў Я. ад кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі як радыкала. Я. выехаў у Варшаву. 15.7.1794 прызначаны камандуючым войскам на мяжы з Жамойцю і ўздоўж ракі Нараў на Беласточчыне. Узнагароджаны Касцюшкам у Гродне пярсцёнкам «Айчына свайму абаронцу» і прызначаны камандзірам дывізіі ў войску ВКЛ. З 20.10.1794 у Варшаве. Загінуў пры абароне Прагі (прадмесце Варшавы). Меў паэт. здольнасці. Творчасць напачатку развівалася пад уплывам сентыменталізму. У сярэдзіне 1780-х г. звярнуўся да сац. тэматыкі, яго творы набылі паліт. характар. Аўтар «іроікамічнай» паэмы «Спрэчкі» (1788—92), паэмы «Цянця» (абедзве часткова апубл. ў «Тыгодніку Віленьскім» у 1819). Верш Я. «Аб сталасці: Да польскіх выгнаннікаў» выдадзены асобна ў Гродне (1793). Творы Я. выдадзены ў Кракаве (1869). А.Міцкевіч прысвяціў яму драму «Якуб Ясінскі».
Літ.:
Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Юхо Я., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...»: Тадэвуш Касцюшка. Мн., 1994;
Keler I. Poezja Jakuba Jasińskiego. Wrocław, 1952.